Пачатак кастрычніка багаты на чырвоныя дні календара для людзей, якія займаюцца інтэлектуальнай і творчай дзейнасцю. Тыдзень назад, у першую нядзелю кастрычніка, мы адзначалі Дзень настаўніка, заўтра, у другую нядзелю кастрычніка, будзе Дзень работнікаў культуры, а ўчора быў Дзень архівіста, які святкуецца ў нашай краіне 6 кастрычніка (у гэты дзень у 1994 годзе быў падпісаны першы ў беларускай гісторыі Закон аб Нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь). І такая канцэнтрацыя менавіта гэтых свят падаецца нават у нечым сімвалічнай: педагогіка, культура, гісторыя і, натуральна, архівістыка, якая мае непасрэднае дачыненне да гісторыі, немагчымы адна без адной. Архіўная справа, хоць, можа быць, з’яўляецца і самым нябачным звяном у гэтым ланцужку, на самай справе служыць адмысловым мастком паміж эпохамі, культурамі, людзьмі.
Пра архівістыку як такую, гісторыю і бягучыя справы аднаго з найбуйнейшых у краіне дзяржаўных архіваў і сёе-тое іншае, пра што карысна будзе даведацца настаўнікам, гутарым з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганнай ЗАПАРТЫКА.
— Ганна Вячаславаўна, у вашай установе як-небудзь адзначаецца Дзень архівіста?
— У нас па традыцыі штогод на гэтае свята ладзяцца архіўныя чытанні. Сёлета такая канферэнцыя пройдзе ўжо пятнаццаты раз, яна адбудзецца 5 кастрычніка (гутарка з Ганнай Запартыка запісвалася ў канцы верасня. — М.Ч.) і будзе прысвечана юбілейнай даце — 70-годдзю з дня нараджэння трох выдатных асоб: гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара Уладзіміра Мікалаевіча Міхнюка; архівіста, журналіста, кіраўніка Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі Аляксандра Мікалаевіча Міхальчанкі і гісторыка, архівіста, наогул унікальнага чалавека, які змог сабраць агромністы комплекс дакументаў (яны захоўваюцца ў двух архівах — нашым і Нацыянальным архіве Беларусі), Віталя Уладзіміравіча Скалабана. Акрамя дакладаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю канкрэтна гэтых асоб, будуць прадстаўлены і ўвогуле новыя архіўныя знаходкі па гісторыі, літаратуразнаўстве, мастацтвазнаўстве.
— Наколькі ведаю, вы прыйшлі працаваць у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва ў далёкім 1978 годзе (тады яшчэ ў Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР), а з 1994 года ўзначалілі ўстанову. Гэта значыць, у наступным годзе будзе ўжо роўна 40 гадоў, як вы тут працуеце. Вашай адданасці аднаму працоўнаму месцу можна толькі пазайздросціць! Мабыць, і само сакральнае месца — той гістарычны будынак касцёла бернардзінцаў, дзе размяшчаецца архіў, — мае прыцягальны эфект?
— Безумоўна, сакральнасці гэтых месцаў — і касцёла бернардзінцаў, і царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе знаходзіўся наш архіў да 1991 года, — я не выключаю. Але гэта ж выклікае і цяжкасці ў тым сэнсе, што іншы раз адчуваеш быццам нейкую віну за тое, што мы знаходзімся ў храме, які павінен выконваць іншую місію. Адзінае супакойвае, што, дзякуючы нашаму і іншым архівам, у пэўны гістарычны перыяд будынкі Петрапаўлаўскай царквы і бернардзінскага касцёла захаваліся. Архівы і сцены храмаў нібы падтрымлівалі адно аднаго ў складаныя часы. Дарэчы, касцёл бернардзінцаў як інстытуцыя перастаў існаваць тут яшчэ ў 1862—1863 гадах: ордэн бернардзінцаў актыўна падтрымаў нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Па загадзе ўлад касцёл быў зачынены, маёмасць ордэна была разрабавана, а праз дзесяць гадоў, у 1872-м, тут упершыню размясціўся так званы “Сосредоточенный архив упразднённых судебных дел Минской губернии”. Ужо ў ХХ стагоддзі пэўны перыяд тут размяшчаўся Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, а з пачатку 60-х гадоў — Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР. У 1991 годзе гэты архіў пераехаў на вуліцу Крапоткіна, дзе быў пабудаваны спецыяльны будынак (цяпер у гэтым будынку — Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі), а мы з царквы Пятра і Паўла, якую перадалі вернікам, пераехалі сюды, у будынак касцёла. Але скажу так: калі б мы размяшчаліся і ў якім-небудзь звычайным месцы, я ўсё роўна вельмі радавалася б таму, што працую ў архіве, бо гэтая праца супала з маімі спадзяваннямі, маімі ўяўленнямі аб прафесійных задачах. І вось так, сапраўды, ужо амаль сорак гадоў я тут — ад аднаго фонду да іншага, ад адной цікавай тэмы да іншай, не менш цікавай. Архіў — гэта, мабыць, проста маё.
— Вы яшчэ студэнткай ведалі, што гэта ваша?
— Ды не! Па праўдзе кажучы, у 1978 годзе, скончыўшы філалагічны факультэт БДУ, я прыйшла працаваць сюды з такім яшчэ няпэўным настроем, ну, можа, папрацаваць тут крыху, агледзецца, а пасля і нешта больш грашавітае знайсці… Можна сказаць, што ў архіў я патрапіла выпадкова. Гэта цяпер студэнтаў гістфака і філфака БДУ, факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКіМ прыводзяць сюды выкладчыкі, знаёмяць іх і з самім архівам, і з архіўнай справай. А мы ў студэнцкія гады пра тое, што ёсць архіў-музей літаратуры і мастацтва, і не ведалі зусім. Дый наогул, як, відаць, і любы абывацель, я ўяўляла архіў нейкім складам. І раптам мне тут адкрылася новая, зусім невядомая планета, якая вымагала спасціжэння. Мы, маладыя філолагі, якія прыйшлі ў канцы 70-х сюды працаваць, разумелі, што нашы атрыманыя на філфаку веды па літаратуры, гісторыі, культуры, безумоўна, нам вельмі спатрэбяцца. Але разумелі і тое, што нам трэба вучыцца, атрымліваць фактычна новую адукацыю — адукацыю архівіста з ведамі па арганізацыі камплектавання, навуковым апісанні дакументаў, іх захаванні і выкарыстанні і г.д. І мы вучыліся — вучыліся і тут, на курсах павышэння кваліфікацыі, і на стажыроўках у Маскве, ва Украіне, — а ў выніку выпрацоўвалі ўсё-такі сваю методыку, зыходзячы з нацыянальных асаблівасцей развіцця культуры.
— І такая методыка, трэба разумець, сёння ёсць?
— Распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па працы з архівамі асабістага паходжання, якія складаюць амаль 90 працэнтаў нашых фондаў. Але, паколькі гэта ўсё-такі толькі рэкамендацыі, у кожным выпадку можа прымацца нейкае асаблівае рашэнне для канкрэтнага фонду. Што ж тычыцца архіваў устаноў (рэдакцый часопісаў і газет, тэатраў, аркестраў і г.д.), то тут дзейнасць архіваў рэгламентавана вельмі строга адпаведнымі законамі, правіламі і рознымі інструкцыямі на любую аперацыю з дакументамі. У гэтым сэнсе працаваць з архівамі ўстаноў, з аднаго боку, лёгка і камфортна, а з другога — строгая рэгламентацыя трымае архівіста ў вельмі напружаным становішчы, таму што нават нязначныя адступленні ад правіл і інструкцый ні ў якім разе не дапускаюцца.
— Мне зараз падумалася, што многія даследчыкі, якія любяць працаваць у архівах і на іх аснове пісаць даследаванні, нават не здагадваюцца пра нюансы штодзённай практыкі архівістаў, тую агромністую, так бы мовіць, чарнавую працу, якая кладзецца на іх плечы…
— А даследчыку, можа, і не трэба пра ўсё гэта здагадвацца і ўсё гэта разумець. Ён прыходзіць у чытальную залу, замаўляе справу, і правілы ў адносінах да яго выяўляюцца толькі ў правілах карыстання дакументамі: што ён мае права рабіць і што не мае. Яму, па вялікім рахунку, няважна, як мы даставілі гэтыя дакументы ў архіў, на якім транспарце іх прывезлі ці проста ў руках прынеслі (што, насамрэч, вельмі часта адбываецца), у якіх папках яны захоўваліся перад тым, як патрапіць у архіў, і г.д. Тым не менш многія даследчыкі цікавяцца ўсімі гэтымі нюансамі і шчыра спагадаюць нашай працы, таму што не могуць не бачыць, як дагледжаны дакументы, як сфарміраваны адзінкі захоўвання, як сістэматызаваны вопіс. Яны адчуваюць, што гэта ўсё зроблена дзеля іх жа. І калі даследчык бярэ ў рукі вопіс на вялізную колькасць адзінак захоўвання (як, напрыклад, на паўтары тысячы адзінак у Лукаша Бэндэ!), менавіта сістэматызацыя дазваляе адразу бачыць тое, што яму трэба, знаходзіць у гэтым моры адзінак, можа, толькі адну патрэбную, якая і стане інфармацыяй для яго даследавання.
— Дарэчы, а ў якім выглядзе дакументамі архіва могуць карыстацца даследчыкі і наогул усе, хто захацеў бы папрацаваць у чытальнай зале? У выглядзе ксеракопій, электронных копій, у арыгінале?
— У нас ёсць значная колькасць дакументаў з паметкай “АКД” — асабліва каштоўны дакумент. І такія дакументы, натуральна, не выдаюцца на рукі наведвальнікам. АКД забяспечваюцца спецыяльныя ўмовы захоўвання, таксама мы сочым за ашчаднасцю ў іх выкарыстанні. Даследчыку выдаюцца электронныя копіі, мікрафільмы (што, дарэчы, не вельмі любяць даследчыкі), у крайнім выпадку — ксеракопіі. На сёння ў нас ёсць ужо цалкам сканіраваныя многія каштоўныя фонды, як, напрыклад, фонд Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні (захоўваецца пад нумарам 3).
— БДАМЛіМ называецца менавіта архівам-музеем, а не проста архівам. Калі можна так запытацца, чаго ў вашай установе больш — архіўнасці ці музейнасці? І якую нагрузку нясе гэтае ўдакладненне праз злучок — “музей”?
— БДАМЛіМ — гэта ў першую чаргу архіў. А ўдакладненне “музей” уплывае на камплектаванне: акрамя дакументаў, мы прымаем на захоўванне яшчэ і музейныя рэчы. Але гэта хутчэй не выставачная зала, а музей-сховішча, экспанаты якога можна выкарыстаць пры арганізацыі любой выставы. І сёння нашы музейныя рэчы і дакументы працуюць на выставах, напрыклад, у Нацыянальным мастацкім музеі, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, што, натуральна, істотна пашырае межы выкарыстання нашых дакументаў. Хаця і сцены самой нашай установы пастаянна напоўнены выставачнымі стэндамі. Цяпер у нас працуюць выставы да 120-годдзя празаіка, публіцыста, перакладчыка, брата Якуба Коласа Міхася Міцкевіча, 90-х угодкаў беларускіх дзеячаў у ЗША Зоры і Вітаўта Кіпеляў, 100-годдзя Янкі Брыля і інш. Гэтыя экспазіцыі актыўна наведваюць студэнты, школьнікі, самі архівісты, але гэта не перашкаджае нам працаваць, а наадварот, можа быць, крышачку разварушвае нашу цішыню нам жа на карысць.
— Ці могуць правесці супрацоўнікі БДАМЛіМ эксклюзіўную экскурсію для школьнікаў па канкрэтнай замове настаўніка?
— Так. Прычым абсалютна бясплатна ў адрозненне ад многіх музеяў. Наш нумар 327-11-88 — калі ласка, тэлефануйце, замаўляйце тэму. Напрыклад, “Максім Багдановіч у архіўных дакументах” або прысвечаную Янку Купалу, Канстанцыі Буйло, Максіму Танку, Аркадзю Куляшову, ды любому пісьменніку са школьнай класікі і не толькі, не толькі пісьменнікам, але і мастакам, акцёрам, кампазітарам. У нас ёсць звыш 500 фондаў, у кожным — сотні і тысячы дакументаў. Толькі ў фондзе Максіма Танка — звыш 18 тысяч, Віталя Скалабана — 7 тысяч, Валянціны Коўтун — каля 3 тысяч. І калі нам замовяць тэму, мы дастанем канкрэтныя дакументы — аўтографы, кнігі, фотаздымкі — і ўсё гэта з задавальненнем пакажам дзецям, пра ўсё раскажам. А яшчэ вывучайце наш сайт, ён таксама багаты на дакументы, якія могуць быць выкарыстаны на ўроках як ілюстрацыйны матэрыял. Можам правесці для дзяцей проста азнаямленчую экскурсію па нашым архіве. Была ўжо такая практыка, і дзецям гэта спадабалася — у будынку касцёла апынуцца ў архіве.
Як архівіст я заклікаю настаўнікаў літаратуры і гісторыі прывіваць сваім выхаванцам культуру памяці пра сваю сям’ю, род, месца, дзе яны нарадзіліся. З гэтых маленькіх частак, як мазаіка, якраз і будзе складвацца нацыянальная памяць, на іх будзе грунтавацца сама нацыя. У нас, трэба шчыра сказаць, не вельмі шануюць уласныя архівы — я не бяру пад увагу вядомых людзей, пісьменнікаў, акцёраў, мастакоў, а кажу пра звычайных людзей. У свой час я надзвычай уразілася, калі наведала сям’ю спадкаемцаў Янкі Лучыны (Івана Луцыянавіча Неслухоўскага) у Польшчы — там знайшліся сваякі яго роднага пляменніка Антона Неканда-Трэпкі. І што мяне здзівіла, геа-графія гэтай сям’і проста неверагодна мянялася: Мінск, дзе яны нарадзіліся, Курск, куды пераехалі падчас Першай сусветнай вайны, потым Варшава, Вільня, затым зноў вайна і зноў пераезды. І, ведаеце, пані Марыя, жонка пляменніка Неканда-Трэпкі, вынесла мне тады вялікую скрыню з сямейнымі фотаздымкамі і іншымі дакументамі ХІХ стагоддзя! Гэтыя дакументы столькі падарожнічалі, столькі ўсяго перажылі разам са сваімі гаспадарамі, але іх не выкінулі, пра іх не забыліся. Або галінка роду Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якая апынулася ў польскім Торуні. Куды толькі ні кідала жыццё нашчадкаў Марцінкевіча: Вішнева, Валожын, Адэса, Гродна… Але праз усе гэтыя блуканні яны не страцілі сямейных альбомаў! Трэба культываваць у нашых людзей пашану да свайго роду, трэба вучыць дзяцей шанаваць архівы сваіх бубуль і дзядуляў. Гэта не значыць, што ў такім архіве будзе мноства розных дакументаў. Там можа быць проста некалькі фотаздымкаў, нейкая памятная ганаровая грамата… Але ўсё гэта вельмі важна, бо з архіва бабулі ці дзядулі пачынаецца ўсведамленне нацыянальнай памяці.
— Ганна Вячаславаўна, ваш асабісты даробак на ніве беларускай архівістыкі і гісторыі літаратуры вядомы і значны: шматлікія публікацыі па архівазнаўстве, гісторыі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, асабістых архіваў нашых пісьменнікаў, укладанне “Выбранага” Паўлюка Труса, двухтомніка Адама Бабарэкі… І вось нядаўна на Міжнародным кангрэсе “500 гадоў беларускага кнігадрукавання” вы выступілі з бліскучым дакладам па гісторыі друкаванай спадчыны Алеся Гаруна. Якім сваім прафесійным дасягненнем вы найбольш даражыце?
— Вылучыць нешта адно будзе складана дый некарэктна, хоць, безумоўна, можна было б напісаць цэлыя дэтэктывы, звязаныя з камплектаваннем тых ці іншых фондаў, успомніць асаблівыя пачуцці ў сувязі са з’яўленнем архіваў таго ж Адама Бабарэкі, якога вы згадалі, сям’і Гарэцкіх з Санкт-Пецярбурга, Аўгінні Кавалюк з Санкт-Пецярбурга, Аляксея Каўкі з Масквы і многіх іншых. І калі нехта з маладзейшых калег, прачытаўшы афіцыйныя дакументы, звязаныя з гісторыяй паступлення, прыйдзе да мяне ці, напрыклад, Валянціны Ягораўны Данекінай, Таццяны Віктараўны Кекелевай і іншых маіх калег, кожная з нас абавязкова раскажа нешта цікавае, што засталося па-за афіцыйнымі дакументамі. А на ваша пытанне мне прасцей адказаць: найбольшым дасягненнем лічу саму вернасць прафесіі — і маю, і маіх папярэднікаў, і маіх сённяшніх калег, з якімі я прыйшла сюды працаваць у канцы 70-х гадоў і многія з якіх працуюць тут да гэтай пары.
— Колькі супрацоўнікаў сёння ў вашым штаце?
— 32. У 1978 годзе, калі я прыйшла сюды працаваць, было 23.
— Але ж усё роўна, мабыць, малавата…
— Канечне, мала. Наш архіў, па сутнасці, адзіны ў краіне, які працуе з асабістымі фондамі дзеячаў літаратуры і мастацтва. І мы ведаем, колькі яшчэ не ахоплена крыніц камплектавання. Працы ў нас бясконца многа.
— І апошняе. Паралельна з працай у БДАМЛіМ вы ўжо шмат гадоў выкладаеце на кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ. Ці радуюць вас сённяшнія студэнты? Ці бачыце вы іх захопленасць гісторыяй, архівістыкай? І ці верыце ў тое, што сённяшняя маладая генерацыя не дасць загінуць архіўнай справе ў Беларусі?
— Ведаеце, калі я пачынала выкладаць у 90-х гадах, у вачах студэнтаў было выразна напісана, што яны наша змена, што яны будуць нашым працягам. І сапраўды, многія з першых выпускнікоў сёння плённа працуюць у архівах. Але наконт большасці сённяшніх студэнтаў я не сказала б, што яны настроены працаваць у архіве. Яшчэ першы, другі курс спачатку падаюць надзеі, а бліжэй да канца вучобы яны пачынаюць разумець, што, прынамсі, матэрыяльныя перспектывы архівіста мінімальныя…
Аднак усё-такі ёсць і сёння тыя студэнты, якія цягнуцца да навукі, ідуць у магістратуру. Іх мала, але яны ёсць. І яны застаюцца ў архіўным свеце. Зрэшты, тут ва ўсе часы працавалі людзі асаблівага характару, асаблівай жыццёвай філасофіі.
— Вялікі дзякуй за гутарку. Творчага вам плёну.
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.