Літаратурна-музычная кампазіцыя
Абсталяванне: зала ўпрыгожана беларускімі ручнікамі, партрэт Якуба Коласа, партрэт М.Д.Міцкевіч са словамі: “Мой друг, мая святыня”, фотаздымкі сям’і пісьменніка.
Эпіграф: “Пакідалі мы дзве каляіны, але песня адна ў іх гучыць”.
Мэта: паказаць прыгажосць і выразнасць інтымных пачуццяў паэта, прасачыць, як у паэзіі Якуба Коласа пераклікаецца асабістае з грамадскім, агульнанародным.
У сэрца павінна быць тайна,
Я гэта ад сэрца кажу.
Каханнем, крыклівым і тайным
Не варта падманваць душу.
Каханне жыве непрыкметна,
Як хвалі рачной ускалых.
Каханне жыве для сусвету,
Каханне жыве для дваіх.
Вядучая.
Ты — слаўны, прыгожы, вучоны,
І ўсё ж ты — няшчасны, калі
Душы запаветныя зоны
Заснулі, як спяць камяні.
Ламаць будзе лёс нас і трэсці,
Але пераможам мы лёс,
Каб кветку кахання пранесці
Праз самы пякучы мароз.
У келіху неба крыштальным
Зары маладое віно,
У сэрцы павінна быць тайна,
Іначай навошта яно?
Настаўнік.
Сённяшняя літаратурная гасцёўня прысвячаецца Якубу Коласу, пісьменніку, без якога беларуская літаратура не была б поўнай. Багатая беларуская спадчына Якуба Коласа належыць не толькі нам, беларусам, але і ўсяму свету, а сам пясняр быў і застаецца сынам свайго часу і сваёй краіны.
Чытач.
Аб той песні,
што сэрца мне поўніць,
Аб табе, кім жыву я заўжды,
Я хачу, мілы друг мой, напомніць,
Прыгадаўшы былыя гады.
Вядучы.
Лёс падарыў Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу каханне з адзінай жанчынай, якая на ўсё жыццё стала яго зоркай, натхненнем, спадзяваннем, шчасцем. Абставіны сустрэчы так і засталіся таямніцай для ўсіх. Нідзе і ніколі не пісаў пра гэта Якуб Колас. Толькі сціпла расказваў, як пісаў некалі ў запісную кніжачку вершы, прысвечаныя Марыі Дзмітрыеўне.
Вядучая.
Для народнага паэта Марыя Дзмітрыеўна была самай дарагой, любімай і незабыўнай. Дзе б ні быў пясняр, яна заўсёды была ў яго памяці. Пра гэта сведчаць многія лісты Якуба Коласа да сваёй жонкі, якія пачынаюцца: “Мілая, слаўная Маруся”, “Мілая, харошая”, “Мілая, слаўная, любімая Маруся”, “Мая мілая, родная, дарагая”. А іншы раз: “Мой лепшы прыяцель”, “Мой добры, дарагі друг”. А колькі цеплыні і пяшчоты ў словах “Маруся”, “Маруська”, “Марусенька”, “Марусік”. Вось так, пяшчотна і далікатна, з вялікай любоўю і замілаваннем, вар’іруецца імя Марыі Дзмітрыеўны ў пісьмах паэта да яе. Сам жа ласкава падпісваўся: “Твой Костусь”. Усё гэта сведчыць пра надзвычай светлыя, чыстыя, даверлівыя і добразычлівыя ўзаемаадносіны паміж мужам і жонкай. Вершы, прысвечаныя жонцы, складаюць асобную старонку ў творчасці Якуба Коласа. Яны раскрываюць багацце духоўнага свету паэта, яго ўменне кахаць, шанаваць блізкага чалавека, давяраць яму, раіцца з ім.
(Гучыць песня “Добры вечар, дзяўчынанька”.)
Чытальнік.
Я хачу прыгадаць // Нашы дні былыя, // Вусце, луг,сенажаць // І дубы старыя. // Залатыя пяскі // Беразянскіх пустак, // Хвайнякоў паяскі, // Што пралеглі з густам; // І дарог абрусы // У шаўковай ткані, // Чабары, верасы // На глухой паляне. // Як мне дораг час той, // Той зямлі украсы, // Дзе хадзілі з табой // Мы ў грыбныя часы. // Эх, вярнуцца б нам зноў // К родным пералазам // Ды між рэчак, дубоў // Зноў прайсціся разам. // Аб табе, сваім дню, // І аб Беларусі // Я гадаю і сню, // Мілая Маруся.
Вядучы.
“Мой добры друг, мая святыня”. Так хораша гаварыў Якуб Колас пра сваю жонку, з якой пазнаёміўся ў той час, калі працаваў настаўнікам у Пінску.
Вядучы.
З успамінаў Якуба Коласа: “Тады ж, у 1912 годзе, я пазнаёміўся з маладою настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы. Прозвішча яе было Каменская. Так у маё жыццё ўвайшла Марыя Дзмітрыеўна.
Добра было б зазірнуць на ўсё тое, што я пісаў у той час ёй і пра яе. Я саромеўся тых вершаў. Завёў нават на іх запісную кніжку і навідавоку не пакідаў. У друк, вядома, нічога не падаваў, няёмка было адбіраць у газеце месца і час у людзей на сваё, што толькі мне належала.
Я дзівіўся, не дабіраў ладу, як гэта можна адважыцца друкаваць вершы пра каханне? Калі ты яго выдумляеш, дык не варта публікаваць няпраўду. А калі пішаш аб тым, што ёсць ці было, як тады, вывернуўшы наверх усё вядомае табе і твайму дарагому чалавеку, паглядзець яму ў вочы? Табе давераны сакрэт, ты ўвайшоў як быццам з кімсьці ў змову і раптам распляскаў патайное, ды яшчэ і падпісаўся. Адным словам, нават Марусі трапілі мае вершы значна пазней, калі мы ўжо жылі разам”.
Чытальнік.
Немалую дарогу прайшлі мы // Па чужой і па роднай зямлі. // Адыходзілі вёсны і зімы, // І гады за гадамі плылі. // Шмат снавалі мы кросен шаўковых // З нашых думак-лятунак і мар; // Сустракалі нас ветла дубровы, // І лясы нам давалі свой дар. // Па-над рэчкай у лузе квяцістым // Мы хадзілі, бывала, не раз; // Векавыя дубы жоўтым лістам // Навявалі няўцямны нам сказ. // Жураўлі праляталі над полем, // Забіраючы лета з сабой, // Ды пагуліваў вецер на волі // З неакрэсленай ціхай журбой. // Эх, ды дзе не ляжалі пуціны! // Хіба можна іх змераць, злічыць? // Пакідалі мы дзве каляіны, // Але песня адна ў іх гучыць.
(Гучыць песня “Колькі ў небе зор”.)
Вядучы.
З успамінаў Якуба Коласа: “Аднойчы я спяшаўся ў школу і не заўважыў, што кніжачка мая выпала з кішэні. А ўвечары Маруся пытае: “У каго ты, Костусь, закахаўся гэтак моцна?” Я гляджу на яе, нічога не разумеючы. Яна ківае галавою і кажа: “Так, так. Не закахаўшыся, такіх вершаў не напішаш”. І падае мне кніжачку”.
Марыя Дзмітрыеўна для Якуба Коласа была не толькі жонкай, каханай, але і сапраўднай вернай сяброўкай і спадарожніцай жыцця. Яна дзяліла з ім і радасць поспеху, і горыч жыццёвых выпрабаванняў. Добрая, шчырая, адкрытая Марыя Дзмітрыеўна была самым дарагім чалавекам — сапраўднай яго Музай.
Чытальнік.
Дзяўчыне
Не кажы, што злыя людзі // І што свет паганы: // Сэрца крыўду ўсю забудзе, // Час загоіць раны. // Тыя раны, што зладзеі // Сэрцу прычынілі, // Тыя думкі і надзеі, // Што цябе пабілі. // Ды ці ж варты баламуты, // Каб твой твар дзявочы // Засцілаўся ценем смутным // І тускнелі вочы? // Пройдзе ўсё, перажывецца, // Вер мне, дарагая! // Будзе час — ускалыхнецца // Сэрца і ўзыграе. // А ў душы вясна настане, // Сэрца зноў палюбіць, // Прыйдзе доля, у вочкі гляне, // Шчыра прыгалубіць. // Не кажы ж, што злыя людзі // І што свет паганы: // Сэрца смутак перабудзе, // Час загоіць раны.
Вядучы.
Вайна разлучыла Якуба Коласа з родным краем. Ён эвакуіраваўся з акадэміяй навук спачатку ў Клязьму, пасля ў Ташкент. Пакуль уладкоўваўся, Марыя Дзмітрыеўна жыла ў Маскве. Якуб Колас вельмі сумаваў па жонцы.
Чытальнік.
М.Д.М.
Ты без мяне, а я далёка. // Над стэпам звіс нябёсаў тын, // А снег стэповы слепіць вока, // І сумна мне, бо я адзін. // За час наш доўгі я нямала // Быў у разлуцы і журбе. // Рука мая не ўсё спісала // З таго, што думаў аб табе. // Я знаю, шмат ты мела гора // І горыч дум піла да дна, // І шмат было тваіх дакораў, // Хоць ты ў душы маёй адна. // “Даруй жа мне!” — скажу я толькі, // Схіліўшы нізка галаву. // Забудзь пакуты, гора, болькі, // Табой я жыў, табой жыву. // І блізка ты, і ты далёка. // Над стэпам звіс нябёсаў тын. // Змярцвелы стэп не цешыць вока, // І сумна мне, бо я адзін.
(Гучыць мелодыя песні “Мой родны кут”.)
Чытальнік.
На пералётах
Наведаў я той дом, даўно знаёмы, // Дзе мы з табой бывалі ўжо не раз, // Дзе хвой шатры, як волатаў шаломы, // Нас вабілі з дарогі на папас. // Гадалі так, а выйшлася іначай, // І гора ты, пакут зазнала шмат. // Аб доме тым ніхто з нас не заплача, // Ты ж аглянешся з горыччу назад. // Пустуе наш пакой асірацелы, // І мой партрэт не зняты са сцяны, // Глядзіць, нібы ў пахмеллі, спахмурнелы, // Разгублена пытае: “Дзе ж яны?”// І выраб мой дасужае мінуты, // Рагаты сук пад надпісам “Чымган”, // Прыродаю так вычварна загнуты, // Гадае там пра родны Казахстан. // Валяюцца, як смецце, пацяробкі, // Забытыя драбніцы на стале: // Акуркі ў попелцы, пяро, каробкі // І чорцікі, скалечаныя ў шкле. // І ложак наш, у холадзе застылы, // На ўсю сцяну стаіць, як саркафаг. // І слой густы драбнюсенькага пылу // Спакойненька паслаўся ў галавах. // Курэў так-сяк агеньчык цьмяны быту, // Ды час прайшоў, агеньчык наш пагас. // Яшчэ этап вандроўніцтва пазбыты, // І кончыўся часовы наш папас. // Чакае нас у роднай Беларусі // Разбураны ды мілы наш куток. // Ачуньвай жа, мой добры друг, Маруся, // І родны край, і дом наш недалёк.
Вядучы.
Вайна і частыя пераезды падарвалі здароўе Марыі Дзмітрыеўны. Яна часта хварэла, стан яе здароўя пагаршаўся. Якуб Колас вельмі перажываў і непакоіўся. Ён клапаціўся пра тое, каб любімая адчувала, што ён побач, любіць яе, жадае, каб яна была заўсёды з ім. Яго словы прызнання Марусі былі словамі малітвы.
Чытальнік.
Маёй Марусі
Наплыў туман. Зямля ў імгле, // І неба звісла ў мутным дыме, // Сумуеш, дружа мой? Але! // Ну што ж? І твой сум неба прыме. // Яны — і неба, і зямля — // Засумавалі, можа, самі, // А ты, як дрэва без галля, // Уторыш ім іх галасамі. // Я не спрачаюся, маўчу, // Ды толькі ведаю адно я: // Што пасвятлее ў іх ваччу // І сонца радасць іх адновіць. // А я, мой дружа, што скажу? // Калі жыва будзе Маруся, // Я выйду ў поле на мяжу, // Зямлі і небу пакланюся.
(Гучыць мелодыя песні “Аvе, Марыя”.)
Чытальнік.
На ростанях
Шмат напісаць мне аб чым трэба, // Душа ж мая жыве адным: // Схавала радасць маю глеба // Пад ціхім крыжам дзервяным. // І дзе знайсці мне тыя словы, // Каб выказаць жальбу маю! // Мне не стае душы паловы, // Свой боль я ў сэрцы затаю. // І буду думаць у тым болю, // Сум абдымаючы наўкруг, // Што я не ўбачу больш ніколі // Цябе, мой лепшы ў свеце друг! // Было б лягчэй мне, каб я ведаў, // Што жаль мой дойдзе да цябе, // Але не знойдзе к табе следу // Мая туга нідзе, нідзе! // Апошні міг. Труна раскрыта. // Халодны дождж пайшоў гусцей, // А ў кусціку, расой абмытым, // Свой гімн табе спеў салавей.
Вядучы.
Якуб Колас валодаў незвычайным талентам — талентам чалавечнасці, дабрыні і сардэчнасці, якія заварожвалі кожнага, хто сустракаўся з ім. Дапытлівы і чулы, народны паэт любіў жыццё і людзей, імкнуўся аддаць ім агонь сваёй душы і шчодрасці сэрца.
У адным з лістоў да Ніны Іванаўны Загурскай-Паддубнай паэт зазначыў: “Марыя Дзмітрыеўна была самым лепшым другам маім. Такія жонкі, як яна, пападаюць не часцей, як адна на тысячу жонак”.
З гэтымі словамі згодна і сястра Якуба Коласа Алена Міхайлаўна Лойка, якая з цеплынёй успамінала: “Гэта быў залаты чалавек. Не магу спакойна гаварыць. Такая добрая, разумная. І да дзяцей, і да Коласа, і да ўсіх людзей. Жылі яны вельмі дружна. Шанавала яна Коласа. А ён яе таксама. Каб не такая жонка брату надарылася, то, можа, ён і такім вялікім не стаў бы”.
Вядучы.
“Табой я жыў, табой жыву” — такі асноўны матыў вершаў Якуба Коласа апошніх гадоў яго жыцця, прысвечаных Марыі Дзмітрыеўне. З вобразам сваёй любай жонкі ён не развітваўся да канца сваіх дзён.
Чытальнік.
Ці дома я, ці я ў паходзе,
Калі адзін, як воўк, брыду,
У кожнай хвілі і ў прыгодзе
З сабой нясу дум чараду.
За ёю следам сумным ходам
Малюнкі прошласці плывуць,
І так мне жаль іх і так шкода,
Што іх нанова не вярнуць.
На сэрца горыч вірам хлыне,
Як дождж на голле і камлі:
Мой добры друг, мая святыня
Ляжыць адна ў сырой зямлі.
Развага кажа мне: “Змірыся,
І твой не так жа шлях даўгі”.
А сэрца рвецца ў тыя высі,
Дзе сонца значыць берагі.
Чытальнік.
М.Д.М.
Ляжыш ты ў зямлі, мая зорка.
Адвечнае неба ўсё тое,
І тая ж навокал гаворка,
І тое ж жыццё маладое.
Як лепшае божжа стварэнне,
Прайшла ты дарогай святою,
А следам святое гарэнне
У ногу ішло за табою.
І сёння адзін я і хворы,
Прадсмертным ахоплены страхам,
Стаю, анямелы і ў горы,
Схіліўшыся ціха над прахам.
Чытальнік.
Я мімаволі ўспамінаю
І ў той куток імкнуся зноў,
Дзе жыў я ціха, як у раю,
З сваёй сям’ёю між дубоў.
Былі вы жывы і шчаслівы
Ты, друг мой жонка, і ты, сын.
Нам песні пелі пожні, нівы,
Кусты надсвіслацкіх далін.
І вас цяпер няма са мною!
О, хоць бы вам пачуць мой сум,
Зірнуць у вір гаротных дум
3 яго бяздоннай глыбінёю.
Вядучы.
Як горача і самаахвярна любіў ён родную зямлю, так з замілаваннем і любоўю адносіўся да блізкіх людзей. У яго вершах пераклікаецца адвечная прыгажосць яго чароўных мясцін і пачуццё кахання да жанчыны. Усё ў іх такое знаёмае для чалавека, сваё, бачанае сотні, тысячу разоў, і разам з тым гэта была высокая паэзія.
Вядучы.
Якуб Колас пры жыцці паспеў адчуць народную любоў і ўдзячнасць. Жыццё не аднойчны выпрабоўвала яго на адданасць Бацькаўшчыне, народу, сваёй сям’і, і той рэдкі талент, які даў Бог, дапамог яму застацца яснай, чыстай зоркай, што ззяе на творчым небасхіле нашай планеты, чалавекам, пра якога можна сказаць: “Ёсць жа на свеце людзі, у якіх талент і сумленне неразлучны”.
Людміла ЛЫЧУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 20 Брэста.