І ў надзейных руках — таксама

2 лістапада ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшла ХХХІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Каласавіны”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа.


Навуковым чытанням папярэднічала цырымонія гашэння маркі, выпуск якой прымеркаваны да юбілею класіка беларускай літаратуры. “У гэтым доме Якуб Колас атрымліваў пісьмы, ліставаўся, — адзначыла падчас цырымоніі дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Мікалаеўна Камароўская. — У нашых фондах шмат лістоў і канвертаў, да якіх дакраналася яго рука. А Якуб Колас, дарэчы, канверты не выкідаў, а заўсёды захоўваў. І таму гашэнне юбілейнай маркі ў Коласавым доме — сімвалічная падзея. Канверты з юбілейнай маркай, на якой мы бачым Якуба Коласа, разляцяцца не толькі па нашай краіне, але і за мяжой. У нашага класіка ёсць вельмі знакавая замалёўка, якая называецца “Запавет”. І там ёсць такія словы: “Я прыйшоў у жыццё не дзеля сябе. Я прыйшоў дзеля вас”. Гэтую місію Колас выконваў усё жыццё, яна працягваецца і сёння, таму што місія Коласа — расказаць усяму свету пра тое, што ёсць такі слаўны куточак — Беларусь, дзе жывуць цудоўныя людзі, сардэчныя, добрыя, разумныя. І калі ў розных кутках свету людзі ўбачаць гэтую марку, іх, канечне, зацікавіць, а хто гэта. І слова Коласа будзе гучаць далёка-далёка за межамі нашай Беларусі”.

У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сталічных і абласных вышэйшых навучальных устаноў і музеяў, даследчыкі з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Сербіі і Літвы, сваякі Якуба Коласа, прадстаўнікі пасольстваў і духавенства.

Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, З.М.Камароўская заўважыла, што гэты юбілейны для нашага класіка год быў вельмі плённым у плане прапаганды яго творчасці не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Сёлета слова Коласа гучала падчас адкрыцця выстаў і іншых мерапрыемстваў у Літве (Клайпедзе, Вільнюсе, Друскеніках), Польшчы (яно гучыць і сёння ў варшаўскім музеі Бранеўскага, а ў хуткім часе дабярэцца да Беластока, Гайнаўкі, у наступным годзе зноў загучыць у Варшаве — на выставе, прысвечанай 95-годдзю паэмы “Новая зямля”, у музеі Міцкевіча), нават у такіх краінах, як Аргенціна, дзе знайшліся далёкія нашчадкі песняра. У Ташкенце на вуліцы Пушкінскай, дзе жыў Якуб Колас, сёлета была ўзноўлена мемарыяльная дошка, прысвечаная Канстанціну Міхайлавічу. Акрамя таго, у Цэнтры беларускай культуры ў Ташкенце была зладжана дыхтоўная Коласаўская выстава. На найбліжэйшы час адкрыццё экспазіцый з фондаў ДЛММ Якуба Коласа запланавана ў Расіі і Украіне. Адной з вельмі радасных для коласаўцаў падзей Зінаіда Мікалаеўна таксама назвала нядаўняе стварэнне перакладу “Новай зямлі” на рускую мову і выданне яго ў Санкт-Пецярбургу. І не менш радасная перспектыва вымалёўваецца дзякуючы народжанай у Саюзе пісьменнікаў Беларусі ідэі выдаць адной кнігай пераклады пачатку “Новай зямлі” на мовы свету.

З нагоды юбілею Якуба Коласа музей прыняў цёплыя віншаванні ад першага намесніка дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі А.А.Лукашанца, пісьменніка, перакладчыка, сябра праўлення ленінградскага аб’яднання Саюза пісьменнікаў Расіі (Санкт-Пецярбург) С.Ю.Порахава, намесніка дырэктара Смаленскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі імя Аляксандра Твардоўскага А.У.Горбуль, дырэктара Літаратурна-мемарыяльнага музея Максіма Рыльскага (Кіеў) В.Л.Калеснік, дырэктара Літаратурнага музея А.С.Пушкіна (Вільнюс) Н.Ф.Петраўскене і інш.

З цэнтральным выступленнем на пленарным пасяджэнні ХХХІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Каласавіны” выступіў адзін з самых аўтарытэтных айчынных коласазнаўцаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар М.І.Мушынскі (“Спадчына Якуба Коласа ў парадаксальных ацэнках І.П.Мележа і П.Е.Панчанкі”). Насычаны новымі нечаканымі тэмамі ў коласазнаўстве і адметны сваёй скіраванасцю ў сучаснасць, навуковы палілог у секцыях засведчыў, што творчая спадчына Якуба Коласа не страчвае сваёй актуальнасці і па сёння, мае выключнае значэнне для сучаснага культурнага жыцця ў нашай краіне, адкрывае для беларусаў новыя гарызонты ў )сённяшнім зменлівым свеце.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.