Ліставанне ў два канцы

У свеце Коласавых пісьмаў

Канстанцiн Мiхайлавiч радаваўся: растуць унукi, любяць яго, дзеда.

Малы Андрэйка, Данiлаў сын, ужо ведаў, што кожны лiсток у календары азначае пэўны дзень. Прайшоў дзень — сарвi лiсток. Вечарам ён забягаў да дзеда, каб сарваць “стары” лiсток з настольнага календара. Вясёлы, пацяшаў рознымi прыдумкамi. Калi што было не па iм, гаварылася цi рабiлася насуперак, мог i напалохаць…


Эпiсталярная спадчына Якуба Коласа — гэта пiсьмы, уключаныя ў збор твораў. Тыя, што пiсалiся па гарачых слядах падзей, вялiкiх i малых, нагадваюць дзённiк: у канцы кожнага стаiць дакладная дата — дзень, месяц, год. Колас просiць прабачыць за стракатасць зместу, перапады ў думках i настроi: у кароткiм лiсце хацелася расказаць як мага больш, выкласцi ўсе апошнiя навiны. Шкадаваў часам, што рана заклеiў канверт: выпусцiў з-пад увагi нейкi факт цi прыватную дэталь, нiбы ўтаiў ад свайго адрасата.

Пiсалi Коласу настаўнiкi, былыя яго вучнi i студэнты. Адказваючы iм, ён цiкавiўся, як яны жывуць i працуюць, цi патрэбна iм якая-небудзь дапамога. Расказваў i пра сябе, пра сваю сям’ю: як пiсьменнiк — пра творчыя здабыткi i задумы, як бацька — пра сыноў Данiлу, Юрку i Мiхася. Ганарыўся дзецьмi, не забываў падкрэслiць i такi штрых: Мiхась ходзiць у другi клас i “вучыцца граць на скрыпцы ў музычнай школе”.

Мiхась вырас, пасталеў, у яго з’явiлiся свае дзецi, Сяргей i Марыйка. — Колас хвалiў у пiсьмах ужо iх, сваiх унукаў: “Сяргей — фiлосаф, з якiм можна весцi размову пра палiтыку, пра мiжнароднае становiшча. Марыя — цудоўная жанчына”. Пiсаў, як пра дарослых, тоячы ўсмешку ў вачах. — Адрасат, ведаючы Коласаву ўнучку, таксама не мог не ўсмiхнуцца: тая “жанчына” толькi нядаўна хадзiць пачала.

Вусна i ў друку вiтаў Колас адкрыцці і вынаходствы ў любой галiне навукi. Сэрца яго поўнiлася гордасцю за родную краiну, якая “мае сваю гiсторыю i гiсторыкаў, эканомiю i эканамiстаў, фiласофiю i фiлосафаў, лiтаратуру i лiтаратараў, сельскую гаспадарку i вучоных-аграномаў”. З пiсьмаў вiдаць, колькi часу і сiл аддаваў навуцы i ён сам як вучоны, як дзяржаўны і грамадскі дзеяч.

Вайна выгнала з дому, забрала сына Юрку, абвастрыла ў душы ўсе пачуццi, патрыятычныя i цiхiя, сямейныя. Якуб Колас знаходзiць сваё месца ў процiстаяннi чорнай навале. Не на фронце, не ў партызанскiм атрадзе. У тыле, але на пярэднiм краi iдэалагiчнай барацьбы з ворагам. Яго зброя — пяро i слова. Лісты з ташкенцкага выраю чытаюцца як споведзь пiсьменнiка i грамадзянiна, мужа i бацькi. Лiрычныя ўстаўкi ажыўляюць сухавата-дзелавы змест, гавораць часам больш, чым строгiя факты, даты i лiчбы.

З ліста да Мiхася Лынькова: “Цяжка жыць у разлуцы са сваёю зямлёю ды яшчэ так далёка ад яе. Вось чаму такi бясцэнны дар той васiлёк, вырасшы на нашай роднай зямлi, якi ты пераслаў мне ў сваiм пiсьме. У мяне на сцяне вывешаны лiст паперы, а на гэтым лiсце красуюцца тры фатаграфii: мая, Купалава i Глебкава — уся мая “карцiнная” галерэя. На гэты лiст прыладзiў я i прысланы табою васiлёк…”

Галубячы вачыма васiлёк, Якуб Колас, пэўна, прыгадваў i блакiтныя званочкi: перададзеныя з волі, яны глыбока, да слёз, узрушылi яго некалi ў царскiм астрозе. Цешылi i натхнялi гэтыя пяшчотныя кветкi: званочкi — з лугу, васiлёк — з поля. Душа рвалася на радзiму, да жывых васiлькоў у жыце. А ў лісце да Пятра Глебкi душа плача: паэт глядзiць у неба, на хмаркi, i “самому хочацца стаць хмаркаю i плыць на захад”.

Вольная зямля ачуньвала ад жахаў фашысцкай акупацыi. Нялёгка жылося людзям. Многiя мужчыны, кармiцелі i апора сям’i, загiнулi цi вярнулiся дамоў пакалечаныя. Жанчыны i дзяцей гадавалi, i працавалi не пакладаючы рук, каб неяк звесцi канцы з канцамi. “Я думаю пра дарагiх мне людзей, — пiша Якуб Колас, — пра iх трывогi i радасцi. Я думаю, як высока падняў бы iх, як шчодра адарыў бы iх радасцямi, каб усё гэта мог зрабiць…”

Рабiў, што мог — у гады вайны, i ў мiрны час. Дапамагаў адбудоўваць вёскi, адкрываць новыя школы i бiблiятэкi, набываць грузавыя машыны — для калгасаў i дзiцячых дамоў.

З ліста да выхаванцаў дзіцячага дома ў Брэсце: “Вы пісалі мне пра тое, каб вашаму дому вылучылі грузавую машыну для патрэб вашай гаспадаркі. Аб гэтым напісаў пісьмо старшыні Савета Міністраў БССР тав. Мазураву. Пабачу яго, пагаворым з ім асабіста, падтрымаю вашу просьбу”.

Ліст як ліст, з прыязным водгукам на чарговую просьбу, калі б не адна заўвага ў ім: “Хацелася б чытаць вашы пісьмы на беларускай мове. Не трэба зневажаць мову народа, сярод якога вы жывяце, не трэба рабіць так, каб наша роднае слова не мела сабе прытулку ў сваёй роднай краіне”.

Не мог Канстанцін Міхайлавіч далікатна прамаўчаць, бо за пісьмом бачыў не толькі дзяцей, але і іх настаўнікаў. І сур’ёзны папрок — найперш у іх адрас. Ці выхаваюць яны нашчадкаў з беларускай душой?..

З ліставання бачна, як клапаціўся народны паэт пра нашу Мікалаеўшчыну — вёску на Стаўбцоўшчыне, дзе нарадзіліся яго бацькі, дзе вучыўся ў пачатковай школе ён сам. Перад вайной, у маі саракавога года, па вёсцы пракаціўся страшны пажар. Хаты на вузкіх вулачках стаялі амаль упрытык і, крытыя саломай, успыхвалі, як свечкі, адна за адной. Якуб Колас хадайнічаў перад кіраўнікамі рэспублікі, і пагарэльцам бясплатна выдзелілі лес на будынкі, цэглу — на печы, забяспечылі насеннем і прадуктамі. Сваіх умельцаў, цесляроў і муляраў, ставала, і вёску дружна, талакой, паднялі з папялішчаў.

І новую школу-дзесяцігодку будаваць дапамагаў таксама ён, славуты зямляк. На пачатку чэрвеня 47-га года сам прыязджаў у вёску, сустракаўся з сялянамі, настаўнікамі і вучнямі. Запісваў, што трэба дастаць для школы, каб у класах, кабінетах, бібліятэцы, спартыўнай зале было ўтульна, светла і цёпла. Дырэктарам школы тады працаваў Ігнат Юр’евіч Міцкевіч — стрыечны дзядзька паэта. Праз тры дні пасля ад’езду Якуба Коласа ён атрымаў ліст з кароткай справаздачай і просьбай адначасова: “Дарагі Ігнась! Патрабаванне на лаўкі і электраабсталяванне перадаў у міністэрства. Я забыў сваю палку. Прыбяры яе. Як-небудзь перашлеш. Сяджу гэтыя дні на пленуме ЦК…” Заняты, бачыце, быў, а парупіўся ў першую чаргу зайсці ў міністэрства. Можна і ўсміхнуцца, канечне, пра палку ўспомніў. Але ў Якуба Коласа балелі ногі, і ён прызвычаіўся ўжо да старой палкі-кавенькі: з ёй, вернай памочніцай, лягчэй было хадзіць па розных кабінетах, дапамагаць людзям.

З асаблівай увагай ставіўся Якуб Колас да пакрыўджаных жыццём людзей — пагарэльцаў, хворых, iнвалiдаў. У канцы пiсьма да iх часам бачым прыпiску: “Пасылаю трохi грошай”. А пісьмы былі розныя. Аднаго разу, разбіраючы пошту, прачытаў: “ Мне трэба купіць каня. Прышліце чатыры тысячы рублёў. Вось і ўсё”. Канстанцін Міхайлавіч адказаў: “Паважаны таварыш! Уступайце ў калгас. Будзеце забяспечаны канём. Вось і ўсё. Якуб Колас”. Няцяжка здагадацца, чаму адпісаў менавіта так, коратка і суха, з пэўнай доляй сарказму.

Перадваенныя гады праходзілі пад знакам “чорнага крумкача”. Так называлася машына, якая забірала мірных людзей быццам бы ворагаў народа. Пасля смерці Сталіна пасвятлела ў жыцці, але мінулае многім не давала спакою. Якуб Колас дапамагаў вярнуцца на радзіму і ўладкавацца на працу тым, хто выжыў у турмах і ссылцы, іх дзецям. Не адразу ўдавалася дабіцца гэтага, і ён зноў і зноў турбаваў высокае начальства. Некаторых пісьменнікаў і вучоных, несправядліва асуджаных, добра ведаў сам і ў лістах да іх прасіў прабачэння, супакойваў, калі не па яго віне справа зацягвалася.

Пiсьмы, як сувязныя, хадзілі ў два канцы: ад людзей — Коласу, ад Коласа — людзям. З кожным годам гэты iнфармацыйны абсяг лiставання шырэў: бывала, прыходзiла дзесяць i болей пiсьмаў у дзень. Адна карэспандэнтка папрасiла знайсцi ў асабiстай пошце адрас патрэбнага ёй чалавека. Колас адказаў, што зрабiць гэта не так лёгка, як думаецца, бо дома ў яго тых пiсьмаў было не злічыць.

Адыходзілі ў вечнасць блізкія і родныя людзі, сябры, добрыя знаёмыя. Іх імёны і дарагія абліччы засталіся ў мастацкіх творах і дзённікавых запісах. Коласавы дзённікі “Ташкенцкая торба”, “Гаворыць Клязьма”, “На схіле дзён” — праўдзівая, суровая і лірычная споведзь чалавечай душы, адкрытай і чыстай, яны сведчаць, якім змястоўным і духоўна багатым было жыццё пісьменніка. У кароткіх запісах столькі падзей і фактаў, думак і пачуццяў, што іх хапіла б не на адзін мастацкі і дакументальны твор. Па сутнасці, дзённікі — гэта тыя ж лісты, адрасаваныя не канкрэтным людзям, а ўсім нам, чытачам, адтуль, з мінулага веку.

А быў жа яшчэ i галоўны клопат — пiсьменнiцкi. Колас надзвычай патрабавальна ставiўся да сваiх твораў, у вершах — да кожнага радка. Сяргей Гарадзецкi прыслаў пераклад верша “Ноч”. Зрабiўшы некалькi заўваг, Колас падзякаваў рускаму паэту i прызнаўся ў лісце: “Гэты верш я люблю. Я хацеў бы як аўтар напiсаць яго лепш. Мне здаецца, што я не ўсё перадаў у iм, што адчуваў, i не так, як гэтага хацеў бы. Калi-небудзь на ўлоннi прыроды, калi будзе настрой, напiшу другi варыянт”.

Што за ноч! Што за цiш!

Змоўклi травы, краскi.

Усплыў месячык на ўзвыш

Баяць свету казкi.

Верш заварожвае, яго хочацца прамаўляць шэптам, як малiтву зямлi i небу. А Колас збiраецца пiсаць па-новаму: не закрануў, бачыце, яшчэ нейкую запаветную струнку ў душы, каб начныя “свету казкi” прагучалi з большай любасцю i замiлаваннем. Чым не ўрок паэтычнага майстэрства для маладых аўтараў?..

Цяжка, з вялiкiмi перапынкамi пераўвасаблялася на рускую мову “Новая зямля”. Паэтаў-перакладчыкаў было некалькi, кожны працаваў над сваiмi раздзеламi — пераклады атрымалiся стракатымi: паэма не ўспрымалася як цэласны твор. Якуб Колас дамовiўся з Пятром Сямынiным, адным з маскоўскіх перакладчыкаў, i той у Мiнску, у доме паэта, даводзiў усе раздзелы да ладу. Каб хутчэй здаць паэму ў друк, шчыраваў па пятнаццаць гадзiн у суткi, удумлiва i ўважлiва. Раiўся з Канстанцiнам Мiхайлавiчам, калi нечага ў тэксце не разумеў, спатыкаўся на рэдкiм, самабытным слове. З некалькiх варыянтаў разам выбiралi лепшы. Апошняя рэдакцыя перакладаў не парушала ўсёй будовы паэмы i яе сэнсу. Героi загаварылi на чужой мове, але душа ў кожнага засталася беларускай. Колас уздыхнуў з палёгкай, i гэта адчуваецца нават у пiсьме: “Думаю, што “Новую зямлю” не сорамна будзе паказаць рускаму чытачу”.

Патрабавальнасць да сябе вымагала патрабавальнасцi i да iншых. Прачытаў раман Мiхася Лынькова “Векапомныя днi” i ў пісьме падрабязна, па пунктах, абгрунтаваў свае крытычныя заўвагi. Раман трэба скарацiць, сур’ёзна дапрацаваць: пазбавiцца ад фальшывых сiтуацый, не дзялiць рэзка персанажы “на казлоў i святых ягнят”, ачысцiць мову ад правiнцыялiзмаў, якiх, апрача аўтара, нiхто не ведае… Вiдаць, нялёгка было выказаць усё гэта аднаму з лепшых сваiх сяброў, таму ў канцы пісьма Колас прасіў не гневацца, а правiльна зразумець яго, строгага крытыка: “Ад усяго сэрца хачу, каб раман “Векапомныя днi” стаў i “векапомным раманам”.

Якуб Колас не баяўся сказаць праўду ў вочы. Мог прамаўчаць на крытыку ў свой адрас, але заўсёды, вусна i ў пiсьмах, заступаўся за дарагiх яму людзей. Адзiн маскоўскi паэт нядобразычлiва адазваўся пра пісьменніка і сакратара-памочнiка Канстанціна Міхайлавіча — Максiма Лужанiна. І Канстанцiн Мiхайлавiч даў водпаведзь: “На Лужанiна ты дарэмна нападаў. Гэта вельмi адукаваны i дасведчаны ў сваёй галiне чалавек. Апрача таго, i чалавек ён наогул цудоўны. Пакрыўдзiўшы яго, ты пакрыўдзiў i мяне”.

За талент, за шчырасць, за вернасць паважалi i любiлi Якуба Коласа i на радзiме, i ў брацкiх краiнах. Не пералiчыць усiх яго адрасатаў i тых людзей, прозвiшчы якiх называюцца ў пiсьмах.

Максiму Рыльскаму, украiнскаму паэту, вучонаму i грамадскаму дзеячу, споўнiлася 60 гадоў. Якуб Колас мог бы проста адбiць кароткую тэлеграму, павiншаваць з юбiлеем, а ён знайшоў такiя прачулыя, мудрыя словы, што ліст гучыць як вiншаванне i асабiста ад яго, Коласа, i ад усяго беларускага народа.

Вытрымка з ліста: “Калi чалавек жыве сапраўдным творчым жыццём, дык яму лёгка пераходзiць мяжу, за якою адлiчваецца другая палавiна стагоддзя. Гэта блiскуча спраўджваецца на вашым цудоўным прыкладзе. Я з захапленнем гляджу на ваша жыццё, даверху поўнае мужнай, нястомнай, плённай працаю. Нездарма ганарыцца ёю ўкраiнскi народ — кожны народ быў бы шчаслiвы мець творчыя здабыткi, падобныя вашым. Вы ведаеце самi, i я рад яшчэ раз сказаць вам, як блiзка ваша iмя, якая родная ваша праца нам, беларусам, кроўным сябрам i суседзям украiнцаў”.

Думаецца, юбiляр з хваляваннем чытаў гэтае пасланне, чуў за радкамі знаёмы голас, нiбыта Колас знаходзiўся побач з iм, у адным пакоi. Пазней, калi паэта не стане, Максiм Тадэевiч напiша пранiкнёна i ярка — як верш у прозе выдыхне: “Я не многа разоў сустракаўся з Якубам Коласам, i кожная сустрэча з iм пакiдала такое ўражанне, якое пакiдае ў памяцi пах чыстай лясной кветкi, знойдзенай ранняй вясной на паляне, дзе пяшчотна зелянее трава. Уражанне чысціні i свежасцi”.

Старасць не радасць. Крутыя дарогi прайшлi праз лёс i памяць, пакiнулi свой след у кнiгах. Жыццё непрыметна, год за годам, забiрала сiлы. І чалавечай трываласцi, чалавечаму веку ёсць мяжа. Усё часцей Колас пачынаў скардзiцца на бяссоннiцу, недамаганне, розныя хваробы. Асенняй павуцiнкай упляталіся ў ліставанне сумныя радкi: “Я колiсь быў здаровы i крэпкi. У мяне быў на дзiва моцны арганiзм, а вось стаптаўся…”

У пiсьмах знаходзiм звесткi пра многiя творы, якiя мы ведаем з дзяцiнства, адкрывалi ў юнацтве i пазней, у сталыя гады. Даведваемся, калi i пры якiх абставінах яны пiсалiся, лёгка цi складана, хутка цi доўга. Не даследчыкi Коласавай спадчыны, а сам аўтар дакладна i шчыра пра ўсё гэта расказвае. І хочацца перачытаць любiмую паэму або аповесць, па-новаму ацэньваючы ўжо i змест твора, i яго герояў.

Цяпер, у новым веку, мы рэдка пішам пісьмы. Ліставанне ў два канцы замянілі мабільнікі. І я ўдзячны Якубу Коласу за падказку: заглянуў у свет сваіх пісьмаў і напісаў спавядальны санет.

Трывожаць слых мабільныя званкі

Заместа пісьмаў — зблізку і здалёку,

У хаце ціхай і ў людскім патоку.

І ўсё радзей чытаем мы радкі,

Напісаныя цёпла, ад рукі.

Яны звіняць удзень, навідавоку,

Не спяць яны, спяваючы і ў змроку,

Мабільнікі — начныя жаўрукі.

Я дастаю пажоўклых пісьмаў звязку —

І адчуваю зноў любоў і ласку

Людзей, якія леглі пад крыжы:

У іх лістах з дажджу яшчэ, з марозу —

Жывая споведзь сэрца і душы,

Дыханне часу на скрыжалях лёсу.

…А як жа Андрэйка палохаў дзеда?

Неяк ненаўмысна цi дзеля забаўкi ўнук сарваў з календара два лiсткi запар. Канстанцiн Мiхайлавiч паўшчуваў: нельга касаваць яшчэ непражыты дзень. І тады Андрэйка прыдумаў страшылку: “Я накладу камянёў, ты будзеш хадзiць па двары i ўпадзеш”. Канстанцiн Мiхайлавiч зрабiў выгляд, што пакрыўдзiўся. І Андрэйка не забаўляўся ў гасцях, хуценька сышоў. А назаўтра вясёлы, нi нічога і не было, зноў заявiўся, каб сарваць з настольнага календара “стары” лiсток — пражыты дзень. І ціха, без слоў, павініўся: дапамагаў дзеду заклейваць канверты з пісьмамі.

Мікола МАЛЯЎКА.