Колас у пяшчотных руках

Учора споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння класіка

Шчыра кажучы, дабірацца да Мікалаеўшчыны са сталіцы, калі не маеш свайго аўто, не вельмі зручна. Хоць гэта ўсяго толькі 70 з нечым кіламетраў, але, каб прыехаць туды самай раніцай, трэба нават крыху напружыцца: устаць рана-рана, на адным з першых паяздоў метро даехаць да вакзала, потым сесці на маршрутку, цягнік або электрычку, каб ужо да васьмі быць у Стоўбцах, бо роўна а 8-й адтуль адпраўляецца аўтобус на Сверынава, які едзе праз Мікалаеўшчыну. Дый тое гэты аўтобус ходзіць толькі па панядзелках.

Але ж так хацелася напярэдадні 135-годдзя Якуба Коласа пабываць менавіта ў Мікалаеўшчынскай школе! Школе, у якой ён вучыўся, узвядзеннем новага будынка якой у вялікай ступені кіраваў, а цяпер, мабыць, з нябёс кіруе тымі нябачнымі энергетычнымі патокамі, якія мы часта называем аўрай. У нашым выпадку — самабытнай і непараўнанай ні з чым нават у сваёй бесцялеснасці коласаўскай аўрай. Аўрай, якая сёння ахінае і Мікалаеўшчынскі дзіцячы сад — сярэднюю школу імя Якуба Коласа, і саму вёску Мікалаеўшчыну, дзе праз кожную другую хату жывуць людзі з прозвішчам Міцкевіч, і наогул усю Стаўбцоўшчыну, калыску песняра…

І была раніца панядзелка 30 кастрычніка, і было вельмі непрытульнае, з халодным ветрам і калючым дажджом, надвор’е, якое прынёс у Беларусь ураган з суровым небеларускім імем Герварт, і быў аўтобус на Сверынава са Стаўбцоўскага аўтавакзала, які і давёз мяне ў Мікалаеўшчынскую — далей буду пісаць Мікалаўскую, як гавораць самі мікалаўцы, жыхары Мікалаеўшчыны, — школу. Спраўдзілася мая мара пабываць у ёй — велічнай, прыгожай, здаецца, навечна ўгрунтаванай у тутэйшую мікалаўскую зямлю. З вельмі адметнай, нетыповай архітэктурай. Нечым падобнай нават да старадаўняга палаца з двума ўваходамі, а ніяк не да вясковай школкі. Гэткай трывалай, як кажуць іншы раз і пра чалавека. Пра Коласа, пра Якуба.

Заходжу ў школу, дзе мяне гасцінна сустракаюць дырэктар Лілія Дзмітрыеўна Кротава і яе намеснік Алена Віктараўна Маляўка. Найперш яны прапаноўваюць мне пагутарыць з навучэнцамі школы, бо тыя спяшаюцца на нейкае раённае мерапрыемства ў час асенніх канікул у Стоўбцы.

І вось я знаёмлюся з вучнем 10 класа Дзмітрыем Герасімчыкам, які днямі прывёз з конкурсу даследчых работ навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці (праходзіў у Заслаўі) дыплом І ступені (секцыя “Геаграфія ХХІ стагоддзя: погляд юнага даследчыка”).

Гартаю яго даследчую работу “Дэмаграфічная сітуацыя вёскі Мікалаеўшчыны ў святле сацыяльна-эканамічных змяненняў за апошнія 30 гадоў, або Вёска не павіна знікнуць” (кіраўнік — настаўніца Таццяна Леанідаўна Каранеўская). Дарэчы, гэта не першае даследаванне Дзімы, раней ён пісаў работу па геральдыцы (сам прыдумаў герб роднай Мікалаеўшчыны!), даследаваў разнастайнасць агародніны ў сталоўцы роднай школы — свойскай, з мікалаўскіх агародаў. А я тым часам слізгаю вачыма па назвах раздзелаў яго апошняй даследчай работы, якая прынесла яму дыплом І ступені на абласным конкурсе: “Метадалагічныя асновы правядзення дэмаграфічных даследаванняў”, “З гісторыі дэмаграфічных даследаванняў”, “Аналіз дэмаграфічнай сітуацыі ў Мікалаеўшчыне за апошнія 30 гадоў. З гісторыі вёскі”, “Змяненні палавой і ўзроставай структуры насельніцтва за апошнія 30 гадоў”, “Уплыў міграцыйных працэсаў на змяненні колькасці насельніцтва”, “Роля рынку працы ў дэмаграфічнай сітуацыі ў вёсцы Мікалаеўшчыне”, “Магчымыя напрамкі развіцця вёскі Мікалаеўшчыны”…

Маю ўвагу асабліва прыцягваюць змешчаныя ў канцы дыяграмы, схемы, табліцы. У адной з табліц заўважаю, напрыклад, такія несуцяшальныя для вёскі лічбы: у 1986 годзе ў Мікалаеўшчыне жыў 1131 чалавек, у 2016 — 545, пры гэтым колькасць мікалаўцаў ва ўзросце да 15 гадоў паменшылася за 30 гадоў у 3 разы!

Спыняюся на выніках сацыялагічнага апытання, якое правёў Дзіма Герасімчык сярод сваіх сяброў, мікалаўскіх падлеткаў. Усяго ён апытаў 33 чалавекі, з іх на пытанне “Ці хацелі б вы жыць у вёсцы?” 17 адказалі станоўча, 15 — адмоўна, адзін адказаў, што не ведае. У кожнага былі свае прычыны станоўчага ці адмоўнага адказу. У тых, хто хацеў бы жыць у роднай вёсцы, былі наступныя аргументы: хацелася б быць побач з роднымі і сябрамі; тут мала машын і чыстае паветра; тут прыгожа і спакойна; я нарадзіўся тут. Тыя, каму хацелася б з’ехаць з вёскі ў горад, тлумачылі гэтае сваё жаданне таксама па-рознаму: у горадзе цікавей жыць, а тут сумна і няма куды пайсці; у горадзе больш месцаў для працы; хочацца завесці новых сяброў (сябровак) у горадзе; у горадзе не трэба будзе палоць агарод…

Пытаюся ў Дзімы наўпрост: “Дзім, а чаму ты вырашыў даследаваць такую тэму? Табе настаўніца яе падказала?”

Ён глядзіць на мяне вачыма, круглымі ад здзіўлення. Як быццам я нічога не разумею ці як быццам ён нічога не разумее. Хаця мы абодва ўсё разумеем.


Праз нейкі момант ён выходзіць са здранцвення. Гаворыць амаль з адчаем: “Ды як чаму? Вёска ж вымірае… Мая родная вёска вымірае! Разумееце? Коласава вёска вымірае! Непрыемна бачыць, калі твая вёска вымірае”.

Супакойваецца, збіраецца з думкамі: “Калі ў 90-х зачынілі цагельню, людзям фактычна не стала дзе працаваць. З’язджаюць усе адсюль. Мой брат 23-гадовы таксама думае пра тое, каб з’ехаць. Адслужыў у войску, хацеў уладкавацца на працу, але яе няма”.

— А сам ты што думаеш? — пытаюся.

— Ды што тут думаць? Вёску трэба неяк ратаваць. Таму я і напісаў гэтае даследаванне, бо закранула… Трэба нешта рабіць, каб тут з’явіліся працоўныя месцы, каб палепшылася інфраструктура. Тады б і людзі заставаліся тут жыць, нікуды б не хацелі з’язджаць. І вёска жыла б.

— Не, я маю на ўвазе, ці думаеш ты сам з’язджаць адсюль? — удакладняю сваё пытанне.

— Я хачу паступіць пасля школы ва ўніверсітэт педагагічны.

— А потым?

— У вёску хачу вярнуцца. Сюды, у Мікалаеўшчыну. І працаваць тут настаўнікам у роднай школе.

— Настаўнікам геаграфіі?

— Не ведаю яшчэ, не вырашыў. Магчыма.

Я дзякую Дзіму за гутарку, на развітанне прашу яго сфатаграфавацца з пераможным дыпломам у руках. Калі гляджу на яго, заўважаю ў вачах хлопца разам з якімсьці сумам і ўпартасць, цвёрдасць, непрымірымасць, засяроджанасць на адной думцы. Яму ўсяго 16 гадоў, ён яшчэ не ведае, настаўнікам якога прадмета ён хацеў бы стаць, але ўсведамляе, што хацеў бы працаваць настаўнікам у роднай школе.

Міжволі пачынаю думаць пра тое, што вось такія юнакі, як Дзіма, усё-такі змогуць выратаваць вёску. Што спрадвечнае, роднае, кроўнае кліча такіх вось, як ён, не адпускае іх ад сябе. Лёс Мікалаеўшчыны — у іх руках. Дый лёс Коласа таксама…

…А тым часам дырэктар Лілія Дзмітрыеўна Кротава пачынае сваю экскурсію па Мікалаўскай школе з яе гісторыі і па сённяшні дзень. Гісторыя гэтая збольшага добра вядомая: школа ў Мікалаеўшчыне была адкрыта ў 1866 годзе, калі ў вёсцы налічвалася ўсяго каля сотні хат (зусім нядаўна, дарэчы, установа дастаткова гучна адзначыла свой 150-гадовы юбілей), у Мікалаўскую пачатковую школу Колас паступіў вучыцца ў 1892 годзе; у гады польскай акупацыі вучыць дзяцей настаўнікі хадзілі па хатах і, натуральна, вучылі па-польску; пасля ўз’яднання Беларусі ў 1939 годзе была адкрыта савецкая сямігадовая школа, якую наведвалі і дзеці, і дарослыя. А потым у Мікалаеўшчыне здарыўся страшэнны пажар, які знішчыў і школу, і амаль усю вёску. У 1940 годзе быў закладзены падмурак сённяшняга будынка школы, да лета 1941 года паспелі ўзвесці сцены першага паверха, але і гэтую будоўлю чакаў трагічны лёс — руйнаванне падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны на ацалелым падмурку нанова пачалося будаўніцтва школы. І вось цікавы факт, пра які я, напрыклад, упершыню даведаўся толькі ад Ліліі Дзмітрыеўны: цяперашні будынак школы ўзводзілі палонныя немцы, якіх штодня прывозілі са Стоўбцаў групамі прыблізна па 30 чалавек, а ў якасці падсобных рабочых працавалі пераважна мікалаўскія дзеці, якія падвозілі цэглу, падымалі яе наверх. Ці вось яшчэ цікавая акалічнасць: з 11 чалавек першага выпуску школы 1949 года ўсе сталі настаўнікамі, акрамя аднаго выпускніка, які вывучыўся на зубнога тэхніка.


У фае пры ўваходзе, акрамя слоў Якуба Коласа “Мой родны кут, як ты мне мілы!” і стылізаванай сялянскай вуліцы, адметная цікавостка: галерэя дыхтоўных фотаработ з выявай музейных аб’ектаў у Смольні — такі падарунак школе на 140-годдзе дзесяць гадоў назад зрабіў яе выпускнік 1976 года прафесійны фатограф Ігар Ліннік.

Заходзім у школьную бібліятэку. Тут ёсць дзіцячы куток, дзе самыя маленькія дзеткі ўпершыню знаёмяцца з дзедам Якубам, як прадстаўляюць ім класіка, паказваюць ім зрэбную торбачку, з якой той хадзіў у школу, калі не было партфеляў, пераказваюць ім галоўныя яго запаветы дзецям, з іх самы галоўны, што ўсе дзеці павінны добра вучыцца. Побач — палічка з дзіцячай хрысціянскай літаратурай (выхаваўчы працэс у школе будуецца не ў апошнюю чаргу на спрадвечных духоўных каштоўнасцях). На асобным стэндзе расказваецца пра гісторыю самой бібліятэкі. Лілія Дзмітрыеўна звяртае ўвагу на сталы, якія стаяць у школьнай бібліятэцы: аказваецца, яны ў свой час сюды трапілі з Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна. Гэта было такое мэтавае накіраванне, калі там мянялі мэблю.

Праходзім па калідоры на першым паверсе, і Лілія Дзмітрыеўна паказвае на вялікую карціну “Ціха, ідзе ўрок”. Яна вісіць тут ажно з 50-х гадоў, яе намаляваў колішні настаўнік фізкультуры Мікалаўскай школы Мікалай Антонавіч Семяняка, якому, дарэчы, першаму сярод настаўнікаў фізічнага выхавання Беларусі ў 1964 годзе было прысвоена званне заслужанага настаўніка БССР. У выпускнікоў школы даўнейшых гадоў нават ужо ўвайшло ў завядзёнку: наведваючы родную ўстанову адукацыі, спачатку падысці менавіта да карціны, на свае вочы пераканацца ў тым, што яна нікуды не дзелася, і з палёгкай выдыхнуць: “Вісіць… Значыць, усё ў парадку”.

Побач — фотагалерэя выпускаў школы пачынаючы з 1949 года. Тут жа, на сцяне, — Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь і абрысы нашай краіны, а ўнутры абрысаў — словы Уладзіміра Караткевіча: “Сто тысяч год няхай вакол шумяць палі, // Сто тысяч год няхай вакол гудуць дубровы, // Пакуль гучыць вакол святая наша мова, // Пакуль ёсць беларусы на зямлі”.

Далей звяртае на сябе ўвагу стэнд “Субота запрашае”: усё, здавалася б, традыцыйна (план правядзення шостага школьнага дня, графік работы аб’яднанняў па інтарэсах і г.д.), але ўся інфармацыя змешчана на фоне маштабаванай вокладкі падручніка-чытанкі для вучняў пачатковых класаў з Сымонам-музыкам пасярэдзіне. Атрымліваецца, што не хто іншы, а менавіта славуты коласаўскі герой запрашае дзяцей на мерапрыемствы шостага школьнага дня.

Праходзім далей, мінаючы адмысловую насценную газету, якая ў жартоўнай форме расказвае пра вандроўкі мікалаўскіх навучэнцаў (Альбуць, Смольня, Чортаў камень, Ласток і іншыя памятныя мясціны, звязаныя з Якубам Коласам), выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў школы. Зазіраем на хвіліну ў клас, дзе займаюцца малодшыя школьнікі: настаўніца пачатковых класаў і працоўнага навучання Таццяна Яўгенаўна Чэрнік дэманструе злепленыя з цеста фігуркі дарэктара, дзядзькі кухара, пярэсценькага катка і іншых коласаўскіх персанажаў, з якімі гуляюць дзеці.

Знаёмлюся з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры і гісторыі, паэтэсай, спявачкай, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі Нінай Альбертаўнай Загарэўскай (літаратурны псеўданім Ніяна Загарэўская), якая кіруе школьным літаратурна-творчым гуртком “Маладыя каласкі” (дзейнічае з 1964 года). Ніну Альбертаўну мы засталі за заняткамі ў гэтым гуртку з шасцікласніцай Хрысцінай Заікінай: дзяўчынка рыхтуецца да мясцовых “Каласавін” 4 лістапада, на якіх мікалаўскія школьнікі будуць чытаць уласныя вершы, а зараз пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы чытае-вывучае альманахі з вершамі іншых дзяцей. А наогул, па словах Ніны Альбертаўны, гурткоўцы вучацца не толькі ўласна вершаскладанню, але і многім жыццёва неабходным для культурнага чалавека рэчам, напрыклад, напісанню дзённікаў, пісьмаў, культуры мовы. І ўсё гэта найперш на аснове спадчыны Якуба Коласа — яго дзённікаў, эпісталярыю, безумоўна, саміх мастацкіх твораў.

Нарэшце, мы падыходзім да святая святых Мікалаўскай школы — літаратурна-этнаграфічнага музея “Спадчынны куток”, адкрытага ў 2006 годзе. І ўжо каля музейных дзвярэй у калідоры маім вачам адкрываюцца вельмі цікавыя экспанаты: вялікая канцылярская друкарка 60-х гадоў выпуску (аказваецца, у 1964 годзе ў Мікалаўскай школе, адзінай сярод школ Стаўбцоўскага раёна, былі ўведзены ў якасці абавязковых урокі машынапісу, выпускнікі да постперабудовачных часоў атрымлівалі дакументы аб набыцці прафесіі сакратара, якая была вельмі запатрабаванай), не проста старадаўнія, а вельмі старыя — XVIII стагоддзя! — кросны, керагаз, зэдлік, вялікі драўляны чамадан або, як называлі яго мікалаўцы, чумайдан, з якім вяскоўцы выпраўляліся, напрыклад, на будоўлю БАМа ці ў Комі АССР.


У музеі “Спадчынны куток” нас сустракае яго загадчыца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Станіславаўна Паплаўская, якая паказвае сапраўды багатую экспазіцыю — з драўлянай калыскай пасярэдзіне вялікага пакоя, з трыма асноўнымі раздзеламі (“Мой родны кут…”, “Мікалаеўшчына — калыска паэта і яго землякоў” і “Мікалаеўшчына літаратурная”), з мноствам каштоўных экспанатаў, асабліва кніг, падораных школе і ўласнаручна падпісаных пісьменнікамі. Чытаеш аўтографы — і проста не верыш сваім вачам ад той незлічонай колькасці беларускіх майстроў прыгожага пісьменства, якія ў розныя часы наведвалі Мікалаўскую школу. Дый якія гэта імёны! Янка Маўр, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Эдзі Агняцвет, Аляксей Русецкі, Анатоль Вялюгін, Адам Русак, Алесь Савіцкі… Многім кнігам з аўтографамі проста ўжо не хапае месца ў музейных вітрынах, і таму іх акуратна захоўваюць у асобнай скрыні.

Уражвае і кніга водгукаў. Сярод самых свежых водгукаў заўважаю адзін, які міжволі запыняе ўвагу: яго — на іспанскай мове — пакінулі госці з Аргенціны, продкі якіх былі ўзгадаваны мікалаўскай зямлёй, а пасля ў пошуках лепшай долі разбрыліся па ўсім белым свеце.

На стале побач — цэлы стос даследчых работ настаўнікаў і навучэнцаў Мікалаўскай школы, у прыватнасці, “Мовай сімвалаў і знакаў, або Вывучэнне роднага краю праз геральдыку” ўжо знаёмага мне Дзмітрыя Герасімчыка (у пачатку гэтых нататак я ўжо згадваў пра тое, што Дзіма стварыў герб Мікалаеўшчыны), “Краязнаўчая тэматыка санетаў Міколы Маляўкі” Маргарыты Адаміч, “Мянушка як характарыстыка асобы” Зінаіды Лосік, “Геаграфія франтавых дарог маіх землякоў” Маргарыты Маляўкі і інш.

Тут варта заўважыць, што ўсе гэтыя работы выкананы ў рамках раённага педагагічнага праекта “Сучасныя падыходы да выхавання ў навучэнцаў пачуцця патрыятызму і грамадзянскасці сродкамі вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны Якуба Коласа і яго землякоў”, распачатага ў Мікалаўскай школе летась да 150-годдзя гэтай установы адукацыі. І прыблізна год назад наш уласны карэспандэнт па Мінскай вобласці Дар’я Рэва ўжо крыху пісала пра гэты праект, згадваючы дасягненні тутэйшых навучэнцаў і педагогаў (тыя ж даследаванні, распрацоўкі новых экскурсійна-турыстычных маршрутаў, картасхемы завочнага падарожжа “Сцежкамі Коласа” і інш.). Але мне хацелася б тут заўважыць, што ініцыіраванне праекта ў 2016 годзе не было толькі дэкларацыяй, праект ажыццяўляўся ўвесь апошні год і працягвае ажыццяўляцца сёння. Безумоўна, самым яркім доказам гэтага з’яўляецца даследчая работа Дзмітрыя Герасімчыка па дэмаграфічнай сітуацыі ў Мікалаеўшчыне, з якой ён перамог на абласным конкурсе. А яшчэ гэты праект абяцае асабліва гучна нагадаць пра сябе падчас сёлетняга месячніка “Якуб Колас — наш зямляк”, які будзе доўжыцца ўвесь лістапад. Ужо дакладна вядома, што мікалаўскія дзеці ў гэты перыяд абавязкова наведаюць з экскурсіяй Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску, школьны музей у Люсіне, прымуць удзел у рэспубліканскім свяце паэзіі, песні і народных рамёстваў “То — водгулле душы паэта…” на мікалаўскай зямлі. Да школьных “Каласавін” падрыхтавана цікавая акцыя — дэкламаванне навучэнцамі вершаў Якуба Коласа на замежных мовах: англійскай, нямецкай, польскай, украінскай… Адмысловыя ўражанні абяцае падарыць дзецям сустрэча з колішняй жыхаркай Мікалаеўшчыны Марыяй Пятроўнай Міцкевіч (гэтая жанчына з цягам часу перабралася на сталае жыццё ў Мінск, але і цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, жыве ў роднай вёсцы з пачатку красавіка да канца лістапада ў бацькоўскай хаце). Нядаўна высветлілася, што Марыя Пятроўна, калі вучылася ў Мікалаўскай школе, была ў складзе школьнай дэлегацыі на пахаванні Якуба Коласа ў 1956 годзе ў Мінску, нават несла жалобны вянок. Ужо хутка ў адзін з сёлетніх лі-стападаўскіх дзён сённяшнія мікалаўскія дзеці прыйдуць да яе ў госці ва ўсім рэпарцёрскім “узбраенні”: з фотаапаратамі, дыктафонам, падрыхтаванымі загадзя пытаннямі і гатоўнасцю да сур’ёзнай размовы з чалавекам, сведкай значных гістарычных падзей. І ў школе не сумняваюцца, што гэтая гутарка атрымаецца і вынікам яе стане новая даследчая работа навучэнцаў — не спісаная з інтэрнэту ці якіх іншых крыніц, а здабытая ўласнымі намаганнямі, таму і каштоўная, заснаваная на ўнікальным матэрыяле.

Напрыканцы сваёй камандзіроўкі ў Мікалаўскую школу прысаджваюся, як кажуць, на дарожку разам з дырэктарам Ліліяй Дзмітрыеўнай Кротавай і яе намесніцай Аленай Віктараўнай Маляўка ў дырэктарскім кабінеце.

Слухаць Лілію Дзмітрыеўну вельмі цікава і пазнавальна. Яна, карэнная мікалаўка, да таго ж выпускніца гістарычнага факультэта БДУ, настаўніца гісторыі (цяпер выкладае ў старшых класах), дырэктар, столькі ўсяго можа расказаць! Дый пажартаваць не супраць. Скажам, я ведаў, што ў Мікалаеўшчыне людзей называюць нават у вочы мянушкамі, а не пашпартнымі імёнамі ды прозвішчамі. Але ж якія забаўныя гэтыя мянушкі і гісторыі іх прыліпання да канкрэтных сем’яў, родаў. Аказваецца, вядомы паэт родам з Мікалаеўшчыны Мікола Маляўка тут вядомы не як Маляўка, а як Мікола Рагавы, бо хата бацькоўская на рагу вуліцы стаяла. Ёсць у Мікалаеўшчыне і свае Б’ёты, бо ўвесь час біліся. Сама Лілія Дзмітрыеўна з Лёткаў. У польскія часы, распавядае яна, адзін пан тут вельмі любіў паляваць і аднойчы прыстрэліў жорава, ды толькі параніў яго. Той, бедалага, пачаў уцякаць на адной назе. Пан — за ім, а дагнаць не можа. І тады нейкі маленькі хлопчык, што пасвіў побач авечак, кінуўся за тым жоравам і нагнаў яго. Прынёс пану, а той кажа па-польску: “Лёткі хлопча!” Лёткі — значыць, хуткі. З таго часу і пайшлі мікалаўскія Лёткі…


Адчуваеш, слухаючы Лілію Дзмітрыеўну, што яна вельмі любіць сваю зямлю, людзей, дзяцей, якія жывуць тут. Хоць нават і спачуваеш ёй, калі яна прызнаецца, што з маладосці асабліва хацела пабываць у Грэцыі і Рыме (душа гісторыка прагнула), ды так і не пабывала ні разу за жыццё, не адпускалі мікалаўскія справы. І ў Амерыку не паехала, калі туды клікаў яе родны дзядзька, які туды выехаў. “І, ведаеце, усе мае сваякі адмовіліся, — дадае яна. — Мае дзеці не паехалі. У майго брата пяцёра дзяцей, яшчэ ўсе маладыя людзі. І з іх ніхто не паехаў”.

Яе намесніца настаўніца хіміі Алена Віктараўна Маляўка, дарэчы, таксама мае свае біяграфічныя цікавостачкі. Родам з Гомельшчыны, а канкрэтна са Светлагорска, ад нараджэння гарадская. Але лёс звёў Алену Віктараўну з мікалаўскім хлопцам — пакахала і яго, і зямлю тутэйшую. І сёння яна ўжо сапраўдная мікалаўка, і хімію без праблем выкладае па-беларуску (школа ж у Мікалаеўшчыне беларускамоўная), і ўвогуле па жыцці размаўляе толькі на роднай мове…

Пытаюся на развітанне ў Ліліі Дзмітрыеўны: “Напэўна, у вас як у дырэктара не раз здаралася, што даводзілася заставацца ў школе дапазна, адной ва ўсім вялікім будынку… Пра што ў такія моманты думалася і думаецца?”

“Мабыць, самая галоўная думка: якое цудоўнае жыццё! Як прыемна, што ты ёсць на гэтым свеце! Ну і, канечне, думка-жаданне, каб усім было добра… У першую чаргу родным і блізкім. І тым, хто побач з табой”.
…Развітаўшыся і ўжо рушыўшы да выхаду, заўважыў сімпатычную старшакласніцу ў фае. Нават загледзеўся на момант. Адразу ж успомніў, што неяк мала будзе фота дзяцей, школьнікаў у маім рэпартажы. Папрасіў дзяўчыну сфатаграфавацца для газеты. Як потым высветлілася, я спыніў дзесяцікласніцу Маргарыту Маляўка, выдатніцу, асабліва ўлюбёную ў філалагічныя прадметы, добрую спявачку, пастаянную вядучую ўсіх школьных свят, незаменную выканаўцу роляў ва ўсіх тэатральных пастаноўках.

Каб атрымалася крыху ўрачыстае фота, папрасіў Маргарыту ўзяць у рукі кнігу Коласа. Гляджу на школьніцу, а штось падобнае ўжо бачыў я ў поглядзе Дзімы Герасімчыка. Толькі ў дадатак да яго лёгкага суму і засяроджанасці — дзявочая дабрыня, сарамлівасць, пяшчота…

Колас у пяшчотных руках…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.