Алена КУКРЭШ: “Толькі ад нас залежыць, як мы пабудуем сваё жыццё…”

З выкладчыкам кафедры музычна-педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аленай Мікалаеўнай Кукрэш давялося пазнаёміцца яшчэ ў леташнім кастрычніку падчас рэспубліканскага семінара-практыкуму для кіраўнікоў калектываў фальклорна-этнаграфічнага кірунку. Тады Алена Мікалаеўна выступіла з яскравым паведамленнем пра такі жанр беларускага фальклору, як жорсткі раманс. Вы не аслухаліся. Аказваецца, ён бытаваў і ў нас. Не толькі ў Расіі, хаця і прыйшоў адтуль. У 2010 годзе Алена Мікалаеўна нават выдала зборнік “Жорсткі раманс”, куды ўключыла некалькі соцень песень, сабраных у розных кутках Беларусі разам са студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка падчас фальклорных практык на мяжы мінулага і цяперашняга стагоддзяў. Гэтыя песні, самыя папулярныя з якіх суправаджаліся ў зборніку нотнымі запісамі мелодый, друкаваліся тады ўпершыню.

Тады, у кастрычніку, для мяне, як і для іншых удзельнікаў семінара, выступленне Алены Мікалаеўны было поўным адкрыццём. Я падбег да яе, узяў мабільны нумар, дамовіўся на інтэрв’ю… праз некалькі месяцаў — на пачатак сакавіка, на пярэдадзень жаночага свята. Жорсткі раманс — гэта найперш жаночая дзялянка ў фальклоры.

У сваім нататніку, каб не забыцца, напісаў побач з тэлефонам Алены Мікалаеўны вялікімі тлустымі літарамі: ЖР. То бок жорсткі раманс.

Некалькі дзён назад мы сустрэліся з Аленай Мікалаеўнай і пагутарылі.

— Алена Мікалаеўна, давайце спачатку пазнаёмімся з вамі…

— Я нарадзілася ў Жодзіне. Туды прыехалі мае бацькі пасля таго, як закончылі сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Мая мама з Украіны, з Днепрадзяржынску. А тата — беларус, з Любанскага раёна. І мама, і тата — дактары навук. Маці выводзіла новыя сарты лёну. Бацька яшчэ і прафесар па сельскагаспадарчых навуках. Яму будзе ў маі 90 гадоў, маці — 83 цяпер. Я вельмі ганаруся свамі бацькамі. Яны вельмі цікавыя людзі.

— Яны вас і прывучылі да музыкі?

— Яны завялі мяне ў музычную школу. Спачатку іграла на скрыпцы — з 6 гадоў. Потым на баянчыку. А пасля і я, і бацькі зразумелі, што баян для мяне занадта вялікі, а скрыпка не ўлазіла ў аўтобус, дзе заўсёды было шмат людзей, і мяне перавялі на фартэпіяна… У мяне была вельмі добрая настаўніца па фартэпіяна — Святлана Аляксандраўна Вячора. Усе яе выпускнікі звязалі жыццё з музыкай. А яшчэ я вучылася ў харэаграфічнай школе. Хацела стаць балерынай, ды не ўзялі. Мая настаўніца па музыцы тады мяне супакоіла: “Дык у цябе ж фартэпіяна ёсць! Можаш акампанаваць танцоўшчыцам. І так будзеш у сваёй харэаграфіі”. Пасля школы я вучылася ў музычным вучылішчы ў Лідзе (мяне адразу на другі курс узялі), адпрацавала выкладчыцай па фартэпіяна ў музычнай школе ў Іўі, паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага, які стаў за гады маёй вучобы Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Пасля яго заканчэння працавала нейкі час у мінскай сярэдняй школе № 63, а потым мяне запрасілі на працу ў альма-матар, у БДПУ імя Максіма Танка, дзе я і сёння працую…

— Калі вы захапіліся фальклорам?

— Захапленне фальклорам прыйшло да мяне вельмі даўно… Мая бабуля Поля, бацькава маці, памерла рана — я тады вучылася яшчэ ў сёмым класе. Але калі я трапіла ў Іўе ў музычную школу, гэтая бабулька як быццам ажыла ўва мне. Як у местачковай школе робіцца? Ты будзеш спяваць, народным голасам ці не народным, але будзеш спяваць — ты ж музыкант! І я стала спяваць. Мне спадабалася спяваць! А яшчэ — ездзіць па вёсках, выступаць перад бабулькамі… І я гэтым усім адразу праніклася. Палюбіла вёску, палюбіла яе прыгажосць, палюбіла гэтых бабулек. Яны мяне скарылі сваёй працавітасцю, дабрынёй, ласкавасцю. Я ў іх нібыта ўбачыла сваіх родных бабуль, якіх у мяне ўжо не было на той момант… А потым у Мінску, падчас вучобы ў педагагічным, я ўсвядомлена пайшла спяваць у “Ярыцу”: мне самой хацелася гэта рабіць.


— Каго з вашых выкладчыкаў вы найбольш памятаеце?

— Валянціну Мікалаеўну Яшчанка, якая выкладала прадмет “Народная творчасць”. Гэта незабыўны чалавек. Дзякуючы ёй, да гэтага часу памятаю, як мы слухалі ў лінгафонным кабінеце аўтэнтычныя фальклорныя песні, запісвалі тэксты, уносілі расшыфроўкі… А яшчэ не магу не прыгадаць Алеся Юр’евіча Лозку, які фактычна навучыў мяне, як трэба збіраць фальклор. Ён курыраваў нашы фальклорныя практыкі. Мы абышлі ўвесь Лунінецкі, Івацэвіцкі раён. Крыжыкамі адзначалі вёскі, якія не прайшлі і якія трэба было яшчэ прайсці.

— А як жорсткі раманс увайшоў у ваша жыццё?

— Узяцца за гэтую тэму мне параіў Уладзімір Аляксандравіч Васілевіч. Аднойчы ён прыйшоў да мяне і паказаў раманс. Пра зубы. Там быў сюжэт, як хлопец падмануў дзяўчыну і кінуў яе. А яна вучылася на зубнога ўрача. Калі яна ўжо атрымала адукацыю і пачала працаваць стаматолагам, аднойчы да яе прыйшоў у якасці пацыента яе былы хлопец. Ён не пазнаў дзяўчыну пад медыцынскай маскай. А яна, каб адпомсціць маладому чалавеку, вырвала яго чатыры здаровыя зубы і сказала: “Насі ты іх пры жылеце і помні пра подлы абман”.


— Ух! Сапраўды, жорстка.

— Яно жорстка… Але ж я была аспірантка і глядзела на ўсё з навуковага гледзішча. Калі прачытала ўсё гэта, проста зніякавела: “Што за абы-што? Нейкая невядомая мова. Трасянка нейкая! Ці трэба яе выпраўляць?” А У.Васілевіч мне кажа: “Не трэба. У фальклоры ніхто нічога не выпраўляе”. З таго часу я і пачала займацца беларускім жорсткім рамансам.

— Да вас хто-небудзь узнімаў гэтую тэму?

— Не. Справа ў тым, што жорсткія рамансы да апошняга часу былі забаронены для вывучэння.

— Забаронены?

— Мы прывыклі чуць па радыё і тэлебачанні такі прыгожанькі лірычны фальклор, такі акуратненькі, з прыстойнай тэматыкай. Калі нават гэта фальклор, што называецца, з запалам, то на чыстай беларускай мове, з нейкімі ўпрыгажэннямі ў мелодыі. А жорсткі раманс — гэта крыху іншае… Ён проста не ўпісваўся ў рамкі. Памятаю, як наш мэтр Ніл Гілевіч казаў мне: “Я вам дам свае рамансы, запісаныя ўпотайкі”. На жаль, не паспеў іх мне даць.


— Калі і чаму жорсткі раманс з’явіўся? Яго карані расійскія?

— Так. Жорсткі раманс з’явіўся ў нас напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Тады было прынята запрашаць на розныя прадпрыемствы менавіта расійскіх спецыялістаў. Ім плацілі добрыя грошы, і нічога дзіўнага няма ў тым, што яны асядалі ў нас. Яны прывозілі з сабой сваю культуру, у тым ліку жорсткія рамансы. Але яны лічыліся элітай. А нашым вясковым людзям, якія прыязджалі ў горад на працу, хацелася быць бліжэй да эліты. Нашы гаварылі па-беларуску, а тыя — па-руску. І нашы пачалі пераймаць іх рускую мову, іх рамансы, як маглі: недзе рускае слова, недзе беларускае. У выніку атрымлівалася трасянка… Потым вярталіся да сябе на вёску, бралі гітару-сяміструнку ці гармонік і спявалі гэтыя рамансы. На гарадской беларуска-рускай трасянцы.

— А ў вёсцы іх разумелі з іх “не нашымі” песнямі?

— Тут адбывалася крыху дзіўная рэч. Каб іх слухалі, ім патрэбны былі свае гісторыі. І часта яны прыдумлялі такія гісторыі: хто каго пакахаў, хто з кім пасварыўся, хто каго забіў і г.д.

— Наогул, жорсткі раманс — гэта трагічны жанр?

— Пераважна. Трэба разумець, што многія дзяўчаты, якія з’язджалі ў горад з вёскі, былі няшчаснымі. Шмат каго з іх падманвалі хлопцы, кідалі з дзецьмі на руках. А як без мужа вярнуцца ў родную вёску? Цябе ж засмяюць, свае ж родныя праклянуць. І гэтыя дзяўчаты атручваліся, рэзаліся, страляліся, тапіліся, пад цягнік кідаліся, серу з запалак саскрабалі і потым з вадой выпівалі… Па іх жорсткіх рамансах можна было б напісаць цэлы падручнік па спосабах самагубства.

— Калі вы збіралі рамансы, уключаныя ў ваш зборнік?

— На пачатку стагоддзя. Зараз, на жаль, ужо няма куды ехаць. А тады, у 2005 годзе, маім інфарматарам было за 80 гадоў. Прыходзіш да якой бабулькі, а яна: “Ды не буду я спяваць! Я старая і голас ужо не той”. Тады мы са студэнтамі ішлі на хітрасць: і буракі той бабульцы палолі, і бульбу капалі, і ваду насілі… І бабулька пачынала спяваць. А быў у нас дзед такі цікавы — Савіч. У Лунінецкім раёне. Ён адразу казаў нам: “Ідзіце, дзеўкі, у агарод!” І мы ішлі. Працаваць. А потым пад чарачку ён ужо спяваў нам свае рамансы ўвесь вечар. А яшчэ выпрацавалася ў мяне такая хітрасць. Калі разумела, што ад бабулькі не дачакаешся песень, прасіла яе: “Ну хоць адну праспявайце… Ну калі ласка”. Яна тады пагаджалася: “Добра, толькі адну”. І гэта заўсёды быў жорсткі раманс. А дзе адна песня — там ужо і дзве. Дзе дзве — там ужо і чатыры, пяць. Мне аднойчы спадабалася адна бабулька з вёскі Лахва на Лунінеччыне — Самусевіч. Яна мне наспявала каля ста песень! І ўсе — жорсткія рамансы.


— Гэта ж якую памяць трэба мець!

— У яе быў спеўнік. І такі цікавы. Там з кожнай песні быў толькі адзін радок, напрыклад, “Жыў рыбак…” І ўсё. А яна памятала ўсе астатнія словы. Мы ездзілі да гэтай бабулі тры дні. Так, што на чацвёрты дзень яна зачыніла веснічкі: “Не пушчу!”

— Алена Мікалаеўна, а як яны, гэтыя бабулькі, самі называлі песні, якія спявалі? Жорсткімі рамансамі?

— Ніколі. Яны называлі іх любоўнымі, сардэчнымі, мілымі, ласкавымі — калі пра чыстае каханне, дзе ён яе кахае ўзаемна. Калі каханне было трагічным, гучалі песні “разлучныя”, сардэчныя, “страдацельныя”, слязлівыя, “жалючыя”, душэўныя, праўдзівыя, “душараздзірацельныя”, “перажывацельныя”. А яшчэ былі даўнішнія: “Ай, гэта яшчэ маці мая спявала!..”

— Колькі на сённяшні момант вы назбіралі жорсткіх рамансаў?

— Чатыры з паловай тысячы. У маім зборніку — 845.

— У вас ёсць любімы?

— Кожны жорсткі раманс любімы. Гэта, як тэатр, з дэкарацыямі, прадстаўленнем акцёраў, завязкай сюжэта, кульмінацыяй і развязкай… “Спектакль” доўжыцца ўсяго паўтары хвіліны, але бабулю, якая спявае гэты невялікі час, немагчыма перабіць. Яна расказвае цэлую гісторыю. Паслухайце, напрыклад:

В адном прекрасным месце на брагу рекі
Стаял красівый домік, в нём жылі рыбакі.
Рыбак з сваёй рыбачкай скалачываў чаўны,
І было ў іх тры сына — красаўцы-малайцы.

Адзін любіў партную, другі любіў княжну,
А трэці маладую ахотніка жану.
Любоў ў іх была тайна, ахотнік тот не знал,
Што жысь яго разбіта і ён па ёй страдаў.

Аднойчы утрам рана ахотнік шоў на дзіч,
І ўстрэціў ён цыганку і начал гаварыць.
Цыганка маладая умела варажыць,
Ўсе карты разбрасала і стала гаварыць.

— Жана твая неверна — дзесятка так легла,
А туз пікей — магіла, судзьба все решэна.
Ахотнік вынул дзеньгі, цыганке заплаціў,
А сам с бальшой дасадай он к дому поспешыл.

Падходзіць ён і к дому і бачыць у крыльца:
Жана яго ў аб’яццях цалует рыбака.
Раздался шум і выстрел, рыбак на месцы ўпал,
Патом жана-зладзейка, патом ахотнік сам.

Гэтую песню я запісала ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна ад Софіі Дзмітрыеўны Астапковіч 1930 года нараджэння.

Або яшчэ паслухайце:

Прывідзіце ка мне музыканта,
Пускай сыграет мне прашчальны вальс.
Мы пасорылісь з мілым навекі,
І ніхто не памірыт уж нас.

Памірыць нас с мілым уж трудна,
І ніхто не памірыт уж нас.
Дайце, дайце паплакацца вволю
І паследнее свіданіе забыць.

Я ў папы і мамы радзілась,
Я как роза в саду, расцвела.
Я как малый ребёнок гуляла,
А любві нічево не знала.

Падрасла, лет шэснаццаць мне стала,
Палюбіла душой аднаго.
Дажэ дзівічый стыд пацеряла
Для таго, штоб любіць мне ево.
А он клялся, божылся душою,
Што я будушчай буду жэной.
А цепер он гуляет з другою,
А што дальшэ будзет са мною?
Парвалась мая жызнь маладая,
Парвалась, как в гітаре струна.
Праклінаю гады маладыя,
Што радных не паслушалась я.

Скора, скора меня рыбаловы
На сваіх сецях прынесут.
Скора мілый услышыт рыданье,
Как меня хараніць панесут.

Над маей адзінокай магілай
Будут сосны высока стаяць.
Будзет сонцэ сіяць над магілай,
А я буду спакойна лежаць.

— Я паслухаў зараз гэтыя песні і зразумеў, што нашы бабулі і дзядулі прымалі лёс як наканаванне, што нават не хацелі яго перайначваць…

— Вы ў многім маеце рацыю. Мы, сучасныя людзі, змагаемся з лёсам. А стагоддзе назад людзі былі аддадзены яму. Такі вось лёс — і ўсё!

— Сёння рэальна знайсці дзе-небудзь у беларускай вёсцы бабулю, якая б праспявала жорсткі раманс з пачатку мінулага стагоддзя?

— Амаль нерэальна. Ведаеце, я сёння часам прыязджаю ў якую-небудзь вёску і пытаюся ў бабулі: “А вы можаце мне праспяваць якую-небудзь старую народную песню?” Яна адказвае: “Магу”. Я радуюся, уключаю дыктафон, а яна пачынае спяваць “Арлекіна”.


— Пытанне наўпрост: што будзе з усімі гэтымі рамансамі, якія вы сабралі, што будзе з нашым фальклорам увогуле? Ён застанецца толькі ў такіх зборніках, накшталт таго, які вы склалі і выдалі?

— Балючае пытанне… Сапраўды, носьбіты нашага фальклору амаль усе сышлі з жыцця. Але ёсць людзі, якія папулярызуюць яго сёння сучаснымі сродкамі, не даюць іншым забыць, што ў іх была такая спадчына. Не так даўно звярнулася да Зміцера Вайцюшкевіча з прапановай праспяваць некалькі жорсткіх рамансаў. Ён сказаў: “Гэта цікава…” Яшчэ Насця Някрасава спявае беларускія жорсткія рамансы.

— Знаходзіцца публіка?

— Публіка зацікаўленых слухачоў знаходзіцца. Але трэба прызнаць, што жорсткі раманс — гэта не відовішча. Гэта больш песня вочы ў вочы. Пасядзець, падумаць, засумаваць аб нечым…

— Алена Мікалаеўна, мы гаворым з вамі пра такі, па-руску кажучы, “душераздирательный” жанр, як жорсткі раманс напярэдадні светлага свята 8 Сакавіка. У гэтым жанры ўсё-такі можна знайсці светлыя ноткі?

— Канечне, можна. Гэта мы зараз павярнуліся да чысціні, да сям’і, да кахання… А тады, на зломе двух папярэдніх стагоддзяў з гэтымі пытаннямі ўсё было больш складаней. Ды ва ўсякім разе жорсткія рамансы пры ўсёй іх жорсткасці былі скіраваны на чысціню — чысціню ва ўзаемаадносінах паміж хлопцам і дзяўчынай, чысціню ў сям’і. Жорсткія рамансы — гэта рамансы пра жыццё і каханне. І толькі ад нас залежыць, як мы пабудуем сваё жыццё.

— Дзякуй вялікі вам за гутарку. Са святам вас 8 Сакавіка!

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.