У рамках рэспубліканскай акцыі “Наваполацк — культурная сталіца 2018 года” ў Палацы дзяцей і моладзі Наваполацка прайшоў І фестываль дзіцячай інструментальнай творчасці “Адзін дзень жывой музыкі, або Вясновая рапсодыя”. Асноўнымі задачамі новага праекта, распрацаванага метадыстам Алесяй Канцыял і педагогам дадатковай адукацыі палаца Ірынай Расанавай, сталі ўмацаванне творчых кантактаў паміж калектывамі і іх кіраўнікамі, папулярызацыя аб’яднанняў інструментальнага профілю.
Музычна-харэаграфічны аддзел палаца яркі і непаўторны. Ён аб’ядноўвае 155 навучэнцаў, якія асвойваюць сінтэзатар, фартэпіяна, гітару, бас-гітару, барабаны і іншыя інструменты. У аддзеле функцыянуюць аб’яднанні па навучанні ігры на гітары — “Гітэрна”, “Гітара Лэнд”, Let’s Play; фартэпіяна і сінтэзатары — Pianoart; вакальна-інструментальны ансамбль “Брама”.
Таксама ў аддзеле працуе аб’яднанне “Саюз музычных сіл”, у лік якога ўваходзяць пяць аднадумцаў, прафесійных і высокакваліфікаваных спецыялістаў: Ірына Расанава, Лілія Грыдзюшка, Чэслаў Піртань, Івета Бахірава і Алена Зачук. Ініцыятыву аб правядзенні фестывалю “Адзін дзень жывой музыкі, або Вясновая рапсодыя” гэтыя педагогі з задавальненнем падтрымалі і падрыхтавалі 25 канцэртных выступленняў. Удзел у мерапрымстве ўзялі больш за 40 навучэнцаў.
Фестываль прайшоў на адным дыханні. Удзячная публіка атрымала асалоду ад маляўнічых і душэўных музычных нумароў юных выканаўцаў. Па завяршэнні мерапрыемства дырэктар Палаца дзяцей і моладзі Наталля Серакова адзначыла лепшых дзяцей, падзякавала за падтрымку іх бацькам і педагогам.
Алеся КАНЦЫЯЛ,
метадыст Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка.