Новая кніга В.Д.Старычонка пра мнагазначнасць слова ў беларускай мове
Кажуць, у наш час цікавасць да кнігі зменшылася, людзі мала чытаюць, а на змену кнігі прыйшлі электронныя камп’ютарныя сродкі, інтэрнэт-парталы і інш. З гэтым у пэўнай ступені можна пагадзіцца. У той жа час не страчваюць цікавасці тыя кнігі, якія напісаны на актуальныя тэмы, змяшчаюць карысную інфармацыю, прымушаюць думаць, заклікаюць да дыялогу і асабістага самаўдасканалення. Яскравым прыкладам такой кнігі можа служыць “Псалтыр” Францыска Скарыны.
Актуальнай, запатрабаванай сённяшняй філалагічнай навукай з’яўляецца кніга вядомага беларускага вучонага, доктара філалагічных навук, прафесара Васіля Дзянісавіча Старычонка “Мнагазначнасць слова ў беларускай мове: асноўныя тыпы полісеміі, кірункі семантычнай дэрывацыі”. Гэтай кнігай пачынаецца серыя манаграфій В.Д.Старычонка, прысвечаная мнагазначнасці слова і семантычнаму словаўтварэнню, якое лічыцца асноўным сродкам папаўнення лексічнага складу мовы.
Пры чытанні манаграфіі адразу кідаецца ў вочы прадуманая структура выдання. У ёй дзве часткі. Першая носіць больш тэарэтычны характар і акунае чытача ў свет другасных намінацый, вядомы са школьнага курса беларускай мовы. Каралевай такіх намінацый лічыцца метафара, якая засноўваецца на параўнанні, атаясамліванні і знаходжанні агульных рыс у найменнях розных прадметаў і з’яў рэчаіснасці. Не аднаму пакаленню настаўнікаў і вучняў вядомы традыцыйныя метафары (яны фактычна страцілі сувязь з першаснымі значэннямі) тыпу ножка (стала, цыркуля, грыба), корань (зуба, слова), шапка (грыба), калена (ракі, расліны), ступень (ракеты), спінка (крэсла), паток (інфармацыі), ідзе дождж, спыніўся гадзіннік.
Метафара, як вядома, рэалізуецца ў пэўных тэкставых фрагментах, дзе рэалізуецца глыбінны сэнсавы патэнцыял кожнага слова. У кнізе прыводзяцца шматлікія метафары з яркай вобразнай характарыстыкай чалавека: Другі баран — ні, “бэ”, ні “мя”, А любіць гучнае імя. (К.Крапіва); Лапко пакруціў галавою: “Ануча я, а не чалавек!” (Я.Колас); “Ніколі не ведала, што такі балабон”, — сказала Ларыса. (Г.Далідовіч); А хлопцы там — сокалы. (К.Цвірка); Для цябе, маё сонейка, Што ты хочаш, зраблю, А таму, што прыгожанька, А таму, што люблю. (А.Дзеружынскі).
Аўтар слушна зазначае, што новы час нараджае новыя вобразы і асацыяцыі, уносячы свае карэктывы ў механізм утварэння метафары і яе структурныя тыпы. І сёння, у пачатку ХХI стагоддзя, феномен метафары з’яўляецца аб’ектам даследавання не толькі мовазнаўства і літаратуразнаўства, але і філасофіі, псіхалогіі, логікі, герменеўтыкі, кагнітывістыкі, гнасеалогіі, семіётыкі, стылістыкі, сацыялінгвістыкі, тэорыі штучнага інтэлекту і іншых навук. В.Д.Старычонак канстатуе, што пачаты даследаванні метафарычных тэрмінаў з галіны фізікі, біялогіі, медыцыны, гастраноміі, эканомікі, спорту, астраноміі, генетыкі, юрыспрудэнцыі, з’явіліся апісанні метафарычных мадэлей, якія актыўна ўжываюцца ў палітычным, навуковым, мастацкім дыскурсах, рэкламных тэкстах, камп’ютарных тэхналогіях, а таксама ў будзённым жыцці, насычаным звычайнымі і не заўсёды бачнымі метафарычнымі паняццямі.
Акрамя метафары, у першай главе разглядаюцца метанімічныя і сінекдахічныя пераасэнсаванні. Аўтар дае выразныя крытэрыі размежавання гэтых семасіялагічных з’яў. Калі пры метаніміі прадугледжваюцца прасторава-часавыя і прычынна-выніковыя адносіны тыпу “ёмістасць (пасудзіна)” -> “колькасць рэчыва, якое змяшчаецца ў ёй”, “матэрыял” -> “выраб з яго”, то пры сінекдасе пераасэнсаванні ажыццяўляюцца ў кірунку “частка цела чалавека, яго орган” -> “чалавек”, “дрэва ці расліна” -> “іх плады” і інш.: Белая барада, у чырвонай рубашцы, у брычцы сядзіць. (Я.Брыль); “Нашто ты вырывалася? Супакойся!” — загаварыла барадатая галава. (А.Глобус).
Аўтар пашырае межы павярхоўна акрэсленай у школьных курсах энантыясеміі, якая разглядаецца як фіксацыя ў адным слове некалькіх супрацьлеглых значэнняў. Цікавасць выклікае сумяшчэнне антанімічных значэнняў у словах прагляд — “беглае прагляданне чаго-небудзь — поўны і ўсебаковы агляд, праверка чаго-небудзь”, ліхасць — “смеласць, храбрасць — нягода, няшчасце, ліхое здарэнне”, малойчык — “малады чалавек, хлопчык — чалавек амаральных паводзін, які заслугоўвае асуджэння” і інш.
Другая глава манаграфіі — “Моўная рэпрэзентацыя прадметнага свету ў другасных субстантыўных намінацыях” — прысвечана знешнепадабенчым, лакатыўным (прасторавым), колькасным, якасным, зоасемічным, акцыянальным і іншым метафарычным увасабленням. Асаблівую цікавасць выклікае гіпербала (грэч. hyperbole — “перабольшванне”) — моцнае перабольшванне якіх-небудзь уласцівасцей чалавека, прадметаў або з’яў. Яна ўжываецца з мэтай завастрэння і канцэнтрацыі ўвагі на тых ці іншых прыметах, актуалізацыі пэўных аспектаў сэнсавай структуры слова.
Манаграфію В.Д.Старычонка можна лічыць падзеяй у сучаснай філалагічнай навуцы. Кніга, бясспрэчна, атрымае выкарыстанне ў творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, навуковай дзейнасці мовазнаўцаў і літаратуразнаўцаў. Яна будзе карыснай выкладчыкам вышэйшых навучальных устаноў, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, аспіранам, студэнтам, школьнікам. З кнігі можна чэрпаць матэрыялы для арганаізацыі навучання беларускай мове і літаратуры, складання слоўнікава-лагічных задач, якія дазволяць навучэнцам актывізаваць выкарыстанне лексікі беларускай мовы, параўноўваць, абагульняць, сістэматызаваць маўленчыя факты і ўстанаўліваць узаемасувязі паміж словамі і тымі рэаліямі, што яны абазначаюць. Матэрыялы манаграфіі, безумоўна, будуць садзейнічаць развіццю звязнага маўлення, фарміраванню маўленчых кампетэнцый і матывацыі да свядомага вывучэння беларускай мовы.
Наталля ЧАЙКА,
доктар філалагічных навук,
дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка.