Адкрыць для сябе Іванаўшчыну

Сёння і заўтра, 1 і 2 верасня, у жывапісным палескім мястэчку Іванава і Іванаўскім раёне адбудуцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства.

Ізноў пачатак восені, першыя выхадныя верасня — і такі ўжо прывычны за 25 гадоў, але ад гэтага не менш прыемны і чароўны покліч самага галоўнага культурнага свята ў краіне — Дня беларускага пісьменства.

Ізноў у маленькі раённы гарадок за сотні кіламетраў ад сталіцы з’едуцца госці з розных куткоў Беларусі і замежжа, каб прыняць удзел у дзясятках мерапрыемстваў, большасць з якіх будуць авеяны ўнікальным культурна-гістарычным подыхам канкрэтнага рэгіёна краіны.

Ізноў шаноўная дэлегацыя ў складзе пісьменнікаў, навукоўцаў і святароў прынясе ў галоўны праваслаўны храм раённага гарадка Жыватворны Агонь ад Труны Гасподняй і перадасць там Яго на лампадкі і свечкі прыхаджан. Так завершыцца чарговая штогадовая Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святынь”.

Ізноў адбудуцца такія ўжо традыцыйныя і ключавыя для гэтага свята дзеі, як міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў (сёлета ён мае назву “Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго”), святочнае шэсце па гарадскіх вуліцах з канцавым прыпынкам на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку, дзе зранку свята ўрачыста адкрыецца, а ўвечары не менш урачыста развітаецца з жыхарамі і гасцямі горада.

Ізноў будуць працаваць шматлікія кніжныя павільёны, дзе пройдуць дзясяткі прэзентацый выдавецкіх навінак; ізноў будуць бясконцыя сустрэчы вядомых літаратараў, журналістаў і выдаўцоў з неабыякавымі да кнігі паспалітымі людзьмі; ізноў будуць гудзець вялікія і маленькія канцэрты, розныя падрыхтаваныя і спантанныя народна-патрыятычныя акцыі; ізноў будуць пярэсціцца і вабіць усімі сваімі вясёлкавымі колерамі і пахамі не толькі кніжныя, але і мастацкія выставы, фэсты кухні, экспазіцыі панадворкаў, сувенірныя латкі…

Ізноў мы ўбачым на прасторах аднаго маленькага гарадка шмат дзяцей, якія будуць радаваць нас і на канцэртах, і на спартыўных мерапрыемствах, і падчас інтэрактыўных інтэлектуальных гульняў на дзіцячай пляцоўцы, і ў фінале Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”.

Ізноў шчасліва супадуць гэтыя два вялікія святы (хаця так здараецца і не заўсёды) — Дзень беларускага пісьменства і Дзень ведаў! І нават недарэчна сёння пытацца: якое з іх больш значнае? Якое ж пісьменства без ведаў, а якія веды без пісьменства?!

Ізноў…

Не, не ізноў, а ўпершыню Дзень беларускага пісьменства прымае Іванава, або, калі карыстацца яго нацыянальнай гістарычнай назвай, Янава і ўся Янаўшчына-Іванаўшчына. Мілы палескі куток на поўдні нашай краіны, памежны з Украінай раён, дзе на пад’ездзе да вёскі Махро ў цябе правяраюць пашпарт пагранічнікі, зямля са сваёй непаўторнай прыроднай, чалавечай (ментальнай і фізіялагічнай), моўнай, рэлігійнай, архітэктурнай і ўвогуле гістарычна-культурнай аўтэнтыкай і спецыфікай. І тут мы, па традыцыі нашых штогадовых культуралагічных дадаткаў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства, нагадваем, што радасць і гонар прымання гэтага свята на сваёй зямлі раней ужо зведвалі такія гарады, як Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў…

Кожная з папярэдніх сталіц гэтага свята па-свойму ўражвала, здзіўляла, захапляла, была незвычайным адкрыццём асабліва для тых, хто ўпершыню трапляў туды і хто сапраўды адкрываў яе для сябе ў самых розных яе абліччах і праявах. Дый для тутэйшых людзей таксама, бо, як правіла, той ці іншы горад, які прымае Дзень беларускага пісьменства, значна мяняецца і вонкава, зразумела, у лепшы бок.

Сёння ж у эпіцэнтры культурнай актыўнасці і культурнай інфармацыі — Іванава і Іванаўшчына. І паверце аўтару гэтых радкоў, які напярэдадні правёў на Іванаўшчыне цэлы доўгі дзень з 5 раніцы да 11 вечара: Янаву-Іванаву і Янаўшчыне-Іванаўшчыне таксама ёсць чым здзівіць, уразіць, адкрыцца… Дык жа адкрый, шаноўны чытач, для сябе гэты куток нашай краіны ў Год малой радзімы, пад знакам якога сёлета праходзіць Дзень беларускага пісьменства! А мы ў нашым сённяшнім культуралагічным дадатку “Рэй” дапаможам табе ў гэтым, прачыніўшы дзверы ў культурна-адукацыйны свет Іванаўшчыны. Сённяшні “Рэй” можна лічыць адмысловымі падарожнымі заметкамі — што я пабачыў і адчуў на янаўскай зямлі…

* * *

Ужо калі вярнуўся з Іванава ў Мінск, а мой іванаўскі дзень прыйшоўся на панядзелак 20 жніўня, навіны, датычныя сёлетняга Дня беларускага пісьменства, сталі паступаць з Іванаўшчыны, а яшчэ больш — са сталіцы, адна за другой, літаральна дзень за днём.


Так, ужо на наступны дзень, 21 жніўня, інфармацыйнае агенцтва БелТА паведамляе, што ў гэты дзень у Янаве адкрыўся XV абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры, у якім прымаюць удзел 9 умельцаў, у тым ліку народныя майстры Беларусі Анатоль Туркоў з Камянца, Уладзімір Чыквін з Кобрына, Іван Супрунчык са Столінскага раёна. “Мы другі раз праводзім пленэр, прысвечаны Дню беларускага пісьменства. У першы раз гэта было ў 2005 годзе ў Камянцы. Тады ля сцен Белай вежы былі ўсталяваны фігуры беларускіх асветнікаў Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Ефрасінні Полацкай, Афанасія Філіповіча. Зараз арганізатары свята пажадалі ўвасобіць у дрэве выбітных ураджэнцаў іванаўскай зямлі”, — цытуе БелТА словы загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларысы Быцко. У сёлетні спіс мясцовых знакамітасцей, рэкамендаваных для ўвасаблення ў дрэве, трапілі мастакі Францішак Бруздовіч і Марыя Андрэйкавіч-Бутаўт, знакамітая фалькларыстка Марыя Саковіч, паэт, асветнік, дзяржаўны дзеяч ХVІ стагоддзя, які нарадзіўся ў вёсцы Магільна (даўно ўвайшла ў межы Іванава), Ян Пратасовіч. Не забыты, вядома, і Фёдар Дастаеўскі, чый род паходзіць з вёскі Дастоева, а таксама выдатны мастак і кампазітар родам з вёскі Варацэвічы Напалеон Орда. Скульптуры будуць усталяваны ў гарадскім парку ля ўвахода ў цэнтральную арку.

23 жніўня ў стужцы навін БелТА з’яўляецца інфармацыя, што ў гэты дзень у Іванаве адбылася цырымонія спецыяльнага гашэння маркі “Герб Іванава”. Яе тыраж склаў 54 тысячы экзэмпляраў. На марцы намаляваны герб Іванава, які ўяўляе сабой варажскі шчыт, а на яго блакітным фоне высіцца сярэбраны храм, размешчаны паміж рагамі залатой падковы. Неўзабаве ў абарачэнне будзе выпушчаны і канверт з арыгінальнай маркай. Памятнае гашэнне пройдзе 2 верасня ў аддзяленні паштовай сувязі № 3 Іванава.

24 жніўня становіцца вядома, што на святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Іванава прыедуць дыпламаты мінімум з сямі краін: Венгрыі, Латвіі, Малдовы, Палесціны, Расіі, Таджыкістана і Японіі, а таксама прадстаўнікі ЮНІСЕФ.

25 жніўня высвятляецца, што днём раней у Міністэрстве інфармацыі сабралася кампетэнтнае журы, каб вызначыць пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі за 2017 год. Аднак інтрыга не раскрываецца. Імёны ўладальнікаў прэстыжнай дзяржаўнай літаратурнай узнагароды назавуць толькі 2 верасня ў Іванаве падчас свята.

27 жніўня на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца праграма навукова-практычнай канферэнцыі “Іванаўскія чытанні”. У праграме — імёны вядомых навукоўцаў і інтрыгуючыя тэмы: А.І.Лакотка (“Год малой радзімы ў люстэрку беларускай культуры”), С.Л.Гаранін (“Традыцыі кірылічнага пісьменства ў палескім рэгіёне”), М.М.Віннікава (“Сялянскі касцюм Іванаўшчыны ў пачатку XX стагоддзя: традыцыі і навацыі”), І.Л.Капылоў (“Пра што расказваюць прозвішчы жыхароў Іванаўшчыны?”), Л.В.Леванцэвіч (“Гаворкі Янава і ваколіц у сістэме беларускай мовы”), Ю.Л.Хвіланчук (“Адметныя сінтаксічныя рысы гаворак Іванаўшчыны і іх месца ў сістэме брэсцка-пінскіх гаворак”), Т.В.Валодзіна (“Традыцыі і навацыі ў сістэме народнага лекавання Іванаўскага краю”), Т.І.Кухаронак (“Стэрэатыпы і мадэлі святочна-абрадавых паводзін: восеньскі перыяд народнага календара Іванаўшчыны”), А.В.Трафімчык (“Паэт Мікалай Гумілёў на Брэсцка-Пінскім Палессі (1915)”), А.Г.Трубчык (“Іванаўскі край у гады польска-савецкай вайны (1919—1921 гг.)”) і інш.

Нарэшце, 28 жніўня аўтар гэтых радкоў сам становіцца сведкам грандыёзнай падзеі, якая, хоць і не мае прамога дачынення да самога Іванава, але да Дня беларускага пісьменства — самае што ні ёсць непасрэднае. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбываецца прэзентацыя факсімільнага выдання першага “Буквара”!

Пасля працяглай працы каманда прафесіяналаў-аднадумцаў завяршыла рэалізацыю міжнароднага навуковага і выдавецкага праекта па факсімільным узнаўленні першага “Буквара”, арыгінальнае выданне якога выйшла роўна 400 гадоў назад — у 1618 годзе ў друкарні Віленскага Святадухаўскага брацтва ў Еўі. Да рэалізацыі праекта далучыліся Пасольства Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і прыватная бібліятэка Мідл Тэмпл у Лондане. Арганізацыйную падтрымку забяспечылі міністэрствы культуры, адукацыі і замежных спраў Рэспублікі Беларусь, а таксама Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Партнёрамі ў рэалізацыі праекта сталі Белінвестбанк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Усяго ў свеце захаваліся два асобнікі ўнікальнага выдання. Адна з кніг захоўваецца ў бібліятэцы Мідл Тэмпл у Вялікабрытаніі, другая — у Каралеўскай бібліятэцы Даніі. На радзіме не засталося ніводнага выдання: як гэта часта адбываецца з вучэбнымі дапаможнікамі, іх проста “зачыталі да дзірак”. Што цікава, як паведаміў на ўрачыстай прэзентацыі факсіміле дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, менавіта дзякуючы таму, што першы “Буквар” трапіў у такія закрытыя бібліятэчныя інстытуцыі, як Каралеўская бібліятэка ў Даніі і бібліятэка Мідл Тэмпл у Лондане, дзе карыстанне фондамі абмежавана, ён і здолеў пражыць 400 гадоў. Поўны экзэмпляр з бібліятэкі Мідл Тэмпл наогул захаваўся ў вельмі добрым стане. У “Буквары” змяшчаюцца славянскі алфавіт, прыклады складоў з дзвюх і трох літар, простыя словы на царкоўнаславянскай мове, пералік знакаў прыпынку, лічбаў (у кірылічнай традыцыі), а таксама асновы граматыкі і тэксты для чытання, у тым ліку рэлігійныя гімны, малітвы, запаведзі, пропаведзі. Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук адзначыла, што “Буквар” 1618 года ўяўляе вялікую цікавасць для даследчыкаў методыкі пачатковага навучання, у ім наглядна паказваюцца спосабы навучання пісьму і чытанню ў пачатку ХVІІ стагоддзя. І не меншую цікавасць, па словах Валянціны Васільеўны, ён уяўляе для даследчыкаў методыкі выхавання, таму што наогул “Буквар” і ў той час быў, і сёння застаецца кнігай, якая садзейнічае духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей. Нарэшце, “Буквар” 1618 года не можа не зацікавіць і з пункту гледжання вучэбнага кнігавыдання, што тычыцца яго структуры, прадстаўлення вучэбнага матэрыялу і рэалізацыі актуальных сёння прынцыпаў даступнасці, нагляднасці, адзінства навучання і выхавання. “А ўжо сам той факт, што мы можам сёння бачыць і вывучаць гэтае выданне, вельмі значны ў сэнсе адраджэння нацыянальнай культуры і гордасці за нашу багатую гісторыю, за дасягненні нашага народа, — падкрэсліла дырэктар НІА. — Прыемна ўсведамляць, што сучаснае пакаленне школьных буквароў у нейкай ступені працягвае традыцыі нашых продкаў”.

* * *

…Аднак вернемся ў Іванава. Сышоўшы з цягніка Віцебск — Брэст а пятай раніцы і ступіўшы ўпершыню на янаўскую зямлю, я раптам адчуў сябе вельмі адзінокім тут, на бязлюднай, фактычна яшчэ начной і цёмнай, незнаёмай мне чыгуначнай станцыі, дзе пануе суцэльная цішыня, маўкліва гараць ліхтары, некуды ўдалеч імкнуць роўныя бліскучыя рэйкі, а на будынку станцыі падсвечваецца дзіўная назва “Янаў-Палескі”. Сустрэча з начальнікам аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама Сяргеем Варухам была запланавана на 8 раніцы, але, па-першае, як знайсці той райвыканкам, калі навокал, тым больш у цемені, не было бачна нават нечага падобнага на абрысы горада, а па-другое, як прабавіць тры ранішнія гадзіны, якія заставаліся да сустрэчы?

Агледзеўся, прайшоўся туды-сюды, зрабіў некалькі фотаздымкаў будынка станцыі, рэек, высокага моста праз чыгуначныя пуці, які, мабыць, якраз і вёў у Іванава са станцыі Янаў-Палескі… і, ужо з самай раніцы стомлены і бяссонны (бо так і не навучыўся за свае шматлікія камандзіроўкі засынаць у цягніку), апусціўся на лавачку, моцна задумаўся, што мяне сёння чакае ў незнаёмым горадзе, дый наогул пра жыццё…

І якое ж было маё здзіўленне, калі ў ранішніх прыцемках раптам пачаў вымалёўвацца сілуэт чалавека, які набліжаўся да станцыі і постаць якога з яго кожным крокам здавалася мне ўсё больш і больш знаёмай. І калі ён быў ужо зусім блізка, я пазнаў! “Анатоль! Ты?” — усхапіўся з лавачкі. Той прыпыніўся, здзіўлена паглядзеў, яўна не разумеючы, хто я і што ад яго хочуць. “Мікола я… Не памятаеш? “Першацвет”… Дом літаратара… Масарэнка…” — пачаў я сумбурна нагадваць яму. А гэта быў вядомы мінскі і іванаўскі пісьменнік, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч, з якім калісьці, у сярэдзіне 90-х, мы разам працавалі ў часопісе маладых літаратараў “Першацвет”, калі яго рэдакцыя размяшчалася ў сталічным Доме літаратара, а галоўным рэдактарам быў незабыўны Алесь Герасімавіч Масарэнка. Потым нашы з Анатолем жыццёвыя шляхі разышліся. Я, калі часопіс “Першацвет” спыніў сваё існаванне, перайшоў працаваць у “Настаўніцкую газету” і з таго часу тут і працую, а ён… Кім ён толькі ні быў: працаваў аглядальнікам у брэсцкай абласной газеце “Заря” і карэспандэнтам сталічнай газеты “Чырвоная змена”, узначальваў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і брэсцкую і раённую газету “Заря над Бугом”, больш за 10 гадоў быў галоўным рэдактарам іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда” (сёння называецца “Янаўскі край”), пісаў і выдаваў кнігі ўласнай мастацкай прозы, укладаў і рэдагаваў літаратуразнаўча-краязнаўчыя выданні, у прыватнасці кнігу “Літаратурная карта Берасцейшчыны” і інш. Да сёлетняга Дня беларускага пісьменства таксама падрыхтаваў кнігу, прысвечаную літаратуры выключна Іванаўшчыны. Жыве сёння адразу на тры месцы — Мінск, Іванава і Лунінеччыну (радзіма жонкі).

Мы з ім не бачыліся больш за 20 гадоў. І хто б мог падумаць, што так нечакана сустрэнемся на чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі, куды мяне прывяла службовая камандзіроўка і адкуль мой даўні знаёмы збіраўся ехаць на электрычцы ў Брэст, каб вырашаць там нейкія выдавецкія пытанні?!

Да электрычкі Анатоля заставалася яшчэ недзе паўгадзіны, і ўвесь гэты час мы несупынна прагаварылі, успамінаючы справы даўно мінулых дзён і абмяркоўваючы такое ўжо блізкае свята Дня беларускага пісьменства ў Янаве.

Між іншым паспеў Анатоль за гэты дастаткова кароткі час расказаць мне і пра некалькі важных рэчаў, якія пашырылі маё ўяўленне пра літаратурную Янаўшчыну (ён, дарэчы, як і пераважная большасць жыхароў Іванава, ніколі так не называе родны горад, толькі Янава). Расказаў, напрыклад, пра тое, што да двух вялікіх геніяў, чые імёны звязаны з янаўскай зямлёй, Напалеона Орды і Фёдара Дастаеўскага, трэба ўсё-такі абавязкова дадаваць трэцяе імя — паэта і асветніка, aўтара шасці паэтычных кніг, выдадзеных у Вільні ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя, Яна Пратасовіча. Сёння імя паэта ў Белаpyci практычна не вядома, няма пра яго артыкула ў бібліяграфічным даведніку “Беларускія пісьменнікі”, фактычна не было публікацый у друку пра яго творчасць. А быў ён сапраўды еўрапейскім паэтам, вельмі адукаваным чалавекам, ведаў лацінскую, грэчаскую, заходнееўрапейскія мовы. Ян Пратасовіч ні ў якім разе не належаў да той катэгорыі засцянковай шляхты, якую ў XIX стагоддзі так з’едліва і таленавіта выпісаў у сваёй камедыі “Пінская шляхта” Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

У час сваёй службовай дзейнасці на пасадзе віленскага гарадскога суддзі ў 70—80-я гады ХVІ стагоддзя Ян Пратасовіч пастаянна бываў у асяроддзі чыноўнікаў гарадскога самакіравання i служылай шляхты, уваходзіў у гуманістычны гурток разначыннай інтэлігенцыі, якая групавалася вакол друкарні i выдавецтва Яна Карцана. У канцы 80-х гадоў ХVІ стагоддзя пераехаў у вёску, дзе і былі задуманы ды напісаны яго творы. Цікавы факт: у 1597 годзе ён выдаў ажно чатыры кнігі! Гэта ўвогуле выключны выпадак у тагачаснай літаратурна-выдавецкай практыцы.

Крыху панаракаў мне Анатоль на тое, што, гаворачы пра такую маштабную постаць, як Напалеон Орда, мы часта ўспамінаем толькі пра тры яго творчыя амплуа — мастака, кампазітара, музыканта. А ён жа ярка вызначыўся і ў галіне літаратурнай дзейнасці: пісаў артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясціны, быў сябрам Польскага гістарычна-літаратурнага таварыства.

Потым Анатоль Крэйдзіч пачаў расказваць пра сённяшнія іванаўскія літаратурныя справы, пра легендарнае літаб’яднанне “Ясельда” пры раённай газеце, якое з моманту свайго ўтварэння ў 1965 годзе стала і да гэтага часу застаецца адной з найбольш вядомых і актыўных літаратурных сябрын на Берасцейшчыне. Наогул, як сказаў Анатоль, мы неяк недаацэньваем сучасную, пачынаючы з другой паловы ХХ стагоддзя і да сённяшніх дзён, літаратурную Янаўшчыну, а гэта ж такія слаўныя імёны, як пісьменнік, журналіст, настаўнік моладзі, першы галоўны рэдактар янаўскай раёнкі Аляксей Каўко, Мікола Федзюковіч, Васіль Жушма, Валерый Кухарчук… Паспеў папрацаваць на Янаўшчыне і выдатны творца Мікола Купрэеў, аўтар кнігі “Правінцыйныя фантазіі”, якая выклікала фурор у асяроддзі літаратараў і літаратурных крытыкаў у 90-х.

Мы гаварылі б з Анатолем Крэйдзічам яшчэ доўга, але так недарэчы хутка ўсё ж прыйшла яго электрычка. Літаральна на хаду патлумачыўшы мне, як дайсці да цэнтра Янава (“Пераходзь праз мост, потым — налева, праз пару соцень метраў — направа, а потым па прамой ідзі, ідзі, ідзі, на першым святлафоры — налева — і выйдзеш у цэнтр”), Анатоль развітаўся і знік у нетрах вагона…

А я зноў застаўся адзін, але не адзінокі. Станцыя Янаў-Палескі і ўсё, што расказаў мне Анатоль Крэйдзіч, сталі для мяне першым адкрыццём на янаўскай зямлі. І я падсвядома ўжо ведаў, што далей мяне чакаюць не менш цікавыя сустрэчы. І я пайшоў на мост — да цэнтра Янава.

* * *

Гэта было амаль дзіцячае шчасце — бадзёра ісці па яшчэ паўпустэльным Янаве (і куды толькі падзеліся стомленасць і бяссонне пасля сустрэчы з добрым даўнім знаёмым?), азірацца пастаянна па баках, прагна ўглядаючыся ў незнаёмыя краявіды, і з кожным новым крокам міжволі заўважаць, як паціху раствараюцца ў празрыстай нябеснай сінечы ранішнія прыцемкі і як выходзяць са сваіх панадворкаў першыя янаўцы, зачыняюць за сабой весніцы, спрытна заскокваюць на свае веласіпеды і кіруюць у першы працоўны дзень тыдня на работу… Нарэшце дайшоўшы да цэнтральнай плошчы горада — плошчы Кастрычніка, я ледзь не ахнуў: перад вачыма паўстала неверагодная прыгажосць, абнятая першымі, яшчэ вельмі нізкімі сонечнымі промнямі. Прызнаюся, што, аб’ездзіўшы за свой журналісцкі век нямала беларускіх мястэчак і гарадоў, гэтым разам я ўбачыў адну з самых прыгожых, я сказаў бы па-польску, гжэчных, ажно да нейкай звышвыкшталцонасці і арыгінальных па сваёй забудове і геаметрыі цэнтральных гарадскіх плошчаў!

Сістэма адукацыі Іванаўскага раёна ў некаторых лічбах і фактах

Сістэма адукацыі Іванаўскага раёна ўключае 47 устаноў адукацыі, у тым ліку 1 гімназію, 25 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (з іх 10 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад — школа”), 16 устаноў дашкольнай адукацыі, 2 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (Іванаўскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці і Іванаўскі раённы цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства), аздараўленчы лагер “Брыганціна”, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Іванаўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2017/2018 навучальным годзе налічвалася 5157 навучэнцаў. Установы дашкольнай адукацыі наведвалі 1643 дзіцяці. На працягу апошніх пяці гадоў кантынгент навучэнцаў змяншаецца нязначна. Па папярэдніх даных у новым навучальным годзе ён захаваецца на ўзроўні мінулага года — каля 5100 чалавек. Колькасць сельскіх школьнікаў у параўнанні з мінулым навучальным годам сёлета скарачаецца амаль на 100 чалавек, колькасць гарадскіх павялічваецца на 50. У сувязі са змяншэннем колькасці навучэнцаў закрыта Гнеўчыцкая базавая школа. Эканамічны эфект склаў 48 тысяч рублёў. Для 15 навучэнцаў гэтай школы арганізаваны падвоз у Крытышынскую сярэднюю школу.

Сярэдні паказчык напаўняльнасці класаў па раёне — 15,1 навучэнца. Заняткі ў другую змену будуць арганізаваны ў гімназіі і дзвюх сярэдніх школах (№ 2 і № 3) Іванава і ў трох сельскіх школах (у Моталі, Ляскавічах і Патапавічах). У другую палову дня таксама будзе праводзіцца навучанне ігры на музычных інструментах каля 300 дзяцей іванаўскай сярэдняй школы № 4.

У мінулым навучальным годзе ў раёне была арганізавана работа 9 школьных навуковых таварыстваў. 18 навучэнцаў раёна ўключаны ў рэспубліканскі банк даных таленавітых дзяцей і моладзі.

У раёне функцыянуюць 7 школьных музеяў, 2 з іх носяць званне народнага.

Дзве архітэктурныя жамчужыны плошчы — гэта, безумоўна, Свята-Пакроўская царква, пабудаваная ў 1901 годзе ў так званым рэтраспектыўна-рускім, ці псеўдарускім, стылі, і касцёл Узвышэння Святога Крыжа, цудоўны помнік ампіру 1848 года пабудовы. Але яны, як падалося, не глядзяць наўпрост вочы ў вочы адно аднаму, стоячы па розных баках галоўнай гарадской вуліцы, як гэта часта назіраецца ў беларускіх мястэчках. Дамінуе ўсё ж такі царква, якая размясцілася непасрэдна на самой плошчы. Касцёл жа схаваўся крыху ўбаку, фактычна на куце плошчы. А ў адзін з кутоў агароджы самога храма ўбудавана невялікая капліца — меркаванае месца лютага забойства ўкраінскімі казакамі рымска-каталіцкага дзеяча, місіянера, як потым яго сталі называць, апостала Палесся Андрэя Баболі ў 1657 годзе за адмову вырачыся каталіцкай веры і прыняць праваслаўе. Як сведчыць гісторыя, катавалі яго вельмі люта: падвесілі за ногі, білі, патрабуючы выракання веры, выцягнулі і адрэзалі язык, пасля чаго пачалі рэзаць па частках цела, знімалі з жывога скуру, пакуль той не памёр ад страшэнных ран… Святы мучанік Андрэй Баболя быў кананізаваны, яго нятленныя мошчы цяпер захоўваюцца ў адным з касцёлаў Варшавы, а на месцы яго гібелі ў Янаве, пункце прызначэння соцень паломнікаў-хрысціян розных канфесій з Беларусі і іншых краін, усталяваны два крыжы — каталіцкі і праваслаўны — як знак таго, што нечалавечыя зверствы казакоў супярэчылі агульнай хрысціянскай маралі, незалежна ад канфесіі.

Агледзеўшы і сфатаграфаваўшы храмы, пайшоў далей па перыметры плошчы: акуратны будынак райвыканкама, канечне ж, з “заўсёды жывым і такім маладым” насупраць, які, між іншым, тут яўна не вытыркаецца манументальнай абразай сярод астатняй прыгажосці, а менавіта проста суседнічае з культавымі і адміністрацыйнымі пабудовамі (так ужо распарадзілася гісторыя, што тут зробіш?), прадаўгаваты аднапавярховы будынак рэдакцыі раённай газеты “Янаўскі край”, а праз дарогу — помнік Напалеону Орду, высакароднаму шляхцічу ў капелюшы, які, прысеўшы на шырокі пень, трымае перад сабой планшэт з паперай і робіць чарговую замалёўку з натуры, здаецца, што якраз і хоча замаляваць рэдакцыю “Янаўскага краю”… А яшчэ крыху далей — сучасны будынак Іванаўскага раённага цэнтра культуры і народных традыцый, помнік салдатам Чырвонай Арміі і партызанам, якія загінулі ў барацьбе з фашыстамі ў Вялікую Айчынную вайну, вечны агонь і ўсюды на плошчы Кастрычніка — кветкі, кветкі, кветкі…

Тым часам я ўсё часцей паглядваў то на гадзіннік, то на дзверы райвыканкама, дзе мяне чакалі а восьмай.

* * *

Шчыра кажучы, начальнік аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама Сяргей Варуха мне адразу заімпанаваў сваёй маладосцю, свежасцю, адкрытасцю погляду і ўпэўненасцю ў тым, пра што ён мне гаварыў. Няма сэнсу тут пераказваць яго справаздачу пра падрыхтоўку ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года ці пра арганізацыю адпачынку дзяцей на канікулах, бо зусім нядаўна, літаральна ў мінулую суботу, мы друкавалі падрабязнае інтэрв’ю з ім адносна гэтых пытанняў у нашай рубрыцы “Суботняя планёрка”. Хіба што хацелася б адзначыць, што ён і мне, як і маёй калезе да мяне, з асаблівай радасцю паведаміў, што са сродкаў раённага бюджэту на суму 580 тысяч рублёў былі праведзены капітальныя рамонты ў сярэдняй школе № 4 Іванава і Махроўскай сярэдняй школе. Пасля я пабываю ў гэтых установах адукацыі і на свае вочы пабачу, што сёння яны і ўнутры, і знешне сапраўды выглядаюць як толькі што здадзеныя ў эксплуатацыю. Найбольшыя пераўтварэнні зведалі харчаблокі, якія перажылі літаральна сваё другое нараджэнне з новай абліцоўкай, напольным і насценным пакрыццём, новым тэхналагічным абсталяваннем і мэбляй. І, па словах Сяргея Анатольевіча, такая павышаная ўвага харчаблокам устаноў адукацыі раёна абавязкова будзе ўдзяляцца і далей.

Мяне ж у кантэксце Дня беларускага пісьменства не магло не ўразіць, з якой любоўю і цеплынёй ён гаварыў пра родны край, пра родную вёску Адрыжын, дзе нарадзіўся, і пра таксама родную вёску Яечкавічы, дзе жыве зараз і дзе працаваў у тамтэйшай школе спачатку настаўнікам гісторыі і беларускай мовы і літаратуры, а потым, пакуль не перайшоў на сваю сённяшнюю пасаду начальніка аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама, 12 гадоў дырэктарам. Ён так наўпрост і сказаў мне: “Я і не бачыў па-іншаму свайго жыцця. Заўсёды хацеў, нават не тое што хацеў, а ведаў, што пасля заканчэння філфака Брэцскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна вярнуся туды, дзе нарадзіўся, дзе прайшло маё дзяцінства і дзе вучыўся ў школе, дзе жывуць мае родныя і блізкія… Я чалавек эмацыянальны, прымаю ўсё дарагое мне блізка да сэрца. Для мяне вельмі важна, каб мая малая радзіма, мая родная вёска, працягвалася, расла, развівалася. Я памятаў пра гэта заўсёды, калі разам з аднакурснікамі мы збіралі мясцовыя янаўскія гаворкі і складалі адпаведны слоўнік, калі я потым працаваў настаўнікам і дырэктарам у Яечкавіцкай сярэдняй школе і разам з дзецьмі мы збіралі ў роднай і навакольных вёсках аўтэнтычныя прадметы народнага побыту для школьнага гісторыка-краязнаўчага музея, калі імкнуліся прыўносіць элементы нашых рэгіянальных традыцый ва ўсе культурныя пазакласныя мерапрыемствы. Памятаю і цяпер, калі кірую сістэмай адукацыі раёна…”

Нечакана Сяргей Анатольевіч узрушана пытаецца: “А ведаеце, чаму наша вёска называецца Яечкавічы?” Я, канечне ж, няўцямна пацепваю плячыма, і ён расказвае, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя з боку раённых кіраўнічых структур рабіліся спробы змяніць гэтую спрадвечную назву вёскі з-за нібыта немілагучнасці на нейкую безаблічную і недарэчную Заранку. “Але тое, што прыжылося стагоддзямі, змяніць, дзякуй богу, аказалася немагчыма, — гаворыць Сяргей Анатольевіч. — У наступным годзе будзе 510 гадоў, як вёска Яечкавічы ўзгадваецца ў пісьмовых помніках. А з назвай усё вельмі проста. Некалі на месцы, дзе сёння размяшчаецца вёска, нават там, дзе сёння стаіць школа, былі суцэльныя балоты. Людзі там жылі, але гэтае жыццё праходзіла пераважна на лодках-пласкадонках. І харчаваліся жыхары вёскі найперш качынымі яйкамі, якіх было вельмі і вельмі шмат. Ад гэтага і пайшла назва вёскі — Яечкавічы”.

Шчыра падзякаваўшы Сяргею Анатольевічу за гутарку і ўжо развітаўшыся з ім, я запытаў сам сябе: “А ці было калі-небудзь за час маёй журналісцкай практыкі, каб начальнік раённага аддзела па адукацыі расказваў мне пра паходжанне назвы роднай вёскі?” Напружыўшы памяць, так і не ўзгадаў падобных выпадкаў. І гэта было маё другое пасля сустрэчы з Анатолем Крэйдзічам на чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі адкрыццё на янаўскай зямлі — у кабінеце начальніка аддзела па адукацыі Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта Сяргея Варухі.

* * *

Там жа, у аддзеле па адукацыі, я меў гутарку і з намеснікам Сяргея Варухі Галінай Бінько, якая паведаміла, што адмысловай фішкай, ці брэндам, сістэмы адукацыі Іванаўшчыны з’яўляецца яе пастаянны і самы непасрэдны ўдзел на працягу апошніх гадоў у Міжнародным кірмашы сацыяльна-педагагічных інавацый. Гэты праект нарадзіўся ў Самарскай вобласці Расійскай Федэрацыі, там жа і рэалізоўваўся недзе на працягу 10 гадоў, а сёння ў ім удзельнічаюць ужо ўсе краіны СНД, Кітай, Манголія і інш. З боку Беларусі за праект адказвае менавіта Іванаўскі раён, дзе праходзіць беларускі рэгіянальны этап кірмашу (хаця ў Іванава на беларускі рэгіянальны этап штогод прыязджаюць і расіяне). Функцыі рэгіянальнага каардынатара праекта па Рэспубліцы Беларусь выконвае намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Рыгор Максімавіч Сыса, яго правай рукой у гэтай ініцыятыве з’яўляецца якраз Галіна Рыгораўна Бінько. З сутнасцю праекта і ўмовамі ўдзелу ў ім можна падрабязна пазнаёміцца на сайце аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама ivanovo.edu.by.

Міжнародны кірмаш сацыяльна-педагагічных інавацый дае настаўнікам магчымасць як рэалізаваць свой інтэлектуальны прадукт, так і набыць упадабаны і неабходны інтэлектуальны прадукт у іншага настаўніка ці іншага педагагічнага калектыву. На кірмашы прадугледжаны тры формы прэзентацыі аўтарскіх работ: стэндавая, майстар-клас і аўкцыён. Усе тры формы раўназначныя, ва ўсіх абавязкова прысутнічае спаборніцкі момант, які і надае агульнай справе азарт і, як сёння модна гаварыць, драйв.

Кошты сацыяльна-педагічных распрацовак на кірмашы сімвалічныя, а часцей за ўсё тут адбываецца, так бы мовіць, натуральны абмен (я табе дам свой дыск з прэзентацыяй, а тым мне — свой). І ўвогуле, кошты, імкненне атрымаць выгаду тут адыгрываюць далёка не самую важную ролю. Галіна Рыгораўна адзначае: “Па-першае, гэта нефармальныя зносіны з калегамі з іншых рэгіёнаў Беларусі (да нас прыязджаюць прадстаўнікі амаль усіх раёнаў Брэсцкай вобласці, многіх раёнаў Гродзенскай, Віцебскай і Мінскай абласцей, Мінска) і замежжа. Па-другое, дзякуючы гэтаму праекту, нашы настаўнікі маюць магчымасць знаёміцца з лепшым вопытам іншых, бо, калі ў цябе такога вопыту няма, ты на кірмаш проста не трапіш, не пройдзеш дастаткова складаную экспертызу. І, па-трэцяе, удзел у праекце падштурхоўвае нашых педагогаў да падагульнення, прэзентацыі і распаўсюджвання свайго педагагічнага вопыту, што вельмі важна, бо якраз менавіта з гэтым заўсёды ўзнікаюць праблемы. Настаўнікі не любяць, калі ім нешта навязваюць, а тут — свабода выбару: хочаш — бяры, не хочаш — не бяры. Ты можаш абысці ўсе сто стэндаў і выбраць тое, што цябе асабіста зацікавіць”.

Ці варта гаварыць, што ўсё пачутае ў сувязі з удзелам Іванаўскага раёна ў Міжнародным кірмашы сацыяльна-педагагічных інавацый стала для мяне трэцім адкрыццём на янаўскай зямлі?

Мікола ЧЭМЕР.