Дастоева: “…место совершенно магического обаяния…”

Пакінуўшы аддзел па адукацыі Іванаўскага райвыканкама, я выправіўся ў захапляльнае падарожжа па янаўскай зямлі ў суправаджэнні ўважлівага гіда галоўнага спецыяліста аддзела Наталлі Аляксееўны Лапай, і нашым першым прыпынкам па-за межамі самога Іванава была вёска Дастоева, дакладней, Дастоеўская сярэдняя школа імя Ф.М.Дастаеўскага, а яшчэ больш дакладна — школьны народны літаратурна-краязнаўчы музей, добра вядомы як на сваёй малой радзіме, так і на вялікай, ва ўсёй Беларусі, і нават у блізкім і далёкім замежжы. Папраўдзе, гэта быў бы нонсэнс, калі б я наведаў Іванаўскі раён з нагоды Дня беларускага пісьменства і не пабываў бы ў Дастоеве, адкуль бяруць пачатак радавыя карані аднаго з самых выбітных пісьменнікаў усіх часоў і народаў. І хоць шмат чаго пра Дастоева і Дастоеўскі музей я ведаў, чытаў і раней, убачыць на свае вочы гэтыя мясціны і гэтую ўстанову мне ніколі яшчэ не даводзілася. Забягаючы наперад, скажу, што ўражанні ад пабачанага пераўзышлі ўсе мае чаканні…

А сустрэлі мяне з Наталляй Аляксееўнай на падворку школы трое: дырэктар школы Сяргей Вячаслававіч Шпакоўскі, кіраўнік (захавальнік фондаў) музея Валянціна Уладзіміраўна Пуцыковіч і… уласнай персонай сам Фёдар Міхайлавіч. Праўда, апошні так і не падышоў павітаць мяне. Як сядзеў, бронзавы, у сваім бронзавым крэсле, скрыжаваўшы перад сабой рукі, нерухома ўглядаючыся некуды перад сабой ці ўнутр сябе, так і застаўся сядзець… Помнік вялікаму пісьменніку аўтарства Івана Данільчанкі, яшчэ зусім маладога скульптара ў 1996 годзе, калі ўсталёўваўся манумент, разам з самой школай, школьным музеем і Свята-Траецкай царквой, якую пабудавалі літаральна ў ста метрах ад установы адукацыі ў 1997 годзе, утвараюць надзвычай сімвалічны ансамбль, суадносячыся з трыма кітамі разумнай чалавечай цывілізацыі — культурай, рэлігіяй і адукацыяй.

А тым часам Валянціна Пуцыковіч пачала сваю экскурсію яшчэ на вуліцы, якраз ля помніка. Яна далікатна ўвяла мяне ў курс справы, каб у маёй галаве адразу склалася больш-менш цэласная карцінка таго, дзе я знаходжуся і як суадносяцца між сабой розныя моманты, звязаныя з гісторыяй роду Дастаеўскіх, іх радавога маёнтка і самой вёскі Дастоева. Фактычна яна адразу адказала на два пытанні, якія любяць задаваць наведвальнікі музея: “Што з’явілася раней — Дастоева ці Дастаеўскія?”, “Ці сапраўды даказана тое, што менавіта тут пачаўся адлік роду Дастаеўскіх?”.

Адказ на першае пытанне адназначны: паселішча Дастоева, якое ўпершыню згадваецца ў 1452 годзе ў складзе Пінскага княства (назва, паводле слоўніка Даля, паходзіць ад слова “достойник”, гэта значыць чалавек, які мае пэўнае “достояние”, перавагу, рамяство), канечне ж, з’явілася раней за Дастаеўскіх. Толькі ў 1506 годзе пінскі князь Фёдар Яраславіч падарыў частку Дастоева і навакольных вёсак Данілу Іванавічу Рцішчаву, які і стаў заснавальнікам роду Дастаеўскіх. І ўжо яго сыны Іван і Сямён насілі прозвішча Рцішчаў-Дастаеўскі (ДастОеўскі). Дастаеўскія жылі ў сваім маёнтку (гэта так званае ўрочышча Сад прыблізна за тры кіламетры ад таго месца, дзе сёння знаходзіцца Дастоеўская сярэдняя школа) да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя, пакуль на беларускія землі не набеглі казацкія войскі Багдана Хмяльніцкага і не спустошылі тут усё навокал. Як заўважае Валянціна Уладзіміраўна, казакі, кажучы словамі самога Фёдара Міхайлавіча, учынілі тут злачынства без пакарання: яны разбурылі маёнтак Дастаеўскіх настолькі, што апошнія ўжо так і не змаглі аднавіцца на сваёй радавай зямлі і вымушаны былі з’ехаць на Валынь, страціўшы назаўсёды сувязі з тутэйшымі мясцінамі. Рэшткі сядзібы захоўваліся ажно да 60-х гадоў мінулага стагоддзя, пакуль не пачалася меліярацыя, цяпер нават ад рэштак ужо нічога не засталося. Сёння ва ўрочышчы Сад пра колішні маёнтак Дастаеўскіх нагадваюць толькі невялікі пагорачак і памятны знак.

Цяпер адказ на другое пытанне: так, даказана. Валянціна Уладзіміраўна гаворыць, што тутэйшыя старажылы заўсёды ведалі пра сувязь урочышча Сад з родам Дастаеўскіх. Але толькі падчас раскопак у 2012—2013 гадах было знойдзена рэальнае матэрыяльнае сведчанне таго, што гаворка ідзе менавіта пра гэтых Дастаеўскіх і ніякіх іншых. У культурным пласце на глыбіні ўсяго 45 сантыметраў тады быў адкапаны фрагмент кафлі з літарамі “ПДМП”, то бок “Пётр Дастаеўскі маршалак пінскі”, а гэта ўжо было бясспрэчным доказам таго, што тут жылі продкі Фёдара Міхайлавіча, бо датычнасць маршалка пінскага да генеалогіі пісьменніка была даўно вядома.

***

Нарэшце, мы заходзім у школу, падымаемся ў музей, і расказ Валянціны Уладзіміраўны адпаведна факусіруецца на музейнай тэме. Музей быў адкрыты ў 1982 годзе, але збор экспанатаў пачаўся яшчэ задоўга да гэтага часу, у 60-я гады. У экспазіцыі ёсць асобны раздзел, які расказвае пра папярэднікаў Валянціны Уладзіміраўны, і ў гэтай галерэі асаблівае месца належыць першаму дырэктару школы і першаму збіральніку музейных матэрыялаў Сямёну Мартынавічу Крапчуку, Мікалаю Паўлавічу Раманаву, пры якім завязалася перапіска з унукам Ф.М.Дастаеўскага Андрэем Фёдаравічам Дастаеўскім (апошні вельмі хацеў, каб музей у дастоеўскай школе з’явіўся да 1971 года, 150-годдзя пісьменніка, марыў прыехаць сюды на адкрыццё, ды заўчасна памёр), і, безумоўна, апантанаму краязнаўцу, чалавеку ўнікальных ведаў, вялікаму патрыёту Анатолю Іосіфавічу Бураку, які быў захавальнікам музейных фондаў з 2009 па 2013 год. Менавіта пры яго кіраванні асабліва шырока разгарнулася дзейнасць школьнага музея, былі наладжаны сувязі з шэрагам сур’ёзных музейных, бібліятэчных і навуковых устаноў Беларусі і Расіі. У 2012 годзе, незадоўга да смерці, ён разам з тагачасным старшынёй Іванаўскага раённага аддзела па адукацыі (цяперашнім намеснікам старшыні райвыканкама) Рыгорам Максімавічам Сысам і дырэктарам школы Сяргеем Вячаслававічам Шпакоўскім прадстаўляў на юбілейным, Х Міжнародным кірмашы сацыяльна-педагагічных інавацый у Самарскай вобласці Расіі праект “Школьны музей як цэнтр духоўна-маральнага і культурнага развіцця навучэнцаў”, які меў там вялікі поспех.

Сёння экспазіцыя музея налічвае каля 3200 экспанатаў, з іх палова — асноўны фонд. Ёсць сярод іх і надзвычай каштоўныя, мець якія палічылі б за гонар і высакалобыя дзяржаўныя музеі: “Карта зямельных надзелаў вёскі Вулька-Дастоеўская 1865 года”, “Карта граніц маёнтка вёскі Дастоева”, падарожная кніжка манаха Кіева-Пячорскай лаўры ХVII стагоддзя, пашпарт царскага ўзору 1912 года, запісная кніжка гімназісткі за 1915 год, выданне Ф.М.Дастаеўскага 1912 года, унікальныя матэрыялы аб прадстаўніках роду Дастаеўскіх, поўны збор твораў пісьменніка ў 20 тамах, уніяцкія абразы ХІХ стагоддзя і інш. Многія артэфакты канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя адшукваліся на гарышчах у хатах мясцовых жыхароў, некаторыя падарылі розныя арганізацыі, фонды і іншыя музеі, з якімі музей у дастоеўскай школе падтрымлівае шчыльныя стасункі. Напрыклад, той жа поўны збор твораў пісьменніка музей атрымаў у падарунак ад генеральнага сакратара эканамічнага камітэта Еўразійскай супольнасці Таіра Мансурава, калі той прымаў удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай жыццю і творчасці Ф.М.Дастаеўскага.

Дарэчы, госці музея дастоеўскай школы — гэта асобная вялікая тэма. Хто тут толькі не пабываў за гады яго існавання! Паслы, консулы, дэпутаты, чыноўнікі з розных міністэрстваў розных рангаў розных краін… Але, як падалося мне, усё-такі тут найбольш рады паспалітым людзям, улюбёным у творчасць генія: турыстам цеплахода “Белая Русь”, які штотыдзень курсіруе Днепра-Бугскім шляхам, рэзідэнтам санаторыя “Алеся”, цікаўным студэнтам, бібліятэкарам, музейшчыкам, навукоўцам, святарам… Так, зусім нядаўна, у канцы ліпеня, музей наведала група масквічоў, аматараў творчасці пісьменніка з суполкі пры Маскоўскай бібліятэцы імя Ф.М.Дастаеўскага, якія перад гэтым наведалі ўсе 7 існуючых сёння ў свеце музеяў Дастаеўскага. Яны войкалі ды ахкалі ад убачанага тут і ніяк не маглі паверыць у тое, што ў вясковай школе можа быць такі цуд. Запомніўся, безумоўна, і візіт праўнука пісьменніка Дзмітрыя Андрэевіча Дастаеўскага, які прызнаваўся, што “не ощутил незнакомости этой земли и сразу же признал её как родную, почувствовав генную связь” і што яму “здесь просто хорошо”, сябра Саюза пісьменнікаў Расіі, педагога, протаіерэя Арцемія Уладзімірава, які пакінуў у кнізе водгукаў надзвычай душэўны запіс: “Дорогой наш Фёдор Михайлович, простите нас, что мы, москвичи, так редко возвращаемся к вашему литературному наследию. Но, посетив родину ваших пращуров в Достоево, мы почувствовали сокровенное присутствие вашей души…” А яшчэ тут вельмі ганарацца тым, што музей наведвалі такія свяцілы сусветнага дастаезнаўства, як Ігар Волгін, Сяргей Бялоў, якія падпісвалі і дарылі музею свае мудрыя кнігі. А мудрасць… яна ўсё-такі перадаецца і сённяшнім, загружаным рознай інфармацыяй, дзецям. Дастоеўскія школьнікі з задавальненнем прымаюць удзел у навуковых канферэнцыях, літаратурных конкурсах, на базе музея заўсёды праходзяць небанальныя ўрокі літаратуры і гісторыі, малявання і музыкі. Што тычыцца навукова-даследчай дзейнасці вучняў, у дастоеўскай школе ёсць нават свая зорачка — адзінаццацікласніца Дар’я Фядзьковіч, якая не раз выступала на канферэнцыях рознага ўзроўню з цікавымі дакладамі, а 1 верасня на “Іванаўскіх чытаннях” прадставіць сваё даследаванне на дастаткова арыгінальную тэму “Будаўніцтва і эксплуатацыя вузкакалейкі Івацэвічы — Янаў-Палескі. Праблемы і перспектывы”.


Дарэчы, да святкавання Дня беларускага пісьменства тут наогул падрыхтаваліся як след. Распрацавалі ці ўдасканалілі тэматычныя экскурсіі: “Дастоева і Дастаеўскія”, “Род з Дастоева”, “Дастаеўскі: спадчына і спадчыннікі”, “Тэма граху і пакаяння ў творчасці Дастаеўскага” і інш. У фае школы разгорнуцца выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў і лепшых школьных сачыненняў на тэму “Мой Дастаеўскі”, будзе працаваць экспазіцыя мастацкіх твораў легендарнага захавальніка музейных фондаў Анатоля Іосіфавіча Бурака, які быў да ўсяго і адметным жывапісцам.

А яшчэ для гасцей свята абавязкова правядуць экскурсію да памятнага знака на месцы былой сядзібы роду Дастаеўскіх ва ўрочышчы Сад. Праўда, на самай справе ўсё, што звязана з сядзібай, — дастаткова балючая тэма для дастоеўцаў і ўсіх, хто неабыякавы да гэтага месца. Справа ў тым, што пытанне па рэалізацыі сумеснага праекта Расіі і Беларусі адносна аднаўлення і музеефікацыі родавага маёнтка Дастаеўскіх стаіць ужо не адзін год. Яшчэ ў 2012-м была распрацавана папярэдняя мастацкая канцэпцыя будучага музея і яго экспазіцый (у 80-х у Цэнтральным дзяржаўным архіве Украінскай ССР былі знойдзены дакументы з падрабязным апісаннем маёнтка), у 2017 годзе быў падрыхтаваны праект Саюзнай дзяржавы па стварэнні музея-сядзібы Дастаеўскіх у Дастоева… Але, як падаецца, “воз и ныне там”. Валянціна Уладзіміраўна Пуцыковіч неяк разгублена гаворыць: “Калі работы па аднаўленні сядзібы Дастаеўскіх не пачнуцца ў найбліжэйшы час з мэтай завяршыць іх да 2021 года, да 200-годдзя пісьменніка, то яны не пачнуцца ніколі”. А потым дастае з музейнай вітрыны газетную выразку з інтэрв’ю, якое некалі даваў аднаму з расійскіх СМІ Ігар Волгін, і цытуе: “…не может не волновать имение Достоевских… Это место совершенно магического обаяния. И здесь, конечно, должен быть создан историко-культурный заповедник, центр международного туристического паломничества. Это дело нашей совести и любви… Могут кончиться и нефть, и газ, но Достоевский — это тот духовный ресурс, который никогда не иссякнет…”

Народны літаратурна-краязнаўчы музей Дастоеўскай сярэдняй школы імя Ф.М.Дастаеўскага стаў для мяне чацвёртым адкрыццём на янаўскай зямлі.

Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*