Моталь: унікальная ідэнтычнасць

Аграгарадок Моталь, што раскінуўся на правым беразе ракі Ясельда, як і Дастоева, таксама можа лічыцца абавязковым для наведвання пунктам, калі нехта хоча спазнаць і адкрыць для сябе Іванаўшчыну ва ўсёй яе красе і разнастайнасці. Гэты населены пункт сапраўды настолькі ўнікальны, што проста прымушае па-іншаму паглядзець на такія паняцці, як патрыятызм, культура, грамадзянская супольнасць і еднасць. Прымушае перагледзець маштабы, якія нібыта павінны належаць гораду, мястэчку, аграгарадку, вёсцы. Ці, можа, напаўняе слова “аграгарадок” яго сапраўдным жаданым зместам — яшчэ быццам бы і не горад, але, безумоўна, ужо зусім не вёска.

І не толькі што тычыцца колькасці насельніцтва, хаця насамрэч Моталь можа пахваліцца амаль гарадской колькасцю сваіх жыхароў — каля 4 тысяч чалавек, з якіх больш за паўтысячы дзяцей.

І не толькі што тычыцца інфраструктуры, хаця ў гэтым сэнсе Моталь таксама ўжо далёка-далёка адарваўся ад вёскі, нават самай вялікай вёскі: тут ёсць некалькі дзясяткаў вялікіх і малых магазінаў, у тым ліку ўнівермаг, двухпавярховая гасцініца “Фэст” са стаянкай, бальніца, пошта, аптэкі, банкі, два кафэ, рэстаран… Амаль гарадской разгалінаванасцю вылучаюцца сістэма адукацыі (Мотальская сярэдняя школа, Мотальскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, Мотальскі дзіцячы сад) і сістэма культуры (Дом культуры, бібліятэка, тры музеі — два дзяржаўныя і адзін прыватны). А на галоўнай плошчы — як гарадскі трыумф пасярод вёскі — вялікі электронны экран, на якім трансліруюцца сацыяльная рэклама, прыватныя аб’явы, віншаванні, розная іншая інфармацыя…

Наогул, вы ведаеце яшчэ які-небудзь сельскі населены пункт, дзе б на галоўнай плошчы быў бы ўсталяваны электронны экран? Я нешта не прыгадаю.

Вы ведаеце яшчэ які-небудзь сельскі населены пункт, дзе паспяхова працавалі б дзясяткі прыватных вытворчых прадпрыемстваў, некалькі аграсядзіб? Я нешта не прыгадаю.

Вы ведаеце яшчэ які-небудзь сельскі населены пункт, на пад’ездзе да якога стаяў бы незвычайны паказальнік з надпісамі яго назвы на чатырох мовах (беларускай, рускай, англійскай і іўрыце), а ў цэнтры таксама стаяў бы арыгінальны знак, дзе можна даведацца, колькі кіламетраў ад гэтага месца да Мінска, Рыма, Масквы, Варшавы і колькі часу зойме шлях да гэтых гарадоў? Я нешта таксама не прыгадаю.


Вы ведаеце… А такі вось якраз і ёсць сельскі населены пункт — аграгарадок Моталь! Але, паўтаруся, не толькі ў гэтых вонкавых праяўленнях яго ўнікальнасць.

Да свайго сораму раней я зусім мала ведаў пра Моталь, хіба што краем вуха чуў пра міжнародны кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі” і, адпаведна, пра фірменныя мотальскія каўбасы, ну, яшчэ пра мотальскія кажухі ды ручнікі… І спачатку я зусім не зразумеў, чаму падчас камандзіроўкі на Іванаўшчыну з нагоды Дня беларускага пісьменства мае куратары з аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама настойліва параілі пабываць у Моталі, каб пазнаёміцца там з… адукацыйна-сацыяльнымі экалагічнымі праектамі, актыўнасцю тамтэйшага грамадскага аб’яднання “Маталянэ” і ініцыятыўнай групай “Моталь і маталянэ”. Якое, уласна кажучы, усё гэта мае дачыненне да культуры, да Дня беларускага пісьменства?

Але ўрэшце я ўсё ж патрапіў у Моталь.

Дырэктар Мотальскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ганна Якаўлеўна Хоміч паведаміла, што адукацыйны комплекс, які яна ўзначальвае, і Мотальская сярэдняя школа ў партнёрстве з грамадскім аб’яднаннем “Маталянэ” і пры падтрымцы сельскага савета сталі ўдзельнікамі двух праектаў — “Ландшафтны дызайн” і “Стварэнне цэнтраў інфармацыйных крыніц па кліматычных змяненнях”, на рэалізацыю якіх атрымалі грант на суму 16 тысяч еўра ад Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа (ГА “Маталянэ” якраз і падала заяву на атрыманне гранта). У выніку былі добраўпарадкаваны школьныя тэрыторыі і набыты садовы інвентар, адноўлены кветнікі, пасаджаны рэдкія расліны і ўсталяваны побач таблічкі з іх апісаннем, створаны так званы зялёны клас (у Мотальскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе) і экалагічны інфармацыйны цэнтр (у Мотальскай сярэдняй школе), усталяваны інфармацыйныя стэнды з маршрутамі экалагічнай сцяжыны, абсталяваны зоны адпачынку ў школьных дварах і наогул у аграгарадку. Мэты ставіліся розныя — ад адукацыйных (напрыклад, каб навучэнцы мотальскіх устаноў адукацыі пашырылі свае экалагічныя веды ў сувязі са змяненнем клімату) да сацыяльных (скажам, каб слабыя старыя людзі або цяжарныя жанчыны элементарна мелі магчымасць прысесці і адпачыць у цяньку па дарозе ў бальніцу — Моталь вельмі выцягнуты ў сваёй геаметрыі населены пункт, і дарога з аднаго канца ў другі можа заняць дастаткова шмат часу). Важна, што тыя новыя зоны адпачынку, якія з’явіліся на школьных тэрыторыях, адкрыты не толькі для вучняў і настаўнікаў, але і наогул для ўсіх жыхароў аграгарадка.


Пашчасціла мне пабываць і ў аграсядзібе “Мотальская Венецыя”, гаспадаром якой з’яўляецца прадпрымальнік, кіраўнік прыватнага прадпрыемства “Анікс-Санія”, старшыня грамадскай арганізацыі “Маталянэ” Мікалай Фёдаравіч Стасевіч. Што і казаць, гэтая аграсядзіба са шматлікімі маляўнічымі альтанкамі, масткамі, мотальскімі “гандоламі”, якія нават амаль не калыхаліся на соннай і разморанай жнівеньскай спёкай Ясельдзе, пакінула незабыўнае ўражанне, і я толькі мог здагадвацца, як цудоўна тут адчуваюць сябе агратурысты, удзельнікі рэгаты, якая тут перыядычна ладзіцца, сябры ГА “Маталянэ”, якія часта збіраюцца тут на свае пасяджэнні і выпрацоўваюць усё новыя і новыя планы па ўдасканаленні жыцця ў аграгарадку Моталь. І гучалі з вуснаў Мікалая Фёдаравіча Стасевіча, Ганны Якаўлеўны Хоміч, а таксама старшыні Мотальскага сельскага савета Сяргея Мікалаевіча Піліповіча такія ключавыя словы і выразы, як “устойлівае развіццё”, “змяненне клімату”, “супрацоўніцтва”, “укараненне новых ідэй”, “сацыяльная скіраванасць”. І было нешта агульнае ва ўсіх іх — жыхароў аграгарадка Моталь.

Што агульнае?

Ужо калі пісаў гэтыя радкі ў Мінску, вырашыў адматаць стужку на дыктафоне ў самы пачатак сваёй камандзіроўкі ў Іванаўскі раён, каб яшчэ раз паслухаць тое, што казала мне намеснік начальніка раённага аддзела па адукацыі Галіна Рыгораўна Бінько, дарэчы, ураджэнка Моталя, перад тым, як я выправіўся ў падарожжа па Янаўскім краі. Тады я проста многага не мог зразумець, яшчэ не бачыўшы на свае вочы тую ж аграсядзібу, экалагічную сцяжыну, зоны адпачынку…

А цяпер, калі праслухаў словы Галіны Рыгораўны яшчэ раз, так бы мовіць, пастфактум, усё расставілася па сваіх месцах.

Вось што яна казала: “Безумоўна, Моталь цікавы ў плане захавання сваёй матэрыяльнай спадчыны, я маю на ўвазе мотальскія кажухі, каўбасы, ручнікі… Але вельмі цікава і іншае, а менавіта тое, што там захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне гісторыя Моталя і яго культура. А яны сапраўды ўнікальныя. Таму што ў свой час, у ХVI стагоддзі, кароль Жыгімонт I Стары аддаў гэтыя землі ў пажыццёвае карыстанне сваёй жонцы Боне Сфорцы, а тая пачала запрашаць сюды рамеснікаў з Італіі і Германіі. Таму што ў Моталі традыцыйна жыло вельмі шмат яўрэяў, якія, як вядома, вылучаюцца сваёй прадпрымальнасцю. Таму што зусім побач Украіна. І ўрэшце ў выніку змяшання гэтых розных культур сфарміравалася вельмі своеасаблівая культура, мотальскі менталітэт, калі хочаце, нават мотальскі патрыятызм. Вось на пад’ездзе да Моталя вы пабачыце знак з надпісамі яго назвы на розных мовах. Чаму там напісана і на іўрыце? Зразумела, гэта адсылка да Хаіма Вейцмана, першага прэзідэнта Ізраіля, які нарадзіўся ў Моталі. Але ён жа пражыў у Моталі толькі 11 гадоў, потым вучыўся ў Пінску, жыў у Германіі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, нарэшце, у абвешчанай Дзяржаве Ізраіль… Але да канца жыцця ён прадстаўляўся: “Яўрэй з Моталя”!

Наогул, гэтая мотальская культура — ва ўсім. Ва ўзаемаадносінах людзей, маталяне — вялікія арыгіналы. У традыцыях самакіравання, якія тут жывуць зноў жа яшчэ з часоў Боны Сфорцы, якая дамаглася для Моталя Магдэбургскага права. І пазней Моталь ніколі не належаў ніводнаму памешчыку. Там заўсёды людзі самі вырашалі свае пытанні калегіяльна, разам. І гэтыя традыцыі застаюцца моцнымі да гэтага часу.

Яна, гэтая мотальская культура, у мастацкім, творчым праяўленні. Нядаўна я была на мотальскім вяселлі. Быццам усё вельмі сучаснае: і тамада, і музыка, і памяшканне, і феерверкі… Адным словам, проста крутое вяселле. Але ўсё-такі самым кульмінацыйным момантам, напэўна, быў той, калі ў залу ўнеслі і пачалі дзяліць каравай, а сталыя жанчыны ў хустачках заспявалі свае мотальскія песні… Вы ведаеце, усё вяселле тады проста замерла! Разумееце, вось была гэтая ўся крутасць з феерверкамі. Але калі мы пасля, праз нейкі тыдзень, успаміналі гэтае вяселле, усе сышліся на тым, што найвялікшае ўражанне зрабілі не крутыя феерверкі з моднай музыкай, а менавіта бабулькі, якія заспявалі… Яны ўразілі ўсіх, нават маладых людзей, якія там былі. У гэтым і заключаецца ўнікальнасць Моталя. Гэтая культура захоўваецца. Нягледзячы ні на што — ні на інтэрнэт, ні на гаджэты… Прычым захоўваецца натуральным чынам, яна не насаджваецца. Там ніхто не гаворыць пра тое, што нешта павінна перадавацца, ніхто нікога не прымушае быць матылянінам. Гэта адбываеца неяк само сабой. І запытайце на вуліцы ў Моталі любое дзіця — яно абавязкова вам раскажа, як узнік Моталь, чым асабліва матыляне ганарацца. Нават вучань пачатковай школы вам нешта пра гэта скажа.

А праекты, вынікі рэалізацыі якіх мы вам прапануем паглядзець, — і ландшафтны дызайн, і інфармацыйны экалагічны цэнтр, — а ў дадатак вы яшчэ заедзьце ў аграсядзібу “Мотальская Венецыя”… Па-першае, гэта ўсё так ці інакш мае дачыненне да культуры, эстэтыкі, адукацыі, паколькі ў праектах бралі ўдзел установы адукацыі. Па-другое, гэта развіццё, рух. І, па-трэцяе, гэта таксама ўсё праяўленне мотальскага патрыятызму, мотальскай культуры, мотальскай еднасці… Чаму? А таму што самі паглядзіце: ёсць дзве школы — сацыяльна-культурныя цэнтры, ёсць сельсавет — улада, ёсць грамадскае аб’яднанне “Маталянэ” — прадпрымальнікі. Але жыццё і нават членства ў гэтых інстытутах вельмі пераплецена. І атрымліваецца, што ўсё гэта разам — культура, улада і бізнес плюс, натуральна, соцыум, людзі — аб’яднаны адной справай, існуюць толькі ў цеснай сувязі адно з адным. Гэта нават не супрацоўніцтва. Гэта сумеснае жыццё дзеля ўстойлівага развіцця аграгарадка, дзеля людзей, якія ў ім жывуць”.


…Моталь стаў для мяне пятым адкрыццём на янаўскай зямлі.

Мікола ЧЭМЕР.