Тышкавічы: ад пешкі да караля

Вёска, а з нядаўняга часу аграгарадок Тышкавічы знаходзіцца на поўначы Янаўшчыны і адносіцца да Мотальскага сельскага Cавета. І таму лагічна было чакаць, што там таксама, як і ў Моталі, сустрэнуцца вельмі адметныя людзі са сваім унікальным менталітэтам, прыроджанай ініцыятыўнасцю і прадпрымальніцкай жылкай, вынаходніцкімі талентамі, аптымістычным і адкрытым поглядам на свет і пры ўсім пры гэтым з неверагоднай прывязанасцю да сваёй малой радзімы.

Гэтыя чаканні і сапраўды цалкам апраўдаліся. Ужо нават дырэктар Тышкавіцкай сярэдняй школы Галіна Андрэеўна Барташ выразна акрэсліла ў кароткім інтэрв’ю свае прынцыпы кіраўніка і чалавека: “Мне здаецца, што поспех любога пачынання ў многім залежыць ад такіх якасцей, як ініцыятыўнасць і прадпрымальнасць. Толькі ініцыятыва дазваляе заявіць пра сябе, дасягнуць жаданых вынікаў, заняць высокае становішча ў грамадстве. Канкрэтна наша школа жыве ў соцыуме вялікай прадпрымальніцкай вёскі, і таму педагогі, вучні ды іх бацькі добра разумеюць народную мудрасць, сфармуляваную ў прымаўцы “пад ляжачы камень і вада не цячэ”. Што тычыцца кіраўніка ўстановы адукацыі, то, мне думаецца, ён павінен валодаць такімі дзелавымі і чалавечымі якасцямі, якія дапамогуць яму паспяхова вырашыць праблемы любой складанасці. І прадпрымальны кіраўнік школы павінен сам актыўна працаваць, каб стварыць такія ўмовы працы настаўнікам, пры якіх эфектыўнасць адукацыйнага працэсу будзе найвышэйшай”.

Дзякуючы найперш свайму кіраўніку, Тышкавіцкая сярэдняя школа на самай справе сёння трывала ўцягнута ў поле самых розных актыўнасцей — і ў плане развіцця яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, і ў плане творчых і адукацыйных дасягненняў, і ў плане яе рэальнай прысутнасці на адукацыйнай карце краіны. Так, за апошнія гады, дзякуючы таму, што вёска Тышкавічы набыла статус аграгарадка, істотна змяніўся яе будынак. Быў зроблены капітальны рамонт, пліткавае пакрыццё дарожак надало прыгажосці і камфорту прышкольнай тэрыторыі. Вынікам супрацоўніцтва з прадпрыемствам “Тышкавічы-Агра” стала набыццё бойлера і падвядзенне гарачай вады да ўмывальнікаў. А супрацоўніцтва з фермерскімі гаспадаркамі, якія не толькі напрамую аказваюць школе матэрыяльную дапамогу, але і дазваляюць ёй самой зарабіць значную суму грошай, дало свой істотны плён у выглядзе цудоўнага гардэроба, надзейнай агароджы прышкольнай тэрыторыі, мультымедыйнай устаноўкі, чатырох тэнісных сталоў, футбольных і валейбольных мячоў, якаснага фотаапарата, музычнай апаратуры, тэлевізара, прынтараў, сучаснага бібліятэчнага абсталявання і інш.

Настаўнікі і навучэнцы Тышкавіцкай школы пастаянна і дастаткова вынікова ўдзельнічаюць у конкурсах і інтэлектуальна-творчых спаборніцтвах. Некалькі гадоў назад гэтая ўстанова стала прызёрам конкурсу “Школа аграгарадка — школа выхавання грамадзянскасці, патрыятызму, духоўнасці”, што прынесла не толькі маральнае задавальненне, але і істотны матэрыяльны вынік — электрона-вылічальны комплекс “Буг”. У дзясятым абласным конкурсе-аглядзе “Юны алімпіец” юныя тышкаўцы занялі 1-е месца і атрымалі ў падарунак 7 пар пластыкавых лыж з абуткам на суму 1000 рублёў.

У школы наладжаны сяброўскія сувязі з гімназіяй імя Яна Паўла ІІ (Янаў-Падляскі, Рэспубліка Польшча), заключаны дагавор і распрацаваны план сумесных мерапрыемстваў.


Традыцыйным стаў удзел настаўнікаў-тышкаўцаў у Міжнародным кірмашы сацыяльна-педагагічных інавацый у Расійскай Федэрацыі. Пазалетась метадычны комплекс па арганізацыі заняткаў гуртка “Ад пешкі да караля” быў прызнаны лепшым праектам 15-га кірмашу ў Самарскай вобласці Расіі. Кіруе гуртком настаўнік геаграфіі і працоўнага навучання Сяргей Мікалаевіч Барташ.

* * *

Якраз Сяргея Мікалаевіча Барташа, які зрабіў тады сапраўдны фурор сваім праектам “Ад пешкі да караля”, мне настойліва і парэкамендавалі для знаёмства і гутаркі ў раённым аддзеле па адукацыі Іванаўскага раёна, адзначыўшы, што гэта “надзвычай цікавы, працавіты і адказны чалавек”. “Я нават не ведаю, як ён усё паспявае, — заўважыла тады намеснік начальніка аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама Галіна Рыгораўна Бінько. — Ён жа, акрамя таго, што выкладае геаграфію і працоўнае навучання і вядзе гурток, займаецца краязнаўствам, піша даследчыя работы. І пры ўсім гэтым Сяргей Мікалаевіч чалавек вельмі зямны, шмат чаго робіць сваімі рукамі, прычым на ўзроўні найвышэйшага пілатажу, гаспадар аграсядзібы”.
Тады ж Галіна Рыгораўна крыху расказала і пра сутнасць праекта “Ад пешкі да караля”, які Сяргей Мікалаевіч павёз на Міжнародны кірмаш сацыяльна-педагагічных інавацый у Расію. Гаворка ідзе пра адмысловую праграму гуртка, якая дазваляе дзецям на працягу года адначасова, з аднаго боку, змайстраваць шахматны набор (столік-дошка і фігуры), авалодаўшы рознымі відамі і тэхнікамі работы з дрэвам — ад разьбы па дрэве да выпальвання, а з другога — навучыцца на прыстойным узроўні гуляць у шахматы. Гэты момант спалучэння вельмі прынцыповы — самому зрабіць шахматы і спазнаць сутнасць гэтай старажытнай гульні, быць абазнаным у тым, што ты зрабіў. Па словах Галіны Бінько, ажыятаж на кірмашы ў сувязі з тышкавіцкімі шахматамі быў неймаверны. На аўкцыёне за права набыць гэты прадукт спаборнічалі між сабой дзясяткі людзей ад чыноўнікаў адміністрацыі гарадоў да прадпрымальнікаў. У выніку той шахматны камплект якраз і дастаўся прадпрымальніку з Самары, які набыў яго… для школы, у якой сам некалі вучыўся. “Гэты праект Сяргея Мікалаевіча аказаўся, напэўна, найбольш паспяховым за апошнія 5 гадоў існавання Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, — адзначыла Галіна Бінько. — Сустрэньцеся з гэтым унікальным чалавекам, не пашкадуеце”.

* * *

І я, канечне ж, сустрэўся. І быў настолькі зачараваны Сяргеем Мікалаевічам Барташам, яго добразычлівасцю, усмешкай, выдатным пачуццём гумару, дасціпнасцю, нейкай жыццёвай бадзёрасцю, самой манерай распавядаць, цудоўнай беларускай мовай ды іншымі праяўленнямі чалавечай і прафесійнай абаяльнасці, што цяпер у гэтым пісьмовым тэксце мне нават не хочацца перабіваць яго сваімі пытаннямі, а прадставіць усё ў выглядзе маналогу, толькі аддзяляючы асобныя сэнсава закончаныя тэзісы — нярэдка ў выглядзе адмысловых правіл жыцця майго суразмоўніка — зорачкамі. А пытанні, думаю, будуць без цяжкасці ўгадвацца між радкоў.

* Тышкавец я карэнны, тут нарадзіўся, вырас, вучыўся. Сюды ж і вярнуўся пасля заканчэння Брэсцкага ўніверсітэта жыць і працаваць. Працую настаўнікам геаграфіі і працоўнага навучання. І неяк нехта па-руску мяне недзе прадставіў: “Работает учителем географии с трудом!” (Смяецца.)

* Гаварыць пра геаграфію аднаго раёна — гэта нічога не сказаць. Геаграфія — гэта цалкам увесь свет. І мая мара — аб’ехаць як мага больш тых цікавых мясцін на зямлі, якія ёсць. Сёе-тое ўдаецца ў гэтым сэнсе, сёе-тое не ўдаецца. Я аматар усіх паездак: і далёкіх, і блізкіх. Мяне ўсё цікавіць: і прырода, і людзі, і іх заняткі, і іх лад жыцця. Геаграфія — гэта заўсёднае падарожжа. Геаграфія — гэта вечная сустрэча з новымі людзьмі.

* Самае цікавае месца на зямлі — тое, дзе я не быў. А я многа яшчэ дзе не быў. А многа дзе ўжо і быў: у Сібіры, Сярэдняй Азіі, канечне ж, у розных еўрапейскіх краінах.

* Тышкавіцкая зямля для мяне родная і важная. Родная тым, што я тут нарадзіўся. Важная тым, што тут цікавыя, працавітыя і дружныя людзі. І для мяне вельмі важна менавіта тут перадаваць тутэйшым дзецям свой вопыт, расказваць ім пра свае падарожжы, пра тыя здарэнні, якія са мной адбываліся.

* Самае цікавае месца для географа — гэта Амазонка. Я калісьці пачуў фразу, што чалавек на Амазонцы бывае шчаслівы два разы. Першы — калі ён упершыню ступіў на гэтую зямлю, дзе ён акунаецца ў незвычайную навакольную прыгажосць, у мора птушынага шчэбету, у дзівосны свет рыб, матылькоў і жывёл, у палон непаўторных пахаў фантастычных кветак… А другі раз ён становіцца шчаслівым ужо праз тры дні ад таго, што нарэшце пакідае гэтую машкару, гэтую невыносную спякоту і духату, увесь абкусаны і радасны. Шчыра скажу: я мару зведаць два гэтыя шчасці. Можа, калі-небудзь і збудзецца.

* За працоўнае навучанне давялося ўзяцца, таму што мой папярэднік сышоў на пенсію, а ў мяне, акрамя дыплома настаўніка геаграфіі і біялогіі, ёсць пасведчанне майстра-станочніка — атрымаў, калі служыў у войску.

* Ведаю, што цяпер працоўнае навучанне ў хлопчыкаў выкладаюць і жанчыны. Але жанчынам, мне здаецца, не пасуе малаток ці рубанак.

* Ісці да дзяцей, якія глядзяць на цябе парожнімі вачыма, і ўкладаць у гэтыя вочы тое, што ім спатрэбіцца ў жыцці, — вось асалода настаўніка.

* Ідзеш часам на ўрок, думаеш пра план урока — і абавязкова прыгадваеш нешта з уласнага жыцця.

* Іншым разам вельмі хочацца данесці дзецям “праўду праўдзівую”. Думку пра тое, што, скончыўшы школу, яны неабавязкова акунуцца ў блакітнае ці ружовае, што жыццё можа моцна біць чалавека. Так часам і кажу старшакласнікам: “Ведайце, што вас чакае не ўсё тое, што вы хочаце”.

* Петрасян аднойчы сказаў прыблізна так: “Калі б я не смяяўся, то плакаў бы”. Вельмі трапна сказаў, бо з любога жыццёвага выпадку можна слёзы выціснуць, а можна пра яго сказаць, што і так усё добра, а не горш. Калі ты спатыкнуўся і ўпаў, можна плакаць ад таго, што ты ўпаў. А можна ўстаць і радавацца, што ты нічога не зламаў і застаўся жывы-здаровы.

* Памятаю, неяк адзін з маіх настаўнікаў сказаў, што чалавек на памылках не вучыцца, а мучыцца, і я аднойчы ў гэтым сапраўды пераканаўся. Стаю неяк ля рова і раптам бачу, як маленькі хлопчык рыбу вудзіць. Гляджу, ён становіцца ля мастка і тут жа коўзаецца, падае ў роў. Я, канечне ж, падскочыў, выцягнуў яго. І першае, што ён сказаў: “Ёлкі-палкі, гэта ж ужо другі раз!” Выходзіць, нават на сваіх памылках вучыцца вельмі цяжка, не кажучы ўжо пра чужыя. Свае памылкі таксама могуць паўтарацца.

* * *

Пагутарыўшы “за жизнь”, гутарым цяпер пра шахматны праект і яго перадгісторыю.

* У такарнага станка ёсць свая магія. Хлопцы вельмі адчуваюць яе. Заўсёды цікава бачыць, як з абсечанага крывога палена атрымліваецца прыгожы выраб — падсвечнік, падстаўка ці што яшчэ. Аднойчы, трымаючы ў руках стамеску і гледзячы на тое, як круціцца абсечанае крывое палена, раптам падумаў: а чаму б не зрабіць шахматы, каб у іх маглі гуляць у школьным калідоры дзеці? Ды каб гэтыя шахматы былі такіх памераў, каб нават адну фігуру ў кішэню цяжка было б схаваць. І неўзабаве пачалі з дзецьмі ўжо разам думаць: які ўсё-такі канкрэтна памер будзем рабіць, з чаго будзем майстраваць дошку, чым фарбаваць і г.д. У выніку да канца навучальнага года ў нас атрымаўся прыгожы выраб-набор — шахматы. Хлопцы тады ў мяне пытаюцца: “А можна сабе зрабіць такі ж набор?” Я кажу: “Канечне, можна”. І на наступны год кожны пачаў для сябе рабіць.
* Тут ёсць адна маленькая хітрасць. Не сакрэт, што большасць сённяшніх дзяцей уседлівымі не назавеш. Калі хвілін пятнаццаць у яго не атрымліваецца нешта зрабіць, кідае работу — і яго ўжо не прымусіш гэтым займацца. А шахматы — гэта адмысловая скарбонка. Ён зрабіў адну фігуру і ведае, што засталося яшчэ трыццаць адну зрабіць для поўнага набору. Бо які сэнс у адным кані ці пешцы? Вось і ідуць у гурток заўсёды з радасцю і жаданнем зрабіць чым хутчэй тыя шахматы, нават баяцца, што да канца навучальнага года не паспеюць зрабіць увесь набор. А працэс гэты і нялёгкі, і няхуткі. Трэба ж не толькі выразаць, але і пашліфаваць, і пакрыць марылкай, і палакаваць, каб найдаўжэй захоўваліся. І, здавалася б, ну што там тыя шахматы — дошка ды фігуры… Але калі ўзяцца падлічыць, то набярэцца добрых паўтары сотні, калі не больш, асобных элементаў, якія трэба вырабіць, каб атрымаўся цэлы набор: 32 фігуры, 64 клеткі асобна кожную (каб атрымаўся эфект 3D), ножкі да століка, планачкі розныя і г.д. За тыдзень, за месяц іх зрабіць на занятках у гуртку нерэальна, а за ўвесь навучальны год якраз рэальна.

* Вырабляючы шахматы, яны інтуітыўна імкнуцца вывучаць тую ці іншую фігуру — як паводзіць яна сябе на шахматнай дошцы, як яна ходзіць, якія фігуры б’е. Калі паставілі ў школьным фае нашы шахматы, дзеці нават з урокаў уцякалі пад выглядам “Выйду на хвілінку” — і няма ні праз хвілінку, ні праз дзесяць хвілінак, ні праз дваццаць… Выйду з класа. Гляджу, а яны партыю дагульваюць.
* Сам у шахматы гуляю пад настрой. Прыблізна на ўзроўні 1-га разраду.

* Праект я назваў “Ад пешкі да караля” невыпадкова. Калі вучань толькі пачынае рабіць шахматы ў пачатку навучальнага года, ён знаходзіцца на ўзроўні пешкі — пешкі як майстар за станком і пешкі як гулец у шахматы. А ўжо ў канцы навучальнага года ён кароль. Глядзіць на палена, але бачыць не палена, а тую фігуру, якая ўнутры яго захавана, выточвае фігуру не за 3 гадзіны, а за 10 хвілін. А плюс ён ужо і згуляць з кім-небудзь не баіцца. Горш ці лепш, але ж ён ужо гуляе ў шахматы!

* * *

* Маё прозвішча Барташ мае венгерскае паходжанне і ўзыходзіць да венгерскага barát, што значыць “сябар”, “таварыш”. У нашых Тышкавічах працэнтаў 70 жыхароў — Барташы.

…Сяргей Барташ са сваімі шахматамі стаў для мяне шостым адкрыццём на янаўскай зямлі.

Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*