Пад галінкай дабрыні

Урокі паэзіі Аляксея Пысіна

Кожны раз у Дзень Вялікай Перамогі ці ў гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мяне асабліва цягне з’ездзіць у Магілёў, наведаць старадаўнія могілкі, дзе вось ужо 37 гадоў спіць у зямлі слынны чалавек нашай Беларусі, вядомы паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, былы салдат, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Васільевіч Пысін. Паранены на ўсё жыццё вайной, ён пісаў пра тых, каго скасілі фашысцкія кулі, хто не вярнуўся да сваіх бацькоў, жонак, дзяцей, пра тых, каму ўдалося выжыць, хто нёс у сабе балючую памяць пра тыя жахлівыя дні, гады.

Фота да матэрыяла: Пад галінкай дабрыні.Пабрацімы, сябры… Колькі залатых радкоў, колькі вершаў прысвечана ім, вечна маладым, палеглым за Радзіму! Ставячы ім такі помнік, паэт паставіў яго і сабе, удзельніку баёў на Калінінскім, Ленінград­скім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах:

Маладосць — абарваны трыпціх —

У трывожным жыве падарожжы.

З тых,

        хто ў сэрцы маім,

                                   з тых усіх

Я, напэўна, не лепшы, не горшы.

Чую лес, чую стук жалудоў,

Чую крык жураўліны над полем.

Сам не ведаю, колькі гадоў

Застаюся з забытым паролем.

Што ахоўваю, што берагу?

Абуджаецца водгулле грому.

Абуджаецца боль… Не магу

Перадаць усё гэта другому.

А вось з гэтым вершам я заўсёды выступала ў школах перад вучнямі старшых класаў. Чытала, ледзь стрымліваючы слёзы, уважліва ўглядаючыся ў твары моладзі, як яны рэагуюць, што адчува­юць, ці перадаецца ім балючы сэнс твора.

Палім мы маршанскую махорку,

Бачым мы Дняпроўскую граду.

Будзе сёння бой. На тым узгорку,

Можа, я таксама упаду.

 

Будуць травы над курганам. Будуць

Адлятаць у вырай жураўлі.

Нас, напэўна, ў свеце не забудуць.

Ўспомняць, што на свеце мы жылі.

 

…Я гляджу на даўняе курганне,

На траву, на рыжых мурашоў.

Ведайце: калі мяне не стане —

Я ў сваю дывізію пайшоў.

Не магу перадаць, як заціхалі цэлыя класы, калі я чытала гэты верш! Якая ціша была! І думаецца мне сёння: не, не страчана наша моладзь, яшчэ ёсць цудоўныя юнакі і дзяўчаты, якія свята нясуць у сабе памяць пра вайну, пра загінуўшых на яе франтах.

…У кожнага чалавека, у кожнага сэрца, калі яно сэрца, ёсць свой запаветны куточак для саду душы. У кожнага ён свой, кожны ўзгадоўвае яго сам. Кожны ў свой час шукае, якія дрэвы садзіць там…

Дзякуй лёсу, і я знайшла свой паэтычны сад. І першым дрэвам у ім — вялікае дрэва любові да паэзіі Аляксея Васільевіча Пысіна. Паэта, творчасць якога абдарыла, узбагаціла мяне на ўсё жыццё. Я называю яго сёння духоўным сваім бацькам небеспадстаўна. Ён дапамог мне адчуць сябе чалавекам-творцам, удыхнуў у мяне веру, што я магу і павінна нават зрабіць нешта для людзей…

Чую, як страпянулася адна, другая галінкі на дрэве маёй любасці да гэтага непаўторнага таленту, чую, як зялёна-абуджана зашапталіся лісточкі… Добры дзень, Аляксей Васільевіч, добры дзень, мой любы Настаўнік, Бацька майго светлага жыцця ў паэзіі!

Яшчэ не скончана дарога,

І хочаш думаць аб зямным.

Не пакідай мяне, трывога,

Будзь спадарожнікам маім…

О, якая ж гэта трывога, што стала і маёй навечна?

Ты дай адчуць дыханне хмары,

З якое едзе градабой.

Пазнаць між радасных па твары

І тых, хто з смуткам і журбой.

Каб без разліку і без платы

Падаць руку таму, хто брат…

Вось яно, чалавечнае, што павінна быць ва ўсіх нас, людзей. Павінна быць, але далёка не ва ўсіх жыве такое ў душах. І Аляксей Васільевіч з журбой скажа:

Былі б сягоння мы намнога

І прыгажэй, і маладзей,

Каб паважалі больш, чым Бога,

Для нас народжаных людзей.

Тут я толькі паправіла б: “Каб паважалі так, як Бога”. Што так, тое так! І немагчыма не пагадзіцца з паэтам, з яго азначэннем прызначэння кожнага жыцця:

Хай жыццё пяе, смяецца, плача,

Вучыць прыгажэй і лепш любіць.

На зямлі — адзіная удача:

Ў вечным слове чалавекам быць.

Перадумваю яго радкі і сцінаюся ад яго болю. Бо добра ведае маё сэрца, што такое — гэта не проста напісанае, а перажытае. І, як ніколі, сёння чуюцца яго вятры. Віхурай налятаюць яны на мяне, рэзка. І ўсклікаецца — на самай высокай ноце — ягоная просьба:

Вятры мае!

Сябры мае!

Шуміце, вейце на ўсю сілу,

Каб толькі гул,

Каб толькі свіст:

Зрывайце шэрасць з небасхілу,

Змятайце з дрэў пажоўклы ліст…

А я насустрач лавам выйду

Не флюгерам, не ветраком…

Так, не флюгерам і не ветраком быў Аляксей Пысін на вятрах жыцця, прымаючы сэрцам удары. І вось яна, у лірычным выдыху, мяцежная просьба:

Кастроў і лісцяў калыханне,

Наплыў азёрнай сінявы…

Маё апошняе дыханне

З сабою панясеце вы,

Вятры мае,

Сябры мае!

Дзе ж вы, Аляксей Васільевіч? Ня­пра… — і абрываецца голас, як тое дыханне. Няпраўда! Вы тут, з намі назаўсёды: з вучнямі, дзецьмі вашымі. А колькі ў яго гэтых вучняў сапраўды было! Як ён усёй душой абдымаў маладых, як цяр­пліва вучыў іх пісаць, адчуваць паэзію! Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў, якое ён узначальваў, славілася на ўсю краіну. Да яго ехалі па параду і з іншых абласцей маладыя.

Хай маланка вясёлая спаліць,

Ліўні выметуць пад сіняву,

Не хацеў бы нічым я запляміць

Вас, нашчадкі, ў якіх ажыву.

Святы чалавек, святое адчуванне, святая трывога — і святая таму да яго наша любоў. Кожнае слова выверанае, мудрае, глыбока сардэчнае, глыбока лірычнае, яго міжволі цытуеш, думаючы пра сваё запаветнае, дарагое:

Аж да белых зор чагось чакаю,

Аж да белых зор кагось малю…

Пад шчакой, здаецца, адчуваю

Станцыйку маленькую маю.

І неяк па-асабліваму цёпла, прыгожа бачыцца маці паэта, памяці якой так многа прысвяціў удзячны сын светлых, хоць і журботных радкоў. Па-асабліваму — і асака на яе магіле, і яе запавет…

…І ўсё магла,

І ўсё умела:

З сяўнёй ішла,

З касой — да траў рачных.

Бялей таго бярозавага мелу

На памяць мне

Пакінула ручнік.

І — пачуйце — які філасофскі пераход, зварот да сябе далей:

Век патрабуе з кожнага сурова,

І хлеб,

І ўцеху цяжка здабываць.

Ці дойдзеш ты,

Адбеленае слова,

Да тых,

Каму хацеў бы перадаць?..

Каментарыі, як кажуць, лішнія. І трывогай гэтай усё свеціць у Аляксея Васільевіча, свеціць, як сама маці.

Свеціць камень.

                   Свеціць дух сасновы,

Свеціць даўні след.

Свецяць летуценні. Свецяць словы,

Што імкнуцца ў свет.

Над яго светам — непаўторным, яркім — немагчыма не задумацца, немагчыма ў яго не ўгледзецца:

…І штосьці ад дрэва ў мяне,

І штосьці ад птушкі журботнай.

І штось замірае употай,

І штось ажывае ва мне…

І паўтараецца міжволі тут як нешта блізкае, сваё:

…На чымсьці кукую, кукую

Высокай сваёй сівізной.

І ўздрыгваеш ад высокага напалу адчування долі і як бы нейкага вядомага толькі аднаму яму прадчування:

Ляда — чорнае свята,

А ля валуна —

На ўсё сціхлае ляда

Рабінка адна.

Па пяску, па суглінку

З вясны ў вясну

Сірацінку-рабінку

Нясу і нясу.

Лёгка нёс бы, хоць колы

Павыбілі шлях, —

Ды валун ледніковы

У яе на нагах.

На апошнім прыпынку

У суровай жальбе

Апушчу я рабінку

На грудзі сабе.

Не помню, каб крытыкі звярталі ўвагу на гэты верш. Я ж не магу прайсці міма яго, не магу, бо бачу за ім усяго паэта, яго цэласны, чуйны свет, спагадлівае сэрца, якое запальвае толькі сваім святлом нечае сапраўднае, хай сабе іншым і нябачнае, святло. Усюды, якія б радкі паэта ні крануў, асаблівая глыбіня і дабрыня ў іх.

…Ёсць на свеце мой алень,

Ёсць і гэткае маленне:

Будзь заўсёды у аленя

Светлы мох і светлы дзень!

Вы, разумныя браты, —

Я і сам страляць умею.

Дайце жыць майму аленю

Пад галінкай дабраты!

І спадзяванне, якое вынікае, зыхо­дзіць з ягонага жадання на гэтую паўсюдную дабрыню:

Можа, заўтра будзе свет

                   цяплейшым,

Дабратой прасвечаны знутры.

Святам тым сябе свядома цешу,

Несучы ахвярныя дары.

А як піша Аляксей Пысін пра роднага чалавека, які прайшоў праз вайну — і не прыйшоў яшчэ, усё ідзе па ёй — ужо як хворы… Сціскаецца сэрца, калі чытаеш спагадлівыя, зразумелыя кожнай чуйнай душы радкі:

З самай раніцы абход пачне —

І па Віленскай і Падніколлі.

Кажуць, быў кантужан на вайне,

І таму вось штосьці з ім такое.

Лістапад ці нават снегапад —

Тыя ж боты і кашуля тая.

І хаця даўно ён не салдат,

Па-салдацку кожнага вітае.

Жахаешся, але разумееш сэрцам гэтае вялізнае гора, разумееш самае страшнае, што можа здарыцца з кожным, хто мае ўражлівую, тонкую душу з яе нечуванымі перажываннямі:

…І зусім маўклівыя прад ім

Дрэвы, неба, галубы і лужыны.

Прывітанне, прывітанне ўсім —

Нібы ў сонца ён цяпер на службе.

“Нібы ў сонца ён цяпер на службе”, — перадумваеш, пераасэнсоўваеш, прымяраючы да жыцця гэты глыбокі радок.

Увогуле, у мяне такое ўражанне ад паэзіі Аляксея Пысіна, што яна ўся — вялікае, вечна жывое, вечна балючае, відушчае сэрца, якое крывава б’ецца, пульсуе між нас усіх, разам узятых, вядомых і невядомых. Гэтае сэрца — у жыцці заўсёды! Яно ўсё і ўсіх помніць, нічога і нікога не забывае.

Што світанне ў вербах тоіць,

Што малюе цень сасны?

Толя,

       Толя Сербантовіч

Узыходзіць з баразны.

 

Быццам бы шаптанне дрэва,

Быццам выдых позніх траў:

Шкадаваць мяне не трэба,

Сам я іншых шкадаваў!..

Як баліць такая памяць! Яна то чайкамі б’ецца, то кветкамі, то дрэвамі, то травой перад намі… Яна ў самым, здавалася б, нечаканым. Так, паэт бачыць белую матчыну хустку ў чайках нават на моры, і ад гэтага светлага вобраза ідзеш да высокіх абагульненняў:

Чынш людской прыязнасці аддам

Усяму, што ў лесе, полі, лузе,

Бо таго не ведаю я сам,

Чым яшчэ на гэты свет з’яўлюся…

Адгукаецца душа на такое, бо і ты ж (ці не так?), здаецца, адчуваў ці адчуваеш такое:

Шчаслівая батарэя:

З’явіцца —

       і ўбачыць свой свет

                   прад сабой.

Радзіма мая не старэе

Ні сонцам,

       ні лесам сваім, ні травой.

Або на вось гэта:

Толькі б, толькі б не землетрасенне,

Што рыхтуюць людзям людзі самі.

Задумаемся над сказаным. Падабрэем. Пасвятлеем. Пацяплеем адно да аднаго, людзі!

Дар’я ЛЁСАВА.