“Палеская ластаўка”

Вусны часопіс для вучняў сярэдніх класаў,
прысвечаны Яўгеніі Янішчыц

Напярэдадні 70-годдзя з дня нараджэння нашай выдатнай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц, якое нядаўна мы святкавалі, бібліятэчным актывам нашай гімназіі быў распрацаваны і прэзентаваны вусны часопіс “Палеская ластаўка”. Прапаноўваем чытачам “Настаўніцкай газеты” віртуальна пазнаёміцца з гэтым мерапрыемствам, якое было захоплена ўспрынята педагогамі і навучэнцамі нашай гімназіі.

Інеса ПАНІЗОВІЧ,
загадчык бібліятэкі
гімназіі № 5 Віцебска,
магістр педагагічных навук.

Уступ

Бібліятэкар. “Палеская ластаўка” — так называлі ў нашай бе­ларускай літаратуры Яўге­нію Янішчыц. Яна з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

Да правядзення гэтага вуснага часопіса мы рыхтаваліся асабліва старанна і трапятліва. Нягледзячы на тое, што Яўгеніі Янішчыц ўжо 30 гадоў, як няма разам з намі, яе паэзія будзе заўсёды ззяць на айчынным літаратурным небасхіле. Яе творы пра тое, пра што баліць душа, што радуе, натхняе, пра ўлюбёнасць у родны палескі край і роднае слова. Наш вусны часопіс складаецца з 6 старонак, прысвечаных гэтай выдатнай паэтэсе.

1 старонка

Родам з Палесся

(На экране дэманструюцца фотаздымкі Яўгеніі Янішчыц і яе сям’і.)

1 чытач. Яўгенія Янішчыц нарадзілася ў сялянскай сям’і ў вёсцы Рудцы на Піншчыне. Маці, Марыя Андрэеўна, працавала ў калгасе, а бацька, Іосіф Сцяпанавіч Патапчук, быў цесляром. Дзяцінства паэ­тэсы прайшло ў вёсцы. Свой першы верш Яўгенія напісала ў 4 класе і прысвяціла яго маці.

2 чытач. Самы першы свой твор яна прачытала на школьнай вечарыне, прысвечанай Якубу Коласу. У снежні 1962 года ў раённай газеце “Палеская праўда” з’явіліся яе першыя друкаваныя творы. У 1966 годзе пасля заканчэння Парэцкай сярэдняй школы дзяўчына паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ.

3 чытач. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1971 годзе пайшла працаваць загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ. А ў 1976 годзе Яўгенія ўладкавалася працаваць літкансультантам у “Сельскую газету”. У 1983 годзе становіцца загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”. У яе жыцці былі перыяды творчага ўзлёту, прызнання і часы смутку, расчаравання. Так, у 1976 годзе Яўгенія ў Магілёве трапіла ў аварыю, атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкавана да бальнічнага ложка. Яна вельмі доўга і цяжка хварэ­ла. Трагічна загінула 25 лістапада 1988 года. Ёй было ўсяго 40 гадоў.

(Гучыць урывак з “Месяцовай санаты” Бетховена.)

2 старонка

У кожнай кнізе — сапраўдная паэзія

1 чытач. (Да гэтага мерапрыемства была арганізавана выстава кніг Яўгеніі Янішчыц, з якой нас знаёміць першы чытач.) Яўгенія Янішчыц вельмі актыўна і плённа працавала на творчай ніве. А нам засталася яе творчая паэтычная спадчына, сабраная ў кнігах “Снежныя грамніцы” (1970 год), “Дзень вечаровы” (1974 год), “Ясельда” (1978 год), “На беразе Пляча” (1980 год), “Пара любові і жалю” (1983 год), “Каліна зімы” (1987 год), “У шуме жытняга святла” (1988 год), “Выбранае” (2000 год). Кож­ная кніга “Палескай ластаўкі” — прыклад сапраўд­нага мастацтва, тале­на­вітай паэзіі.

3 старонка

Бацькоўская зямля

(На экране з’яўля­юцца краявіды Палесся.)

2 чытач. Вясковы свет вабіў паэтэсу хараством прыроды і цяплом людской увагі. Янішчыц з’яўляецца пясняркай Палесся, вясковага жыцця і сялянскай  працы. Сваім родным мясцінам яна прысвяціла шмат вершаў, у якіх сардэчна запрашае наве­даць Палескі край, паглядзець на пагоркі, палі, паслухаць гоман лесу, ад­чуць пах травы… У гэтым асяроддзі паэ­тэсу лічылі сваёй, і яна даражыла прыналежнасцю да баць­коўскай зямлі. А зараз вашай увазе — верш Яўгеніі Янішчыц “Прыедзь у край мой ціхі”.

4 старонка

Землякам, працавітым лю­дзям

(На экране дэманструюцца фота сялянскіх палескіх хат, палешукоў за працай.)

3 чытач. Калі мы будзем чытаць паэтычныя зборнікі Яўгеніі Янішчыц, то ўбачым, што паэтэса піша пра сваіх землякоў, працавітых людзей Палесся з асаблівай чуласцю, спагадай і любоўю. Духоўнае багацце вясковых людзей, іх мудрасць, дабрыня, таленавітасць, прыродная працаві­тасць ураж­ваюць і нат­хняюць Яўгенію Янішчыц. Яна стварыла ў сваіх вершах цэлую галерэю партрэ­таў сваіх земля­коў: Сымон, Нас­ця, Дзед, Дуня, Сава і многія іншыя.

А напрыканцы гэтай старонкі паслухайце яе верш аб земляках, якіх яна вельмі шанавала. Мы спа­дзяёмся, што ён вам вельмі спадабаецца.

(Вучань чытае верш “Добры вечар, землякі”.)

5 старонка

Мама Марыя

4 чытач. Гэтая старонка пры­свячаецца самаму дарагому для паэ­тэсы чалавеку — яе маці. Пагля­дзіце фрагмент з дакументальнага фільма “Непрыручаная птушка”, дзе яе маці, Марыя Андрэеўна Патапчук, якая пражыла пасля смерці Яўгеніі яшчэ 18 гадоў і памерла ў 2006 годзе, успамінае аб сваёй дачцэ.

(Дэманструецца відэазапіс фільма.)

Маці паэтэсы працавала ў калгасе, а яшчэ цягнула ўласную гаспадарку і ўмела рабіць любую справу не горш за мужчын. Яўге­нія напісала пра сваю маці нямала вельмі прачулых вершаў. У іх яна выказвае вялікую любоў і ўдзяч­насць маці за чу­ласць, трывогі і хваляванні. Яе словы да маці — самыя пяшчотныя і гаючыя. У гэтым вы пераканаецеся самі, калі паслухаеце верш “Мама”.

(Вучань чытае верш, а на экране з’яўляецца партрэт маці Яўгеніі Янішчыц.)

6 старонка

Віктарына, прысвечаная жыццю і творчасці Яўгеніі Янішчыц

Бібліятэкар. Дарагія чытачы! Вось мы і дабраліся да апошняй старонкі нашага вуснага часопіса. Вам засталося толькі адказаць на пытанні віктарыны аб жыцці і творчасці Яўгеніі Янішчыц. Хто ўважліва слухаў нашых выступоўцаў ды глядзеў урыўкі з відэафільма, той добра адкажа на ўсе пытанні віктарыны.

(На экране — пытанні віктарыны.)

1. Дзе нарадзілася Яўгенія Янішчыц? У якой сям’ і?

2. Калі яна прачытала свой першы твор?

3. У якой газеце былі надрукаваны яе першыя творы?

4. Куды паступіла Яўгенія пасля заканчэння сярэдняй школы?

5. Куды яна пайшла працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта?

6. Што здарылася з паэтэсай у 1976 годзе ў Магілёве?

7. Калі Янішчыц трагічна загінула?

8. Назавіце кнігі, якія ўвахо­дзяць у творчую паэтычную спадчыну Яўгеніі Янішчыц?

9. Каго асабліва любіла і шанавала паэтэса?

(Вызначаюцца пераможцы віктарыны, якія атрымліваюць падарункі.)

Бібліятэкар. Паважаныя чытачы! Вось і заканчваецца наша сустрэча. Мы вельмі стараліся, каб наша мерапрыемства вам спадабалася і вы больш даведаліся аб жыцці і творчасці нашай “палескай ластаўкі” Яўгеніі Янішчыц, чыталі яе творы. Да новых сустрэч! Чакаем вас у нашай бібліятэцы!