Прысвячэнне спораўскім партызанам

Вёска Спорава ў Бярозаўскім раёне вядома далёка за яго межамі тым, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны на прылеглай тэрыторыіі — балотах і лясах — былі створаны і вялі актыўную барацьбу з лютым ворагам многія партызанскія атрады. Тут знаходзіліся галоўныя абарончыя сілы Брэстчыны, працаваў Брэсцкі абкам партыі, выдавалася падпольная газета “Зара”, пад разгалістымі галінамі дрэў працавала дзіцячая лясная школа. Неабыякава адносіліся да народных мсціўцаў мірныя жыхары гэтай вялікай вёскі. Яны аказвалі партызанам дапамогу, асабліва гэта адчувалася ў матэрыяльным плане.

З той пары, калі вялася жорсткая барацьба з фашысцкімі захопнікамі, прайшло не адно дзесяцігоддзе, але да гэтага часу Спораўскі край лічыцца партызанскім. Нездарма ў Спораўскай сярэдняй школе быў створаны і сёння працуе гісторыка-краязнаўчы музей “Край партызанскі”.

Ініцыятарам яго стварэння быў дырэктар той далёкай пары Мікалай Паўлавіч Чайчыц. Яго ідэю падтрымаў увесь калектыў мясцовай сярэдняй школы. Настаўнікі, дзеці і жыхары пачалі прыносіць у школу матэрыялы, якія тады, можна сказаць, былі пад нагамі. Асноўная нагрузка лягла на класных кіраўнікоў. Шмат зрабілі для ўтварэння музея Надзея Ганчарка, Вольга Пашкевіч, Надзея Чайчыц, Марыя Якаўчыц, Людміла Яровіч і іншыя педагогі.

Не засталіся ў баку ад стварэння школьнага музея і самі ўдзельнікі Вялікай Айчынная вайны, мясцовыя жыхары Мікалай Сычык, Сцяпан Аполька, Антон і Максім Пашкевічы і іншыя. Была вялікая дапамога і з боку народных мсціўцаў, якія пражывалі далёка за межамі вёскі.
Першым кіраўніком музея была настаўніца геаграфіі Вера Васільеўна Чапайла. Яна ўсе гады падтрымлівала цесную сувязь з былымі партызанамі, мясцовымі жыхарамі, якія ўдзельнічалі ў барацьбе з ворагам на розных франтах вайны. Вялася перапіска, наладжваліся сустрэчы, уносіліся прапановы па зборы матэрыялаў, афармленні стэндаў.

Зараз загадчыкам гісторыка-краязнаўчага музея “Край партызанскі” з’яўляецца Вольга Станіславаўна Пашкевіч. Акрамя грамадскіх абавязкаў, яна выкладае гісторыю і грамадазнаўства з 5 па 11 клас школы. Добра пачатую святую справу былога дырэктара Мікалая Паўлавіча Чайчыца яна ўмела працягвае і захоўвае. Кіраўніку музея дапамагае цяперашні дырэктар школы былы выпускнік гэтай навучальнай установы Міхаіл Міхайлавіч Ліпскі.

Што ўяўляе сабой спораўскі школьны музей? У дзвюх залах, плошчай 33 квадратныя метры, размешчана 10 тэматычных раздзелаў. Гэта такія экспазіцыі, як “Гісторыя вёскі Спорава”, “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і дзейнасць Брэсцкага абкама партыі”, “Выпуск падпольнай газеты “Зара”, “Лясныя школы”, “Здзітаўская абарона”, “Легендарны камандзір”, “Партызанскі край”, “Сучасная вёска Спорава”, “ААГ “Спорава” і “Воіны-інтэрнацыяналісты”. Ва ўсіх гэтых раздзелах захоўваецца каля 500 каштоўных экспанатаў.

Гісторыка-краязнаўчы музей “Край партызанскі” з’яўляецца вучэбна-выхаваўчай пляцоўкай не толькі для вучняў мясцовай школы, але і для іншых навучэнцаў раёна. Музей наведалі ўжо больш за 1000 падлеткаў, а таксама маладзёжныя дэлегацыі з Расіі, Украіны, Польшчы, пабывалі з розных куткоў Беларусі і ветэраны вайны.
Экскурсіі ў асноўным праводзяць юнакі і дзяўчаты. У гэтую групу ўваходзяць найбольш падрыхтаваныя падлеткі, якія добра валодаюць тымі матэрыяламі, што захоўваюцца ў музеі. Імі кіруе загадчыца музея Вольга Станіславаўна Пашкевіч.

Час не стаіць на месцы. Напярэдадні юбілею з Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у залах плануецца абнаўленне некаторых стэндаў, патрэбна запісаць успаміны дзяцей, унукаў, бацькі якіх змагаліся з лютым ворагам на розных франтах вайны і ў партызанскіх атрадах. А іх дзяцінства, як вядома, праходзіла ў суровых умовах.

Больш за 30 гадоў працуе гісторыка-краязнаўчы музей “Край партызанскі” ў Спораўскай сярэдняй школе. Ён і далей будзе працаваць у такім напрамку, напамінаць маладому пакаленню, каб больш не паўтарыліся жудасныя гады вайны.

Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.