“Самазванец” на сцэне

Гэтая прэм’ера стала сапраўднай падзеяй не толькі ў Брэсцкім тэатры лялек, але і ў тэатральным жыцці краіны. Ды што там! Спектакль для дарослых па творы “Барыс Гадуноў” А.С.Пушкіна да гэтага часу не ставіў ніводны тэатр лялек свету! Рэжысёр-пастаноўшчык Аляксей Ляляўскі, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі, адважыўся на гэты крок.

“Камедыя пра сапраўдную бяду дзяржавы, пра цара Барыса і Грышку Атрэп’ева, летапіс пра многія мяцяжы і іншае” на брэсцкай сцэне сапраўды атрымалася, хаця тэатры, у тым ліку драматычныя, лічаць гэтую п’есу даволі складанай для пастаноўкі. Дагэтуль “Барыс Гадуноў” ішоў толькі за мяжой. Напрыклад, у Татарскім акадэмічным дзяржаўным тэатры оперы і балета імя М.Джаліля (Казань), Вялікім тэатры ў Маскве, Екацярынбургскім і Самарскім акадэмічных тэатрах оперы і балета, Марыінскім оперным тэатры ў Санкт-Пецярбургу. У апошнім з іх оперу ў 7 карцінах паставіў знакаміты брытанскі рэжысёр Грэм Вік. Дарэчы, сусветная прэм’ера там адбылася ў лютым 1874 года. Восенню 2011 года аднайменная пастаноўка ўпершыню парадавала жыхароў іспанскай Валенсіі. З лістапада па сакавік 2013 года “Барыс Гадуноў” ішоў у Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры. Гэта яшчэ не ўсё, але такіх спектакляў на самай справе няшмат. Тое, што з брэсцкімі артыстамі стварыў Аляксей Ляляўскі, варта самага шчырага “Брава!”.
Ігра і дэкарацыі бездакорныя (сцэнаграфія, лялькі, касцюмы Валерыя Рачкоўскага). Але ці дастаткова гэтага для належнай ацэнкі замежным гледачом? Трэба будзе пераадолець моўны бар’ер, паколькі тут шмат тэксту і тое, што адбываецца на сцэне, неабходна не толькі глядзець, але і ўважліва слухаць, разумеючы кожнае слова. Аднак не будзем загадваць…

З дапамогай праграмкі гледачы прасачылі хроніку гістарычных падзей. Так, у 1598 годзе пасля смерці ў студзені цара Фёдара Іаанавіча, апошняга з роду Рурыкавічаў, і пастрыжэння ў манашкі яго жонкі Ірыны да ўлады прыйшоў яе брат Барыс Гадуноў. У 1602 годзе ў Чудавым манастыры манах Рыгор Атрэп’еў даведваецца ад айца Пімена падрабязнасці забойства сына Івана Грознага, царэвіча Дзмітрыя, і збягае ў Рэч Паспалітую, дзе абвяшчае сябе законным нашчадкам прастола. У 1604 годзе Атрэп’еў сустракаецца з Каралём Сігізмундам ІІІ і падпісвае ўмовы атрымання фінансавай дапамогі. У кастрычніку польскія войскі пераходзяць мяжу. Армія Гадунова церпіць паражэнне за паражэннем. Праз год ва ўзросце 54 гадоў цар Самазванец1(главная)памірае. Да ўлады прыходзіць яго шаснаццацігадовы сын Фёдар, але армія прымае бок самазванца. У чэрвені войскі Дзмітрыя І уступаюць у Маскву, дзе ён карануецца на царства 30 ліпеня. А ў 1825 годзе апісаныя М.Карамзіным падзеі смутнага часу натхняюць Пушкіна на стварэнне “Барыса Гадунова”. 7 лістапада “камедыя пра сапраўдную бяду…” завершана, а 14 снежня паўстанцы выходзяць на Сенацкую плошчу.
Галоўная роля самазванца Рыгора Атрэп’ева дасталася Раману Пархачу. Ён жа, як і астатнія пяць акцёраў — удзельнікаў пастаноўкі, быў і ў ліку “народа”. Майстар сцэны Уладзімір Цевасян сыграў князя Васіля Масальскага і Барыса Гадунова. Манаха Пімена, патрыярха Іава, князя Адама Вішнявецкага, Міколку юродзівага, князя Пятра Басманава — непараўнаны Іван Герасевіч. Больш за ўсё роляў было ў Юрыя Цеслі, яшчэ аднаго артыста-майстра. Пераўвасабляцца на сцэне яму давялося да 8 разоў! То князь Варатынскі, то ігумен Чудава манастыра Панфуцій, то беглы манах Місаіл, то князь Афанасій Пушкін. Акрамя гэтага, брат цара Сямён Гадуноў, князі Андрэй Курбскі і Гаўрыла Пушкін.
Не толькі жаночыя ролі выканала Лілія Вярста: то царэўна Ксенія Гадунова, то яе брат царэвіч Фёдар, то каханая самазванца княгіня Марына Мнішак. І калі ў першых дзвюх ролях артыстка кіравала лялькамі, то ў трэцяй быў чутны толькі яе голас. Сама ж Лілія Вярста нерухома стаяла на заднім плане сцэны. Але як па-майстэрску яна кіравала голасам! Актрыса агучвала вобраз княгіні то на вялікай карціне, то ў мініяцюрнай фігурцы ў руках Атрэп’ева. А гледачу здавалася, быццам ён рэальна бачыць кожны рух гераіні, якая ажыла ў яго ўяўленні. О, гэта зусім не простая асоба! Тое, што ў яе за душой, не выклікае сімпатыі: прага ўлады любымі сродкамі, няхай нават праз замужжа з самазванцам.
— Лялька — гэта мёртвая абалонка з жывым зместам. Яна думае! І глядач павінен убачыць, што ў яе ёсць душа. У аб’екце ж мы самі ўяўляем, што там ёсць жывы змест. Таму маленькая фігурка Марыны Мнішак у сцэне каля фантана — гэта не лялька, а жаданне Атрэп’ева змясціць там свой змест, — заўважае Аляксей Ляляўскі, тлумачачы некаторыя тэатральныя прыёмы. — У пушкінскім тэксце галоўная дзеючая асоба — народ. А народу ўсяго 6 чалавек. Як жа паказаць, каб ён быў значным, а ўсё астатняе — на крыху іншым узроўні? На сцэне павінна адбывацца дзіва статычнай фігуры з мінімумам рухаў. Гэтыя фігуры могуць даваць значна больш экспрэсіі. І ў гэтым сюжэце гэта задача для акцёраў. А ў іншых выпадках выкарыстоўваецца лялька альбо аб’ект.

У новай пастаноўцы зноў як цудоўны акцёр паўстаў перад гледачом галоўны рэжысёр Брэсцкага тэатра лялек Дзмітрый Нуянзін.
— Бачна, што Аляксей Ляляўскі — рэжысёр з багатым вопытам. Ён добра адчуваў наш стан, настрой. Яму патрэбна была жывая эмоцыя на сцэне, жывыя адносіны, таму мы многа імправізавалі, каб усё атрымлівалася натуральна. Потым прыйшоў момант, калі рэжысёр сказаў: “Стоп, вось так і пакідаем”. Аляксей Ляляўскі з гумарам ставіўся да рэпетыцый. Сцэна не даруе падману, заціснутасці. Калі падабаюцца спектакль і твая роля, то выходзіш і проста жывеш на сцэне.
— Працэс стварэння спектакля атрымаўся вельмі цікавым, вясёлым. Атмасфера была сяброўская, дазваляла імправізаваць, — пагаджаецца і Уладзімір Цевасян.
Якім, дзякуючы яму, мы бачым у пастаноўцы цара Барыса? Гэта не проста валадар, але і любячы бацька, клапатлівы, пяшчотны, уважлівы ў адносінах да дачкі і сына (сцэна ў дзіцячым пакоі). Ён разумее, што валоданне прастолам не робіць чалавека шчаслівым. Душэўныя пакуты цара выклікаюць суперажыванне.
А якім паўстае перад гледачом Атрэп’еў? У камедыі гэта не статычны вобраз нейкага злодзея. У пэўны момант (сцэна на балі) ён, адкрываючы каханай усю сваю душу, здаецца, гатовы адмовіцца ад сваёй вар’яцкай ідэі, ад падману. Цяпер ён — сапраўдны! Кволы, безабаронны… Той, хто ўмее кахаць і ўсім сэрцам прагне ўзаемнасці. Гэтая хвалюючая сцэна не можа нікога пакінуць абыякавым. Толькі Марыне зусім нецікава аголеная душа закаханага мужчыны, таму былы манах зноў надзявае маску нашчадка прастола. Ён выбірае багацце і ўладу, таму што яго каханне і шчырасць, як аказалася, нікому не патрэбны.
Камедыя? Так, але не пазбаўленая трагізму. Напрыклад, у сцэне “Аб прагматычнай палітыцы…” таксама зусім не да смеху. Забойства Фёдара Гадунова адбываецца за шырмай. Тут пачынаецца тэатр ценяў.
Свае ролі артысты выканалі так па-майстэрску і жыва, што лялькі або жывы план — ужо не мела значэння. Усё нібыта адбывалася па-сапраўднаму. Калі б не сарказм ці іронія, што прысутнічалі нават у сцэне смерці цара Барыса, можна было б уявіць, што асабіста назіраеш за падзеямі ХVІІ стагоддзя або нават з’яўляешся іх удзельнікам, паколькі падчас спектакля не абыходзілася без інтэрактыву: сцэна падтрымлівала жывую сувязь з залай. Вось гледачы ўжо самі ў вобразе народа, бо звяртаюцца да яго, цікавяцца яго думкамі, ад якіх, здаецца, залежыць лёс усёй Русі! Уяўляеш, быццам ты сапраўды “там”! І ў нейкі момант ты таксама “дзеючая асоба”!
— Мае чаканні ад прэм’еры спраўдзіліся. Думаю, Пушкін на гэтую пастаноўку не пакрыўдзіўся б (з яго пачуццём гумару!). На мой погляд, вы вельмі ўдала трапілі ў той жанр, аб якім заявілі, — так пасля прэм’еры сказала рэжысёру і артыстам брэсцкая тэатразнаўца Таццяна Зарэмба. — Цудоўныя акцёрскія работы! Хацелася б павіншаваць вас з такімі нечаканымі Барысам і Атрэп’евым, вельмі мудрым і вельмі сучасным рашэннем спектакля. Нечаста мы атрымліваем такое задавальненне!
Сапраўды, спектакль, які доўжыўся паўтары гадзіны, прайшоў на адным дыханні.
— Пушкін — вельмі разумны пісьменнік. Падабаецца ён мне! — прызнаўся рэжысёр Аляксей Ляляўскі. — Калі я толькі пачаў “капаць”, што такое “Барыс Гадуноў”, то даведаўся, што мы чытаем не зусім Пушкіна, а тое, што засталося пасля цэнзуры! Мне хацелася раскрыць менавіта пушкінскую сутнасць, перадаць дух яго твора.

Аляксей Анатольевіч ахвотна расказаў пра тое, як нарадзілася ідэя спектакля “Самазванец” і як над ім працавалася.
— Неяк дома я пераглядаў кнігі і падумаў: чаму ў мяне столькі “Барыса Гадунова”? Трэба нешта аддаць у бібліятэку, бо 4 кнігі ў розных выданнях толькі месца займаюць! Потым, калі атрымаў запрашэнне з Брэста стварыць спектакль, успомніў пра гэты твор Пушкіна, — прызнаўся рэжысёр. — Я вельмі не люблю “вывучаныя” спектаклі. Лічу, у такім выпадку будзе больш сумленна зняць для гледачоў відэа. Таму што, калі нешта зафіксавана, гэта ўжо не тое! Так, можа, для некаторых тэатральных культур гэта добра. Напрыклад, для нямецкай. Там дамовяцца, што, скажам, святло змяняецца за 6 секунд і ў ніякім выпадку не за 5! Для мяне ж работа ў творчай групе — заўсёды працэс. Таму што з адным складам акцёраў атрымаецца так, а з іншым — інакш. Галоўнае — задаць напрамак руху, з якім усе згодны, стварыць арганізм, здольны да самаарганізацыі! Тады не трэба рэжысёру сядзець у зале і гаварыць: “Не, Вася, ты тут не тое зрабіў!” Тады застанецца толькі падказаць нейкую дэталь. Задачы “выдрэсіраваць” артыста ў мяне няма. Не хочацца, каб было механічна. Усё павінна ісці з душы!

Як жа адбіраліся выканаўцы для спектакля “Самазванец”? Аляксей Ляляўскі сабраў усю трупу і папрасіў кожнага нешта прачытаць з п’есы. Так рэжысёр, які раней не працаваў з брэсцкімі “лялечнікамі”, даведаўся, як акцёры адчуваюць тэкст, як могуць імправізаваць з паперы, якім атрымліваецца ансамбль.
Тэрмін для пастаноўкі быў даволі вялікім. Падрыхтоўка пачалася яшчэ ў маі. А вось запрашэнне ад Брэсцкага тэатра лялек Аляксей Анатольевіч атрымаў яшчэ два гады назад. Ці можна чакаць, што мінскі рэжысёр паставіць спектакль “Самазванец” і на сталічнай сцэне альбо ў нейкім іншым беларускім тэатры?
— Жыццё не такое доўгае, каб губляць час на паўторы, — упэўнены Аляксей Ляляўскі. — Ёсць сітуацыі, калі думаеш паўтарыць. І толькі таму, што пастаноўка была ўдалай, але сышла са сцэны. Я вось нядаўна падумаў, што трэба было б яшчэ “Вайну і мір” зрабіць…
Спектакль пабудаваны фрагментарна, па кіношным прынцыпе: з 20 звязаных паміж сабой эпізодаў. У апошнім гледачы пачулі “маўчанне народа”. Але на самай справе пастаноўка скончылася вельмі гучна — захопленымі апладысментамі залы. Сапраўды, брава!

Алена ГАРМЕЛЬ.
Фота Таццяны ГАРМЕЛЬ.