Цэнтр сучасных мастацтваў, які знаходзіцца ў сталіцы па вуліцы Някрасава, 3, — аб’ект, безумоўна, вельмі адметны. І па сваёй архітэктуры, і па сваёй гісторыі (калісьці тут былі творчыя майстэрні Міхаіла Савіцкага), і па сваім сённяшнім духоўным і матэрыяльным напаўненні, імя якому — беларускі contemporary art. Яскравым штрыхом ужо ў найноўшай гісторыі гэтага аб’екта стаў той факт, што калектыў Цэнтра сучасных мастацтваў не так даўно быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года за вялікі ўклад у прапаганду сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі і арганізацыю значных выставачных праектаў. Пра тое, чым жыве сёння ЦСМ, пра яго творчыя планы і ўласна пра гэты самы беларускі contemporary art — наша гутарка з дырэктарам цэнтра Наталляй Шаранговіч.
— Наталля Васільеўна, як бы вы акрэслілі місію Цэнтра сучасных мастацтваў у сённяшнім мастацкім, дый наогул культурным, жыцці краіны? Дзеля чаго ён спатрэбіўся ў сённяшняй культурнай прасторы?
— Перш-наперш хачу сказаць, што сёння цэнтр знаходзіцца яшчэ ў стане свайго фарміравання, пакуль яго яшчэ нельга назваць якімсьці трывала замацаваным пунктам на культурнай карце Мінска, і мне гэта, у прынцыпе, падабаецца, таму што даводзіцца мець справу з жывым працэсам. А жывы працэс — гэта заўсёды цікава.
Наогул жа, дзейнасць Цэнтра сучасных мастацтваў якраз і звязана з такім паняццем, як сучаснае мастацтва, якое яшчэ гадоў дзесяць — дваццаць назад выклікала мноства пытанняў і ў мастакоў, і ў даследчыкаў, і ва ўсіх, хто гэтым цікавіўся. Справа ў тым, што калі адносна крытэрыяў класічнага традыцыйнага мастацтва — ці гэта выяўленчае мастацтва, ці кіно, ці музыка, ці тэатр — нам усё больш-менш зразумела, бо яго, так бы мовіць, расставіў па паліцах сам час, то сучаснае мастацтва складанае менавіта тым, што мы жывём у момант яго стварэння. Мяняюцца крытэрыі, мяняюцца характэрныя прыкметы, мастацтва настойліва пераходзіць мяжу чыстай выяўленчасці, узнікаюць памежныя віды мастацтва. Калі раней мы вельмі лёгка дзялілі ўсё мастацтва на жывавіс, графіку, дызайн, архітэктуру, тэатр, кіно і г.д., то цяпер узнікае шмат памежных відаў. Гэта проста адзнака часу. Мы не можам зачыніць дзверы ў свет. Сёння ёсць інтэрнэт, наша моладзь актыўна выязджае за мяжу і там вучыцца, працуе, прадстаўляе там наша мастацтва. Так ці інакш мы сёння існуем у тым агульным працэсе, які ў Еўропе называецца працэсам contemporary art. Гэта крышку іншае, чым проста сучаснае мастацтва, як прывыклі гаварыць мы. Гэта не проста сучаснае мастацтва, а менавіта тое сучаснае мастацтва, якое мае нейкія пошукавыя кірункі. І ў сувязі з гэтым у нас, у Беларусі, дый наогул у славянскім свеце, утварылася дастаткова ўнікальная сітуацыя. З аднаго боку, у нас захавалася моцная акадэмічная школа і нацыянальныя традыцыі, у нас ёсць выдатны Нацыянальны мастацкі музей, гэтакі беларускі Луўр, які мае справу з беларускай мастацкай школай у лепшых яе праявах, у нас ёсць класічныя тэатры, класічныя музычныя залы і г.д. А з другога боку, на працягу апошніх дзесяцігоддзяў з’явілася вельмі шмат зусім нечаканых пошукавых відаў творчай дзейнасці, напрыклад, вулічны тэатр, авангарднае кіно, арт-аб’екты — якраз тое, што складае частку сусветнага contemporary art. Але ўсе гэтыя кірункі да апошняга часу існавалі як бы самі па сабе, быццам нікому не патрэбныя. І вось менавіта для таго, каб выявіць гэтыя пошукавыя кірункі, даць ім магчымасць выказацца і наогул прыйсці да шырокай публікі, і спатрэбіўся Цэнтр сучасных мастацтваў, своеасаблівая жывая пляцоўка, дзе знайшлося б месца ўсім тым, хто застаўся па-за межамі традыцыйных устаноў.
— Але хіба ўсе мастацкія пошукі ў рэчышчы contemporary art вартыя таго, каб іх падтрымліваць?
— Калі мы зірнём на ўсю гісторыю нашай культуры, то ўбачым, што менавіта з пошукаў і эксперыментаў нараджаецца нешта класічнае або… яны так і застаюцца ў гісторыі, нічога не нарадзіўшы. Але яны ўсё ж павінны былі быць у сваім маленькім часе! Іншая справа, што вельмі важна, каб гэтая пляцоўка была дыскусійнай і адкрытай, каб навукоўцы і ўсе зацікаўленыя маглі адказаць і на такія пытанні: а ці мае права той ці іншы пошук увогуле на існаванне? ці можа ён застацца ў нашым грамадстве, калі, напрыклад, ён мае нейкае асацыяльнае гучанне? А такое таксама можа быць, таму што пры ўсім тым, што мы часта не можам вынайсці выразныя крытэрыі для contemporary art, ёсць, тым не менш, і агульначалавечыя крытэрыі ацэньвання культуры, звязаныя, напрыклад, з этыкай ці рэлігіяй. Гэтых крытэрыяў, вядома ж, ніхто не адмяняў.
— Якімі канкрэтнымі вынікамі сваёй дзейнасці за пакуль яшчэ вельмі кароткі перыяд існавання можа пахваліцца Цэнтр сучасных мастацтваў? Што, уласна кажучы, ужо ўдалося выявіць, зафіксаваць, прадыскутаваць? І якія пошукавыя кірункі, наогул, вам здаюцца сёння самымі перспектыўнымі?
— Я вылучыла б тут некалькі кірункаў.
Напрыклад, у мінулым годзе мы ініцыіравалі правядзенне сумесна з Мінгарвыканкамам фестывалю вулічных тэатраў. Тыя некалькі дзён, калі Верхні горад быў напоўнены яскравымі, імпульсіўнымі выступленнямі тэатраў з Беларусі і замежжа, запэўнілі, што гэты від мастацтва не проста мае права на існаванне, але і, насамрэч, вельмі цікавы публіцы. Звычайным людзям, прахожым, якія выпадкова там апыналіся, было цікава самім прымаць удзел у гэтым бліскучым свяце імправізацыі і перформанса, што і мае на ўвазе вулічны тэатр. Тэатр, які не прадугледжвае сцэнарыя, які будуецца хутчэй не на дыялогу артыста і гледача, а на нейкай візуальнай форме. А мы ж нічога новага тут не прыдумлялі. У Еўропе вулічны тэатр узнік яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, у нас — бліжэй да канца стагоддзя ў выглядзе асобных груп энтузіястаў, якія не мелі сваіх пастаянных пляцовак, а існавалі ці пры нейкіх інстытутах, ці па аналогіі з пісьменніцкімі або мастакоўскімі “кватэрнікамі”. І я сапраўды вельмі рада, што Мінскі гарвыканкам пайшоў насустрач гэтым тэатральным калектывам, даў ім магчымасць выйсці на вуліцу і паказаць сябе шырокай публіцы. Тым больш што ў гэтых тэатральных калектывах ёсць нямала прафесійных акцёраў, якім проста не хапае імправізацыі на звычайнай сцэне.
Яшчэ адна форма, і мне здаецца, яна таксама вельмі добра прыжываецца ў Мінску, гэта public art, мастацтва ў публічнай прасторы. Ужо чатыры гады на плошчы Якуба Коласа ў Мінску адбываецца праект “Мастак і горад”, дзе ў выглядзе выстаўкі велізарных рэпрадукцый мы паказалі сярод іншых творы Марка Шагала, Казіміра Малевіча. Зноў-такі public art быў вынайдзены не ў нас, а ў Еўропе як адзін з відаў сучаснага канцэптуальнага мастацтва ў 80-х гадах мінулага стагоддзя на падставе таго, што наведванне музеяў і выставачных залаў пачало вельмі моцна скарачацца. Людзі проста не разумелі, што такое новыя формы мастацтва, пабудаваныя на філасофскім дыялогу з гледачом. Яны не былі гатовы да гэтага дыялогу. Вось тады якраз і з’явіўся public art — такі кірунак, калі мастацтва прыўносілася ў прастору горада, калі чалавека не запрашалі ў выставачную залу, а дэманстравалі творы перад яго вачыма ў даступным яму фармаце. Такія аб’екты існавалі ў прасторы горада непрацяглы час, але пакуль яны існавалі, звычайны глядач проста не мог прайсці міма і засяроджваў на іх увагу, тым самым уключаючыся ў культурны працэс. Сёння public art існуе ва ўсім свеце. Прычым не грэбуюць ім нават і вядомыя прафесійныя мастакі, калі, напрыклад, перад выставай у звычайнай галерэі выстаўляюць у прасторы горада велізарныя інсталяцыі. Іншым разам такія інсталяцыі могуць узнікаць у самых нечаканых месцах. Напрыклад, некалькі гадоў назад у Кітаі італьянскі мастак майстар па шкле Адрыяна Берэнга (ён першы ў Еўропе стварыў музей сучаснага шкла, у яго ёсць свой шклозавод), для таго каб папулярызаваць свае творы, прыдумаў вельмі незвычайную акцыю. Побач з рэальнай Вялікай Кітайскай сцяной ён усталяваў сваю “Вялікую кітайскую сцяну”, складзеную са шкляных цаглінак белага колеру, якія раніцай пад уздзеяннем узыходзячага сонца пачыналі свяціцца. Гэты арт-аб’ект праіснаваў недзе каля года і пасля назаўжды знік з той прасторы. Але для Кітая гэтае сутыкненне традыцыйнай культуры з сучаснай стала сапраўдным выбухам. Італьянец тады дасягнуў сваёй мэты.
У нас public art з’явіўся не так даўно, і на гэтае спазненне ў параўнанні з Еўропай былі свае прычыны. Па-першае, да гэтага не было гатова грамадства, а па-другое, і сам наш горад, так бы мовіць, быў не гатовы. Лічылася, што ён мае сваё недатыкальнае аблічча з архітэктурай ХХ стагоддзя і нельга нічога прыўносіць у гэтае аблічча акрамя класічнай скульптуры. Але вось некалькі гадоў назад па ініцыятыве Інстытута Гётэ ў Мінску быў праведзены конкурс і ў парку Сімона Балівара з’явіўся канцэптуальны арт-аб’ект пад назвай “Калідор спрадвечнасці”. Калі чалавек праходзіў праз гэты калідор, зроблены з бліскучага матэрыялу, ён мусіў як бы адчуць подых вечнасці. Гэта, здаецца, быў першы паўнавартасны арт-аб’ект у нашай сталіцы. Не скульптура, а менавіта арт-аб’ект са сваім выразна філасофскім гучаннем. Нечаканае мастацтва. І мне здаецца, што яно таксама мае вялікія перспектывы.
Далей. У мінулым годзе разам з бразільскім пасольствам у Беларусі мы правялі вялікі беларуска-бразільскі фестываль Vulica Brasil так званага стрыт-арта — яшчэ адзін кірунак сучаснага мастацтва. Прычым калі ў нас да гэтага часу не сціхаюць спрэчкі аб тым, мастацтва гэта ці не, то, напрыклад, у той жа Германіі гэта даўно прызнаны від мастацтва: па стрыт-арце там выпускаюцца шыкоўныя альбомы, праводзяцца сур’ёзныя даследаванні, дэманструюцца выставы ў такіх знакамітых музеях, як Hamburger Bahnhof, і г.д. А ў Бразіліі стрыт-арт увогуле лічыцца нацыянальным мастацтвам. І вось калі мы правялі ў Мінску наш фестываль, а на партале tut.by былі змешчаны адпаведныя артыкулы, у сетцы разгарэлася вельмі гарачая дыскусія. Людзі пакідалі сотні каментарыяў як са знакам “плюс”, так і са знакам “мінус”. Але гэта і добра! Значыць, мы выканалі сваю задачу: разварушылі грамадскую думку, культурная з’ява была заўважана.
Наогул жа, я хацела б сказаць, што асваенне многіх цікавых пошукавых кірункаў у нас яшчэ наперадзе. Напрыклад, мы фактычна яшчэ не асвоілі так званыя 3D-інсталяцыі — узгадваецца хіба што прадстаўленне на фасадзе Вялікага тэатра некалькі гадоў назад, і тады яно выклікала вялікую цікавасць у мінчан.
Ёсць яшчэ такі кірунак, як саўнд-арт, які мае на ўвазе гукавое аздабленне гарадской прасторы. Гаворка тут ідзе не пра звычайныя канцэрты рок ці класічнай музыкі, а пра менавіта стварэнне адмысловай гукавой тэрыторыі. Так бы мовіць, адлюстраванне горада ў спецыфічных гуках. Такая практыка сёння папулярная ў Еўропе, і мне здаецца, што яна магла б быць папулярнай і ў Мінску, кожны раён якога меў бы сваё ўнікальнае гукавое афармленне.
— Хто, па вашых назіраннях, найбольш тыповы ўдзельнік беларускага contemporary art — прафесіянал з класічнай адукацыяй, так бы мовіць, свядомы нефармал, проста чалавек з вуліцы?
— Я ўжо казала, што ў фестывалі вулічных тэатраў было заўважана нямала прафесійных артыстаў. Яшчэ больш яскрава гэтая тэндэнцыя праявілася ў фестывалі стрыт-арта Vulica Brasil. Амаль усе мастакі ад беларускага боку, якія выказалі намер удзельнічаць у ім, — гэта творцы з прафесійнай адукацыяй, якія заканчвалі акадэмію мастацтваў, Віцебскі тэхналагічны інстытут і іншыя профільныя навучальныя ўстановы. Але, відавочна, яны сёння шукаюць новыя формы для свайго самавыяўлення, і для іх стрыт-арт — гэта менавіта пошукавае мастацтва. Мы ўсе сёння жывём у час пошуку. Як і Еўропа, мы сёння прыходзім да таго, што мастацтва павінна быць разнастайным — і класічным, і некласічным. І якраз да некласічнага мастацтва сёння імкнуцца многія прафесіяналы з класічнай адукацыяй.
А з другога боку, тут назіраецца і адваротны працэс, калі само сучаснае канцэптуальнае мастацтва як бы прафесіяналізуецца па сваёй сутнасці. Возьмем тую ж фатаграфію. Я добра памятаю, як у канцы 90-х у знакамітым берлінскім доме мастакоў “Тахелес” адкрылася выстава беларускіх мастакоў, і сярод жывапісных ды графічных работ там былі прадстаўлены фатаграфіі. У сувязі з гэтым тады кіпелі бурныя спрэчкі: маўляў, а ці з’яўляецца фатаграфія наогул мастацтвам? Сёння, здаецца, ужо ніхто не задае такіх пытанняў. Канцэптуальнай фатаграфіяй займаюцца прафесіяналы, а ў акадэміі мастацтваў адкрыта нават адпаведнае аддзяленне.
— А што тычыцца Цэнтра сучасных мастацтваў, наколькі ўсё-такі гэта важна для вас, хто ідзе ў вашу ўстанову са сваім праектам — прафесіянал ці непрафесіянал? Прасцей кажучы, наколькі даступны, адкрыты цэнтр для творчых ініцыятыў?
— Устаноўка адна: мы разглядаем праект як з’яву. І калі гэтая з’ява цікавая, не важна, хто яе аўтар — прафесіянал ці не, сябар саюза мастакоў ці студэнт, мы абавязкова пакажам гэтую з’яву. Увогуле, нашы дзверы адчынены для ўсіх. Калі ты хочаш нешта прапанаваць, калі ласка, прыходзь, прапаноўвай — мы пагаворым, дадзім адказ, патлумачым. Калі ты хочаш прыйсці павучыцца нечаму, даведацца пра нешта, мы і ў гэтым выпадку дапаможам — праз майстар-класы, лекцыі, курсы і інш. Цэнтр сучасных мастацтваў якраз жа і створаны для таго, каб тут віравала жыццё і каб з размаітага варыва людзей сюды траплялі таленавітыя самародкі, што называецца, з божай іскрай. Часта непрафесіянал можа перайсці нават нечакана для сябе самога ў прафесійную творчасць. Бадай, самы яркі прыклад у гэтым сэнсе — наш вядомы жывапісец Кастусь Качан, фізік па сваёй адзінай адукацыі, але ў той жа час выдатны мастак, адзін з самых адметных нашых сённяшніх творцаў. Такая метамарфоза можа адбыцца з любым чалавекам, таму што не кожны можа адразу знайсці, разгледзець у сабе пэўныя ўнутраныя сілы.
— Наталля Васільеўна, што канкрэтна ў творчых планах Цэнтра сучасных мастацтваў на бліжэйшыя гады?
— У 2020 годзе мы з усім светам (або свет разам з намі — можна па-рознаму на гэта глядзець) будзем адзначаць 100-годдзе з часу стварэння знакамітай групы “УНОВИС”, і для нас гэта вельмі важная дата. Яна дазваляе нам гаварыць нават пра пэўную творчую праграму, па якой мы будзем працаваць усе наступныя да юбілею гады. Адмысловым зыходным пунктам гэтай праграмы ўмоўна можна назваць праект “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”, які мы з поспехам рэалізавалі летась. Тэмай авангарда мы будзем займацца і далей. Мы павінны будзем зноў і зноў нагадваць людзям пра тое, што такое “УНОВИС”, што такое супрэматызм, хто такі Казімір Малевіч, і наогул пра тое, што Беларусь — гэта той пункт у свеце, дзе стагоддзе назад нараджалася новае мастацтва, новыя — еўрапейскія — адносіны да мастацтва. Безумоўна, мы будзем праводзіць на гэтыя тэмы канферэнцыі, дыспуты, будзем ладзіць выставы, прычым як замежных мастакоў, якія займаюцца актуальным мастацтвам, так і айчынных творцаў, якія адчуваюць, што карані іх творчасці там, у Віцебску, у 20-х гадах мінулага стагоддзя. Ну і, безумоўна, вельмі хочацца спадзявацца, што нам удасца прывезці ў Беларусь выставу арыгінальных твораў Казіміра Малевіча — упершыню ў гісторыі.
— Яшчэ некалькі слоў, калі ласка, пра структурныя пераўтварэнні, якія, пэўна, чакаюць у хуткім часе цэнтр.
— Сапраўды, Цэнтр сучасных мастацтваў знаходзіцца сёння ў стане трасфармацыі, і ў найбліжэйшы час павінна адбыцца яго канчатковае аб’яднанне з Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва ў адзіную структуру — Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Гэта распаўсюджаная з’ява ў свеце. Ёсць падобная структура ў Расіі. Мяркуецца, што сённяшні цэнтр акумулюе ўсю творчую, эксперыментальную актыўнасць у айчынным актуальным мастацтве, а ўжо ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва будуць захоўвацца і дэманстравацца лепшыя напрацоўкі беларускіх мастакоў у гэтай сферы. Хаця гэта будзе, безумоўна, агульная структура — моцная, прыцягальная, здольная выходзіць у тым ліку на замежныя рынкі, на замежныя мастацкія форумы.
— Практыкі творчых майстэрань, якімі кіраваў калісьці Міхаіл Савіцкі, у цэнтры ўжо не будзе?
— Творчых майстэрань у тым выглядзе, у якім яны былі пры Міхаіле Андрэевічу, безумоўна, не будзе, таму што гэта была форма навучання. А сёння цэнтр мае на ўвазе ў першую чарге форму прэзентацыі і эксперымента, дзеля чаго гэты будынак на Някрасава выдатна прыстасаваны. Але калі ўжо гаварыць пра майстэрні, то мы будзем практыкаваць вопыт так званых адкрытых рэзідэнцый. Дарэчы, мы ўжо зрабілі першы такі эксперымент. Калі летась мы ладзілі выставу ўдзельнікаў легендарнай галерэі “Шостая лінія”, адзін з іх, Ігар Цішын, у адным з пакояў тут на працягу некалькіх дзён працаваў у рэжыме анлайн з адчыненымі дзвярыма. І гэтая форма сапраўды, мне здаецца, вельмі перспектыўная. Яна дае магчымасць увачавідкі ўбачыць, як працуе мастак. Больш за тое, з ім можна пагутарыць у працэсе, зняць пра яго фільм і г.д.
А ўвогуле, безумоўна, гэты будынак — “намоленае” месца. Праз гэтыя сцены прайшлі вельмі многія нашы вядомыя мастакі ў маладосці. Іншым разам прыходзяць сюды сёння і пачынаюць прыгадваць: “А вось гэта была мая майстэрня, а вось там працаваў той мастак…” Гэтую аўру тут адчуў летась нават рэктар Дрэздэнскай акадэміі мастацтваў, калі ладзіў тут экспазіцыю нямецкага фатографа-класіка Арно Фішэра. Так і сказаў: “Тут у вас нейкая незвычайная творчая энергетыка. Адчуваецца, што тут было шмат творчай моладзі…”
— У тэхнічным плане будынак будзе асучаснівацца?
— Безумоўна, але толькі знутры. Будуць павялічаны залы, будуць зроблены спецыяльныя прыстасаванні для таго, каб тут можна было дэманстраваць творы мастацтва не толькі на сценах, але і на столі. Плануем таксама, што тут з’явіцца адмысловая арт-кавярня, невялікая кінатэатральная зала. Але мы выдатна разумеем, што гэта не адбудзецца заўтра.
— А нейкім чынам узбуйняцца па-за межамі цэнтра не плануеце? На ўзор, напрыклад, музейнага квартала — мары дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова, якая пачала-такі ажыццяўляцца…
— Вы ведаеце, Нацыянальнаму мастацкаму музею ўжо 70 гадоў, а нашаму цэнтру ўсяго 3 гады, прычым актыўна мы пачалі працаваць толькі год назад. Хаця, безумоўна, мары ёсць і ў нас. Я, напрыклад, хацела б, каб у нас з’явіўся свой заводскі цэх, дзе можна было б ладзіць грандыёзныя выставы сучаснага мастацтва, як гэта робіцца сёння ў Лондане, у будынку колішняй электрастанцыі, які перадалі галерэі Tate Modern.
Але цікава вось што. Будынак на Някрасава і Музей сучаснага выяўленчага мастацтва — гэта як два пункты, аб’яднаныя адной лініяй. І акурат пасярод яе калісьці знаходзілася галерэя “Шостая лінія” — адна з першых галерэй, якая дэманстравала канцэптуальнае мастацтва ў Беларусі. Як вядома, яна закрылася ў 1997 годзе, і якраз тады адкрыўся Музей сучаснага выяўленчага мастацтва — такая вось сімвалічная пераемнасць.
І я думаю, што калі наш будучы нацыянальны Цэнтр сучасных мастацтваў запрацуе напоўніцу, можна будзе падумаць і пра яшчэ адно вялікае памяшканне, умоўна кажучы, беларускі Tate Modern.
Але я выдатна разумею, што не трэба апярэджваць падзеі. Проста пра гэта трэба думаць. Таму што нашы думкі матэрыялізуюцца. Мне здаецца, Уладзімір Іванавіч таксама думаў не адзін год, перад тым як пачаць ствараць музейны квартал.
— Вялікі дзякуй за гутарку.
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.