Селяшчук пад пахай у неба

У Мінску, на плошчы Якуба Коласа, пад адкрытым небам адкрылася выстава твораў аднаго з першых беларускіх сюррэалістаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міколы Селешчука. Гэта ўжо чацвёртая экспазіцыя ў рамках выставачнага праекта “Мастак і горад”. 30 палотнаў майстра будзе цалаваць ласкавае беларускае неба, будуць лашчыць погляды мінчан і гасцей сталіцы ажно да 10 верасня. Сёлета ініцыятарамі праекта выступілі агенцтва сацыяльнага маркетынгу Grand BS і Цэнтр сучасных мастацтваў, а генеральным партнёрам стаў банк ВТБ.

У тым трагічным 1996 годзе яго забрала да сябе італьянскае мора. Вось так проста ўзяло дый забрала. Нагарнулася вялікая хваля, усе з яго кампаніі, хто быў у вадзе, з яе выйшлі. А ён — не… Італьянскае мора тады быццам сказала: “Ты не беларускі мастак, ты еўрапейскі, ты павінен назаўсёды застацца ў нас”.
Італьянскае неба проста не разумела, што можна быць беларускім мастаком і разам з тым еўрапейскім. Як не разумеем часта і мы. Нават сёння.
А ён, Мікола Селяшчук, сапраўды быў адным з першых еўрапейскіх беларускіх мастакоў. Яшчэ пры жыцці яго называлі наватарам, першапраходцам, беларускім Далі. Яго творы ахвотна куплялі замежныя калекцыянеры. Сваёй творчасцю ён уводзіў айчыннае мастацтва ў сусветны кантэкст. Вяртаў яго туды пасля Шагала, Малевіча & Co. Але ў адрозненне ад апошніх заставаўся беларускім мастаком. Да болю беларускім.
Сёння на плошчы Якуба Коласа яму ўтульна побач з бронзавым Якубам. “Казачны калейдаскоп”, “Вярнуліся”, “З думай пра Радзіму”, “Дачыненне”, “Не хадзі за мной, а сама заблудзілася”, “Прызямліўся ў Залессі”, “Люблю цябе сустракаць”, “Злашчасны адвячорак”, “Ягадка для Анюты”, “Дзяўчынка ў капелюшы”… Нават назвы яго палотнаў быццам з “Казак жыцця” Якуба Коласа.
І яго жыццё камусьці, мабыць, здавалася казкай: у 1989 годзе Мікола Селяшчук на біенале кніжнай ілюстрацыі ў Браціславе атрымаў залаты медаль і дыплом, у 1992 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Тады ж, у першай палове 90-х, асабліва актыўна прадаваўся, гастраляваў з выставамі па Беларусі і за мяжой. Быў тварам новай — еўрапейскай — мастацкай Беларусі. Як сказалі б сёння, быў нацыянальным брэндам. Але ў 1996 годзе яго забрала ад нас італьянскае мора… Не паверыла? Пасквапнічала? З глузду з’ехала?
Зрэшты, гэта не так ужо і важна. Важна тое, што беларускае неба мудрэйшае.
Вярнула. Пацалавала. Абагрэла.
Узяло пад паху.
І сказала: “Я люблю цябе. Ты мой, ты наш… Назаўсёды”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.