Джазмен, прадзюсар, кіраўнік праекта “Vip Jazz Андрэя Славінскага” Андрэй СЛАВІНСКІ: “Хацелася б, каб Мінск усё–такі быў больш джазавым…”

З вядомым беларускім джазменам, прадзюсарам, кіраўніком праекта “Vip Jazz Андрэя Славінскага” Андрэем Славінскім хацелася пазнаёміцца даўно. Не раз даводзілася бачыць і чуць віртуозныя выступленні яго і яго калег як на дарослых, так і канцэртах для дзяцей. І кожны раз гэтыя канцэрты надзвычай уражвалі ўласцівымі, бадай, толькі джазавай музыцы асаблівым драйвам, непасрэднасцю, імправізацыяй, свабодай… 1 снежня Андрэй са сваёй камандай бліскуча выступіў на ўрачыстым адкрыцці сезона зімніх свят “Тэатр цудаў” у адным з гандлёва-забаўляльных цэнтраў сталіцы. Пасля завяршэння ўсіх урачыстасцей мы з ім пагутарылі. 

— Андрэй, спачатку раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе. Дзе нарадзіліся, дзе вучыліся, як прыйшлі да музыкі?

— Я нарадзіўся ў Мінску. Тут жа і пачаў займацца музыкай. Мая цікавасць да ігры на барабанах узнікла дзякуючы старэйшаму брату, у якога ў канцы 70-х быў свой рок-гурт. Мне вельмі хацелася ў ім іграць, але для гэтага трэба было стаць музыкантам.

Спачатку я вучыўся сам па замежных падручніках, потым паступіў у музычную школу, дзе практычна адразу мяне запрасілі ў першы дзіцячы джазавы аркестр пад кіраўніцтвам Ільі Райхліна. Пазней, у падлеткавым узросце, я, вядома ж, эксперыментаваў: іграў рок, папулярную музыку, рэгі, лаціну. У той час у мяне былі і доўгія валасы, і меліраванне, і клёш, і ўсе астатнія рок-н-рольныя замашкі. Але да моманту заканчэння школы перамог джаз.

На дварэ быў канец 80-х гадоў, і ў Мінску ў той час нельга было атрымаць высокапрафесійную джазавую музычную адукацыю. Уласна таму я і вырашыў паступаць у Растоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя С.В.Рахманінава, якую скончыў па кафедры эстрадна-джазавай музыкі. Дарэчы, час навучання ў кансерваторыі я заўсёды ўспамінаю з удзячнасцю. Мне пашчасціла не проста вучыцца ў масцітых педагогаў, але і іграць у складзе аркестра Кіма Назарэтава на адной сцэне з сусветнымі джазавымі зоркамі. У той час Растоў быў цэнтрам прыцягнення высакакласных джазістаў з усяго свету, сумесныя выступленні з якімі мне далі не менш, чым вучэбныя заняткі.

— І ўсё-такі ці быў для вас джаз нечым накшталт пераадолення нейкіх іншых зацікаўленасцей у музыцы?

— Як вам сказаць… З самага пачатку мне падабалася музыка пратэсту, рок-музыка Deep Purple, Led Zeppelin, Van Halen. Джаз у 70-х — 80-х можна было пачуць толькі на грампласцінках, і тое, гэта быў польскі і савецкі джаз, які, шчыра кажучы, мяне не вельмі натхняў.

Вучыўшыся ў музычнай школе, я слухаў рок, а ў складзе дзіцячага джаз-аркестра іграў класічны джаз. Я проста разумеў, што джаз мне цікавы, але ў тых класічных версіях мне чагосьці пастаянна не хапала. Цяпер мне здаецца, што не хапала драйва, свабоды, імправізацыі, нават, калі хочаце, мадальнай складанасці. Своеасаблівы прарыў, як я ўжо казаў, здарыўся ў студэнцкія гады.

Іграючы ў Кіма Назарэтава, я атрымаў доступ да запісаў сусветных джазавых зорак, якія вызначалі трэнд. Самае моцнае ўражанне на мяне зрабіў Джон Колтрэйн і яго альбом 1964 года A Love Supreme з непараўнальным Элвінам Джоўнсам на барабанах. Ён на доўгі час стаў маім кумірам, шмат чаму ў манеры ігры я вучыўся менавіта ў яго.

— Як вы лічыце, наколькі элітарная гэтая музыка — джаз? Наколькі ён супрацьлеглы поп-музыцы або цяжкаму металу?

— Тут, бадай, няварта гаварыць пра нейкую супрацьлегласць. Проста папулярная музыка і джаз — гэта два розныя кірункі, якія не хацелася б неяк сутыкаць ці супрацьпастаўляць. Кожны з гэтых кірункаў па-свойму цікавы, па-свойму нават цудоўны, але ўсяму свае час і месца. Папулярная музыка, як правіла, гаворыць пра сённяшні дзень вельмі проста і зразумела. Джаз жа, ён пра рэчы больш глыбокія, ён прымушае спыніцца і падумаць, зазірнуць унутр сябе.

— Хто сёння вашы куміры са свету джаза?

— Музыканты, якія адкрываюць новыя кірункі ў джазе, трансфармуюць прывычны стыль у абсалютна новае гарманічнае і меладычнае гучанне. Найбольш блізкія мне John Coltrane, Miles Davis, Buddy Rich, Joe Zawinul, Herbie Hancock, Kenny Garrett, John Scofield, Mike Stern і многія іншыя.

— Акрамя джаза, вы слухаеце яшчэ што-небудзь?

— Слухаю ўсё новае, што трапляецца на YouTube і жывых канцэртах. Насамрэч, сёння ёсць нямала маладых людзей, чыя музыка гучаць цікава, але, на жаль, пакуль ніхто з іх па ўзроўні не можа параўнацца з карыфеямі джаза. Як бы я ні шукаў новыя імёны, прыярытэт застаецца ў “мастадонтаў”.

Джаз – гэта свабода і імправізацыя.

— Андрэй, што сёння адбываецца з джазам у нашай краіне? Наогул, яго любяць у Беларусі ці не? У нас жа, здаецца, праходзіць нямала джазавых канцэртаў, Фінберг, здаецца, шмат робіць у гэтым кірунку…

— Усё на самай справе нядрэнна, але хацелася б, каб Мінск быў больш джазавым. Так, у нас праходзяць фестывалі, вялікая колькасць канцэртаў, на рэгулярнай аснове джаз гучыць у клубах, да нас прыязджаюць замежныя джазавыя выканаўцы. Але, з іншага боку, топавыя зоркі джаза прыязджаюць да нас рэдка, у нас мала музыкантаў, якія на рэгулярнай аснове імправізуюць з замежнымі джазістамі, рэпертуары большасці нашых выканаўцаў не мяняюцца гадамі. У нас ёсць некалькі яркіх, вядомых джазавых калектываў, але сярэдні ўзрост іх удзельнікаў 45+. А мне хацелася б бачыць больш маладых асоб не ў кавер-бэндах, якiя выконваюць досыць простыя мелодыі, а ў высакакласных джазавых гуртах. Безумоўна, мы лёгка можам растлумачыць гэтую сітуацыю і знайсці мноства прычын таго, што сёння Мінск нельга назваць адной з джазавых сталіц Еўропы. Аднак мне здаецца, важней не тлумачыць, чаму нешта не атрымліваецца, а шукаць спосабы сітуацыю палепшыць. Самы просты з іх, тое, што мы можам зрабіць “тут і цяпер”, — дазволіць маладым музыкантам-пачаткоўцам пераняць вопыт у профі. Гэта вядомая практыка, калі мегазоркі даюць майстар-класы, выступаюць на адной сцэне з пачаткоўцамі. З аднаго боку, гэта вельмі матывуе апошніх, з другога — дае ім канкрэтныя веды, якімі па падручніках не авалодаеш (я гэта ведаю на ўласным вопыце).

— Колькі слоў, калі ласка, пра вашы аўтарскія праекты…

— Сярод іх я вылучыў бы два, якія сёння найбольш актыўна развіваюцца: “Джаз з Андрэем Славінскім” і “Джаз для дзяцей”. Першы — праект, арыентаваны на раскрыццё і прасоўванне музыкантаў-пачаткоўцаў. Ён уяўляе сабой цыкл канцэртных праграм, у рамках якіх маладыя музыканты могуць праявіць сябе, выступаючы на адной сцэне з “Vip Jazz Андрэя Славінскага”. Кожная такая праграма тэматычная, складаецца з улікам вакальных даных артыстаў-пачаткоўцаў і дазваляе ім максімальна поўна прадставіць свае магчымасці і заявіць пра сябе. “Джаз для дзяцей” з’явіўся тры гады назад як партнёрскі праект “Джаза з Андрэем Славінскім” і “Куфэрка дзіцячых кніг”. У яго рамках мы прадстаўляем серыю аўтарскіх канцэртаў для дзяцей і іх бацькоў. Кожны канцэрт — гэта тэматычная праграма, складзеная з сусветна вядомых класічных, рок-, фолк- і джазавых твораў, кампазіцый у стылі World Music у аўтарскіх аранжыроўках, створаных спецыяльна для маленькіх слухачоў. У кожнага такога канцэрта ёсць свая тэма, якая непасрэдна ці ўскосна звязана з дзіцячай літаратурай. Мы аб’ядналі джаз і кнігі для таго, каб увесці дзяцей у свет інтэлектуальных музычных і літаратурных гучанняў, і, мяркуючы па тым, якую цікавасць выклікае праект, наша мова зразумелая дзецям. Гэта вельмі радуе.

— Андрэй, напрыканцы вельмі простае пытанне: а што такое джаз? Наогул і для вас асабіста…

— Для мяне джаз — гэта асаблівая шматгранная музычная мова, пры дапамозе якой можна трансліраваць любыя тэксты, сэнсы, як простыя, так і вельмі складаныя. На мове джаза можна выконваць уласныя тэмы, класічную і папулярную музыку. Джаз дае найбольшы спектр магчымасцей для перадачы сэнсаў і музычных ідэй. Сутнасць джаза зводзіцца да свабоды, імправізацыі, да стварэння музыкі ў момант яе выканання.

Джаз, калі хочаце, гэта само жыццё, бо ў джазе, як і ў жыцці, прысутнічаюць свабода і імправізацыя. Немагчыма з дакладнасцю спрагназаваць настрой ці стан, з якім вы прачняцеся раніцай, і тым больш з дакладнасцю нельга сказаць, як пройдзе ваш дзень. Якую кашулю ці якую сукенку вам захочацца апрануць менавіта сёння, з кім сустрэцца, які фільм паглядзець… Усё залежыць толькі ад вашых адчуванняў. Робячы выбар, вы імправізуеце, за вельмі кароткі час прымаеце рашэнне, што стане вашай тэмай на сёння. Так і ў джазе: правільна абраная і добра выкананая тэма дазволіць вам адчуць свабоду і само жыццё.

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.