Край… і рай з Міколам Пракаповічам

Перадачу “Край з Міколам Пракаповічам” тэлерадыёкампаніі “Брэст” чакаюць і глядзяць як дарослыя, так і дзеці. Шмат карыснага і цікавага для сябе знаходзяць тут людзі розных пакаленняў. Асабліва ўдзячныя яе стваральнікам настаўнікі гісторыі, роднай мовы і літаратуры за тое, што тыя знаёмяць гледачоў з гісторыяй нашых вёсак і гарадоў, этнаграфіяй і народнай культурай, песнямі і танцамі. Гэтая перадача стала сапраўднай скарбніцай народнай культуры і гісторыі Берасцейшчыны. Таму аўтар гэтых радкоў дамовілася аб сустрэчы з рэдактарам аддзела рэгіянальных праграм Міколам Пракаповічам.
Прызнацца, калі была яшчэ студэнткай, сама аднойчы трапіла ў сюжэт перадачы як удзельніца літаратурнай студыі “Спадчына”, што на працягу 10 гадоў яднала маладых паэтаў у Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Кіраваў студыяй вядомы берасцейскі паэт Мікола Пракаповіч. Уражанні, якія пакінулі гэтыя першыя ў маім жыцці тэлевізійныя здымкі, свежыя і дагэтуль. Можна сказаць, не хвалявалася і не баялася таму, што рабіў перадачу сам Мікалай Мікалаевіч — не толькі прафесійны журналіст, але і ўвогуле вельмі шчыры, добры, спагадлівы чалавек, якому можна цалкам давяраць. Так у маё жыццё ўвайшла перадача “Край” (“Край з Міколам Пракаповічам” яна стала называцца толькі два гады таму). Хто ж мог падумаць, што некалі сама буду рабіць пра яе “сюжэт”!

З чаго пачынаецца “Край”?

Сустрэча з Мікалаем Мікалаевічам адбылася ў яго кабінеце, які з’яўляецца яшчэ і мантажнай. З цікавасцю даведалася: вядучы, аўтар і рэжысёр перадачы камп’ютарным мантажом займаецца сам. Першае, што кінулася ў вочы, гэта карціны, напісаныя вядомымі мастакамі, сярод якіх Іосіф Крупскі, Пётр Данелія, Мікола Маеўскі, Наталля Чарнагалова, Сяргей Казак і інш. Ёсць тут і рэчы, створаныя дзіцячымі рукамі. Як высветлілася, усё гэта падарылі Міколу Пракаповічу героі яго праграм. Захапіўшыся творамі мастацтва, не адразу заўважыла ля дзвярэй звычайную шафу, у якой таксама захоўваецца, бадай, самае каштоўнае — сцэнарыі ўсіх выпускаў перадачы.
Вось ён, сцэнарый самай першай праграмы, якая выйшла ў эфір 10 студзеня 1998 года. Лісты ўжо крыху пажоўклыя, тэкст адбіты яшчэ на друкавальнай машынцы. Цікава, з чаго пачынаўся “Край”? Так, у тэксце сустракаюцца імёны Міколы Купрэева, Ніны Мацяш, Алеся Каско, Зінаіды Дудзюк, Ніны Гарагляд і інш. Зразумела, першы выпуск прысвячаўся падвядзенню вынікаў за год работы берасцейскай літаратурнай сябрыны. Дарэчы, неўзабаве пасля выхаду перадачы на тэлеэкраны яе аўтар і вядучы быў адзначаны прэміяй года “Берасцейская зорка — 1999” у намінацыі “Журналістыка”. Неаднойчы Мікола Пракаповіч станавіўся пераможцам абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў у намінацыі “Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны”. Гэтыя дыпломы таксама ўпрыгожваюць сцены яго кабінета-мантажнай.
Ёсць у Міколы Пракаповіча ўзнагароды, якія ён атрымаў як майстар паэтычнага слова. Напрыклад, абласная літаратурная прэмія імя У.Калесніка, заснаваная Брэсцкім аблвыканкамам. Усё ж такі аўтар “Краю” з’яўляецца і аўтарам шэрагу паэтычных зборнікаў, а ў 90-я гады мінулага стагоддзя нават ўзначальваў Брэсцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў.
— У пэўнай ступені мая журналісцкая дзейнасць заўсёды ўплывала на маю паэзію. Адно другое ўзбагачала, давала тэмы, — прызнаецца Мікалай Мікалаевіч.
Адкуль жа вытокі “Краю”? Можна сказаць, з таго часу, як Мікола Пракаповіч прыйшоў працаваць на тэлебачанне, а гэта адбылося ў 1975 годзе. Першым тэлевізійным настаўнікам маладога чалавека стаў вядомы паэт Міхась Рудкоўскі, аўтар літаратурна-мастацкага тэлечасопіса “Буг”, што выходзіў у жывым эфіры (героі праграмы запрашаліся ў студыю). Можна сказаць, па сваёй форме і тэматыцы “Буг” з’яўляецца папярэднікам “Краю”. Дарэчы, як і мастацка-публіцыстычная праграма “Берасце”. Яна таксама знаёміла гледачоў з літаратурай і культурай Берасцейшчыны, цікавымі творчымі асобамі. Дзякуючы рабоце над гэтымі перадачамі, у іх аўтара і вядучага Міколы Пракаповіча назбіраліся цікавыя архівы, з’явіўся пэўны журналісцкі і жыццёвы вопыт. Ды і ў самога тэлебачання з часам з’явіліся новыя тэхнічныя магчымасці. Так паступова і нарадзілася ідэя мастацка-публіцыстычнай праграмы “Край”.

“Такімі хочацца рабіць усе перадачы”

— Пачыналі з трох-чатырох сюжэтаў. Тады лічылася, што ўтрымаць гледача можна мільгаценнем карцінак, але я заўсёды змагаўся з такім падыходам, — успамінае Мікалай Мікалаевіч. — Сёння мы робім “Край”, абапіраючыся на значнасць матэрыялу. Калі чалавек або калектыў цікавы, калі падзея важная, раблю тэматычныя выпускі. На маю думку, галоўнае — чалавек, і яго трэба паказаць гледачу, дапамагчы ўсебакова раскрыцца. Тады і перадача будзе цікавай. Трэба прывучаць людзей слухаць, думаць. Але, канечне, многае залежыць ад аператара. Менавіта яго вачамі бачаць “Край” на сваіх тэлеэкранах гледачы.
Першыя выпускі “Краю” стварала сталая творчая група, у якую, акрамя Міколы Пракаповіча, уваходзілі рэжысёр Віктар Нячэхін і тэлеаператар Мікалай Барценеў. Кожны — прафесіянал сваёй справы. Разам рыхтавалі праграмы не толькі на вобласць, але і для рэспубліканскага і ўсесаюзнага тэлебачання.
— На жаль, Віктара Нячэхіна сёння з намі няма, — гаворыць мой суразмоўца. — Працавалася нам добра. І рэжысёр, і тэлеаператар добра ведалі культуру вобласці, яе творцаў. Ім не трэба было кожны раз “уваходзіць у матэрыял”, у атмасферу. Дакументалістыка патрабуе ўважлівай работы з матэрыялам аператара, яго ўмення “вырваць кавалак жыцця”, які ўжо мантажнымі сродкамі ўпісваецца ў праграму. Над “Краем” і зараз працуюць цудоўны малады тэлеаператар Васіль Палхоўскі, цікавыя гукарэжысёры.
Сёння ў эфір перадача “Край з Міколам Пракаповічам” выходзіць штотыдзень па панядзелках. Трынаццаціхвілінныя тэматычныя выпускі прысвечаны пэўнай падзеі або творчай асобе. Сваёй задачай стваральнікі “Краю…” па-ранейшаму бачаць захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, выхаванне ў гледачоў павагі да свайго мінулага, прапаганду народнай творчасці і народных рамёстваў і, канечне ж, прафесійнага ма-стацтва Берасцейшчыны.
— Я стараюся рабіць матэрыялы пра тых людзей, калектывы і падзеі, якія падаюцца цікавымі мне і важнымі для грамадства, для нашага горада, вобласці, краіны, — тлумачыць Мікола Пракаповіч. — Мы не павінны забываць, хто мы і дзе нашы карані. Беларусамі мы можам стацца, калі будзем шанаваць сваё. І гэта мяне таксама турбуе ў праграмах: мне важна, як чалавек ставіцца да сваёй мовы, да гісторыі.
У гісторыі перадачы былі і няпростыя часы. Так, у 2003—2005 гадах з-за адсутнасці фінансавання яна ўвогуле не з’яўлялася на тэлеэкранах. Вярнулася ў эфір дзякуючы падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама і непасрэдна яго кіраўніка, старшыні каардынацыйнага савета па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны К.А.Сумара. З гэтага часу пашырыліся і рамкі перадачы: тут стала знаходзіць сваё адлюстраванне дзейнасць згаданага савета. Сёння “Край” налічвае ўжо больш за 400 выпускаў. Між тым, яго рэдактар, аўтар і вядучы прызнаецца:
— З гадамі пачынаеш адчуваць большую адказнасць, у першую чаргу перад тым, пра каго робіш праграму. Сам сталееш, больш адказна ставішся да свайго слова. Не магу сказаць, што, пачынаючы кожную новую праграму, не хвалююся.
Здымаецца “Край” па-за студыяй. Над дакументальнымі фільмамі працуюць не адзін месяц, але паміж эфірамі “Краю” ёсць толькі тыдзень. Першыя дзень-два прысвячаюцца здымкам, астатні час — мантажу. Часам аўтар і рэжысёр уключае ў праграму відэаархівы. У выніку глядач бачыць творцу ў развіцці, у рознай атмасферы, з розных бакоў. Напрыклад, падчас работы на пленэры, у яго майстэрні, на адкрыцці выставы, дома…
— Многае залежыць ад аўтарскіх адносін, якія заўсёды праяўляюцца ў праграме. Глядач адчувае, як ты ставішся да чалавека. Па тым, як з ім гаворыш, як паказваеш, як слухаеш, як даеш выказацца, — гаворыць Мікола Пракаповіч. — Таксама ў кожнай праграме стараюся знайсці нейкі сюжэт. Калі, напрыклад, бяру партрэт творцы, то гэта галоўная тэма, над якой ён працуе, ці яго жыццёвы і творчы шлях. Без такога ўнутранага стрыжня праграма будзе “развальвацца”.

“Што там, за душой чалавека?..”

Сапраўды, творчага вопыту Міколу Пракаповічу не займаць. Падчас журналісцкай работы яму давялося пабываць у самых розных куточках Берасцейшчыны, пазнаёміцца з многімі цікавымі асобамі — тымі, хто займаецца народнай, аматарскай, прафесійнай мастацкай творчасцю. Гэта мастакі, музыкі, народныя творцы… З многімі і дагэтуль падтрымлівае сувязь, сябруе.
Напрыклад, загадчыца Гараднянскага ганчарнага цэнтра Алімпіяда Леанавец, як і некаторыя іншыя гледачы, часта не можа стрымацца, каб пасля чарговай праграмы не патэлефанаваць з падзякай яе вядучаму. Яна вельмі цёпла ўспамінае, як здымачная група Міколы Пракаповіча прыязджала да іх на Століншчыну:
— Мікалай Мікалаевіч умее так падысці да чалавека, што хочацца раскрыць душу. Быццам размаўляеш не з журналістам, а з сябрам. Мікола Пракаповіч вельмі ўважлівы да людзей. Можа, таму яго перадача асабліва і кранае гледачоў. Хай Бог пашле здароўя тым, хто працуе над ёй! Яны робяць вялікую справу: зернейка да зернейка збіраюць усё пра нашу Берасцейшчыну, паказваюць, якая яна багатая на таленты, на людзей, якія ў нас шчырыя сэрцы, шчодрыя душы…
— На маю думку, Мікола Пракаповіч — адзін з самых таленавітых журналістаў Берасцейшчыны, які не дае нам забыць, што наш старажытны горад мае вялікія традыцыі. Кожны выпуск “Краю” хочацца паглядзець некалькі разоў. Запісы гэтай перадачы я нават паказваю сваім сябрам, якія не маюць магчымасці паглядзець яе падчас эфіру, — расказвае загадчык кафедры фізікі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, краязнавец, аўтар кнігі “Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі” Анатоль Гладышчук, які неаднойчы станавіўся героем перадачы Міколы Пракаповіча.
— Нам вельмі прыемна, што “Край з Міколам Пракаповічам” цесна супрацоўнічае з намі, а сам Мікалай Мікалаевіч — ганаровы чытач нашай бібліятэкі, — гаворыць намеснік дырэктара па навуковай рабоце Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Ала Мяснянкіна. — За час свайго існавання “Край” ператварыўся ў своеасаблівы тэлевізійны летапіс Берасцейшчыны. Гэтая перадача — духоўная каштоўнасць нашага рэгіёна.
— Мікола вельмі дасведчаны ў культуры Берасцейшчыны, добразычлівы да носьбітаў культуры, як чалавек — далікатны. Нікога іншага на яго месцы нават не ўяўляю. Ён жыве гэтай стыхіяй разам з людзьмі, і людзі яго любяць, шчыра адкрываюцца яму, — сведчыць вядомы берасцейскі паэт, лаўрэат літаратурнай прэміі імя А.Куляшова Алесь Каско, які ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя быў адным са стваральнікаў перадачы “Буг”. — Мы працавалі разам на працягу 7 гадоў. Было вельмі, вельмі цікава! Я і зараз не прапускаю ніводнага выпуску перадачы “Край з Міколам Пракаповічам”.
— Галоўнае — паказаць, што там, за душой чалавека, акрамя таго, што ён выказаў у сваіх творах (літаратурных, мастацкіх, музычных), — гаворыць Мікола Пракаповіч. — Нярэдка нехта, напрыклад, як пісьменнік — адзін, а як чалавек — зусім іншы. Імкнуся паказаць, наколькі гэта сумяшчаецца ў ім.

Алена ГАРМЕЛЬ.