Пісьменнік, мастак, выдавец Уладзімір СІЎЧЫКАЎ: “Адчуваю сябе багуслаўцам…”

Год малой радзімы, які будзе доўжыцца і 365 дзён наступнага, прымушае нас прыгледзецца ўважліва не толькі да самой малой радзімы, якая ёсць напэўна ў кожнага чалавека — не важна, дзе ён жыве і нарадзіўся. Магчыма, для некага яна наогул абмяжоўваецца родным пад’ездам яго гарадскога дома або прызбай вясковай хаты. Год малой радзімы падахвочвае звярнуць увагу найперш на людзей, якія ў многім жывуць ёй, сілкуюцца ёй, бясконца натхняюцца.

Якраз такі чалавек, здаецца, і ёсць наш суразмоўца.

Знаёмцеся — пісьменнік, мастак, выдавец Уладзімір Сіўчыкаў.

— Уладзімір Мікалаевіч, адкажыце, як рухаецца час: ён бяжыць нямецкім імклівым аўтабанам, цячэ на шчацэ слязой бязлітасна пакінутай Васілём Ганны ці сплывае асенняй кропкай Міхася Стральцова на ўжо заснежаным кастрычніцкім акне?

— Пытанне патрабуе гістарычнага экскурсу, таму — калі ласка. Пабачыў свет я ў 1958 годзе, 3 мая ў дзень, пазначаны ў календарах як Дзень сонца, Сусветны дзень вольнага друку, Дзень Канстытуцыі Рэчы Паспалітай і Дзень Канстытуцыі Японіі, дні нараджэння такіх знакамітасцей, як італьянскі мысліцель Нікола Макіявелі, пяты прэм’ер-міністр Ізраіля Голда Меір дый многіх іншых слаўных людзей. Сярод іх — ваенны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага мецэнат князь Багуслаў Радзівіл, які ў 1643 годзе заснаваў маё роднае Жодзіна, пра што сведчыць “Смалявіцкі інвентар” за адпаведны год. Дагэтуль бытуе стэрэатып пра маладосць горада, між тым яму ўжо 375 гадоў. Нават назваў ён меў некалькі: Жодзіна Слабада, Жодзін, Жодынь, Багуслаў Поле… Узнік жа па волі князя Багуслава Радзівіла ў чымсьці магічным чынам, але і, згодна з тагачаснай горадабудаўнічай традыцыяй, на сутоках Жодзінкі і Плісы. Даў князь не толькі двум млынарам, але і іншым рамеснікам і гандлярам нечуваныя “слабоды” (“свабоды”) ад падаткаў аж на чвэрць стагоддзя, выдзеліў пад будаўніцтва 400 пляцаў!

Толькі ў сталым узросце дазнаўся я, што дзяцінства маё прайшло, лічыце, у самым гістарычным цэнтры. Паўз Жодзінку ляжаў шлях на гульні да недалёкай лесапасадкі і ў школу, яе марыў запрудзіць з сябрамі, каб сплаўляцца на плытах, не раўнуючы як тыя Том Соер і Гэкльберы Фін, пры ёй ля невялічкага вадаспадзіка пажарнага вадаёма жыў пенсіянер-чыгуначнік Дзмітро Давыдзенка, які расказваў дзівосныя гісторыі і частаваў смоквай проста райскай смакаты…

Дзесяць гадоў назад удалося ўсталяваць пры рачулцы памятны знак пра пачэсны ўз рост горада, а ў назве вуліцы, што пралягае паралельна, — увасобіць імя заснавальніка Жодзіна.

Мама Лідзія Кузьмінічна мела працоўны стаж, пераважна на Беларускай чыгунцы, 37 гадоў 5 месяцаў і 23 дні. Можа, таму нярэдка згадваецца мне ў працоўным паўвайсковым строі правадніцы вагона. Дый першым жыллём маім быў чыгуначны барак (з пакоем на сям’ю з чатырох чалавек у 11 квадратных метраў), які стаяў да рэек настолькі блізка, што сваякі, якія прыязджалі ў госці, не маглі спаць начамі, бо ў абодва бакі несупынна праносіліся эшалоны.

У дзяцінстве нямала гасцяваў я ў бабы Варкі ў вёсцы Старая Мётча на Барысаўшчыне, а таксама ў бабы Пашы з дзедам Нупрэем у Неўлі з яго бясконцымі азёрамі. Але ці не другім маім прытулкам быў дом на жодзінскай вуліцы Маскоўскай, 41 — дом з шыкоўным вішнёвым садам дзядзькі Вані і цёткі Вольгі Аўчарэнак. Калі выспявалі вішні, дык даводзілася супернічаць са шпакамі, караскацца на самыя вяршаліны, каб абіраць самыя чорныя, салодкія і сакавітыя ягады, а потым і везці прадаваць у Барысаў, на пясках якога вішні не радзілі. Сядзіба стаяла недалёка ад вадасховішча на рацэ Плісе, дзе ў вольны час з аднагодкамі і сябрамі можна было знайсці безліч заняткаў дый забаў. Вадасховішча ўтварылася, калі ў пачатку 50-х гадоў пабудавалі колішнюю Смалявіцкую ДРЭС, і заўсёды аказвала на жодзінцаў магічны, прыцягальны ўплыў.

Усё лета можна было купацца, катацца на лодках, здабываць аер, лілеі, а таксама чылім (вадзяны арэх), праседжваць на беразе з вудамі або з эцюднікам…

Нават узімку ў лепшыя гады вадасховішча не замярзала, бо проста ў рэчку праз берагавую помпавую з цыркуляцыйнымі вадаводамі, якія ў прастамоўі зваліся “брызгалкай” і “бурлілкай”, інжынеры-“цудадзеі” надумаліся скідаць адпрацаваную пару і гарачую ваду!

Цяпло даўно ўжо зберагаюць, і электрастанцыя цяпер завецца Жодзінскай цеплаэлектрацэнтраллю. “Брызгалка” з яе абсалютна ўнікальнай сістэмай труб ужо колькі гадоў як парэзана на металалом. Разабраны драўляны басейн, дзе трэніраваліся плыўцы і ватарпалісты, а таксама агароджа жабніка.

Дый і ўсё вадасховішча не выглядае цяпер ажыўленым і гаманлівым, як было гэта даўней.

Ажыўляецца роўнядзь толькі тады, калі выбіраюцца трэніравацца спартсмены адной з наймацнейшых у краіне вяслярскіх школ — байдарачнікі і канаісты, якіх суправаджае часам і трэнерская маторка.

Затое, як гіганцкі абеліск, жыццесцвярджальна ўзвышаецца па-над вадасховішчам і пасёлкам энергетыкаў выносісты комін электрацэнтралі — самы выразны архітэктурна-будаўнічы гарадскі элемент.

Не губляе сваёй вабнай, крыху жудаснай красы і вадаспад пры плаціне, які разбіваецца ў пырскі пад мостам, па-ранейшаму, хоць і закутая ў бетон, бруіць непадалёк крыніца з вадой смакаты дзяцінства.

Першыя тры гады правучыўся ў Жодзінскай школе-інтэрнаце і не скажу, што нават чытанне там заўсёды прыносіла асалоду. І ў трэцякласніка па спіне часам прабягаў халадок перад здачай чарговай кнігі ў інтэрнатаўскую бібліятэку: строгія супрацоўніцы не толькі правяралі, ці ацалела кніжка, але і задавалі пытанні, каб даведацца, ці папраўдзе ўсё прачытана.

Калі стаў школьнікам мой малодшы брат Жэня, дык маці перавяла мяне, каб хадзілі разам, у жодзінскую сярэднюю школу № 3, у будынках якой працуе цяпер адзіная ў краіне жаночая (хаця, мабыць, лагічней было б называць яе дзявочай) гімназія. А з-за пераездаў паспеў я павучыцца яшчэ у 4-й і 5-й школах і, такім чынам, пабыць вучнем чатырох гарадскіх школ з тагачасных шасці. У ліку жодзінскіх школьнікаў меў за шчасце вучыцца ў такіх выдатных педагогаў, як гісторык Міхась Ткачоў, мастак Алесь MaRa (Аляксей Марачкін), фізкультурнік Міхаіл Элімелах. Наведваў таксама студыі выяўленчага мастацтва Уладзіміра Макарава і Анатоля Казарэза, паспяваў і на баскетбольную секцыю Генадзя Носава. Мастацтва перамагло спорт, і пасля 8 класа паступіў я ў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава.

— Мне здаецца, літаратура і мастацтва жывуць разам з вамі і ў вас вельмі арганічна. Але ўсё-такі, што з’явілася ў вашым жыцці раней?

— Лёс звёў мяне з выяўленчым мастацтвам раней, чым з прыгожым пісьменствам. І цяпер малюю, праўда, займаюся пераважна графікай, удзельнічаю ў мастацкіх выставах, пішу эсэ — творчыя партрэты мастакоў.

Яшчэ ў дзяцінстве інтуітыўна, падсвядома адчуваў у сваім Жодзіне, што поруч ёсць носьбіты дзвюх моў і культур — спрадвечнай беларускай і прасавецкай. У залежнасці ад асяроддзя пераважалі адны ці другія, але нярэдка спалучаліся яны ў адной асобе.

Памятаю, дзве мае цёткі займаліся шытвом, і адна папрасіла другую падаць з падаконніка гузік. Тая разгубілася, сказала, што няма, а першая папікнула яе: “Як няма? Вось жа ён — ляжыць навідавоку!” Тое самае раздваенне пераследвала па жыцці — у дзеда Нупрэя ў Неўлі і ў мінскім кругласутачным дзіцячым садку, у бабулінай вёсцы Старая Мётча на Барысаўшчыне і ў Жодзінскай школе-інтэрнаце, поруч з вяскоўцамі, што хадзілі ў жодзінскія школы з навакольных вёсак Барсукі і Яловіца.

Для даведкі.

З 1982 года выступае ў рэспубліканскім друку. З 1984-га вядомы як перакладчык найперш з грузінскай на беларускую мову. У яго перакладзе выйшаў раман Надара Думба-дзе “Закон вечнасці”. Аўтар прадмовы, складальнік біяграфічных звестак, каментарыяў, перакладчык твораў у “Анталогіі грузінскай паэзіі”.Аўтар кнігі апавяданняў і п’ес “Гульня ў тастамант”, кніг прозы “Лісты да брата”, “Бювар”, “Уладзевы гісторыі”.

Склаў кнігу прозы маладых аўтараў “Перад маімі вачыма”, зборнік дэтэктыўных навел “Кінжал з крыламі”, кнігу “Сучасная беларуская проза. Традыцыі і наватарства” (сумесна з М.Тычынам), зборнік дэтэктываў “Карона Вітаўта Вялікага” (сумесна з А.Сіўчыкавай).

Выступіў укладальнікам кніг прозы Васіля Быкава “Избранное” і “Афганец”, выбраных твораў Славаміра Мрожака “Дом на мяжы”.

Як крытык і публіцыст вядомы шэрагам артыкулаў па літаратурных узаемасувязях, рэцэнзіямі, мастацтвазнаўчымі эсэ, падарожнымі нататкамі.

З 1983 года працуе ў жанры паэзіі. Вершы друкаваліся ў перыёдыцы, калектыўных зборніках “Вусны”, “Маладыя галасы”, “Лагодны промень раніцы”, “Квадра”, “Круглы год. Хоку беларускіх паэтаў” і інш. Аўтар кніг паэзіі “Высакосны год” і “Кошык Велікодны”.

Аўтар слоўнікаў-даведнікаў «2000 русских, 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний”, “Русско-белорусский, белорусско-русский словарь фразеологизмов” (сумесна з А.Баярынай).

Творы Уладзіміра Сіўчыкава перакладаліся на балгарскую, грузінскую, рускую, славацкую і ўкраінскую мовы.

Вядзе актыўную грамадскую, а таксама краязнаўчую дзейнасць (найперш па родным Жодзіне, дзе працуе ў складзе ініцыятыўнай групы па ўсталяванні помніка заснавальніку горада князю Багуславу Радзівілу).

Канчаткова ўсвядоміў сябе беларусам пасля таго, як у 1973 годзе паступіў у мастацкае вучылішча, як пасябраваў з патомным інтэлігентам Алесем Ласём, знаным цяпер як дудар і этнолаг, як пабываў у сям’і аднагрупніка і цёзкі, бацькам якога быў выдатны празаік Вячаслаў Адамчык, а суседам па лесвічнай пляцоўцы — Уладзімір Караткевіч, як наведаў майстэрню свайго выкладчыка жывапісца Альгерда Малішэўскага…

Надалей нацыянальную прыналежнасць і гонар нярэдка даводзілася абараняць нават кулакамі ў адносна элітных (бо траплялі туды пераважна інтэлігентныя, досыць адукаваныя навабранцы) войсках сувязі! Бывала, поруч станавіўся музыка-баяніст маладзечанец Валодзя Самусевіч. Прызывалі мяне ўвосені 1979 года з Барысаўшчыны, дзе я настаўнічаў, і меркавалі адправіць пад Рыгу ў танкавую часць! Але на размеркавальным пункце на плошчы Свабоды мяне як мастака ды яшчэ аднаго хлопца-музыку прыўлаўшчыў прапаршчык з вучэбнага батальёна сувязі на мінскай вуліцы Маякоўскага. Вайсковую спецыяльнасць тэлеграфіста атрымаў у “вучэбцы”, але потым займаўся пераважна афармілаўкай ды штабной дакументацыяй. Насуперак пэўнай графе вайсковага білета, у пашпарце, які займеў, калі выйшаў у цывільнае жыццё, запісаўся беларусам.

У сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў некалькі гадоў быў мастаком-афарміцелем. У майстэрні маёй амаль штотыдзень збіраліся сябры літаратурна-мастацкага семінара, у які ўваходзілі Пятро Васілеўскі, Максім Клімковіч, Алесь Лось, Ігар Цішын і некаторыя іншыя маладыя творцы, якія пакрысе пачалі практыкавацца і ў прыгожым пісьменстве, зразумела, па-беларуску спачатку ў паэзіі, а потым і ў прозе. Натуральна, выспела ў мяне рашэнне атрымаць вышэйшую адукацыю, і за найлепшае абраў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. За студэнцкай лавай найбольш адседзеў поруч з Ірынай Дубянецкай, сёння доктарам сакральнай тэалогіі і доктарам філасофіі, а таксама з Паўлам Навуменкам, зараз паспяховым бізнесменам і выкладчыкам у нашай альма-матар. Запомніліся лекцыі прафесара Сцяпана Хусейнавіча Александровіча: адну з іх правёў ён на Вайсковых могілках, дзе паказаў пахаванні многіх літаратараў, навуковых і дзяржаўных дзеячаў. Заўсёды прыязна і паважліва сумоўнічаў з Рыгорам Міхайлавічам Семашкевічам, куратарам маёй студэнцкай групы. Ахвотна наведваў аб’яднанне “Узлёт”, якім кіраваў Алег Антонавіч Лойка, бо літаратурная творчасць на філфаку ўсяляк заахвочвалася. Выпускаў насценгазету, друкаваўся ў шматтыражцы “Беларускі ўніверсітэт”, а таксама ў “Чырвонай змене”, дзе за літкансультанта была Вольга Міхайлаўна Іпатава, правёў некалькі тэлеперадач па рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм, з імпэтам выязджаў на студэнцкія святы ў Вязынцы. Кіраўнік маіх курсавых работ Вячаслаў Пятровіч Рагойша падгаварыў да стажыровак у Тбіліскім універсітэце, дзе давялося сутыкацца з прадстаўнікамі не толькі каўказскіх народаў і адстойваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

А вось навуковым кіраўніком маёй дыпломнай працы быў Ніл Сымонавіч Гілевіч. Праўда, праз яго занятасць сустракаліся мы ў тых стасунках толькі двойчы. Першы раз, калі я прынёс яму напісаную працу ў Дом літаратара ў кабінет першага сакратара Саюза пісьменнікаў. Другі, калі прыйшоў перад самай абаронай па водгук навуковага кіраўніка, які ён напісаў проста пры мне ў тым самым кабінеце. На абароне шаноўны Ніл Сымонавіч таксама не змог прысутнічаць, але гэта не перашкодзіла старшыні камісіі прафесару Адаму Восіпавічу Мальдзісу з захапленнем адзначыць маю працу па беларуска-грузінскіх узаемасувязях.

Размеркаваўся я ў часопіс “Бярозка”. Працаваў напачатку тэхрэдам, а потым літсупрацоўнікам і намеснікам галоўнага рэдактара. У трыццаць гадоў упершыню трапіў за мяжу ў складзе дэлегацыі кіраўнікоў маладзёжнага друку Беларусі. Неўзабаве, у 1990 годзе, атрымаў сяброўскі білет Саюза пісьменнікаў з рук яго старшыні Васіля Зуёнка, што, мабыць, азначала прафесійнае прызнанне.

А калі лічыць за пункт адліку першую публікацыю яшчэ студэнтам-другакурснікам у рэспубліканскай прафесійнай прэсе, у штотыднёвіку творчай інтэлігенцыі “Літаратура і Мастацтва” ў 1982 годзе, дык шчырую на ніве айчыннага прыгожага пісьменства больш за тры дзесяцігоддзі.

Што значыць — быць беларусам? У адказ, каб пазбегнуць патэтыкі альбо банальнасцей, працытую словы паэта Леаніда Дранько-Майсюка, напісаныя пра мяне: “Этычныя адносіны да людзей, вера ў нацыянальнае хараство, шанаванне фамільнай прыгажосці, захапленне ўніверсальнасцю беларускай прасодыі, выбудоўванне свайго жыцця паводле сумленных правіл”.

З “Бярозкі” запрасілі мяне ў прыватную выдавецкую ўстанову, потым з суполкай паплечнікаў зарэгістраваў і ўзначаліў установу з цяжка вымаўляльнай назвай БАДППР (Беларуская асацыяцыя дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана). Але адносіны і абставіны склаліся так, што адкрыў прыватнае выдавецтва “Радыёла-плюс”. Можа, гэта і заканамерна, бо Цялец, якім я з’яўляюся паводле гараскопа, як вядома, заўсёды шукае свой, хай і невялікі, паплавец.

— За шмат гадоў вам не надакучыла займацца літаратурай?

— Наадварот, мацнее адчуванне, што яшчэ шмат трэба зрабіць. Ёсць веды, сілы і вопыт, але і мноства задумак, накідаў, чарнавікоў…

— Які жанр найбольш захапляе цяпер? Японскія хайку або нашы, беларускія, скетчы?

— Вячаслаў Рагойша ўключыў у свой “Паэтычны слоўнік” мой зборнік “Высакосны год” як першую беларускую аўтарскую кнігу танка і хоку.

Пішуцца цяпер і апавяданні, і падарожныя нататкі, што на мяжы з эсэістыкай, але найперш гэта невялікія па памеры рэчы, якія вызначаю як Уладзевы гісторыі. Ладная частка тых гісторый была сабраная тры гады назад пад вокладкай асобнай кнігі, якую склалі фрывольныя і дасціпныя тэксты, іранічна-займальныя і лёгка чытальныя жыццёвыя анекдоты, а часам і трагікамічныя фацэцыі. Ведаў і ведаю я пісьменнікаў розных пакаленняў, чуў ад іх і занатоўваў розныя жыццёвыя гісторыі. Яшчэ мне вельмі пашанцавала — маю невялічкую сядзібу на легендарнай Лысай гары пад слаўным Заслаўем. Маімі суседзямі былі і ёсць вядомыя беларускія пісьменнікі і культурныя дзеячы, у якіх можна і трэба вучыцца. Напрыклад, шаноўны Анатоль Клышка, аўтар буквара, які вытрымаў не адзін дзясятак перавыданняў, ніколі не вітаецца словамі “Добрай раніцы!”, бо лічыць, што руплівы беларус ледзь прачнецца, а ўжо хапаецца за працу, ужо шчыруе па гаспадарцы, то і вітаецца не інакш як “Добры дзень!”.

Да кнігі вершаў дзецям “Велікодны кошык”, спадзяюся, дадасца на Каляды і кніжка “Багоўка”.

Адзін наш знакаміты літаратар, бывала, казаў пра свайго калегу: “Дык які ж ён празаік?! Ён жа рамана не напісаў!” Але вы, мабыць, пагодзіцеся, што ў трэндзе сёння не дужа аб’ёмныя тэксты. Позні Васіль Быкаў аддаваў перавагу аповесцям, апавяданням і прыпавесцям. Першым лаўрэатам прэміі імя Ежы Гедройца стаў Павел Касцюкевіч з досыць мініяцюрнай кніжкай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”. Іншая тэндэнцыя — рост цікавасці да літаратуры нон-фікшн: дзённікаў, мемуараў, трэвелогі… Доказ таму — творчасць першага і адзінага пакуль што беларускага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч.

— На вашай візітоўцы напісана “пісьменнік і выдавец”…

— Недалюбліваю пытанне “Што новага выдаў?”. Куды больш даспадобы мне пытанні “Што ў цябе напісалася?” або “Над чым цяпер працуеш і што з напісанага табой удалося апублікаваць?”. Таму “пісьменнік” там нездарма стаіць паперадзе.

З кніг не аўтарскіх, а “чужых”, на пачэсныя месцы на выдавецкіх паліцах выстаўляю аздобленыя Арленам Кашкурэвічам “Руны Перуновы” Рыгора Барадуліна, “Інтымны дзённік” Максіма Багдановіча, але перадусім — своеасаблівую анталогію “Яна і Я. Вершы і песні пра каханне”. Склалі мы яе з жонкай Раісай Шастак і, лічу, у Францыі (далоў залішнюю сціпласць!) атрымалі б за падобнае выданне Ордэны ганаровага легіёна.

З задавальненнем згадаю выданні, створаныя ў супрацоўнітцве з Аляксеем Марачкіным. Дзесяць гадоў назад удалося згуртаваць больш за дваццаць творцаў, мастакоў і літаратараў, звязаных з Жодзінам, каб не толькі правесці сем выстаў і імпрэз па ўсёй краіне, але і выпусціць адметнае выданне “ЖОДЗІНЦЫ. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова”. Другі альбомчык, выпушчаны сумесна з шаноўным Аляксеем Антонавічам, — гэта “Рыцары Пагоні і Арла” з тэкстамі пра нашых славутых дзеячоў і іх выявамі.

У спіс самых запатрабаваных можна дадаць і томікі серыі “Мая беларуская кніга”, у якой выйшлі больш за паўсотні кніг беларускай класікі. Гэта невялікія, кішэннага фармату кнігі па даступных як студэнту, так і пенсіянеру коштах. Спрычыніўся да іх і як сябар рэдакцыйнай калегіі, і як укладальнік некаторых томікаў, сярод якіх найбольш грэюць душу зборнікі казак, легенд, паданняў і песень “Сіняя Світа” і “Зачараваны замак”. Вельмі цешыць і тое, што ўдалося перавыдаць у серыі практычна ўсе гістарычныя творы Кастуся Тарасава.

— У суаўтарстве з Аленай Баярынай вы склалі слоўнік-даведнік “2000 русских, 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний” з тлумачэннямі і ўзорамі ўжывання…

— Так, гэта адна са сфер маёй філалагічнай зацікаўленасці. І настаўнікі, і карэктары, і стыльрэдактары, і калегі-літаратары дагэтуль дзякуюць за той томік, бо вельмі часта ў нас наўпрост пераказваюцца рускія прымаўкі ці прыказкі замест таго, каб знаходзіць і ўжываць свае спрадвечныя адпаведнікі.

— Вы былі адным з арганізатараў агульнанацыянальнай дыктоўкі, удзельнікі якой маглі карыстацца двума правапісамі, дзвюма графічнымі сістэмамі. А якім чынам тады правяралася пісьменнасць?

— Сутнасць той дыктоўкі, упершыню праведзенай у 2008 годзе, не ў самой пісьменнасці, а ў тым, каб людзі рознага ўзросту, полу, веравызнання, палітычных поглядаў селі поруч і напісалі разам прадыктаваны ім беларускі тэкст. Дарэчы, мне прыемна згадваць, што я перамог у конкурсе на тэкст для першай дыктоўкі. Прапанаваў тады прадмову Мацея Бурачка (Францішка Багушэвіча) да яго паэтычнага зборніка “Дудка беларуская”. Тую дыктоўку пісалі нават паслы замежных краін. Але былі, як кажа цяпер моладзь, і прыкольныя выпадкі. Я правёў дыктоўку, надыктаваў словы класіка ў сталічным Палацы мастацтва, а адна дзяўчынка здала свой бланк на праверку з допісам-удакладненнем “Дыктатар — Уладзімір Сіўчыкаў”! Вось так, замест дыктоўшчыка пабыў я крыху і дыктатарам.

— Сёлетні дый наступны гады ў нашай краіне абвешчаны гадамі малой радзімы. Кім адчуваеце сябе больш: мінчанінам або жо-дзінцам?

— Можа, здзіўлю вас, калі скажу, што… багуслаўцам. Справа ў тым, што апошнімі дзесяцігоддзямі ўсе мы ўсё больш дазнаёмся пра сваю гісторыю, пачынаючы ад уласных радаводаў, намагаемся найбольш даведацца пра шляхі свайго народа, сваёй зямлі і дзяржаў, якія на ёй існавалі.

Нарадзіўся я ў горадзе, адным з гістарычных найменняў якога было і Багуслаў Поле, што азначала Багуславаў горад, але з першых гадоў жыцця быў знітаваны з беларускай сталіцай: выхоўваўся ў кругласутачным дзіцячым садку чыгуначнікаў, што мясціўся пры парку імя Горкага, вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, вайсковую службу таксама давялося праходзіць у горадзе па-над Свіслаччу. Дый жыву ў ім стала ўжо сорак гадоў. Але і Жодзіна не забываю. Бываю там і з радасных, і з самотных нагод, магу пабачыць там сем’і стрыечных сястры і брата. Штогод абавязкова бываю там на Радаўніцу, наведваю матчыну і бабуліну магілы. Гэтае свята дае магчымасць згадаць і ўшанаваць тых, хто пайшоў ад нас у лепшы свет. Радаўніца мае ў беларусаў тысячагадовыя традыцыі, на яе не трэба нікога запрашаць ці прымушаць да ўдзелу. Да таго ж у гэты дзень ёсць шанс пабачыць сваякоў, сяброў, суседзяў… Апошні раз быў у Жодзіне ўлетку на юбілейнай выставе Уладзіміра Мікалаевіча Макарава, майго першага школьнага настаўніка малявання.

Стараюся дамагчыся, дарэчы, каб сетцы публічных бібліятэк, а таксама адной з вуліц горада надалі імя беларускага празаіка Івана Сіняўскага, жыццёвы лёс якога знітаваны з Жодзінам.

— Дзякуй за гутарку! Дазвольце пажадаць вам далейшых поспехаў, як творчых, так і вытворчых.

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алесі СІЎЧЫКАВАЙ
і з архіва Уладзіміра СІЎЧЫКАВА (партрэт пэндзля Арлена Кашкурэвіча, 2005 г.).