У верасні на Дні беларускага пісьменства ў Іванаве былі абвешчаны імёны пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія” за творы, напісаныя ў 2017 годзе. Сярод лаўрэатаў — Юлія Алейчанка (у намінацыі “Лепшы дэбют” за кнігу “Пад чароўным шкельцам”).
Прызнаюся шчыра: я вельмі парадаваўся за яе. Яе тонкая і разам з тым вострая, насычаная метафарамі паэзія парушае нашы прывычныя ўяўленні пра рахманую і слязлівую “жаночую паэзію”, а яе строгі і дасціпны погляд літаратурнага крытыка і літаратуразнаўцы проста не можа не захапляць. А яшчэ… яна вельмі маладая і прыгожая, што толькі дадае шарму ёй і яе прэміі.
Наша гутарка сёння — з паэтам, крытыкам, перакладчыкам Юліяй Алейчанка.
— Спадарыня Юлія, па традыцыі першае пытанне пра ваш бэкграўнд — жыццёвы і творчы. У якой сям’і нарадзіліся? Ці былі ў вашым юнацкім жыцці настаўнікі, якія на вас вельмі паўплывалі? Што ці хто вызначыў ваш лёс так, каб вы прыйшлі ў літаратуру?
— Нарадзілася я ў Оршы, што, напэўна, не магло не паўплываць у далейшым на характар маёй творчасці. Любіла хадзіць улетку на гарадзішча, дзе зліваюцца рэкі Аршыца і Дняпро. Марыць і часцяком нешта пісаць. Гэта маё месца сілы. І цяпер часам, заплюшчваючы вочы перад сном, бачу заліўныя берагі з белым профілем Ільінскай царквы.
Безумоўна, лунае заўсёды над горадам і вобраз Уладзіміра Караткевіча. Гэтая асоба яднае творчую інтэлігенцыю Оршы, прымушае цікавіцца беларускай літаратурай вельмі розных людзей.
Школьніцай я часцяком удзельнічала ў конкурсах і літаратурных вечарынах, якія ладзіліся ў музеі У.Караткевіча. Добра запомнілася, напрыклад, сустрэча з Паўлам Саковічам… Друкавалася ў “Аршанскай газеце”, потым — у “Зорьке”, “Раніцы”.
Мая мама — медык, бацька працуе на чыгунцы (хоць, што цікава, піша часам вершы “ў стол”). Будучы інтэлігентнымі людзьмі, яны вельмі шмат чыталі мне кніг. І казак, і даволі сур’ёзнай літаратуры. Вельмі ўдзячна ім, што заўсёды падтрымлівалі мяне ў творчых пошуках, ганарыліся поспехамі. Але былі і ў меру крытычнымі, строгімі. А яшчэ ніколі не пярэчылі майму жыццёваму выбару, выбару прафесіі.
— Ці можаце вы ўспомніць свой першы верш? Хоць бы некалькі радкоў, калі яны, канечне, не зусім дзіцячыя, напісаныя ў 10 гадоў, і не зусім інтымныя, напісаныя ў 14…
— Першы верш напісала ў 7 гадоў. І прысвечаны ён майму і па сённяшні дзень любімаму святу — Новаму году. Чакаю цуду, як і дваццаць гадоў назад…
— Вы і паэт, і літаратурны крытык, і літаратуразнаўца. Як ужываюцца ў вас усе гэтыя іпастасі? Яны, умоўна кажучы, проста суседнічаюць, мірна жывуць адна з адной ці варагуюць?
— Усе яны, канечне, дапаўняюць адна адну. Янка Купала прызнаваўся, што не пісаў годна, пакуль не пазнаёміўся з асновамі вершазнаўства. А калі шмат чытаеш, то міжволі выпрацоўваеш літаратурны густ. Але і дужа адказна пісаць самому, калі наважваешся крытыкаваць іншых.
— Што або хто вас найбольш вабіць у беларускай літаратуры? Можа, нейкія яе асобныя перыяды?
— Без сумненняў, мой любімы паэт Максім Танк — аўтар фенаменальна сучасных, глыбока філасафічных верлібраў. Уражвае яго ўласная міфалагічная сістэма, лаканічнасць і незвычайная энергія радка. Ён прайшоў праз вернасць. А мы?
— Пытанне пра дыскурс нашай літаратуры, ці (каб было больш зразумела нашаму чытачу) пра кантэкст. Разумею, што вы маглі б гаварыць пра гэта доўга. Але я спрашчу вам задачу, звужу сэнс пытання. Гэта дыскурс паміж мёртвай і жывой мовай, паміж мёртвым і жывым чалавекам, паміж мёртвай і жывой літаратурай?
— Паміж мёртвай і жывой мовай — адназначна. На жаль, любая мова развіваецца толькі дзякуючы яе актыўнаму ўжытку ва ўсіх сферах жыцця. Далёка не толькі ў сферы літаратуры і культуры. Вось і спрачаюцца часам нашы пісьменнікі за аўтарства неалагізма. Ці лаюць некага за мову архаічную…
Паміж мёртвай і жывой літаратурай… Не сказала б. Усё ж беларуская літаратура жывая. Хоць некаторыя, відавочна, паразітуюць на класіцы.
Ды і чалавек, герой, чытач — жывыя.
— Вы сапраўды лічыце, што наша літаратура жывая? Імёнамі? Творамі? Падзеямі?
— Так, я сапраўды так лічу. Не падабаецца мне гэты лямант пра смерць літаратуры ды адсутнасць вартых увагі творцаў. Мы чытаючая нацыя. І пры агульным зніжэнні цікавасці да кнігі ў сучасным грамадстве цікавасць да кнігі беларускай узрастае. Згадайце чэргі па кнігі Горвата і Марціновіча. Прымаючы ўдзел у літаратурных мерапрыемствах у рэгіёнах, таксама з прыемнасцю сустракаюся са шчырай цікавасцю людзей. Перакладаюць беларускіх пісьменнікаў і на многія мовы свету. Атрыманне Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі яшчэ больш павысіла гэтую цікавасць. А цяпер атрымаем і фільм, зняты па рамане папулярнай сагі Людмілы Рублеўскай.
Не адмяняе гэта, канечне, і праблем з выданнем кніг, кніжнай рэкламай і сістэмай іх рэалізацыі, праблем з літаратурнымі часопісамі і г.д. Але тое, што ёсць дынаміка і такі важны творчы неспакой, — адмаўляць нельга.
— Якое пытанне, вы лічыце, было і застаецца найбольш актуальным для нашых пісьменнікаў? Што рабіць? (Гэта, натуральна, з рускай літаратуры.) Дзе яно? (А гэта ўжо, здаецца, з Гарэцкага.) Ці якое іншае? Кім быць? Панам ад сахі і касы ці шляхціцам? Дзе быць? У вёсцы, у горадзе ці на асфальце з сенам? Як быць? Шляхціцам Завальнем ці Васілём з Ганнай?
— Усе названыя пытанні надзвычай актуальныя і сёння. З вясковасцю (сталічнасцю) мы ўжо, дзякуй богу, разабраліся. Тыя з выбітных пісьменнікаў, хто сапраўды нарадзіўся ў вёсцы, пішуць пра яе нязмушана і натуральна. А гарадская моладзь нарэшце перастае гуляць з пустым пафасам, а стварае свой урбаністычны космас.
— Спадарыня Юлія, наколькі мне вядома, вы нядаўна былі ў Туркменістане. Якое самае цікавае ўражанне адтуль для сябе прывезлі?
— У студзені гэтага года я прымала ўдзел у святкаванні Дзён культуры Беларусі ў Туркменістане. Гэтая загадкавая і даволі закрытая краіна многім цікавая і ўнікальная. Сваёй захаванай ідэнтычнасцю, традыцыямі, светаўспрыманнем, літаратурнымі пошукамі. Яшчэ наш вядомы вандроўнік Аляксандр Ходзька запісаў і адкрыў свету творы Махтумкулі, Кемінэ, эпас “Кёр-аглы”. Ды і візіты Алега Лойкі, Алеся Адамовіча, Янкі Сіпакова, Алеся Жука ў Туркменістан пакінулі след у беларускай літаратуры ў выглядзе дзённікаў-успамінаў, эсэ, нататак.
Здзіўляе Ашхабад сваім велічным спакоем, маштабам белакаменных гмахаў, паўсюднымі зялёнымі пасадкамі ў абрамленні шырокага горнага пояса. Надзвычайнай чысцінёй. Вулічных рабочых вы ўбачыце тут амаль кругласутачна. А вось звычайных мінакоў — нячаста. “Калі жанчына без нагоды гуляе — значыць домам не займаецца. А мужчына сям’ю забяспечваць павінен”, — тлумачаць мясцовыя жыхаркі. Практычна ўсе яны апрануты ў нацыянальныя касцюмы, якія складаюцца з доўгай сукенкі з багатай вышыўкай і хусткі з узорам бута альбо цюбецейкі (у залежнасці ад сямейнага становішча гаспадыні). Характэрна, што тут ніколі не насілі паранджу і чачван.
Прымаць гасцей для туркменаў — вялікі гонар. Беларуская прымаўка “Госць у хаце — Бог у хаце” вельмі добра апісвае асаблівасці менталітэту туркменаў. Экскурсія ва ўнікальны культурны комплекс “Белая юрта”, саляныя шахты, выступленні легендарных ахалкецінскіх скакуноў… Знаёміць з краінай трэба ж і праз прыроду, кухню, нязмушаныя зносіны з людзьмі.
— Якімі перакладамі займаліся вы ў апошні час? Хто найбольш натхніў?
— Цікава было працаваць над вершамі сучасных пісьменнікаў. Хочацца адзначыць творчасць расійскага пісьменніка, выдаўца, кіраўніка культурных праграм Андрэя Каровіна. Ён цікава гуляе з сэнсамі, літаратурнымі алюзіямі, афарызмамі:
персікі гэта і ёсць
вечна непадзельныя каханкі
ўсе рамэа-джульеты
ўсе петраркі-лауры
ды іншыя кавалеры-дэ-грые
пасля смерці сталіся персікамі
гэта такі іх пасмяротны рай
Таксама імпануюць своеасаблівыя верлібры ды вершы ў прозе ўкраінкі Лесі Мудрак. Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю па эратычнай лірыцы, яна і ў творчасці памежна шчырая. А яшчэ пяшчотная і па-сапраўднаму жаноцкая ў сваёй мудрасці:
Апрані!
За шаўковым полагам
Захавай мяне ўпершыню!
Рыбы з’ядналі вочы —
Супольнае вока, якое — вось —
пабольшае…
Я хачу выгінацца
данайскім дажджом,
кідацца вопраткай.
Ты хоць раз апрані:
распранаць — заўжды чэргі…
— І апошняе. Можа быць, самае галоўнае. Пра вашу кніжку “Пад чароўным шкельцам”. Калі ласка, патлумачце сваю метафару. Які для вас самы дарагі верш з яе? Як ён нарадзіўся?
— Чароўнае шкельца — той каляровы аскепак шкла, пад якім усе мы ў дзяцінстве хавалі свае “сакрэцікі”. У метафарычным сэнсе — нашы юначыя мары, да якіх вяртаемся праз шмат гадоў.
Самы дарагі для мяне верш сімвалічна змешчаны ў кнізе першым. Напісаны ён у вельмі цяжкі, пераломны перыяд жыцця, калі надышоў час рабіць лёсавызначальны выбар:
Я павінна прысыпаць
Шэрым друзам будзённасці
Агмень майго палкага сэрца,
Бо аднойчы ён шугане
І спаліць мяне дашчэнту.
Я павінна змяшаць
Галасы маёй пеннай вясны
З гукамі рэпрадуктараў,
Бо іх можа пачуць
Няўмольны натоўп.
Я павінна забыцца
На ласкавыя вусны і жаданыя рукі,
Бо аднойчы ў сне
Яны задушаць мяне.
Я павінна жыць,
Быццам нічога і не адбылося,
Бо рака жыцця выкідае на бераг
Слабых і непасталелых.
— Вялікі дзякуй вам за гутарку! Творчага плёну і ў далейшым!
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.