Для такога слухача — спяваць, спяваць і спяваць!

Доўгачаканыя сустрэчы, прыемныя адкрыцці, знакамітасці з 10 краін свету! Геаграфія фестывалю, як заўжды, уразіла: Беларусь, Украіна, Расія, Казахстан, Італія, Польшча, Літва, Вялікабрытанія, ЗША і нават Чылі. Як адзначыла вядучая фестывалю музыказнавец з Мінска Іна Зубрыч, той, хто хаця б аднойчы выступіў тут, адразу становіцца любімым і атрымлівае статус ганаровага ўдзельніка. Заўсёды застаецца загадкай, як той ці іншы выканаўца прачытае ўжо вядомы твор. 

— Я ў захапленні ад фестывалю, — сказала аўтару гэтых радкоў Іна Ігараўна. — Ён ладзіцца ўжо столькі гадоў, і кожны раз такія цудоўныя праграмы, выдатныя музыканты і спевакі! Многіх з іх не пачуць нават у сталіцы! Чаму яны прыязджаюць у Брэст? Што іх тут прываблівае? Па-першае, цудоўная арганізацыя. Тут іх акружаюць такой цеплынёй і клопатам, што яны адчуваюць сябе роднымі. Па-другое, цікавасць да высокага мастацкага майстэрства. Музыканты ахвотна мяняюць свой графік, каб трапіць у Брэст. Па-трэцяе, праграмы ствараюцца так, каб кожны раз было нешта нечаканае. Глядзіце, якая панарама атрымалася зараз: сімфанічныя аркестры, оперныя арыі, канцэрты камернай музыкі, вечар джаза, калядны баль… Вялікі ўклад належыць заслужанаму дзеячу мастацтваў, стваральніку і мастацкаму кіраўніку фестывалю Ліліі Батыравай. Плюс да ўсяго — добрая падтрымка з боку старшыні аргкамітэта кіраўніка Брэстчыны Канстанціна Сумара.

Трэба сказаць, што такія цёплыя, узнёслыя, яркія музычныя вечары атрымаліся і дзякуючы іх вядучай. Іна Зубрыч ніколі не выйдзе на сцэну, не пазнаёміўшыся з выканаўцам асабіста, таму ёй няма патрэбы вучыць тэкст на памяць або чытаць з паперы — яе словы ідуць ад сэрца. Прыемны, чысты голас Іны Ігараўны таксама гучаў са сцэны як песня.
— Камусьці музыка дорыць сілы і бадзёрасць духу, да кагосьці прыходзіць у цяжкія моманты жыцця як суцяшэнне і мудрая парада. Адны ўспрымаюць яе як прыемную забаву, для іншых яна мае глыбокі маральны сэнс… Але ёсць у музыкі яшчэ адна якасць: яна збліжае людзей, — заўважыў на адкрыцці фестывалю Канстанцін Сумар. — Штогод музычны форум збірае ў Брэсце сапраўдных аматараў класікі — людзей рознага ўзросту і прафесій. Дзякуючы адкрытасці публікі і яе здольнасці суперажываць, удзельнікі фестывалю вельмі любяць выступаць на гэтай сцэне.

Гэта пацвярджаюць і самі музыканты, кожнага з якіх зала сустракала вельмі горача. Упершыню на брэсцкай сцэне выступіў Вадзім Кравец (бас), лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Марыінскага тэатра оперы і балета.
— Мне добра спявалася ў Брэсце, — сказаў ён праз некалькі хвілін пасля выступлення. — Публіка вельмі цёплая, мне спадабалася! На жаль, не паспеў паглядзець горад. Спяшаюся на цягнік, бо заўтра спектакль у Санкт-Пецярбургу.
— У Вадзіма вельмі добры голас. Лічу, ён годна выступіў на фестывалі, — засведчыла яго калега па Марыінскім тэатры Ірына Багачова, адзначыўшы, што брэсцкі слухач сапраўды разумее і любіць музыку, а такое сустракаецца не ў кожным горадзе. — Тут людзі вельмі добрыя, сапраўдныя. Дабрыня — тое, што адрознівае беларусаў. У мяне шмат сяброў і студэнтаў з вашай краіны. Я іх вельмі люблю, таму ахвотна прыехала сюды.
Ірына Пятроўна працуе ўжо паўстагоддзя. З’яўляецца ганаровым грамадзянінам Санкт-Пецярбурга, мае ордэн Дружбы народаў і ордэн “За заслугі перад Айчынай” ІV ступені.
— 30 гадоў назад я пабываў на выступленні Ірыны Багачовай падчас прэм’еры “Пікавай дамы”, — расказаў галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Брэсцкага тэатра драмы Аляксандр Сасноўскі. — Тады я вучыўся ў Санкт-Пецярбургу. Сёння, праз тры дзесяцігоддзі, мне было вельмі прыемна зноў пачуць Ірыну Багачову, тым больш на брэсцкай сцэне.

Трэба сказаць, аркестр Аляксандра Сасноўскага быў у цэнтры ўвагі апошняга фестывальнага канцэрта. Гэта з ім іграў вядомы італьянскі флейтыст Антоніа Амендуні, пад яго акампанемент спявалі даўно любімы Брэстам італьянскі тэнар Дамінга Стасі і тэнар з Чылі Хуан Пабла Дзюпрэ Фернандэс, які прыехаў на “Студзеньскія музычныя вечары” ўпершыню.
— Мне спадабаўся гэты горад і людзі. Вельмі шчаслівы выступіць на гэтым фестывалі, — прызнаўся чыліец, які браў урокі ў прыватнай школе, заснаванай Лучана Павароці. — Я спяваў у Брэсце з вялікай радасцю. Спадзяюся, гэтая радасць перадалася ўсім слухачам. Хачу адзначыць высокую якасць выканання іншых удзельнікаў, разнастайнасць рэпертуару і музычных інструментаў.
— Для спевака вельмі важна, каб яго любіў глядач, тады ён гатовы аддаваць больш, чым можа. Брэст жа прымае мяне так, што хочацца спяваць, спяваць і спяваць… Любоў гледача нічым не купіш. Ніякімі званнямі! — заўважыла ў сваю чаргу прыма Вялікага тэатра Расіі Ганна Аглатава, якая таксама спявала пад акампанемент аркестра Аляксандра Сасноўскага.

Ёй апладзіравалі слухачы Германіі, Бельгіі, Швейцарыі, Галандыі, Італіі, Латвіі, Эстоніі, Грэцыі… У гісторыі “Студзеньскіх музычных вечароў” гэта было ўжо трэцяе выступленне сусветна вядомага сапрана. Два гады назад яна прыязджала сюды на пятым месяцы цяжарнасці! Як высветлілася, сёння маладая маці выхоўвае сына Сімона.
— Ён не вельмі любіць слухаць спевы — яму больш падабаецца спяваць, — расказала Ганна Аглатава. — А сімфанічную музыку можа спакойна слухаць па паўгадзіны! Спадзяюся, сын будзе музыкантам, дырыжорам ці спеваком. Ён музыкант у чацвёртым пакаленні, бо па лініі майго бацькі ўсе музыканты: дзед быў гітарыстам, дзядзька-акардэаніст мае абсалютны музычны слых. Тата таксама вучыўся спяваць, але не стаў працаваць спеваком. Я ж спачатку атрымала спецыяльнасць піяністкі, нават на конкурсах перамагала.

Ганна Аглатава вельмі любіць спяваць джаз і мела такі вопыт на вялікай сцэне. А яшчэ яна з задавальненнем спявае оперныя спектаклі, падчас якіх зусім не хвалюецца. Пасля фестывалю яна спяшалася зноў у Маскву, бо ўдзельнічае ў рэпетыцыях “Царскай нявесты” Рымскага-Корсакава.
— Фестываль запомніўся сустрэчай з выканаўцамі, з якімі я выступаў у мінулы раз, а таксама новым творчым узаемадзеяннем, — расказаў наш зямляк з Драгічына Юрый Блінаў (вядомы піяніст, кампазітар, педагог, даследчык музыкі). — Мне выпаў гонар выступаць разам з Антоніа Амендуні, і я вельмі гэтаму рады. У мяне не так многа вопыту выступленняў з флейтыстамі — я больш прывык саліраваць. На гэты раз я таксама шмат іграў сола, акампанаваў выдатнаму барытону з Вялікабрытаніі Луку Гайдучэні. Такім чынам, гэты фестываль прынёс мне шмат разнастайных творчых адчуванняў.
Трэба сказаць, што гэты доктар музычных мастацтваў шмат часу праводзіць за мяжой, але заўжды рады выступіць на радзіме з чарговым творчым праектам. Дарэчы, 29 мая — 1 чэрвеня гэтага года ён плануе правесці ў Драгічыне І Міжнародны конкурс юных музыкантаў “Палескі агеньчык”. Пераможцы будуць вызначацца ў дзвюх катэгорыях: фартэпіяна і баян. Журы ж узначаліць выдатны піяніст свету прафесар Барыс Блох!

Згаданы спявак Лука Гайдучэня прадстаўляў на фестывалі яшчэ і Польшчу, бо нарадзіўся і вырас у Торуні. А вось яго бацька-святар лічыць сябе беларусам, паколькі паходзіць з вёскі Часаўка, што на тэрыторыі польскай Белавежскай пушчы.
— Родная мова бабулі і дзядулі з татавага боку — беларуская. Бацька размаўляе на чыстай беларускай мове, — расказаў барытон. — У Брэсце ж у мяне жыве добры сябар, да якога часам прыязджаю ў госці. Вось і на гэты раз мы разам з яго сям’ёй сустракалі тут Ражджаство. Пазнаёміліся падчас вучобы на багаслоўскім факультэце Варшаўскай акадэміі, калі я адначасова вучыўся ў кансерваторыі.
Калі Лука Гайдучэня быў дэбютантам фестывалю, лаўрэат міжнародных конкурсаў Саламія Прыймак на “Студзеньскіх музычных вечарах” выступала не ўпершыню. Як і ён, сапрана Кіеўскага тэатра аперэты спявала пад акампанемент дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Беларусі (галоўны дырыжор Аляксандр Анісімаў). Запомнілася слухачам выступленне і многіх іншых выканаўцаў, сярод якіх некалькі квартэтаў.
Напрыклад, у творчым калектыве “Канон” спяваюць заслужаная артыстка Беларусі Тамара Цевасян, Вольга Пылік, Дзмітрый Гардзееў і Анатоль Багданаў, які і стварыў “Канон” у ліпені 2010 года. Былы ўдзельнік ВІА “Сябры”, ён, дарэчы, загадвае музычнай часткай заслужанага калектыву Беларусі Брэсцкага тэатра лялек.

Таксама дэбютавалі на фестывалі “Сілезскі квартэт” (Польшча) і “Новы Рускі квартэт” (Расія). У апошнім удзельнічала наша зямлячка Юлія Ігоніна (першая скрыпка), якая нарадзілася ў Маладзечне, вырасла ў Мінску і закончыла там музвучылішча.
— Прыемна, што канцэрты “Студзеньскіх музычных вечароў” збіраюць поўную залу. Мяне ўразіла, што гледачы ад пачатку да канца слухаюць вельмі ўважліва. Пэўна, яны заўжды вельмі чакаюць сустрэч з музыкантамі, — прызналася Юлія Ігоніна.

“Новы Рускі квартэт” прывёз у Брэст вялікую праграму — “Струнны квартэт № 2” П.І.Чайкоўскага. На працягу 45 хвілін гучання твора з 4-х частак гледачы чуйна суперажывалі таму, што адбывалася на сцэне.
Удзел у фестывалі джаз-квартэта з ЗША стаў сенсацыяй. Бадай, самы папулярны трубач сучаснасці прыехаў з сусветна вядомымі польскімі музыкантамі, сярод якіх Павел Паньта (кантрабас), Філіп Вайчахоўскі (фартэпіяна) і Павел Дабравольскі (ударнік). На фестывалі гэты калектыў прэзентаваў музычны дыск “Сонечнае зацьменне”, які склалі кампазіцыі, напісаныя Гары Гутманам.
— Думаю, выключнасць стылю маёй ігры заключаецца ў рамантызме, — заўважыў Гары. — У ігры я спалучаю музычную культуру розных народаў: амерыканскую, яўрэйскую, польскую… Гэта рамантычны джаз. Мне заўжды падабаўся гук трубы. Ён нібыта ідзе з душы.
— Я прывёз на фестываль Шапэна і Баха ў джазавай апрацоўцы, — расказаў Філіп Вайчахоўскі, які праславіўся тым, што, атрымаўшы класічную адукацыю, перайшоў на высокі ўзровень свабоднай імправізацыі. Дарэчы, выдатны музыкант з Варшавы паведаміў, што мае беларускія карані.
Такім чынам, 26-я музычныя вечары ў Брэсце запомніліся як слухачам, так і выканаўцам. Значыць, да наступнага свята Высокага Мастацтва! Да новых сустрэч з Прыгожым!

Алена ГАРМЕЛЬ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.