Апошнім часам у сродках масай інфармацыі ўсё часцей узнімаюцца пытанні генацыду. Разважаючы аб яго праяўленнях і распаўсюджванні, навукоўцы абапіраюцца на факты сучаснасці і гістарычнага мінулага.
Само паняцце “генацыд” з’явілася ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Адзначыў рысы генацыду, вызначыў яго праяўленні Рафал (Рафаэль) Лемкін. Пра гэтага чалавека шмат напісана навуковых прац. Імя філосафа вядома ў многіх краінах свету, але, на жаль, не на сваёй малой радзіме. У Парыжы яму ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Чаму Рафала Лемкіна так цікавілі пытанні генацыду? Паспрабуем знайсці адказ у яго дзяцінстве.
Нарадзіўся Лемкін на Зэльвеншчыне ў 1900 годзе ў вёсцы Бязводна. У сваёй аўтабіяграфіі Рафал піша, што гэта была польска-яўрэйская сям’я. Бацька, Іосіф, быў кіраўніком у маёнтку. Маці, Бэла Памеранц, займалася хатняй гаспадаркай і навучаннем дзяцей: Ільі, Самуіла і Рафаэля. Яна мела даволі добрую адукацыю: валодала некалькімі замежнымі мовамі, музіцыравала, малявала. Каб развіваць памяць сваіх сыноў, выкарыстоўвала вельмі просты метад: вершы, паданні, казкі яна расказвала на мове арыгінала.
Ужо ў 14 гадоў Рафал размаўляў на французскай, іспанскай, рускай мовах, іўрыце (усяго за сваё жыццё авалодаў 14 мовамі). Цікавіўся работамі Ніцшэ. Асабліва захапляла паэзія Сямёна Якаўлевіча Надсана. Ужо ў сталым узросце Лемкін адзначыць, што творчасць Надсана і сфарміравала погляды юнака на жыццё. “У вершах паэта я знаходзіў “тлумачэнне смерці”, — так пісаў Рафал.
Сям’я мела добрую бібліятэку. Там і праводзіў вольны час. Справы ў маёнтку яго зусім не цікавілі.
У 12 гадоў прачытаў першыя творы Генрыка Сянкевіча. Уразіла кніга “Камо градзешы”, з якой даведаўся пра пераследаванні хрысціян рымскім імператарам Неронам. Пачаў цікавіцца праяўленнем насілля ў гісторыі чалавецтва: пунічнымі войнамі, мангола-татарскім нашэсцем, пераследаваннем гугенотаў у Францыі, гандлем рабамі. Ды і само жыццё ўвесь час прымушала думаць аб існуючай варожасці паміж людзьмі, якая можа ўзнікнуць па рэлігійных, нацыянальных, расавых прыкметах.
У аўтабіяграфіі “Купляючы права на жыццё” Лемкін піша, што сям’я пражывала ў маёнтку “Азерыск” (каля Бязводна, на тэрыторыі, якая гістарычна называлася Літвой). Аддаленасць ад буйных гарадоў зберагла родных ад яўрэйскіх пагромаў, якія былі частай з’явай у Расійскай імперыі. Але ў Азерыск нярэдка прыязджалі людзі з паліцыі. Пасля такіх наведванняў бацькі былі засмучаны, таму што за спакойнае жыццё прыходзілася даваць хабар.
Падчас Першай сусветнай вайны летам 1915 года Бязводна апынулася ў зоне актыўных баявых дзеянняў. Усё самае каштоўнае, у тым ліку і бібліятэку, Лемкіны закапалі ў лесе і там жа знайшлі сабе часовы прытулак. Прадбачлівым учынкам захавалі сабе жыццё. Нямецкім снарадам быў знішчаны дом, а затым захопнікі разбурылі тое, што яшчэ ўцалела.
Калі фронт адышоў ад Бязводна, вярнуліся назад у маёнтак, ад якога амаль нічога не засталося. Пачынаецца голад. Памірае брат Самуіл. Апошняя смерць асабліва ўразіла Рафала. Усё часцей ён задае сабе пытанні “Чаму людзі забіваюць адно аднаго?”, “Чаму адбываюцца войны?”, “Адкуль такая жорсткасць?”. Праз усё сваё жыццё ён пранясе гэтыя пытанні і паспрабуе адказаць на іх.
Пасля такой трагедыі сям’я пераязджае ў Ваўкавыск, а Рафал пачынае самастойнае жыццё. Вучоба ў Беластоку, затым — на факультэце права Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, юрыдычным факультэце Львова. Доктарскую дысертацыю абараніў у Германіі. Адначасова займаецца судзебнай практыкай, працуе памочнікам пракурора ў Беражанах, затым выкладае ва ўніверсітэце Варшавы. Тыя справы, якія разглядаў Лемкін, а таксама падзеі ў свеце замацоўваюць мэту маладога чалавека прысвяціць жыццё вывучэнню праблем масавага знішчэння людзей. Пачынае даследаваць міжнароднае права з мэтай стварыць законы, якія б абаранялі прыгнечаныя народы і каралі злачынцаў.
Пытанне “варварства” ён узнімае на шматлікіх міжнародных кангрэсах. На канферэнцыі ў Мадрыдзе ў 1933 годзе прапанаваў распрацаваць міжнародную канвенцыю супраць генацыду. Праз два гады прадстаўляе асабісты праект і азначэнне паняцця “тэрарызм”.
1 верасня 1939 года Германія нападае на Польшчу. Лемкіна прызываюць у войска. Удзельнічае ў абароне Варшавы, быў паранены. Уцякае ад нацыстаў у Швецыю. Вясной 1941 года пераязджае ў ЗША. У 1942—1943 гадах піша сваю самую значную працу — “Правіла восі ў акупіраваннай Еўропе”, у якой даў азначэнне паняцця “генацыд”. Паняцце мае грэчаскія карані. “Генос” (“род”, “радзіма”, “племя”, “народ”) — сацыяльная група, якая мае агульнае паходжанне. Суфікс “цыд” паходзіць ад лацінскага caedo — “забіваць”, “біць”. Паводле Лемкіна, генацыд — арганізаванае дзеянне, накіраванае на знішчэнне нацыі ці этнічнай групы праз “расшчапленне”, арганізацыі, культуры, мовы, нацыянальнай самасвядомасці і рэлігійнай, эканамічнай асновы існавання, а затым пазбаўленне бяспекі, свабоды, здароўя, чалавечага гонару і ў канчатковым выніку — жыцця.
На Нюрнбергскім працэсе Лемкін — саветнік Роберта Джэксана, галоўнага абвінаваўцы з боку ЗША злачынстваў фашысцкай Германіі. З 1946 года быў кансультантам Прававога камітэта ААН. Адзін з аўтараў Канвенцыі аб папярэджанні злачынстваў генацыду, больш вядомай як “Канвенцыя Лемкіна”. Выкладаў у Іельскім універсітэце ЗША. Двойчы выстаўляўся на атрыманне Нобелеўскай прэміі.
Рафаэль Лемкін — вядучы тэарэтык ХХ стагоддзя. Ён сцвярджаў, што выхаваны ў яўрэйскіх традыцыях, але не належыць да якой-небудзь нацыянальнасці ці рэлігіі. Лічыў сябе грамадзянінам свету. Так і не стварыў сям’ю. Усё жыццё памятаў адказ маці на яго пытанне “Чаму хрысціян пераследавалі рымляне?”.
“Прыгнечаныя народы не могуць звяртацца за абаронай”, — такі быў адказ Бэлы.
Змаганню з праяўленнямі генацыду, выкрыццю іх каранёў ён і прысвяціў сваё жыццё. Памёр у 1959 годзе. Рафаэль Лемкін быў сціплым чалавекам. Матэрыяльныя каштоўнасці яго не цікавілі. На жаль, яму не ўдалося дабіцца пастаўленай мэты, але на гістарычнай радзіме ідэі, погляды Рафала Лемкіна сталі не марай, а рэальнасцю.
Лілія СІДОРКА,
кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Светач” сярэдняй школы № 3 Зэльвы.