Мудрамер. Версія 20.19.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ўжо доўгі час успрымаецца ці не адным з самых адкрытых для эксперыментаў дзяржаўных калектываў, які актыўна працуе з сучаснай беларускай драматургіяй. Але нават калі “новая драма” вас не натхняе, а слова “эксперымент” палохае, не варта выкрэсліваць РТБД са свайго культурнага марштруту. Калектыву ёсць што прапанаваць прыхільнікам традыцыйнага тэатра і тым, хто хоча адпачыць у глядзельнай зале пасля напружанага працоўнага дня.

Папсуева — Людміла Сідаркевіч, Мурашка — Валянцін Салаўё ў , Вяршыла — Андрэй Дабравольскі, Міралюбаў — Ілья Ясінскі.

У сярэдзіне студзеня рэпертуар РТБД папоўніўся спектаклем “Мудрамер” па сатырычнай камедыі Мікалая Матукоўскага. Калі свае “эксперыментальныя” пастаноўкі тэатр адрасаваў пераважна маладой аўдыторыі, то “Мудрамер” у рэжысуры мастацкага кіраўніка калектыву Аляксандра Гарцуева ўпадабаюць, хутчэй за ўсё, гледачы больш сталага веку. Магчыма, тыя, хто добра памятае канец 80-х, калі і была напісана камедыя М.Матукоўскага.

“Мудрамер” быў пастаўлены на сцэне Купалаўскага Валерыем Раеўскім у 1987 годзе, і ўжо хутка п’еса ішла ці не ва ўсіх абласных тэатрах Беларусі, а праз год на экраны выйшла знятая на “Беларусьфільме” Валерыем Панамаровым аднайменная кінастужка. Можна выказаць меркаванне, што папулярнасць гэтай камедыі ў канцы 80-х была абумоўлена сакавітай сатырай, з якой паказвалася становішча спраў у савецкай краіне, зразумеласцю і выразнасцю канфлікту, дзе “невуцтва процістаіць адукаванасці, дурнота — інтэлекту, бяздарнасць — таленту, творчая ініцыятыва — бюракратычнай коснасці, руціне” (Пятро Васючэнка).

Безумоўна, Аляксандр Гарцуеў заўважна апрацаваў тэкст М.Матукоўскага. Асобныя сцэны камедыі ў спектаклі выразаны, напрыклад, візіт да міністра дырэктара фабрыкі Крутой, які б толькі запаволіў дзеянне. Састарэлыя рэаліі і лексіку ў “Мудрамеры” замянілі на актуальныя, дадалі пазнавальных рэкламных мемаў, а замест “Слаўся” з “Івана Сусаніна” Глінкі як музычны эквівалент геніяльнасці выкарысталі больш знаёмую сённяшнім гледачам па гімне Еўрасаюза “Оду да радасці” Бетховена. Універмаг ператварыўся ў гандлёвы цэнтр, навукова-даследчы інстытут мудраметрыі — у дзяржаўны камітэт, і зала смяецца, пачуўшы ад намесніка міністра Міралюбава, што сартоўка смецця — гэта “наша забота, а не енота”. Але ўсе гэтыя праўкі выглядаюць цалкам натуральна, не кантрастуюць з астатнім тэкстам, рэплікамі герояў, бо як не змянілася ў свеце сутнасць бюракратыі і дурноты, так не змянілася і яе мова.

Сцэна са спектакля “Мудрамер”.

Персанажы “Мудрамера” і адносіны паміж імі, як і тэкст, зведалі пэўны апгрэйд. Прадстаўнікі чыноўніцтва, людзі-“функцыі” з гаворачымі прозвішчамі, набылі ў спектаклі Аляксандра Гарцуева асобныя рысы, якія зрабілі іх больш жывымі. Рэжысёр ускладніў адносіны паміж міністрам узгадненняў Вяршылам (Андрэй Дабравольскі) і яго першым намеснікам Папсуевай (заслужаная артыстка Беларусі Людміла Сідаркевіч): падчас перакураў яны ператвараліся ў Віцю і Тому, раскрывалі нефармальны бок сваіх адносін. Станавілася зразумела, што гэтая парачка, верагодна, працуе тандэмам, падтрымліваючы адно аднаго на сваіх пасадах не першы год. Пікантную і дастаткова стэрэатыпную дэталь да вобраза міністра дадаў Аляксандр Гарцуеў праз рамантычныя адносіны Вяршылы з сакратаркай Нюрай (Настасся Баброва), карыкатурнай бландзінкай са спакуслівымі формамі і доўгімі ружовымі пазногцямі. У выніку міністр у выкананні Андрэя Дабравольскага, вельмі фактурнага, характарнага артыста, якога рэдка можна бачыць у галоўных ролях, паўстаў гэтакім “выхадцам з народа”, бюракратам “з чалавечым тварам” і пачуццямі, быццам нядрэнным, не пазбаўленым здаровага сэнсу, але вельмі ўжо адданым сістэме.

Прадстаўніком сучаснай генерацыі чыноўніцтва ў “Мудрамеры” выглядае Міралюбаў (Ілья Ясінскі). Другі намеснік міністра нават выяўляе пэўную экалагічную свядомасць, аднак яму не хапае ці то энергіі, ці то асаблівага жадання па-сапраўднаму супрацьстаяць відавочнай дурноце, яркім выразнікам якой з’яўляецца яго калега Папсуева.

Першы намеснік міністра, здаецца, менш за ўсіх астатніх функцыянераў пацярпела ад часу ў спектаклі Аляксандра Гарцуева. Можна сказаць, менавіта ў гэтым персанажы рэжысёр паказаў адну з тэматычных дамінантаў пастаноўкі — нязменнасць бюракратыі, яе ладу мыслення. Нават візуальнае рашэнне вобраза Папсуевай, ад касцюма (мастачка Марына Алекна) са значком “Ударнік сацыялістычнай працы” на лацкане жакета да прычоскі гераіні, манера трымаць сябе, гаварыць, адсылаюць да савецкіх часоў. Як і ў выпадку з Вяршылам, Аляксандр Гарцуеў надае Папсуевай асобныя рысы, што робяць гэты тып больш “чалавечым”. Заспетая Мурашкам за выпрабаваннем мудрамера, які бязлітасна выкрывае яе дурноту, намеснік міністра нема моліць вынаходніка не выдаваць сябе. Але як толькі небяспека мінула, Папсуева з узмоцненым імпэтам накідваецца на Мурашку і яго апарат. Дарэчы, рэжысёр прысудзіў першаму намесніку міністра ступень доктара навук і ператварыў з “ПД” (вышэйшая ступень дурноты ў Матукоўскага) проста ў “Д”. Дурні ў спектаклі Гарцуева сталі больш адукаванымі і… больш небяспечнымі.

Загуменная — Таццяна Мархель, Вяршыла — Андрэй Дабравольскі.

Калі Папсуева гэта, так бы мовіць, квінтэсэнцыя самага дрэннага, што захавалася-закансервавалася з 80-х гадоў, то здольнасць дурноты ўзнікаць у новых формах цудоўна прадэманстравана ў вобразе Залівакі (Максім Паніматчанка). Гэты персанаж, бадай, адзіны, чый касцюмчык выкрывае ў ім сучасніка. “Малады ды інавацыйны” Залівака бурліць энергіяй і самаўпэўненасцю, якія пераконваюць не менш за шматлікія пячаткі на яго паперах.

Носьбіты таленту і народнай мудрасці, вынаходнік Мурашка ды бабуля Загуменная, не самыя значныя персанажы ў Матукоўскага, але выканаўцы гэтых роляў, заслужаны артыст Беларусі Валянцін Салаўёў і народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, нават у эпізадычных з’яўленнях на сцэне прыцягвалі да сябе ўвагу. Натураль-насць і шчырасць, нейкая дзіцячая наіўнасць Мурашкі-Салаўёва асабліва кантраставала з гратэскавымі вобразамі чыноўнікаў, а Таццяне Мархель, якая выйшла на сцэну ў прэм’ерных паказах акурат напярэдадні свайго 80-годдзя, здаецца, нават не трэба было нічога іграць, настолькі арганічнай выглядала яе Кацярына Антонаўна. Пастаноўку Аляксандра Гарцуева ўвогуле можна назваць акцёрскім спектаклем: у выканаўцаў няма асаблівай патрэбы ў паўтонах ды нюансах, але прасторы для куражу — багата. Напрыклад, Людміла Сідаркевіч, вытанчаная і арыстакратычная актрыса, якая апошнім часам пераважна выконвае ролі трагічных гераінь, у ролі Папсуевай раскрыла камічныя рысы свайго таленту, а Ілья Ясінскі сарваў апладысменты танцам у адной з апошніх сцэн спектакля.

У “Мудрамеры” Аляксанда Гарцуева пры ўсіх згадках сучасных рэалій і выкарыстанні адпаведнай лексікі злучаюцца прыкметы розных дзесяцігоддзяў, ад чаго ўзнікае адчуванне змяшэння эпох, нейкага ліхалецця або спыненага часу. Гэтае ліхалецце, безгаспадарчасць, развал выразна ўвасоблены ў сцэнаграфіі Юрыя Саламонава. Па сцэне раскідана смецце, таму і сакратарка, і міністр вымушаны хадзіць у гумавых ботах, а пасярэдзіне, на выспачцы станка, збітага з замшэлых дошак і пакрытага ўжо дзе-нідзе абтрапаным і брудным зялёным сукном стала бюракрата, месціцца Міністэрства ўзгадненняў. Старасвецка-савецкага ўзору тэлефон, настольны каляндар, ручка (праўда, “Паркер”) ды прэс-пап’е, павялічаныя да несувымерных з ростам чалавека памераў, як і такія ж вялізныя заявы, вельмі проста і даходліва даводзяць: чалавек нішто ў свеце папер, рэзалюцый, пячатак. Грамадства замест пабудовы сацыялізму можа асвойваць лічбавыя тэхналогіі, але сутнасць бюракратыі і ўзровень дурноты застаюцца тымі ж самымі. А можа, нават і большымі. І сутыкненне з імі з’яўляецца фатальным для таленту, для Мурашкі — бюракратычная валтузня натуральна забівае вынаходніка. Затое пасля смерці ўсе неабходныя ўрачыстасці яму будуць забяспечаны: ад ганаровай варты з чыноўнікаў да чырвоных гваздзікоў.

Кацярына ЯРОМІНА.