ДТБА не пагражае ДМБ!

Драматычнаму тэатру Беларускай Арміі прысвоена званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. Такім рашэннем Савет Міністраў ацаніў яго ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, дасягненні ў галіне мастацтва на працягу паўтара дзясятка гадоў, прызнанне гледачоў дома і за мяжой, салідны вопыт выхавання творчай моладзі.

Сцэна са спектакля “Тры сястры”.

З гэтай нагоды кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Драматычнага тэатра Беларускай Арміі Алена Давыдава адзначыла: “У Мінску ёсць каля чатырох дзясяткаў тэатраў — драматычных, музычных, пластычных… Але ўнікальныя падмосткі армейскага тэатра ўсё гэта спалучаюць. Задумваўся ён у класічным варыянце, лагічным і прадказальным. У 2002 годзе яго заснаваў міністр абароны Леанід Мальцаў, назваўшы “тэатрам моцных пачуццяў”. На сцэне ішлі спектаклі пра людзей на вайне выдатнага беларускага драматурга мастацкага кіраўніка ДТБА Аляксея Дударава. Яго героі жывуць на гэтай сцэне і сёння. Але адной толькі ваеннай драмай спрактыкаванага гледача не здзівіш, і наш тэатр працягнуў творчыя пошукі. Сёння тут ставяцца самыя розныя спектаклі: камедыі, драмы, вадэвілі, казкі, у тым ліку “Снежная каралева”, уладальніца III Нацыянальнай тэатральнай прэміі як лепшы спектакль для дзяцей. Трупе падуладны і класіка, і сучасная драматургія. І кожная пастаноўка — гэта творчы эксперымент”.

Драматычнаму тэатру Беларускай Арміі, жартам кажучы, насамрэч не пагражае дэмабілізацыя. Калектыў тэатра трымае выдатную форму і, надзейна застаючыся ў страі, пастаянна практыкуе выязныя выступленні і канцэрты ў вайсковых часцях і гарнізонах, пры гэтым не забываецца і аб пашырэнні сваёй рэпертуарнай праграмы. Фактычна кожны год ДТБА выходзіць да свайго ўдзячнага гледача з новым спектаклем, а да ўласнага 15-годдзя ў 2017 годзе прадставіў адразу дзве прэм’еры, у тым ліку арыгінальнае прачытанне чэхаўскіх “Трох сясцёр” мастацкім кіраўніком тэатра Марынай Дударавай.

І вось ужо сёння, 2 лютага, новая прэм’ера на сцэне ДТБА — трагікамедыя “Зорны час” па п’есе амерыканскага драматурга Кена Людвіга, пастаўленая галоўным рэжысёрам тэатра Ігарам Фільчанкавым. Пра што спектакль? Дзеянне разгортваецца ў Амерыцы 30-х гадоў. Маладога спевака Макса ніхто не ўспрымае сур’ёзна: ні любімая дзяўчына, ні яе бацька-прадзюсар. Прыхільнікі оперы зачараваны знакамітым тэнарам Ціта Мерэлі, які, дзякуючы намаганням таты-прадзюсара, прыязджае на гастролі разам са сваёй жонкай Марыяй. Усе білеты прададзены. Але перад самым канцэртам зорка раптоўна… Адным словам, спяваць не можа. І тады прадзюсар моліць Макса выдаць сябе за знакамітага тэнара. Ідзе “Атэла”, ніхто не заўважае падвоху. Усім здаецца, што становішча выратавана. Але ўсё толькі пачынаецца…

У лютым “Зорны час” можна будзе пабачыць у ДТБА яшчэ 3-га і 15-га.

Міхал КАСЦЮЧЫК.
Фота з сайта тэатра.