Арлец — ці з далёкіх, ці з блізкіх дарог…

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” працягвае нацыянальную кампанію — публічнае ўшанаванне выбранага сімвала года сярод нашых крылатых сяброў.

Беларускую птушыную фаўну ў 2019 годзе будзе прадстаўляць арлец вялікі, а ўвогуле з часу стварэння АПБ гэта дваццатая па ліку птушка, якую паклікалі на п’едэстал гонару. Па традыцыі плануецца комплекс спецыяльных мерапрыемстваў, будуць выпушчаны паштовая марка і памятны медаль з выявай арляца вялікага. Своеасаблівы птушыны марафон у межах Беларусі праходзіць з дзейснай падтрымкай вучняў гарадскіх і сельскіх школ, студэнтаў, настаўнікаў, работнікаў лясной аховы.

Арлец вялікі
Чуваць у лясах, дзе прыждалі цяпла,
Магутныя клікі.
Арлец раскрычаўся гучней за арла,
На тое ж — вялікі.

Не беркут-маркут, не арлан-белахвост,
Ды з іхняга роду:
Палохаць лясное жыхарства — прахвост! —
Узяў ён за моду.

Арлец, хоць і цешыцца майскаму дню,
На ежыве слабым:
Ні птушак, ні мышак, ні рыбы ў меню,
То ўдзячны і жабам.

Што ж будзе, калі запішчаць у бары
Малыя па часе?
Кубло там, у кронах, ды гнёздаў мо тры
Ён мае ў запасе.

Арлец мільганецца ў крутым віражы,
Спачыць тут прысядзе.
Бухматы, насуплены, як ні кажы,
І гнеў у паглядзе.

Мо злосны, што сам ад вачэй і да ног
Пяром цёмна-буры?
Арлец — ці з далёкіх, ці з блізкіх дарог —
Такі па натуры.

Ледзь вырай асенні прастогне “кур-лы”,
Ён следам — за ўсімі.
У небе паўднёвым шыраюць арлы,
Арлец — паміж імі.

Віктар ГАРДЗЕЙ,
пісьменнік.