Кніга для навучання добрым справам і любові да Радзімы

500 гадоў назад 9 лютага 1519 года ў вялікім месцы Пражскім у лекарскіх навуках доктарам Францыскам Скарынам са славутага горада Полацка была надрукавана Кніга Юдзіф. Гэта адна са старазапаветных біблейных кніг, якую праваслаўныя лічаць некананічнай, небоганатхнёнай, але карыснай і павучальнай, католікі прызнаюць другакананічнай і боганатхнёнай, а ў іўдзейскім Танаху яна ўвогуле адсутнічае. Асноўны змест кнігі — апісанне гісторыі пра выратаванне прыгожай і набожнай ізраільцянкай Юдзіф’ю свайго народа, Радзімы ад асірыйскага военачальніка Алаферна. З літаратурнага пункту гледжання гэта празаічная паэма, у якой спалучаюцца рэчаіснасць і выдумка, мэта якой уздзейнічаць на рэлігійна-патрыятычныя пачуцці іўдзеяў. Дапытлівы чытач знойдзе ў ёй нямала каштоўных звестак па геаграфіі, гісторыі, пазнаёміцца з падрабязным радаводам Юдзіфі, даведаецца пра заснаванне ў гонар перамогі гэтай гераіні свята. Напэўна таму яна карысталася вялікай папулярнасцю і павагай. Падаецца, што гэта зрабіла яе адной з найбольш улюбёных кніг Скарыны, а славуты патрыятычны ўрывак-хвала пра адданасць Радзіме з прадмовы да яе ўключаны ва ўсе айчынныя хрэстаматыі па літаратуры, у школьную праграму. Гэтая песня-гімн любові да роднага краю, своеасаблівая формула патрыятызму і сёння гучыць сучасна: “Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя. Птицы, летающие по воздуху, ведають гнезда своя. Рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя. Пчелы и тым подобная боронять ульев своих. Тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають”.

Чым жа так прывабіла яна нашага першадрукара? Найперш сваім патрыятычным зместам, выхаваўчай накіраванасцю. Юдзіф — гэта вобраз-сімвал, які параўноўваецца з люстэркам, а яе гераічны ўчынак сімвалізуе любоў да сваёй Радзімы, да зямлі, дзе людзі “зродилися и ускормлены”. Як пісаў Скарына, “маючы перад вачыма жанчыну гэтую славутую, мужчыны і жанчыны бралі ў спадчыну любоў да айчыны, добрыя справы, працу і не шкадавалі дзеля гэтага свайго скарбу і жыцця”. Для асветніка быў важны не апавядальны змест кнігі, агульназразумелы і просты, а пераносны, выхаваўчы, сімвалічны. Бадай, гэта было асноўным матывам, якім кіраваўся першадрукар, перакладаючы Кнігу Юдзіф. Гаворка ідзе пра тое, каб палачанін ці віцьбіч, гарадзенец ці берасцеец, мянчук ці туравец, беручы кнігу ў рукі, упершыню “бачыў” вымаўленае, мову, на якой ён размаўляе, якую чуе. Такім чынам мова ператваралася ў магутны сродак, з дапамогай якога нашы продкі змаглі зрабіць бачным сваё нацыянальнае адзінства, злучыўшы яго з адзінствам моўным. Спалучаючы розныя моўныя плыні, Скарына напаўняў тэкст поліфаніяй, шматгалоссем, узаемапераплятаў блізкія мовы, надаючы своеасаблівае гучанне сэнсу. Яго слова сваё, собскае, гэта акно ў навакольную рэчаіснасць. Чуццё вучонага падказвала яму, што Біблія будзе больш зразумелай, блізкай, калі напоўніцца вобразамі з мясцовага жыцця, побыту, прыроды.

Ніл Гілевіч справядліва заўважыў, што “ў мове Скарыны, кажучы словамі Марселя Пруста — “формы старажытнай душы” нашага народа. Па старонках ягоных выданняў “праходзіш” — як па старажытных вуліцах і вулачках Полацка, Гародні, Вільні…”. Жывучы доўгі час па-за межамі Радзімы, адарваны ад бацькоўскага гнязда-сядзібы, Скарына паказаў, што нішто так не жывучае, як матчына мова. Ён прыпадае да жывой мовы, каб спатоліць сваю любоў да родных мясцін, выказаць сваю пашану бацькоўскаму слову. Разгортваючы кнігу, чытач адразу звяртаў увагу на чароўныя гукі роднай яму мовы, услухоўваўся ў іх мелодыю. Скарына адчуў, якая моц і хараство тояцца ў роднай гаворцы, беларускім слове, якое падпарадкоўваецца яму, слухаецца яго. Далучэннем беларускай мовы да мовы Святога Пісання Скарына паказаў яе жыццяздольнасць, даводзіў, што Божы храм і народ павінны размаўляць адной мовай — мовай гэтай зямлі. Сляды беларускамоўнай стыхіі няцяжка адшукаць ва ўсім тэксце кнігі, а не толькі ў прадмове і пасляслоўі. Беларускіх слоў у творы даволі шмат. У іх заключаны прыродны каларыт і водар нашай мовы. Гэта словы, народжаныя ў полі, на сенажаці, за бяседным сталом, якія вырастаюць і спеюць на ніве, ужываюцца ў ратнай справе. Вось некаторыя з іх: боты украшенные, вежа, воз, волоты, вышиня, должиня, зброя, криница, муры, попел, свято, святочные дни, скалы прикрые, серце, скарбы, сукня, смуток, твар оборонца, товариш, в тые часы, шириня, боронить, доведавшися, загинем, здивилися красе ея, знайде, попалил всих, раду им даючи, стерегли, утекла от них, утекаху по полех стежками и по узгорках, розбаготели користию, паде замертво, потом окреял, вдячна, дужий, збройный, лепший, моцный, певный, пригожа, вельми, досыть.
Гэтыя словы паўтараліся дзень пры дні, па некалькі разоў, без іх не абыходзіліся ў жыцці, каб і хацелі, нашы продкі. Усе гэтыя адзінкі былі арганічнымі для беларускай самабытнасці. Яны гучалі дакладна, выразна, спеўна, краналі патаемныя струны душы, рабілі біблейны тэкст больш зразумелым, блізкім. Той, хто разгортваў чарговую кнігу Бібліі і сустракаў у ёй свае словы, быў захоплены жывым струменем, перад ім адчувальна паўставала роднае наваколле, пах травы, водар сенажаці, знаёмыя назвы абутку і адзення, воіны-абаронцы на замкавых сценах і вораг, які асадзіў горад. Роднае слова не толькі аздабляла царкоўнаславянскі тэкст, рабіла яго больш зразумелым, прыземленым, простым для ўспрымання свету беларускага краявіду, сугучным душэўнаму настрою, але і знаходзіла водгалас у душы чытача. Такім чынам Скарына камень за каменем мураваў велічны храм літаратурна-пісьмовай мовы, адкрываў нацыянальную мову як сістэму публічнага звароту да грамады і ставіў яе на службу свайму народу.

Яскравае сведчанне гэтага — зварот да прадстаўнікоў розных узростаў, ступеняў ведаў, рознага сацыяльнага стану, розных разумовых і маральных якасцей на зразумелай ім мове, да якіх ён апелюе ў сваіх прадмовах: “младенцы, дети малые, младые, дорослые, в летех мужества, старые; дети в начатке науки, докторове, учителе, люди мудрые; люди простые и посполитые, богатые и вбогие; родители и дети, мудрые и безумные”, — адрасуючы іх не “единому человеку, а людем всем руского языка”.

Дзмітрый ПАЎЛАВЕЦ,
дацэнт кафедры даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны,
кандыдат філалагічных навук.