Сёння 1 красавіка. Гэты дзень на постсавецкай прасторы нібыта лічыцца Днём гумару і смеху, але я не ведаю, хто яшчэ ў свеце ў гэты дзень так бесклапотна смяецца без дай прычыны.
Цудоўна разумею, што на ТБ сёння напоўніцу будуць спраўляць свой баль розныя Галкіны і іншыя да яго падобныя “смайлкіны”. (Хаця хіба яны не спраўляюць там свой баль у любы іншы дзень?)
А мне вось не хочацца смяяцца нават у гэты дзень. І справа не ў тым, што я чалавек па натуры хмуры і чапурысты. Не. У цёплай кампаніі сяброў я магу і добра пасмяяцца, а магу, калі мяне возьме сверб, і сам рассмяшыць увесь свет.
Да чаго я ўсё гэта кажу?
Да таго, каб бяздумна не смяяцца з пошлых жартачкаў Галкіна і Петрасяна. Да таго, што культура сама па сабе вымушае людзей нашмат часцей застыць у сумотным ці, прынамсі, засяроджаным одуме, а не ў дэбільным шчасці. А наш “Рэй” — гэта культуралагічны дадатак да “Настаўніцкай газеты”.
У мінулую нядзелю прыйшла сумная вестка: на 86-м годзе жыцця пайшоў на той свет народны мастак Беларусі, прафесар, нязменны на працягу многіх-многіх гадоў загадчык кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Май Вольфавіч Данцыг. Маё сэрца скаланулася ад гэтай навіны. У свой час я зрабіў з ім, на мой погляд, адно з лепшых у сваёй творчай кар’еры інтэрв’ю — “Інтэрв’ю з маем у верасні”. Потым мы з ім неаднойчы перасякаліся на розных вернісажах, абаронах дыпломаў студэнтаў і г.д. І сёння я не магу без душэўнага надрыву чытаць яго словы, сказаныя мне ў 2005 годзе: “Нягледзячы на вельмі глыбокі і хранічны крызіс у сусветным мастацтве, я ўсё-такі веру, што чалавецтва некалі ўсё ж ацверазее. І гэта будзе добрая цвярозасць, хоць, кажуць, у мастацтве патрэбна быць крыху пад мухай… Людзям проста абрыдне тое, што падносяць ім сёння як культуру. Зірніце на ўсе гэтыя біенале, тое ж венецыянскае ці парыжскае — я дык уважліва сачу за культурнай хронікай на “Еўраньюс”. Гэта ж не мастацтва, а проста кашмар. Выступаюць з разумнымі тварамі мастацтвазнаўцы, і няма нікога, хто б сказаў: “Людцы! Што ж вы глядзіце? Гэта ж страх Гасподні!..” Але я веру. Веру, што чалавецтва калі-небудзь ацверазее і вернецца да нармальнага чалавечага мастацтва, створанага людзьмі для людзей…”
Май Вольфавіч, яно да гэтага часу так і не ацверазела! Хоць вы так на гэта спадзяваліся. Вы гэтага не дачакаліся.
Дык чаго ж мне радавацца сёлета 1 красавіка, калі не прайшло яшчэ і дзевяці дзён з моманту смерці аднаго з самых выдатных мастакоў у гісторыі Беларусі?
Але мы, чытаючы сённяшні “Рэй”, усё-такі парадуемся — тым светлым людзям, якія ствараюць нашу культуру сёння, іх радасцям, іх эмоцыям. Падумаем пра іх трывогі і заклапочанасць. Культура — гэта насамрэч той адзіны, мабыць, у нашым жыцці феномен, які прымушае задумацца, акрыяць і не перайсці мяжу.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
P.S.1. Гэты матэрыял суправаджае серыя фотаздымкаў нашага фатографа Алега Ігнатовіча, якую можна ўмоўна назваць “Сумныя клоўны”. Насамрэч, сумныя клоўны — гэта не проста назва, а метафара, а, калі хочаце, вызначэнне ўсяго культурнага дыскурсу, у якім мы сёння жывём. Парыжскія карыкатурысты смяяліся і дасмяяліся, як гэта ні жахліва казаць.
“Сумныя клоўны” — гэта эпікрыз усёй нашай сённяшняй культуры. З усяго можна смяяцца і над усім можна плакаць. Можна смяяцца, а потым плакаць над тым, з чаго смяяліся. Можна плакаць над нечым, а потым з гэтага ж смяяцца.
Таму клоўны іншым разам бываюць сумнымі.
P.S.2. Назва гэтых нататак “Першага красавіка смяяцца забараняецца…”, як вы зразумелі, таксама з’яўляецца метафарай, вызначэннем дыскурсу. Смейцеся сабе 1 красавіка на здароўе! Абы каб не плакалі назаўтра.
Чытайце наш сённяшні “Рэй” — ён вам спадабаецца.