У Мінску прэзентавалі факсіміле Брэсцкай Бібліі 1563 года
Самай-самай Брэсцкую Біблію 1563 года выдання назваў на прэзентацыі яе факсімільнага выдання намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, каардынатар і навуковы кіраўнік выдання, аўтар даследавання пра Брэсцкую Біблію Алесь Суша. “Я ўпэўнены, што выданне факсіміле ўвойдзе ў гісторыю сучаснай беларускай культуры, як увайшло ў гісторыю і першае выданне Брэсцкай Бібліі ў 1563 годзе. Гэтая кніга ўнікальная сама па сабе. Брэсцкая Біблія стала легендай, яна лічыцца самай прыгожай, самай дарагой, самай вялікай і самай загадкавай у гісторыі кніжнай культуры Беларусі, — адзначыў Аляксандр Аляксандравіч. — Адпаведна, сучаснае факсімільнае ўзнаўленне Бібліі можна назваць і ўнікальнай з’явай ужо нашых часоў. Я не памятаю, каб у нас выходзілі такія кнігі — ні па памерах, ні па аб’ёме, ні па вазе…”
Факсімільнае выданне важыць 15 кілаграмаў і налічвае каля паўтары тысячы старонак фаліянтнага фармату. Мае два тытульныя аркушы, аздоблена гравюрамі.
“Брэст у XVI стагоддзі — гэта быў ідэал для ўсіх еўрапейскіх гарадоў, — заўважыў Алесь Суша. — Гэта быў горад з шматканфесійнай, шматэтнічнай і шматмоўнай культурай. З выключнымі дасягненнямі як у духоўнай, так і ў матэрыяльнай культуры. З непасрэднымі кантактамі ўнутры еўрапейскіх інтэлектуальных колаў. Брэсцкая Біблія проста не магла б узнікнуць на пустым месцы. Для гэтага была падрыхтавана трывалая глеба”.
Гісторыя паўтараецца! Як і ў XVI стагоддзі, калі выданне Брэсцкай Бібліі стала магчымым дзякуючы спонсарству выбітнага дзяржаўнага, рэлігійнага і культурнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага, у нашы дні выданне факсіміле гэтага літаратурнага помніка адбылося ў выніку дзяржаўна-прыватнага партнёрства, дакладней, партнёрства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і закрытага акцыянернага страхавога таварыства “Белнафтастрах”.
“Усяго ў свеце налічваецца каля 40 асобнікаў Брэсцкай Бібліі, пераважна — няпоўных, — сказаў на прэзентацыі факсіміле генеральны дырэктар ЗАСТ “Белнафтастрах” Анатоль Мікалаевіч Чайчыц. — У нашай краіне толькі некалькі. І таму нам было за вялікі гонар прафінансаваць гэтую вялікую справу. Тут быў яшчэ моцны сакральны момант — мы фундавалі не проста гістарычна значную кнігу, а Біблію, свяшчэннае пісанне. Гэта накладвала на нас яшчэ большую адказнасць. І тым большая радасць сёння ад таго, што праект удаўся. Мы і далей гатовы ўдзельнічаць у амбіцыйных культурна-гістарычных і рэлігійных праектах”.
“Для нас гэтая кніга стала сапраўдным творчым чэленджам, — сказала арт-дырэктар Выдавецкага дома “Сегмент”, які выканаў паліграфію і ўласна выданне факсіміле, Кіра Андрэеўна Сліжыкава. — Над праектам працавала больш за 10 чалавек у выдавецтве. Перад гэтым сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай нашымі супрацоўнікамі было праведзена спецыяльнае даследаванне, якое дало магчымасць вызначыць, як у тую эпоху афармляліся такія выданні і як зрабіць так, каб сённяшняя кніга выглядала як і паўтысячагоддзя назад. Гэта была ручная праца — і мы зрабілі гэта! Усе злучэнні, мацаванні, карашок выкананы так, нібыта кніга выдадзена некалькі стагоддзяў назад. Тое ж тычыцца і фурнітуры, дэкаратыўнага афармлення. У цэлым мы вытрымалі стыль “Караед” — як быццам старонкі кнігі паеў жучок”.
Брэсцкая Біблія ўзноўлена з унікальнага экзэмпляра — з бібліятэкі Багуслава Радзівіла ў Польшчы. “Гэта поўная Біблія, — адзначыў Алесь Суша. — У нас, на жаль, ёсць толькі фрагментарныя асобнікі ў дзяржаўных зборах — у бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук і Брэсцкай абласной бібліятэцы. Ёсць яшчэ асобнікі ў прыватных калекцыянераў, але ўсе яны таксама няпоўныя”.
На сёння выканана 11 асобнікаў факсімільнага выдання Брэсцкай Бібліі. Дзесяць з іх будуць урачыста перададзены гарадскім уладам Брэста падчас урачыстага святкавання тысячагоддзя горада над Бугам 6—8 верасня.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі гатова зрабіць праект факсіміле Брэсцкай Бібліі агульнадаступным. Гэтак жа было і ў XVI стагоддзі. Яна была агульнанацыянальным праектам. Брэсцкая Біблія была першым поўным выданнем Бібліі ва Усходняй Еўропе, і кожны шляхціч на землях Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны хацеў мець яе ва ўласнай бібліятэцы. “Гэта была кніга-сімвал, за якой ганяліся, якую гатовы былі купіць за любыя грошы, якую перадавалі ў спадчыну, якую дарылі як пасаг сваім дочкам, — адзначыў Алесь Суша. — Уяўляеце? Не грошы, не золата, не сукенкі, а Біблію”.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі разам з закрытым акцыянерным страхавым таварыствам “Белнафтастрах” гатовы сёння рабіць Брэсцкую Біблію пад заказ, прычым у розных варыянтах, у залежнасці ад матэрыялу вокладкі (натуральная ці сінтэтычная скура), пераплёту і іншых нюансаў. Самае дарагое выданне ў яркім прыстойным вырашэнні можа каштаваць недзе каля паўтары тысячы еўра. Гэта — рэальны кошт.
А ў чым загадка Брэсцкай Бібліі? Справа ў міфе. Міфе пра тое, што нашчадкі Мікалая Радзівіла Чорнага нішчылі працу свайго продка. Нішчылі літаральна агнём — спальвалі яго Біблію з рэлігійных перакананняў.
“Але нам падаецца, што гэта менавіта міф. Не больш чым легенда, — сказаў на прэзентацыі факсіміле Алесь Суша. — Радзівілы заўсёды клапаціліся пра захаванне сваёй спадчыны і не маглі паліць спадчынныя кнігі, тым больш — Біблію. Паліць Біблію? Можа, з пункту гледжання сучасных гісторыкаў, гэта і нармальная з’ява. Але для людзей XVI—XVII стагоддзяў гэта выглядала б зусім неадэкватна. Радзівілы ніколі не былі знішчальнікамі сваёй культуры. Наадварот, яны заўсёды рупіліся пра тое, каб перадаць яе нашчадкам”.
Па матэрыялах belta.by
падрыхтаваў Мікола ЧЭМЕР.