Захапляльнае падарожжа па Радзіме

Настаўнікі і вучні Лельчыцкай раённай гімназіі далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі — дзецям”.

Фота да матэрыялу: Захапляльнае падарожжа па Радзіме.У рамках акцыі бібліятэкарам Тамарай Мікалаеўнай Хамутоўскай была праведзена віктарына для навучэнцаў 6 класаў “Падарожжа па Беларусі”. Школьнікі падзяліліся на каманды “Буслоў” і “Зуброў”. Падчас віктарыны гімназісты пачулі інфармацыю пра сучасных беларускіх пісьменнікаў Р.Баравікову, Г.Марчука, А.Федарэнку, Л.Рублеўскую, адказалі на пытанні па іх творах, уведзеных у школьную праграму. Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы здзейснілі віртуальнае падарожжа па вядомых мясцінах Беларусі.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Апанасаўна Казачок запрасіла ўсіх аматараў беларускай паэзіі на літаратурную гасцёўню “Пявучыя струны душы беларускай”. З вялікім задавальненнем навучэнцы рыхтаваліся да гэтага мерапрыемства: самастойна чыталі вершы беларускіх паэтаў, шукалі звесткі пра жыццё і творчасць аўтараў, афармлялі кабінет да сустрэчы. На свяце гучалі творы А.Разанава, Л.Галубовіча, Адама Глобуса, У.Някляева, В.Шніпа, М.Дуксы, Я.Янішчыц, А.Грачанікава, С.Законнікава і многіх іншых. На свяце таксама гучалі песні з тэкстамі аўтарства А.Ставера, У.Карызны, Г.Бураўкіна, У.Мазго, Л.Дранько-Майсюка.

Інтэлектуальнае лато “Па старонках любімых твораў” правяла Ірына Рыгораўна Казачэнка для навучэнцаў 8 класаў. У першым туры васьмікласнікам дэманстраваліся партрэты пісьменнікаў і цытаты з іх твораў. Дзецям трэба было назваць імя аўтара, назву твора і яго жанр. У другім туры ім паказваліся партрэты пісьменнікаў, ілюстрацыі да іх твораў і прапаноўвалася назваць імёны аўтараў і назвы твораў.

Старонка “Рашэнне літаратурных задач” запрашала падумаць над пытаннем “Што трэба зрабіць, каб…”. Вучні разважалі над маральнымі пытаннямі апавяданняў “Сябры” А.Васілевіч, “На Каляды к сыну” З.Бядулі, “Дзяльба кабанчыка” В.Карамазава.

Але найбольш, напэўна, зацікавіў васьмікласнікаў тур, у якім заданне гучала так: “Задай пытанне герою”. На слайдзе дэманстраваліся партрэт і ілюстрацыя да твора, а навучэнцы павінны былі пазнаць пісьменніка, яго твор, выбраць героя твора, сфармуляваць пытанне да яго. Адказвалі на пытанне прадстаўнікі каманды-саперніцы. У час інтэлектуальнага лато працавала журы з аднакласнікаў. Самыя актыўныя і дасведчаныя атрымалі высокія адзнакі.

Навучэнцы 6—7 класаў удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў па творах беларускіх класікаў, вынікам якога стала выстава малюнкаў пераможцаў і іх настаўніцы Надзеі Адамаўны Алесіч.

Тамара ХАМУТОЎСКАЯ,
бібліятэкар Лельчыцкай раённай гімназіі Гомельскай вобласці.