Па сцяжынках Коласа

Імя народнага песняра Якуба Коласа мае значную ролю не толькі ў беларускай літаратуры, але і ў гісторыі нашай вёскі Пінкавічы.

Фота да матэрыялу: Па сцяжынках Коласа.3 лістапада адзначаецца 136-годдзе з дня нараджэння Канстанціна Міхайлавіча, таму невыпадкова, што напярэдадні такой знамянальнай даты наша школа расчыніла дзверы перад маладымі коласаўцамі — вучнямі Мікалаеўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа. Вучні завіталі ў госці разам з настаўніцай матэматыкі Таццянай Уладзіміраўнай Хвалей.

Сустрэча з маладымі коласаўцамі пачалася са знаёмства гасцей з вёскай і яе славутасцямі. Вучні 9 “Б” класа расказалі пра гісторыю ўзнікнення вёскі Пінкавічы, яе становішча ў гады Вялікай Айчыннай вайны, асноўныя хрысціянскія славутасці — Пакроўскую царкву і крыж, а таксама пра гісторыю Пінкавіцкай сярэдняй школы, якая носіць імя пісьменніка. Пабывалі нашы госці ў музеі Якуба Коласа, а таксама ў музеі піянерскай славы.

Займальнай для гасцей стала экскурсія па школе, якую правялі вучні 11 класа. Паведамленне пра актыўнае школьнае жыццё нікога не пакінула абыякавым.

Працягнулася сустрэча за круглым сталом, дзе госці абмяняліся вопытам дзейнасці па вывучэнні творчасці Якуба Коласа. Маладыя коласаўцы чыталі ўласныя вершы, расказвалі пра свае падарожжы па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Канстанціна Міхайлавіча.

Кульмінацыяй сустрэчы стала знаёмства з радаводам аднаго з юных коласаўцаў, які з’яўляецца нашчадкам песняра: яго прабабуля была роднай сястрой пісьменніка. Варта адзначыць, што ўсе вучні Мікалаеўшчынскай школы, якія завіталі да нас у госці, маюць хоць і далёкія, а ўсё ж роднасныя сувязі з пісьменнікам.

Гучныя размовы, прагляд фотаздымкаў і відэаролікаў, чытанне вершаў Якуба Коласа і ўласных — у такім рытме адбылася сустрэча за кубкам гарбаты. На памяць пра сустрэчу школы абмяняліся сувенірамі і падарункамі.

Развітваючыся, маладыя коласаўцы запрасілі да сябе ў госці. Спадзяёмся, што ў хуткім часе мы таксама здзейснім падарожжа па сцяжынках Коласа.

Юлія КРАВЕЦ,
Наталля ПЕТРАШКЕВІЧ,
настаўніцы беларускай мовы і літаратуры
Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна.