Hollywood: а ці ўжо такі святы гэты лес?

На які фільм пайсці ў кіно? У канцы лета для кінаманаў не было іншага адказу: вядома, на новы фільм Квенціна Таранціна “Аднойчы ў… Галівудзе” з такім россыпам зорак, як Марго Робі, Курт Расэл, Леанарда Дзі Капрыа, Брэд Піт, Дакота Фанінг, Аль Пачына… Фільм сапраўды шэдэўр. Зроблены, між іншым, па ўсіх законах галівудскай кінафабрыкі. Але давайце вызначым тры прычыны, з-за якіх абавязкова трэба ісці на гэтае кіно.

Прычына першая — зразумець, што такое Галівуд.

А перад гэтым варта ўсё ж памятаць, што такое Галівуд гістарычна. Гэта святы лес у мікрараёне Лос-Анджэлеса. Holly (крышку змененае ад holy) — святы, wood — лес. Вось і атрымалася: Hollywood. Але што гэты лес, у якім паўсталі сот­ні кінапавільёнаў, насамрэч не такі ўжо і святы, глядач здагадаецца ўжо на якой 20-й хвіліне фільма, слухаючы, што і як гаворыць адзін з галівудскіх кінапрадзюсараў (Аль Пачына).

Мы, каму ўжо споўнілася 30 ці 40, усе выраслі на Галіву­дзе. Да гэтага можна ставіцца па-рознаму. Але мала хто з нас успомніць на першую згадку якое-небудзь італьянскае, французскае ці нямецкае любімае кіно. Найперш — галівудскае. “Аднойчы ў… Галівудзе” — гэта своеасаблівая прагулка па сваім юнацтве і маладосці. А з улікам таго, што галоўныя падзеі ў фільме адбываюцца ў канцы 60-х, гэта яшчэ і нырок у гісторыю.

Прычына другая — зразумець, як здымаецца кіно.

Слова “аднойчы” ў назве фільма “Аднойчы ў… Галівудзе” трэба браць у двукоссі. Гэта не аднойчы. Так было ў Галіву­дзе заўсёды, так ёсць зараз, так яно і будзе. Можна па-рознаму ставіцца да творчасці Квенціна Таранціна, да яго стылю і ўлюбёных прыёмаў, добра вядомых нам па тым жа “Крымінальным чытве” ці “Бясслаўных вырадках”, але ў “Аднойчы ў Галівудзе” яму ўдалося большае — паказаць час і эпоху, прадэманстраваць культурны феномен, якім з’яўляецца Галівуд, зрабіць фільм, што застанецца надоўга ў памяці тых, хто яго паглядзіць. А не нейкі там баевічок, які забудзецца ўжо на наступны дзень…

Прычына трэцяя — убачыць Леанарда і Брэда.

Мы добра ведаем і любім іх — Леанарда Дзі Капрыа і Брэда Піта. Першага — найперш па “Тытаніку”, а яшчэ па тым, што ён, гаротнік, чатыры разы намініраваўся за лепшую мужчынскую ролю прэміі “Оскар”. Другога — найперш па “Байцоўскім клубе”, а яшчэ па тым, што ён быў мужам незвычайнай Анджэліны Джалі. У фільме “Аднойчы ў… Галіву­дзе” яны паказалі сябе зусім па-новаму — у гэтым адзенні канца 60-х, з гэтым слэнгам тых часоў, з усёй гэтай хіпаватай культурай… Яны проста мілыя і кранальныя.

Прычына чацвёртая — любіць добрыя фільмы.

На самай справе мы глядзім не так шмат добрых фільмаў. Што нам запомнілася з вытворчасці Галівуда ўжо нашага стагоддзя? “Адступнікі”, “Залегчы на дно ў Бруге”, “Дзіця чалавечае”, “Атэль “Грант Будапешт”, “Лабірынт Фаўна”, “Злаві мяне, калі зможаш”, “Старым тут не месца”, “Нафта”, “Воўк з Уол-стрыт”, “Олдбой”… Вы ўспомніце больш?

“Аднойчы ў… Галівудзе” людзі запомняць.


Некалькі цікавых фактаў пра фільм “Аднойчы ў… Галівудзе”

  • Здымкі фільма праходзілі з 18 чэрвеня па 1 лістапада 2018 года.
  • У адной са сцэн Шэран Тэйт (Марго Робі) глядзіць у кінатэатры фільм са сваім удзелам “Каманда разбуральнікаў” (1968). Было прынята рашэнне выкарыстаць кадры арыгінальнага фільма, а не пера­здымаць асобныя сцэны з Робі ў ролі Шэран.
  • Сцяна з мазаікай у аэрапорце, міма якой ідуць героі фільма ў адной са сцэн, — дакладная копія сцяны з фільма Таранціна “Джэкі Браўн” (1997).
  • У фінальнай сцэне Кліф Бут, пазнаўшы членаў секты Чарль­за Мэнсана, не можа ўспомніць імя Тэкс Уотсана, на што той адказвае: “Я д’ябал і я прыйшоў, каб рабіць д’ябальскую працу”. У рэальным жыцці менавіта гэтыя словы Тэкс Уотсан сказаў Шэран Тэйт і гасцям яе дома перад тым, як забіць іх.
  • Па словах Таранціна, персанаж Леанарда Дзі  Капрыа, Рык Далтан, натхнёны вобразамі Эда Бёрнса, Ці Хардзіна і Уільяма Шэтнера. А персанаж Брэда Піта, Кліф Бут, па словах Таранціна, заснаваны на галоўным героі фільма “Білі Джэк” (1971) і непасрэдна на вобразе Тома Лофліна, які выканаў гэтую ролю. Таранціна і Піт разам пераглядалі фільм, прапрацоўваючы вобраз Бута.
  • Ваенны фільм, у якім зняўся Рык Далтан, змяшчае ў сабе як мінімум дзве адсылкі да іншых фільмаў. Урывак, як і постар, — гэта рэверанс у бок фільма “Таемнае ўварванне” (1964). У той жа час Далтан, перш чым пачаць распраўляцца з нацыстамі, хаваецца за чырвонымі шторамі — тое ж самае рабілі Доні Данавіц і Амар Улмер у ключавой сцэне больш ранняга фільма Таранціна “Бясслаўныя вырадкі”.
  • У фільме можна двойчы пачуць фрагменты саўндтрэка да фільма “Разарваная заслона” (1966), якія не былі выкарыстаны яго рэжысёрам Альфрэдам Хічкокам у фінальным варыянце карціны.

Весткі з Галівуда

Па новым рамане Стывена Кінга здымаюць серыял

Гаворка ідзе пра раман “Інстытут”, які зусім нядаўна пабачыў свет. У кнізе расказвецца пра 12-гадовага хлопчыка Люка Эліса, які застаецца сіратой пасля таго, як яго бацькоў забіваюць. Самога Люка выкрадаюць, і ён аказваецца ў “Інстытуце” — месцы, дзе над дзецьмі з асаблівымі здольнасцямі праводзяць эксперыменты, такія як тэлепатыя і тэлекінез. Люк спрабуе збегчы.

Сцэнарыстам і прадзюсарам праекта стане Дэвід Э.Келі, які працаваў над серыялам “Вялікая маленькая хлусня”, а рэжысёрам — Джэк Бэндэр (“Клан Сапрана”, пяты і шосты эпізоды шостага сезона “Гульні тронаў”). Правы на экранізацыю рамана купіла кампанія Spyglass. Дата выхаду і іншыя падрабязнасці пакуль не выдаюцца.

Гары Потэр і Сірыус Блэк зноў сустрэліся праз 12 гадоў

Брытанскія акцёры з фільмаў пра Гары Потэра Гэры Олдмэн і Дэніэл Рэдкліф сустрэліся на Міжнародным кінафестывалі ў Таронта. Рэдкліф прэзентаваў новую карціну з яго ўдзелам “Гарматы Акімба”, якую зняў Джэйсан Лі Хаўдэн (“Вуаль”, “Зборшчык святла”). Акцёры ігралі разам у трох фільмах патэрыяны: “Вязень Азкабана” (2004), “Кубак Агню” (2005) і “Ордэн Фенікса” (2007). У пятай частцы героя Олдмэна Сірыуса Блэка забіла пажыральніца смерці Белатрыса Лестрэйндж (Хелена Бонэм Картэр).

Кінематаграфісты назвалі самы правальны фільм у гісторыі Галівуда

Ім прызнаны прыгодніцкі баявік студыі Disney “Джон Картэр” (2012). Гэтая карціна стала самай правальнай у гісторыі сучаснага кінематографа, як паведамляе THR. Навукова-фантастычны экшн рэжысёра Эндру Стэнтана аб амерыканскім вайскоўцы Джоне Картэры, якому давялося змагацца за свабоду народаў Марса, каштаваў стваральнікам больш 363,7 млн долараў з улікам маркетынгу. Але карціна зарабіла ў сусветным пракаце ўсяго 284 млн долараў. Стваральнікі спрабавалі паменшыць страты, і пасля розных вылікаў і спісанняў фінансавыя страты склалі 136,6 млн долараў. “Джон Картэр” стаў самым няўдалым праектам за ўсю гісторыю кіно. Да гэтага такім фільмам больш за 20 гадоў лічыўся баявік Рэні Харлін “Востраў галаварэзаў” (1995).

Шая Лабаф параўнаў працу ў фільме “Лапуля” з экзарцызмам

Шая Лабаф, вядомы па галоўнай ролі ў “Трансформерах”, параўнаў працу над сваім біяграфічным фільмам “Лапуля” з экзарцызмам, як паведамляе Variety. “Гэтая карціна аказалася лячэбнай — быццам я выгнаў сваіх унутраных дэманаў, — расказаў акцёр Variety. — Гэта было трохі падобна на экзарцызм”. У фільме “Лапуля” расказана гісторыя дзяцінства акцёра, калі ён быў зоркай тэлеканала Disney. Праўда, тады Шая жыў у танным галівудскім матэлі са сваім бацькам — алкаголікам і наркаманам, які абражаў сына і навучыў яго курыць цыгарэты і марыхуану. Гэта паўплывала на жыццё акцёра — ён пакутаваў ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці і праходзіў адпаведнае лячэнне.

Рэжысёр “Уцёкаў з Шаўшэнка” не ўпэўнены, што яго фільм трэба ­лічыць лепшым

Як паведамляе Independent, амерыканскі сцэнарыст і рэжысёр Фрэнк Дарабонт прызнаўся, што ў яго выклікае сумненні прызнанне яго фільма “Уцёкі з Шаўшэнка” самым рэйтынгавым. “Гэта вельмі парадаксальна для мяне. Я гляджу на рэйтынг і бачу ў ім “Хроснага бацьку” і “Грамадзяніна Кейна”, якія стаяць ніжэй. У гэты момант я думаю: “Уцёкі з Шаўшэнка” сапраўды лепшыя за “Хроснага бацьку”? Мне цяжка ў гэта паверыць”, — пракаменціраваў рэжысёр.

Мікола ЧЭМЕР.