“Лістапад” — гэта адмысловы лад

Учора ўрачыста адкрыўся юбілейны, 25-ы, Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. За чвэрць стагоддзя мы неяк і не заўважылі, як з дастаткова сціплай культурнай падзеі ён ператварыўся ў вялікі міжнародны кінафорум, эпіцэнтр наватарскіх кінематаграфічных ідэй з усёй постсавецкай (і не толькі постсавецкай) прасторы, грандыёзнае свята для ўсіх кінаманаў Беларусі, як прафесіяналаў, так і аматараў. І мы ўжо нават не здзіўляемся, што наш “Лістапад” апошнія гады ўваходзіць у такую прэстыжную арганізацыю, як Міжнародная федэрацыя асацыяцый кінапрадзюсераў (FEATF), што на наш “Лістапад” могуць лёгка зазірнуць, нібы на “каўку”, такія зоркі сусветнага кіно, як Арнэла Муці ці Эмір Кустурыца, што на нашым “Лістападзе” не абыходзіцца без сусветных прэм’ер самага высокага гатунку… Мы проста ідзём на “Лістапад” як на штогадовае свята, якое чакаем, любім, цэнім…

Фота да матэрыялу: “Лістапад” — гэта адмысловы лад.

25-ы ММКФ “Лістапад” будзе доўжыцца па 9 лістапада. Усяго ў праграме сёлетняга кінафоруму — 167 карцін з 48 краін. Учора шчасліўчыкі ўжо маглі паглядзець фільм адкрыцця — па словах дырэктара праграм ігравога кіно і дырэктара конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі Ігара Сукманава, вельмі сімвалічную і атмасферную, стылізаваную пад лірычныя шэдэўры кінематографа ў эпоху яго бурнага росквіту карціну польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскі “Халодная вайна”. (Пра гэты ўнікальны фільм мы яшчэ абавязкова пагаворым падрабязней у наступных нумарах нашай газеты.)

І наперадзе ў нас яшчэ 7 дзён, каб атрымліваць штодня асалоду ад кіно.

Давайце ж зараз віртуальна прабяжымся па конкурсных і пазаконкурсных праграмах сёлетняга кінафоруму, каб лепш разумець, на якія фільмы, магчыма, трэба будзе найперш бегчы ў рэальнасці.

25-ы Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” пройдзе пад слоганам “Пазнаючы белы свет” і будзе прысвечаны вядомаму рэжысёру Кіры Муратавай. Асноўнымі пляцоўкамі форуму ў гэтым годзе стануць кінатэатры “Цэнтральны”, “Мір”, “Піянер”, “Масква”, “Беларусь”, “Falcon Club Буцік Кіно” і Музей гісторыі беларускага кіно. Заснавальнікі “Лістапада” — Міністэрства культуры Беларусі і Мінгарвыканкам. Арганізатар — Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”.

Так, праграма асноўнага конкурсу ігравога кіно складаецца з 12 стужак. Наогул, гэты конкурс — гэта, канечне, гвозд усяго фестывалю. “Асноўны конкурс факусіруе сваю ўвагу на краінах посткамуністычнай прасторы, на тэрыторыях, кіно якіх нам, апошняму савецкаму пакаленню, вельмі добра знаёма. Тады, у савецкай краіне, фільмы ў кінапракаце дзяліліся на тры катэгорыі: айчыннае кіно (фільмы саюзных рэспублік), фільмы сацыялістычных краін і іншы замежны капіталістычны прадукт.

Сёння сітуацыя складваецца інакш: мы ўсе ведаем пра капіталістычны кінематограф, кінатэатры і хатнія экраны запоўнены фільмамі з ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі. Але што мы ведаем пра нашых, скажам так, былых суседзяў? Што мы ведаем пра саміх сябе? Мы жадаем, каб фестывальны тыдзень быў прысвечаны кінематографу гэтых тэрыторый, таму што ён непасрэдна тычыцца і нашых праблем, нашых клопатаў”, — прадставіў праграму Ігар Сукманаў. Сярод стужак, прадстаўленых у гэтай праграме, магчыма, варта звярнуць найпершую ўвагу на наступныя карціны: “Сэрца свету” Наталлі Мяшчанінавай, “Юлі” Ісіара Больяіна, “Ірына” Надзеі Косевай, “Ласкавая раўнадушнасць свету” Адзільхана Яржанава, “Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары” Раду Жудэ.

Фота да матэрыялу: “Лістапад” — гэта адмысловы лад.

Што тычыцца асноўнага конкурсу дакументальнага кіно, то тут павінны найбольш прывабіць стужкі, у якіх, па словах дырэктара гэтай праграмы Ірыны Дзям’янавай, аўтары будуць звяртацца непасрэдна да свайго самага асабістага, да сваёй гісторыі, напрыклад, “За мяжой” ці “Пустэльнік”. “Глядзіш такія фільмы — і здзіўляешся, як блізка аўтары падышлі да свайго героя. Стаць незаўважнымі, часткай сцэны, часткай асяроддзя — гэта, вядома, высокае прафесійнае майстэрства. І яшчэ адна яркая асаблівасць дакументальнага кіно: мы можам бачыць, як мяняецца чалавек. Мяняецца пад уздзеяннем умоў або іншых людзей. Гэты працэс змены, перараджэння ў дакументальным кіно вельмі цікавы”, — паведаміла Ірына Дзям’янава. Дарэчы, аўтары амаль усіх дакументальных кінакарцін прыедуць у Мінск, каб асабіста прадставіць свае работы і мець магчымасць узаемадзейнічаць з гледачом.

Конкурсная праграма фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі складзена ў традыцыі мінулых гадоў. “Мы маем магчымасць паказаць і даказаць: дзіцячае кіно раўнацэннае даросламу. Гэта не проста “Гармідар” або прыгодніцкія гісторыі, але і адкрытая даверная размова на роўных”, — адзначыў Ігар Сукманаў. Адкрые конкурс паказ беларускай стужкі “Правілы геймера”, а закрые анімацыйная карціна з Бразіліі “Ціта і птушкі”. Упершыню ў “Лістападзіку” прыме ўдзел стужка з Кеніі “Супа мода”, вылучаная на суісканне прэміі “Оскар”.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на конкурс дэбютаў “Маладосць на маршы”, які сёлета будзе прадстаўлены 11 фільмамі. Тут, мабыць, у фаварытах многія стужкі: “Пан” Рахена Гера, “Адзін дзень” Жафіі Сіладзьі, “Горнічная” Лілы Авілес і іншыя. У рамках праграмы адбудзецца спецыяльны паказ карцін рэжысёра Ху Бо — сенсацыі Берлінскага кінафестывалю “Слон сядзіць спакойна” і першай работы аўтара “Чалавек у калодзежы”.

Фота да матэрыялу: “Лістапад” — гэта адмысловы лад.

Крыху пра нацыянальны конкурс. Па словах каардынатара праекта Мікалая Лаўранюка, гэта пляцоўка, дзе беларускае кіно паказваецца не толькі беларускаму гледачу, але і міжнародным прафесіяналам. Фільмы, якія ўдзельнічалі ў Нацыянальным конкурсе, працягваюць сваё падарожжа па міжнародных кінафестывалях і ў іншых краінах. “У гэтым годзе было прынята новаўвядзенне — канчатковы адбор карцін нацыянальнага конкурсу праводзіць не дырэкцыя “Лістапада”, а камісія пры Міністэрстве культуры”, — адзначае Мікалай Лаўранюк. У рамках Нацыянальнага конкурсу пакажуць 7 ігравых, 8 дакументальных і 5 анімацыйных карцін. Некаторыя з іх, як “Хрусталь” Дар’і Жук ці “Ягор” Рамана Падалякі і Міхаіла Зуя, ужо знаёмы кінаманам.

Нельга, безумоўна, абысці і пазаконкурсныя праграмы 25-га ММКФ “Лістапад”. Тут кінаманаў чакае вялікае мноства сюрпрызаў.

Трэба, безумоўна ж, звярнуць увагу на секцыю “Львы, мядзведзі, пальмавыя галіны”. Па традыцыі “Лістапад” не абміне і пакажа фільмы — прызёры самых прэстыжных у свеце кінафестваляў — у Канах, Берліне і Венецыі. “У пазаконкурснай праграме ігравога кіно нашага гледача будзе чакаць россып зорных імёнаў сусветнай рэжысуры, — расказвае Ігар Сукманаў. — У нас будуць дзве вялікія рэтраспектывы. Адна з іх прысвечана вялікай французскай жанчыне-рэжысёру Аньес Варда. Мы прадставім яе класічныя карціны, у тым ліку “Клеа ад 5 да 7”. А фільм “Шчасце” будзе паказаны ў Беларусі наогул упершыню, яго ніяк нельга прапусціць, таму што гэта адзін з галоўных скарбаў сусветнай кінематаграфіі. У рэтраспектыву ўключана і апошняя карціна Аньес Варда “Твары, вёскі”. У мінулым годзе ён быў намініраваны на прэмію “Оскар” у катэгорыі “Лепшы дакументальны фільм”.

Фота да матэрыялу: “Лістапад” — гэта адмысловы лад.

Арганізатары конкурсу раяць гледачам не прапусціць таксама і такую секцыю, як “Колер ночы”, — сустрэчы з творамі такіх яркіх зорак, як Ларс фон Трыер, Паола Сарэнціна, Клер Дэні. Пра новы фільм Ларса фон Трыера “Дом, які пабудаваў Джэк” варта згадаць асобна. Слова Ігару Сукманаву: “Гэтая стужка можа выглядаць спробай разабрацца з уласнымі дэманамі. Тут радыкальная кінамова, абсалютная бязлітаснасць, прычым у першую чаргу да самога сябе, правакацыйнае дасканалае апісанне людзей, чые жыццёвыя прынцыпы ляжаць па той бок дабра і зла. У гэтым мастацтва фон Трыера — яго кіно нікога не пакідае абыякавым: адных яно захапляе, іншых адштурхоўвае. Тая частка публікі, якая спяшаецца абвінаваціць рэжысёра ў жорсткасці, выпускае з-пад увагі, што фільм датчаніна наскрозь іранічны і што бесчалавечны трылер, якім нас усіх палохаюць, з’яўляецца перш за ўсё сатырай на тэму сучаснай светабудовы. Праз мастацкую форму рэжысёр сканіруе чалавечую сутнасць і дваістую прыроду мастацтва, што робіць яго роўнавялікім, напрыклад, з Інгмарам Бергманам”. Дарэчы, на Канскім кінафестывалі карціна “Дом, які пабудаваў Джэк” была сімвалічна паказана па-за конкурсам і выклікала вялікі ажыятаж з боку публікі і кінакрытыкі.

Фота да матэрыялу: “Лістапад” — гэта адмысловы лад.

Асобнай і больш падрабязнай гутаркі заслугоўвае і пазаконкурсная праграма дакументальнага кіно. Напрыклад, праграма “Лепшае”, па словах Ірыны Дзям’янавай, аб’яднала розныя фільмы, але ў кожнага з іх яркая фестывальная гісторыя. Гэта, напрыклад, сямейныя меладрамы — ліванскі фільм “Арэлі” і брытанская карціна на актуальную тэму “Яшчэ адна навіна”. Прафесіянал рэкамендуе яе паглядзець, таму што ў цэнтры тут не толькі праблемы бежанцаў у Еўропе, але і тое, як да іх асвятлення ставяцца журналісты з пункту гледжання псіхалагічнага перажывання драм і трагедый. Вытанчанай італьянскай стужкай з’яўляецца “Скліканне”. “Вы зможаце паглядзець фільм Сяргея Лазніцы “Дзень перамогі”, які быў паказаны на ўсіх найбуйнейшых кінафестывалях свету. Вельмі прыемна, што ў гэтым годзе мы пазнаёмімся з рэжысёрам Аленай ван дэр Хорст. Яна зняла вельмі кранальны фільм пра расійскую глыбінку “Каханне — гэта бульба”, — падказвае патэнцыяльным гледачам “Лістапада” Ірына Дзям’янава.

Дырэктар кінафестывалю “Лістапад” Анжаліка Крашэўская адзначае: “Адна з нашых задач — не проста паказваць яркія работы, але і развіваць сваю гісторыю. Нам не хочацца стаяць на месцы, таму што жыццё дыктуе новыя формы, запыты і ідэі, неабходна рухацца наперад. Можа быць, дваццаціпяцігоддзе дасць фестывалю нейкі штуршок да развіцця”.

Таксама дакументальнае пазаконкурснае кіно будзе паказана ў рубрыках “Арт”, “Кіно пра кіно”, “(Не)дзіцячыя гісторыі”, “МузыкаДок”, “ХХ стагоддзе. Драмы гісторыі”, “Спартыўныя страсці”, “Спатканне з Расіяй” і “Залаты юбілей “Летапісу”.

Замест заключэння

Безумоўна, я тут праанансаваў далёка не ўсе цікавыя падзеі 25-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Бо фестываль — гэта вельмі складаная сістэма з магчымасцямі самаразвіцця ўжо нават падчас свайго правядзення. Гэта, ведаеце, як у лінгвістыцы з паняццем ладу. “Лістапад” — гэта і абвесны лад, бо ён пачаўся, ужо адбываецца і будзе рухацца. Гэта і ўмоўны лад, бо кінамова — гэта ўсё-такі найперш умоўная мова. Гэта і загадны лад, бо кіно можа з лёгкасцю загадваць нам, прымушаць нас любіць ці не любіць таго ці іншага кінагероя, прымаць ці не прымаць яго выбар. І гэта ўсё-такі найперш такі адмысловы лад, якога няма нават у філалогіі. Лад, які так ці інакш мяняе чалавека.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота з сайта ММКФ “Лістапад”.