Дарагі Іван Сяргеевіч!..

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі працуе выстава, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Івана Сяргеевіча Тургенева. Дакладней, гэта не проста выстава, а праект, які ажыццяўляецца ў рамках культурных мерапрыемстваў ЮНЕСКА: рашэннем 39-й сесіі Генеральнай канферэнцыі гэтай арганізацыі юбілей пісьменніка ўключаны ў лік памятных дат 2018 года. Іван Сяргеевіч нарадзіўся роўна 200 гадоў назад — 9 лістапада 1818 года…

Фота да матэрыяла: Дарагі Іван Сяргеевіч!.. Фота да матэрыяла: Дарагі Іван Сяргеевіч!.. Фота да матэрыяла: Дарагі Іван Сяргеевіч!..Арганізатарамі выставы сталі НЦМТДіМ сумесна з ветэранам кінастудыі “Беларусьфільм”, кінааператарам, кінарэжысёрам і грамадскім дзеячам Генадзем Хлабыставым, а яе ўдзельнікамі — навучэнцы калектываў-студый выяўленчага мастацтва са званнямі “народны”, “узорны” і “заслужаны” ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў. Мастакам-пачаткоўцам прапаноўваліся для мастацкага (жывапіснага і графічнага) асэнсавання такія тэмы, як “Пейзаж, насычаны думкай тургенеўскай прыроды”, “Тургенеўскія дзяўчаты” і “Дзяцінства і юнацтва Тургенева”. Пагадзіцеся: не зусім і па-дзіцячы сфармуляваныя тэмы, асабліва першая.

Але давайце ўдумаемся яшчэ і ў тое, хто такі Тургенеў для нас усіх наогул і для дзяцей, падлеткаў у прыватнасці. Ёсць, мне здаецца, сярод класікаў рускай літаратуры (дый не толькі рускай) любімыя, але, так бы мовіць, абавязковыя для вывучэння і асэнсавання творцы, гэтакія, можа быць, і непад’ёмныя глыбы для юных людзей: Талстой, Дастаеўскі, Гогаль… А ёсць і такія, безумоўна, таксама класікі, але хто менавіта найперш для душы. І вось для душы якраз Тургенеў. Ён больш празрысты, больш зразумелы дзецям і падлеткам, можа быць, нават больш чалавечны… І гэта вельмі добра відаць у работах удзельнікаў выставы: яны адчулі Івана Сяргеевіча, прынялі яго як свайго, роднага і блізкага.

Кожны з твораў — гэта як адмысловае пасланне пісьменніку, якое ў думках юнага аўтара, мабыць, пачынаецца са слоў “Добры дзень, дарагі Іван Сяргеевіч!”, ці “Прывітанне, мой любімы Іван Сяргеевіч!”, ці нават “Хай, мой клёвы Тургенеў!”.

А, з другога боку, гэта і пасланне Тургенева юнаму творцу. Невыпадкова амаль усе работы суправаджаюцца невялікімі цытатамі з твораў пісьменніка ў якасці пашпартоў. Так, 16-гадовая Аліна Хвядчэня з Бярозы, увасобіўшы ў сваёй рабоце рамантычную дзяўчыну з кнігай у руках на летняй тэрасе, прымацавала цытату з рамана “Рудзін”: “Эта молодая девушка с первого взгляда могла не понравиться. Натали еще не успела развиться, была худа, смугла, держалась немного сутуловато. Черты лица красивы и правильны, особенно хорош был ее чистый и ровный лоб. Училась она прилежно, читала и работала охотно. Ласунская говорила мало, слушала и глядела внимательно, чувствовала глубоко и сильно, но делала все тайно”. 15-гадовая Марыя Зайцава з Гомеля цытуе ўрывак з апавядання “Лес і стэп”: “А летнее, июльское утро! Кто, кроме охотника, испытал, как отрадно бродить на заре по кустам? Зеленой чертой ложится след ваших ног по росистой, побелевшей траве. Вы раздвинете мокрый куст — вас таки обдаст накопившимся теплым запахом ночи; воздух весь напоен свежей горечью полыни, медом гречихи и “кашки”; вдали стеной стоит дубовый лес и блестит и алеет на солнце; еще свежо, но уже чувствуется близость жары. Голова томно кружится от избытка благоуханий. Кустарнику нет конца…” 10-гадовая Насця Макарэвіч з Брэста не можа адарвацца ад апавядання “Бежин луг”: “Был прекрасный июльский день, один их тех дней, который случается только тогда, когда погода установилась надолго…”

Фота да матэрыяла: Дарагі Іван Сяргеевіч!.. Фота да матэрыяла: Дарагі Іван Сяргеевіч!..

І гэтак цытаваць аўтараў работ, дакладней, Тургенева, можна было б яшчэ доўга.

І ўсё ж… Добры дзень, дарагі Іван Сяргеевіч!

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Дарэчы, творчыя работы аўтараў выставы ўвойдуць у электронны каталог тургенеўскага праекта і будуць дэманстравацца ў рамках адпаведных культурных мерапрыемстваў у Беларусі, Расіі, Францыі і Германіі.