Пакуль многія дзяржаўныя тэатры яшчэ насцярожана ставяцца да новых тэкстаў і форм, вострай праблематыкі, незалежныя тэатральныя праекты на сваіх пляцоўках парушаюць табу ў адносінах да тэм, мовы, спосабаў камунікацыі з гледачом і г.д. Апошняя прэм’ера тэатра “Тэрыторыя мюзікла”, “Недалёка ад нормы” (Next to Normal), цудоўна ўпісваецца ў пошукі, якія апошнім часам вядуцца ў беларускім тэатры, найперш у сферы пашырэння тэматыкі.
У цэнтры гісторыі “Недалёка ад нормы” — жыццё Дзіяны Гудмен, жанчыны, якая пакутуе ад біпалярнага расстройства, уплыў яе хваробы на блізкіх, мужа Дэна і дачку Наталі. Але мюзікл закранае нашмат больш пытанняў, сярод якіх памылковая ўпэўненасць: праблема знікне, калі пераканаць сябе, што ўсё “ў норме”.
Пастаноўку рок-мюзікла Тома Кіта (музыка) і Браяна Ёркі (п’еса і вершы), ажыццёўленую “Тэрыторыяй мюзікла” па ліцэнзіі пры падтрымцы Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь, можна лічыць значным укладам у разбурэнне міфа аб музычным тэатры як выключна забаўляльным. Нягледзячы на лэйбл брадвейскага мюзікла, “Недалёка ад нормы” не мае нічога агульнага з уяўленнямі звычайнага гледача пра жанр, у якім нібыта пануюць лёгкія рытмы і танцуюць паўаголеныя дзяўчаты. Нават для радзімы мюзікла, ЗША, “Недалёка ад нормы” (прэм’ера на Брадвеі адбылася ў 2009 годзе) аказаўся амаль што шокам, настолькі ён адрозніваўся ад стандартаў жанру. Праўда, менавіта гэта дапамагло мюзіклу атрымаць прэмію “Тоні” за лепшую партытуру і аркестроўку і Пулітцэраўскую прэмію ў намінацыі “Драма”.
“Тэрыторыяй мюзікла” работа над пастаноўкай вялася некалькі гадоў. Тэатру давялося вырашаць шмат пытанняў — ад пошуку коўча (Эндру Бёрн), які працаваў над вакалам артыстаў, да атрымання ліцэнзіі на пераклад. Актыўную дзейнасць тэатр разгарнуў і ў кірунку работы з аўдыторыяй. Да яе падышлі неардынарна. Патэнцыяльныя гледачы пазнаёміліся з героямі мюзікла яшчэ да прэм’еры: у сацыяльных сетках былі створаны і вяліся акаўнты членаў сям’і Гудмен. Увогуле, пераацаніць маштабы работы тэатра, дзякуючы якому “Недалёка ад нормы” змаглі ўбачыць у Мінску, складана, таму, незалежна ад выніку, калектыў пад кіраўніцтвам Настассі Грыненка і Дзмітрыя Якубовіча варты падзякі і павагі. Тым больш што і вынік аказаўся годным.
Мюзікл “Недалёка ад нормы” цікавы найперш якасцю драматургічнага і музычнага матэрыялу, які і прывабіў пастаноўшчыкаў. Толькі матэрыял гэты простым ні для выканаўцаў, ні для гледачоў назваць нельга. Аляксей і Настасся Грыненка, якія пераклалі п’есу, захавалі жывую паўсядзённую мову герояў, натуральнасць яе гучання, аднак у тэкстах музычных нумароў, звычайных для многіх сучасных мюзіклаў, прымітыўных рыфмаў кшталту “любовь-кровь” не знайсці. Проста расслабіцца ў крэсле пад прыемны матыўчык і не ўслухоўвацца ў словы на спектаклі не атрымаецца. “Прахадных” тэкстаў, якія б не спрыялі развіццю дзеяння і не мелі дакладнага сэнсу, у пастаноўцы няма. Музыка выклікае жаданне прыйсці на спектакль яшчэ раз, тым больш што гучыць яна ў жывым выкананні рок-групы (кіраўнік Ціхан Золатаў): рокавыя рытмы перадаюць напружанасць пачуццяў герояў, іх нервовы стан ці надзею на лепшае, узрушваюць. Музычна-драматургічны матэрыял чапляе і трымае ўвагу, хоць уласна сцэнічнае ўвасабленне яму саступае.
Настасся Грыненка добра адчула, што асаблівых рэжысёрскіх “упрыгожванняў” матэрыялу не трэба, аднак, падаецца, спектаклю некалькі бракуе стрыманасці. Часам на сцэне адбываецца зашмат для дынамічнага дзеяння перамяшчэнняў герояў і прадметаў. Пытанне выклікае і неабходнасць лялек-дактароў у адной са сцэн, нават калі дапусціць, што гэты прыём служыць выяўленню ўспрымання Дзіянай рэчаіснасці пасля працэдуры электрашокавай тэрапіі. Аднак, напрыклад, спроба суіцыду жанчыны ўвасоблена рэжысёрам удала, без натуралізму — як вальс Дзіяны з памерлым сынам Габам. Асобныя мізансцэны праводзяць выразныя паралелі паміж адносінамі Дэна і Дзіяны і нараджэннем кахання Наталі і Генры, якія маюць шанец пражыць шчаслівае жыццё, калі здолеюць пазбегнуць памылак дарослых.
Сярод шматлікіх тэм, закранутых у “Недалёка ад нормы”, адной з магістральных з’яўляецца падманлівасць знешняга дабрабыту. У пастаноўцы яна выразна выяўлена ў кардонных ляльках-двайніках герояў і сцэнаграфіі Андрэя Меранкова. Мабільныя кубічныя канструкцыі ўвасабляюць розныя лакацыі (школьны кабінет ці кабінет доктара, аўтамабіль), а цэнтральная з іх — прыгарадны дом заможнай сям’і. Абрыс умоўнай канструкцыі нібыта сімвалізуе, што “нармальнасць” гэтага дома і яго жыхароў даўно ўжо з’яўляецца хімерай, а за яго фасадам няма нічога, акрамя спустошанасці і адзіноты. Сям’я Гудмен дэманструе адваротны бок знешняй прыстойнасці і дабрабыту сярэднестатыстычных “нармальных добрых людзей” (менавіта так перакладаецца прозвішча герояў Goodman), тыя праблемы, якія хаваюцца за завучанымі галівудскімі ўсмешкамі ды фразай “Усё ў норме”. І хоць імёны герояў у спектаклі амерыканскія, але ўзнятыя ў ім праблемы не маю ць культурных межаў і з’яўляюцца пазнавальнымі і блізкімі для беларускіх гледачоў.
Складанасць тэматыкі і характараў герояў патрабуе ад акцёраў тонкай псіхалагічнай работы, асабліва гэта тычыцца галоўнай гераіні Дзіяны. Выканаўца яе ролі Святлана Маціеўская стварае вобраз, які характарызуе найперш разгубленасць, якая паступова змяняецца рашучасцю прыняць адказнасць за ўласнае жыццё. Аднак складаны матэрыял пакуль не асвоены актрысай у поўнай ступені, таму Дзіяна перыядычна быццам адыходзіць на другі план. Тым больш што кожны з прадстаўнікоў сям’і Гудмен мае свае праблемы. Праз іх раскрываюцца такія значныя тэмы, як стасункі паміж бацькамі і дзецьмі, ступень адказнасці за сваіх блізкіх, абавязку перад імі і інш. Калі асноўнай “тэмай-праблемай” Дзіяны з’яўляецца яе захворванне, якое справакавала смерць сына Габа, то Дэн пакутуе ад комплексу “ідэальнага мужа”, імкнення адмежавацца ад балючых успамінаў. Дзмітрый Якубовіч дакладна ўвасабляе стомленага чалавека, які клапоціцца пра сваю хворую жонку пераважна таму, што калісьці ў маладосці даў абяцанне Дзіяне, а “мужчына трымае слова”. І яшчэ таму, што Дэн банальна баіцца застацца адзін і дазволіць сабе адчуваць. Сцэна, калі Дэн-Якубовіч нарэшце прызнаецца сабе, што смерць сына была трагедыяй і для яго, і дазваляе выявіцца ўспамінам аб Габе, аказваецца адной з самых драматычна моцных у спектаклі.
З работамі Святланы Маціеўскай і Дзмітрыя Якубовіча, у якіх адчуваецца пэўная стрыманасць, абумоўленая вопытам, кантрастуе энергічнасць і эмацыянальнасць выканання ролі Наталі Палінай Дабравольскай. Магчыма, гэта можна патлумачыць і тым, што гераіня Дабравольскай — падлетак, а падлеткам уласцівы афектыўнасць і павышаная эмацыянальнасць рэакцый. Адна з лепшых сцэн Наталі-Дабравольскай — нумар “Супер-сын і невідзімка-дачка”, у якім раскрываецца боль падлетка, вымушанага жыць у цені памерлага брата, дзяўчыны, якая адчувае моцны дэфіцыт увагі і любові з боку бацькоў і, як вынік, імкнецца дасягнуць дасканаласці ды падсвядома пазбягае блізкіх стасункаў. Праз вобраз Наталі ўзнімаецца не толькі праблема ўплыву адсутнасці наладжанай камунікацыі паміж бацькамі і дзецьмі, але і тэма наркаманіі. У дзяўчыны ў пэўны момант адбываецца нешта кшталту нервовага зрыву, і яна пачынае прымаць антыдэпрэсанты маці ды “завісаць” у клубах. Экспрэсіўнасць выканання Паліны Дабравольскай і іншых маладых артыстаў, занятых у спектаклі, — Арцёма Пінчука (Габ), Эрыка Абрамовіча (Генры), перыядычна робяць іх персанажаў і гісторыі дамінантнымі, хоць у запале акцёры і збіваюцца на штампы ды забываюцца на існаванне нюансаў. Як адзначалася, “Недалёка ад нормы” — матэрыял няпросты не толькі для гледачоў, але і для артыстаў. У цэлым, падбор акцёрскага складу ў “Недалёка ад нормы” можна назваць удалым, бо ўвагі ў спектаклі варты кожны з герояў. Нават, здавалася б, другарадны персанаж, доктар Мэдэн Дзяніса Нямцова. Вельмі суцешна бачыць акцёра, які выступае пераважна ў амплуа камічных недарэкаў-прасцякоў ці злодзеяў, у ролі стрыманага доктара, прафесіянала, неабыякавага да сваіх пацыентаў, і сапраўднай рок-зоркі без узросту.
Магчыма, у мастацкім плане пастаноўку “Тэрыторыі мюзікла” нельга пакуль назваць безумоўнай удачай, але гэта крок наперад для беларускага музычнага тэатра, бо спектакль сцвярджае яго здольнасць весці размовы на сур’ёзныя тэмы, актуальныя для грамадства, сучаснай мастацкай мовай. І яшчэ гэта ўдача для тых гледачоў, якія не шукаюць у тэатры забаўляльнасці і паратунку ад паўсядзённых праблем. “Недалёка ад нормы” не стварае на сцэне ідэальную рэальнасць, у якую так прыемна збегчы ад складанасцей уласнага жыцця, наадварот, ён прапануе паглядзець праблемам у твар і зразумець: быць недалёка ад нормы — цалкам нармальна.
Кацярына ЯРОМІНА.
Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ.