Вялікую работу па захаванні народнай спадчыны Гродзеншчыны вядзе таленавіты педагог мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Васілёчкі” Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Тарэса Антонаўна Адамовіч.
Больш за трыццаць гадоў назад Тарэсу Антонаўну запрасілі правесці свята ў вёсцы Жытомлі. Шмат часу яна аддала збіранню цікавых звестак аб вёсцы і яе жыхарах. У выніку адбылося цудоўнае свята. Да Тарэсы Антонаўны пацягнуліся жыхары, якія памяталі, як у далёкі час збіраліся іх сем’і, каб разам гукаць вясну і шукаць папараць-кветку, як разам праводзілі хлопцаў у войска і як калядавалі…
Так, у 1986 годзе пад кіраўніцтвам Т.А.Адамовіч пры Жытамлянскім сельскім доме культуры баў арганізаваны калектыў “Матуліна песня”, які праз шэсць гадоў набыў званне народнага.
Жадаючых удзельнічаць у калектыве было шмат. Жанчыны прыводзілі мужчын, мужчыны — сваіх жонак. Калі дарослыя на рэпетыцыі, то дзе павінны быць дзеці? Дзеці ціхенька сядзелі ў куточку і з зацікаўленасцю пазіралі на бацькоў. Так, самі таго не заўважаючы, вывучылі песні, запомнілі словы ў пастаноўках. Потым паспрабавалі далучыцца да агульнага дзеяння.
Тарэса Антонаўна — не толькі выдатны педагог, добры сцэнарыст, але і адметны псіхолаг. Яна лічыць, што галоўная роля ў выхаванні дзяцей адводзіцца непасрэдна зносінам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі: “Сям’я, — гаворыць Тарэса Антонаўна, — галоўны захавальнік народнай мудрасці, застаецца працягам традыцый, пераемнасцю пакаленняў. Сумесная творчасць бацькоў і дзяцей садзейнічае згуртаванню сям’і, дазваляе дзецям убачыць сваіх блізкіх з новага для сябе, часта вельмі значнага боку”.
Тарэса Антонаўна пачала займацца з дзецьмі. Вучыла ўсіх незалежна ад іх здольнасцей. Заняткі праводзіла на беларускай мове, выкарыстоўваючы цікавыя гульнявыя формы. З’явіліся першыя невялічкія дзіцячыя пастаноўкі, якія адразу цёпла былі прынятыя жыхарамі вёскі і высока адзначаны дзеячамі адукацыі і культуры. Так, у 2006 годзе на базе Жытамлянскай сярэдняй школы пачаў сваю дзейнасць дзіцячы фальклорны калектыў “Васілёчкі”.
Сёння з 43 вучняў школы ў дзіцячым фальклорным калектыве займаюцца 19 чалавек. Яны спасцігаюць мастацкі свет праз лічылкі, гульні, спевы, танцы, вобразы каляндарна-абрадавых свят. За асноўны матэрыял кіраўнік бярэ аўтэнтычныя фальклорныя творы, акцэнтуе ўвагу на вывучэнні мастацкіх асаблівасцей традыцыйнай культуры жыхароў мясцовасці. За час існавання калектыву дзеці і моладзь прынялі ўдзел у абрадах “Хаджэнне ў валакайнікі”, “Гуканне вясны”, “Зажынкі”, “Выправы да войска”, “Прыезд маладога да маладой”, “Вялікдзень”, “Калядаванне”, “Шчодрык”.
— Беларускі народ пакінуў нашчадкам багатую спадчыну, з якой павінен знаёміцца кожны чалавек з дзяцінства. Веданне сваіх вытокаў, сваіх каранёў садзейнічае любові да свайго народа, краіны, фарміраванню пачуцця нацыянальнай годнасці. Вельмі цешыць сэрца, што дзеткі сапраўды пранікліся любоўю да фальклору, народнай творчасці, традыцый, іх цікавіць культурная спадчына роднай краіны, — гаворыць педагог.
Дзіцячы фальклорны калектыў “Васілёчкі” — абавязковы ўдзельнік культурна-масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца Гродзенскім райвыканкамам, Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, а таксама фестываляў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.
У 2016 годзе дзіцячаму фальклорнаму калектыву “Васілёчкі” прысуджана ганаровае званне “ўзорны”.
Імя Тарэсы Антонаўны ўвайшло ў энцыклапедыю Беларусі “Хто ёсць хто ў Беларусі”. За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне нацыі яна атрымала званне “Жанчына года — 2014 Рэспублікі Беларусь”. У 2017 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У сакавіку 2018 года на абласным аглядзе-конкурсе “Шчаслівы той, хто зямлю продкаў паважае” калектыў заняў 1-е месца, прадставіў абрады “Гуканне вясны” і “Калядкі”.
Ідзе час. Мяняецца жыццё — мяняюцца людзі, вобраз іх мыслення і стыль паводзін. Зразумела, мы не вернемся да мінулага традыцыйнага ўкладу жыцця. І такой мэты няма. Але нам трэба выхоўваць нашых дзяцей грамадзянамі, патрыётамі, сапраўднымі беларусамі, якія б ведалі гісторыю і культуру свайго народа, памяталі сваю малую радзіму, якая дала ім шлях у жыццё.
Людміла АЛЯСЮК,
метадыст Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.