Любіць зямлю, любіць людзей…

Яго мастацкі почырк не зблытаеш ні з чыім. Здавалася б, што можна яшчэ прыдумаць у такім традыцыйным жанры, як пейзаж? Пасля Шышкіна, Айвазоўскага, Макоўскага, Саўрасава, Цвіркі… Але ён прыдумаў! Усё, што б ён ні намаляваў: дрэвы, рэкі, хаціны, асобныя людзі, як правіла, местачкоўцы ці вяскоўцы, — маюць пазнаку вечнасці. І ў гэтай вечнасці яго не зблытаеш ні з кім і ні з чым.

Знаёмцеся: Кастусь Качан.

Яго персанальная выстава, якая дэманструецца сёння ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, мае красамоўную назву “Правінцыя”. Канцэпцыя правінцыі ў Год малой радзімы прымушае нас удумацца ў гэтае слова і яго значэнне. Што такое правінцыя? Навагрудчына (радзіма мастака), Заслаўе, Валожын, Іўе, Ракаў, Любча, Свержань (мястэчкі, якія ён любіць маляваць)? Ці, можа быць, уся Беларусь на карце свету — правінцыя? А, можа быць, правінцыя — гэта наша сэрца ў сэрцы Сусвету? А мы пра гэта нават і не здагадваемся…

Хто яго ведае. Але для нас, хто нарадзіўся і вырас у вёсках або чые бацькі і дзяды там нарадзіліся і выраслі, слова “правінцыя” не мае адмоўнага значэння. Мы ўсе — у добрым сэнсе правінцыя ў нашай чалавечай Галактыцы. Са сваёй адвечнай сталіцай — сэрцам.

Перад інтэрв’ю з Кастусём Качаном не лішнім будзе згадаць, што яго творы знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.Масленікава, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, а таксама ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, у прыватных калекцыях Беларусі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Літвы, Паўднёвай Карэі, Польшчы, Расіі, Турцыі, Украіны. Такая вось атрымліваецца правінцыя…


— Спадар Кастусь, з вашай інтэрнэт-біяграфіі вядома, што вы скончылі фізічны факультэт БДУ, а потым наведвалі ў якасці вольнага слухача Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут — цяперашнюю акадэмію мастацтва. Як можаце патлумачыць гэтыя метамарфозы ў вашым жыцці?

— Ды што тут тлумачыць… Недзе на другім курсе фізфака я зразумеў, што я не фізік. На другім курсе фізфака ўва мне канчаткова прачнуўся мастак. У вольны ад заняткаў час хадзіў у студыю, марыў быць студэнтам тэатральна-мастацкага. Але ж дзе ты кінеш фізфак, калі ўсе вакол гавораць пра фізікаў і лірыкаў? І мая маці так хацела бачыць ува мне фізіка. Адвучыўся 5 гадоў на фізіка і ўжо думаў паступаць у тэатральна-мастацкі, а тут новая незадача — прыйшоў на кафедру жывапісу, а там сказалі, што не маюць права прымаць мае дакументы: пасля вучобы ў БДУ мне трэба адпрацаваць 3 гады па размеркаванні і толькі ў Міністэрстве асветы могуць даць дазвол на тое, каб абысці размеркаванне.

— Злом душы?

— Я настойлівы. У мяне па жыцці прынцып — калі не пускаюць у дзверы, трэба лезці праз акно. Вось я і пайшоў у Міністэрства асветы. Там нейкі чыноўнік такую водпаведзь мне даў: “Ды ідзі ты, працуй! На цябе дзяржава грошы патраціла, каб ты быў настаўнікам!” І я пайшоў працаваць настаўнікам фізікі ў адну з мінскіх школ. А паралельна выкладаў выяўленчае мастацтва. Прапрацаваў год. Дырэктрыса ў канцы кажа: “Я разумею, што вы не ў сваёй талерцы. Я пагутару з загадчыкам райана”. Потым і я з ім пагутарыў. Той паслухаў мяне дый кажа: “Мастак дык мастак. Малюй!” Але ўсё роўна трэба было чакаць яшчэ 2 гады, каб мець права падаць дакументы ў тэатральна-мастацкі. І я не чакаў. Пазнаёміўся з выкладчыкамі, студэнтамі. Стаў наведваць заняткі нефармальным чынам. Стаў жыць мастацтвам. А потым яшчэ і з майстэрняй пашанцавала. Далі пакойчык калясачны… (Усміхаецца. М.Ч.)

— Калясачны?

— Так. У новых дамах на першым паверсе адводзіўся спецыяльны пакой для дзіцячых калясак. Але ён пуставаў. І мне дазволілі там жыць і працаваць. Так і жыў-працаваў 2 гады, наведваючы вольным слухачом тэатральна-мастацкі. Ужо і выстаўляцца пачаў разам са знакамітымі мастакамі. А як мінулі тыя два гады, падумаў сам сабе: “А чаго мне паступаць, калі я ўжо ўдзельнічаю ў выставах, калі я ўжо праграму вучэбную ведаю?” Тое, што я не маю дыплома, не значыць, што я неадукаваны.

— Ці былі для вас пакутлівымі пошукі сваёй манеры ў жывапісе? У прыватнасці, пошукі свайго пейзажа і нацюрморта?

— Ніякіх пакут не было. Пейзаж быў закладзены ў маіх генах. З дзяцінства… З тых гадоў, як я пачаў успрымаць гэты свет. Я яго добра адчуў з маленства. Гэта быў код, вызначаны на ўсё жыццё наперад.


— Нарадзіцца пісьменнікам. Нарадзіцца музыкам. Нарадзіцца мастаком. Вы верыце ў гэтыя фразы?

— Так, пра сябе я дакладна ведаю, што нарадзіўся мастаком. Маё жыццё — гэтаму пацвярджэнне. Іншая справа, каб быць мастаком, трэба быць смелым. Можа, смеласці мне іншым разам не хапала. Але ёсць у жыцці нейкія знакавыя моманты, якія дадаюць гэтай самай смеласці. Сядзім аднойчы на лекцыі. Гляджу: мой аднакурснік чытае нейкую кнігу. Бачу: прачытаў. І вокладка: “Жажда жизни”. Ірвінг Стоўн. Я яму кажу: “Дай пачытаць”. Ён даў. І я ўзахлёб яе прачытаў. Гэта біяграфічны раман пра Ван Гога. Нешта зрушылася ў маёй душы. Усё перамянілася. Я стаў іншым чалавекам. У мяне з’явілася ўпэўненасць у гэтым жыцці. А яшчэ — чуласць. Чуласць да самога жыцця.


— Мастацтвазнаўца куратар вашай выставы Людміла Сяліцкая гаворыць пра ўплыў рускага рэалізму на ваш стыль пісьма…

— Я не зусім пагаджаюся з ёй. Канечне, я люблю Левітана. Але геніем я лічу Брэйгеля. І нашага Рушчыца. Фердынанд — гэта ўзор адносін да мастацтва, узор любові мастака да роднай зямлі.

— Вашае станаўленне як мастака выпала на той час, калі моду ў мастацтве вырашалі розныя стылі: у нас — суровы рэалізм а-ля Міхаіл Савіцкі і Май Данцыг, у ЗША — поп-арт а-ля Эндзі Уорхал. Не хацелася пераймаць?

— Не. Я прыхільнік класікі. Для мяне найпершым з’яўляецца не стыль, а змест. У мастакоў заўсёды ёсць спрэчны момант: “Што важней: ШТО малюеш ці ЯК малюеш?” Я лічу, што галоўнае — не ЯК, а ШТО. Найбольш важна тое, чым напоўнены мастак. Тое, што ён нясе сваім гледачам.


— Спадар Кастусь, не магу не спытаць пра ваш навагрудскі момант. Ведаю, што ў цэнтры Навагрудка ёсць ваша імянная мастацкая галерэя, а побач — будынак сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Раскажыце, калі ласка, пра гэтую гісторыю.

— Гісторыя такая. Гэты стары будынак быў у аварыйным стане. Я наіўна думаў, што адрамантую. Але гэта помнік архітэктуры. Пад кантролем Міністэрства культуры, дэпартамента па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі… Там вызначаліся на працягу 3 гадоў, што з ім рабіць: ці яго разабраць і па-новаму скласці, ці захаваць ідэнтычнасць. У пэўны час я адчуў, што можна проста не паспець хоць што-небудзь зрабіць, і выкупіў тэрыторыю разам з тым старым будынкам. Будаўніцтва адбываецца ў дзве чаргі: будаваўся новы будынак — мастацкая галерэя — і рэканструкцыя старога. Чатыры гады мы будавалі новы. На адкрыцці прысутнічалі тагачасны прэм’ер Міхаіл Мясніковіч, тагачасны міністр культуры Барыс Святлоў, гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца і іншыя паважаныя асобы.

— Дык а са старым будынкам што?

— Рэканструкцыя. На жаль, не хапае грошай. Але кожны год я нешта раблю. Вонкава ўсё ўжо зроблена — цагліна ў цагліну. Гэты будынак хваляць як узор рэканструкцыі.


— Якая будзе функцыя гэтага будынка, калі даробіце ўсё ўнутры?

— Я думаю зрабіць там нешта накшталт музея — аздобіць інтэр’ер у стылі ХІХ стагоддзя. Гэта будзе ілюстрацыя шляхецкага побыту беларусаў. Я ўжо вельмі захапіўся старадаўняй мэбляй, набыў шмат чаго цікавага…

— Спадар Кастусь, вернемся цяпер да гутаркі пра вашу выставу. Вы назвалі яе “Правінцыяй”. Дастаткова правакацыйная назва. Іронія, дэкламацыя, пратэст, маўляў, правінцыя можа быць нават больш прафесійнай за сталіцу… Які змест найперш самі вы ўклалі ў назву?

— Усё, што вы назвалі, падыходзіць. Гэта і іронія, і дэкламацыя, і пратэст, і… правінцыя. Я люблю падарожнічаць па роднай Беларусі, асабліва па заходняй. І як аднойчы адкрыў для сябе гэты беларускі свет, так і працягваю яго адкрываць да гэтага часу. Я нарадзіўся на хутары побач з вёскай Лаўрышава. А Лаўрышава — вёска, вядомая найперш сваім праваслаўным манастыром. Як вы думаеце, чаму яна называецца Лаўрышава? Назва паходзіць ад слова “лаўра”. А што такое лаўра? Гэта як мінімум тры царквы. А ведаеце, хто заснаваў гэты манастыр? Наш вялікі князь Войшалк, сын Міндоўга. Ён быў манахам. Калі бацьку забілі, манаскую расу памяняў на кальчугу.


— А вы змаглі б так?

— Я правінцыял (Усміхаецца.М.Ч.), хоць і жыву ўжо 48 гадоў у Мінску і мая майстэрня знаходзіцца ў самым цэнтры сталіцы. На праспекце Незалежнасці.

— Тады і пытанне да вас як да правінцыяла. Вы рады таму факту, што 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы? Якія вашы чаканні?

— Вядома ж, рады. Выдатна, што паднялі гэтае пытанне! Хаця з вялікім-вялікім спазненнем. Мяне хвалюе сёння адно — каб не прайшоў гэты год і каб усё на гэтых размовах пра малую радзіму не скончылася… Каб, па-руску кажучы, “не заболтали” гэты Год малой радзімы.


— Думаю, што вы вельмі любіце Навагрудак…

— Я люблю гэты горад, бо ў ім захавалася аўра нашай беларускай старасветчыны. Хоць палову будынкаў падчас вайны немцы разбамбілі… Навошта фашыстам трэба было бамбіць старажытны горад? Вайсковая часць стаяла не ў самім горадзе, а побач. На месцы разбомбленых у гады вайны дамоў — сёння падмуркі. Дзякуй богу, на іх не пабудавалі нічога, як у іншых гарадах. Ніякіх там хрушчовак і іншага. І таму Навагрудак яшчэ можна адбудаваць. Не ведаю, дачакаюся я гэтага часу ці не. Наўрад ці. Хаця… У 2013 годзе на самым высокім дзяржаўным узроўні ўзнікла думка, каб зрабіць Навагрудак горадам-музеем. І тады ўжо абмяркоўваўся канкрэтны план па аднаўленні яго накшталт таго, як аднаўляліся гарады ў Еўропе. Што цікава, еўрапейскія гарады кшталту Варшавы аднаўляліся вельмі хутка. Проста аб’яўляўся тэндар: вось вам ацалелыя падмуркі, будуйцеся, калі ласка, але каб было ўсё так, як калісьці, да руйнавання. Быў жорсткі кантроль з боку дзяржавы. Прыватнікі падпарадкоўваліся. І вы сёння можаце бачыць, як выглядаюць еўрапейскія гарады. У Навагрудка таксама быў шанс стаць такім еўрапейскім горадам. Там ёсць шмат багатых людзей, якія будавалі ў свой час вялікія крамы на ўскрайку горада. І яны маглі б пабудаваць нешта ў гістарычным цэнтры. Я думаю, што быў бы нават вялікі конкурс на гэтыя падмуркі. Але, як памятаем, у 2013 годзе здарыўся крызіс — і ўсе планы так і засталіся на паперы. Шкада. Вельмі шкада. Адзін бы Навагрудскі палац Радзівілаў што мог бы значыць! Столькі фотаматэрыялаў засталося! Можна было б элементарна зрабіць праект.

— Адну з вежаў Навагрудскага замка ўсё-такі паспелі аднавіць. Вас задавальняе гэтая праца?

— Ай, лепш бы вы не пыталіся… Я, напрыклад, калі будаваў свой дом, заказваў бельгійскую цэглу — з выглядам аўтэнтычнасці, з фармоўкай, нібы з ХІХ стагоддзя. А тут не маглі купіць…


— Спадар Кастусь, каб не завяршаць нашу гутарку на такой сумнай ноце, прыгадайце, калі ласка, якую-небудзь вясёлую гісторыю са свайго жыцця.

— Была вось такая. Я казаў, што ўжо на другім курсе фізфака адчуў, што я не фізік, а мастак. Мог бы тады і кінуць фізічны факультэт, але мне было вельмі шкада бацькоў, асабліва маму, для якой само слова “фізік” гучала магічна і якая вельмі радавалася, што яе сын будзе фізікам. Памятаю, мама ўжо таксама зразумела, што я не фізік, а мастак. Я ўжо скончыў вучобу ў БДУ, стаю ў пуні, раблю падрамнікі, а мама падыходзіць і кажа: “Ой, сынок, можа, ужо дырэктарам школы быў бы, а ты ўсё свае падрамнікі нацягваеш…” Яна сапраўды лічыла, што нічога добрага не выйдзе ў мяне з маім мастацтвам. Але мінула колькі гадоў, я пачаў выстаўляцца, у тым ліку на ўсесаюзных выставах у Маскве, мае карціны людзі пачалі купляць, мне пачалі зайздросціць аднагодкі, маўляў, яшчэ той фізік, а ўжо ўвайшоў у абойму паспяховых маладых мастакоў Савецкага Саюза… І прыязджаю я аднойчы да маці, даю ёй грошы і кажу: “Вось, мама, гэта я атрымаў за сваю карціну”. А яна так яхідна мне гаворыць: “Во! Павязло чарвяку на вяку!” Я тады толькі ўсміхнуўся, а потым вярнуўся ў Мінск, расказаў знаёмым мастакам пра гэты выпадак. І сёння гэта ўжо крылатая фраза ў нашым мастакоўскім асяроддзі. Калі некаму пашчасціць, астатнія з добрай усмешкай кажуць: “Павязло чарвяку на вяку!”

— А калі сур’ёзна, што трэба мастаку, каб адчуваць сябе шчаслівым?

— Думаю, што не толькі мастаку, але і любому чалавеку трэба найперш любіць сваю зямлю. Любіць людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. Ставіцца да іх з дабрынёй, спагадай, павагай. Гэта вечныя чалавечыя каштоўнасці, да якіх і дадаць няма чаго.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.