Мінск глядзіць… і бачыць

Шчыра кажучы, я ўжо нават і не ведаю, дзе жыву: у Мінску ці ў Берліне. Яшчэ некалькі гадоў назад мы з жонкай і дачкой мелі звычку на любыя больш-менш працяглыя святы ездзіць у Берлін — сталіцу еўрапейскага мастацтва. Я мог нават не выбіраць берлінскую вуліцу: ці гэта Унтэр-дэн-Ліндэн, ці Курфюрстэндам, ці Фрыдрыхштрасэ, ці Вільгельмштрасэ — ты ішоў гэтымі вуліцамі і праз кожныя 50 метраў натыкаўся на мастацкую галерэю, заходзіў, знаёміўся з тым, што называецца сучасным еўрапейскім мастацтвам. Часам быў заклапочаны ўбачаным, іншым разам нават збянтэжаны, але, вяртаючыся на Хаўптбанхоф (галоўны берлінскі вакзал), быў кожны раз задаволены, зацяжараны мастацтвам, якое пранікала ў тваё нутро, давала магчымасць табе дыхаць як еўрапейскаму чалавеку, дарыла ні з чым не параўнанае адчуванне далучанасці да нейкага вялікага, сапраўднага, еўрапейскага шчасця… Дазваляла дыхаць цывілізаванай — прыгожай і разумнай — Еўропай.


26 красавіка я зразумеў, што жыву ў Берліне, які называецца Мінскам.

Ці ў Мінску, які называецца Берлінам.

Я гавару выключна пра мастацкі Берлін і мастацкі Мінск. У гэты дзень у нашай сталіцы, дзякуючы намаганням Белгазпрамбанка, “Газпрамтрансгаза Беларусь”, Цэнтра выяўленчага і медыямастацтва “Новая культурная ініцыятыва” і Палаца мастацтва, адкрыўся праект — мастацкі фестываль “Арт-Мінск”. Гэта проста трэба бачыць. Прайсці па ўсіх фестывальных пляцоўках — Палацы мастацтваў, Цэнтры сучасных мастацтваў, арт-гасцёўні “Высокае месца”, мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, крэатыўнай прасторы Ок16, мастацкай галерэі “Ў” і інш. І навошта ўжо той Берлін, калі ты ў самым цэнтры сваёй любімай беларускай сталіцы трапляеш у еўрапейскае мастацкае сэрца — у Палацы мастацтва? А адтуль ужо можаш ісці па мінскай Фрыдрыхштрасэ — праспекце Незалежнасці — хоць на правы бок, у Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, хоць на левы бок, уверх, да вуліцы Кастрычніцкай… Гэта будзе адчуванне не горшае, чым ад Берліна — сталіцы еўрапейскага мастацкага жыцця. Наш Мінск таксама жыве мастацтвам. Крэатыўны слоган фестывалю “Арт-Мінск” — “Мінск глядзіць”. Адпаведная і эмблема — вока.

Што бачыць гэтае вока? У каго і што так пільна ўзіраецца? Што хоча сказаць сваім таямнічым падміргваннем ці шчырым адкрытым позіркам?

Італьянскі куратар фестывалю “Арт-Мінск” Стэфана Антанэлі на вернісажы адзначыў, што мастацтва сёння з’яўляецца, хутчэй, адкрытай прасторай, чым закрытай сажалкай. І гэта найперш выказванне, месэдж, які здольны аб’яднаць людзей з усяго свету. “Адбіраючы работы ў гэтую экспазіцыю, я стараўся прадставіць самыя розныя месэджы, самыя розныя стаўленні беларускіх мастакоў да гэтага свету, — сказаў спадар Стэфана. — Гэтая выстава не існуе без вас, наведвальнікаў. Яна існуе толькі тады, калі вы глядзіце на гэтыя творы. Калі вы спрабуеце размаўляць на тых мовах, на якіх з вамі размаўляюць мастакі. Гэтыя мовы вельмі розныя, але я ўпэўнены, што вы знойдзеце тут сваю ідэнтычнасць, знойдзеце водгук у пачуццях мастакоў”.

І было, насамрэч, не адарвацца ад гэтай ідэнтычнасці: знайсці сябе ў загадкавых плаўных блакітна-зялёных лініях Кацярыны Сумаравай, у старэйшых, чым кроў, драўляных “патэрнах” Канстанціна Мужава (“Старэй за кроў”), загадкавым рэбусе Іны Салдатавай, якая запрашала гледачоў “знайсці сябе”, “Іні і Яні” Рыгора Несцерава, “Бульбамятальніку” Дзяніса Барсукова, супрэматычным “Бэзе ў вазе” Валянціна Нуднова, “Новай прыгажосці” Антаніны Слабодчыкавай, “Балансаванні” Марты Шматавай, “Часе Вакха” Аляксандра Зіменкі, чэрапе (“Прысвячэнні мастакам”) Аляксандра Даманава, “Сне зямлі” Валерыя Шкарубы, ва “Уцёках” Марыі Капілавай, “Аўтавакзале мары” Дзмітрыя Жырнова… Якую карціну ты ні бачыў бы ў Палацы мастацтваў, штосьці ў ёй гаварыла і пра цябе самога, любімага. І гэта было пацвярджэннем пошуку і знаходжання той ідэнтычнасці, пра якую казаў Стэфана Антанэлі.

Вельмі парадавалі замежныя экспазіцыі. Немагчыма было не ўразіцца пейзажамі Бато Дугажурпава (Масква), марыністычна-фларыстычнай кампазіцыяй Ірыса Уука (Талін), бронзавым клоўнам Таўна Кангра (Талін), венецыянскімі краявідамі Раўшана Нура (Талін), “Дзяўчынкай і аднарогам” Эле Ганды Багданене, “Ферматай” Меды Нарбутайтэ, вельмі гучнай дэкларацыяй (“Вельмі гучна і раздражнёна”) Хрысціны Нарвілайтэ, “Пазашлюбнымі сувязямі” Мігле Касінскайтэ з Літвы.

З усіх прадстаўленых у Палацы мастацтваў работ аўтара гэтых радкоў проста “спаліла” алейнае палатно Вікторыі Савянковай “Меланхолія” — на мяне глядзела дзяўчына, беларуска, калі меркаваць па шэра-зялёных вачах, светлых валасах, страсных вуснах. Але ў яе былі заплаканыя-заплаканыя вочы.


Я доўга глядзеў на гэтую карціну, пусціў сам слязу… І раптам мяне за руку бярэ нехта. Азіраюся і бачу Надзю Бука, мастачку, з якой зусім нядаўна рабіў інтэрв’ю для нашай газеты.


— Прывітанне!

— Прывітанне!

— Не трэба плакаць! Хадземце лепш да маіх работ! Яны больш аптымістычныя.

Змахнуўшы слязу, я паслухмяна пайшоў за Надзяй.

Па дарозе расказвае: “Я вельмі ўзрадавалася, калі мае дзве работы адабралі на гэтую выставу. Адбіраў жа італьянец!”


Падвяла да сваіх твораў, пачала расказваць:

— “Ліхтары” распавядаюць пра людзей, якія знаходзяцца на адлегласці. А другая работа — “Адваротны бок” — вельмі важная для мяне, сімвалічная. Там заўважны пераход ад класічнай выцінанкі да майго аўтарскага жанру — буцінанкі. Там з левага боку дрэва жыцця і певень. Іх выразалі нашы продкі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. А ў правым боку — ужо выключна мая буцінанка, без сіметрыі, без усіх традыцыйных правіл…

— Надзя, а вы адчуваеце патрэбу ўдзельнічаць у такіх фестывалях?

— Вельмі! Разумееце, проста крылы тады вырастаюць. Як мастак я тады адчуваю, што некаму патрэбна. У мяне ёсць стымул працаваць. Праект “Арт-Мінск” яднае нас усіх, мастакоў, якія не ведалі адно пра аднаго, якія жывуць у розных кутках Беларусі і Еўропы. Але цяпер мы даведаліся пра нас усіх. Тое, што адбываецца сёння ў Мінску, у Еўропе адбывалася гадоў 50 назад. Дзякуй богу, мы нарэшце да гэтага прыйшлі, мастацтва стала цікавым гледачам, пра што сведчыць гэтая выстава.

— Вы адчуваеце сябе больш мастачкай Беларусі ці свету?

— Безумоўна, у першую чаргу Беларусі. У кожным сваім творы я імкнуся падкрэсліць нашу нацыянальную самасвядомасць, наш генетычны код. Наш арнамент, нашы васількі, нашу дзявочую красу і касу… Для мяне гэтыя рэчы вельмі важныя. Трэба заўсёды памятаць пра свае карані, пра тое, адкуль ты. Пра сябе я магу сказаць, што мяне мае карані сілкуюць вельмі моцна. Мая Беларусь — у кожным маім мазку, які кладу на палатно, у кожным выразаным элеменце буцінанкі. І гэта адчуваюць гледачы. Яны адчуваюць мае трапяткія адносіны да Беларусі, да беларускасці, да нашых сімвалаў.

— Дзякуй, Надзя, што вы ёсць такая!

…Я развітаўся з Надзяй і хацеў пайсці далей блукаць па выставе. Але нейкая сіла мяне затрымала менавіта ля яе стэнда. Адышоў. А нейкія хлопец з дзяўчынай доўга ўглядаліся ў яе работу “Адваротны бок”.

Было бачна, што гэта закаханая пара. Што іх каханне будзе з імі заўсёды.

Колькі глядзелі, столькі і не разводзілі счэпленых рук.

Мінск глядзіць.

І бачыць.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*