Буквар… Твой твар

У нашай роднай беларускай мове слова “буквар” невыпадкова рыфмуецца са словам “твар”. Ужо навучыўшыся гаварыць, у самым юным узросце мы хочам навучыцца чытаць і пісаць. Родная мама разгортвае перад намі нашу першую ў жыцці кніжку — буквар. І мы бачым там родныя літары, з якімі будзем заставацца на гэтай зямлі на ўсё астатняе жыццё: “А”, “Б”, “В”… Так, яшчэ калі мы не ўмеем як след хадзіць, пачынаецца наша ідэнтычнасць. Так у гэтых першых літарах мы пазнаём сябе і навакольны свет. Мы чытаем буквар і бачым у ім свой твар. Сваю радзіму. Сваіх дарагіх людзей, імёны якіх пачынаюцца з гэтых самых літар.

26 красавіка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі адкрылася выстава “Буквары народаў свету” з прыватнай калекцыі буквароў і азбук латвійскага педагога, аўтара буквароў і кніг пра народы свету і іх мовы, калекцыянера Юрыса Цыбульса. Гэтая выстава, арганізаваная пры ўдзеле Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы, праекта мабільнасці Еўрапейскага Саюза MOST, прымеркавана да 400-годдзя першага беларускага — віленскага — буквара.

Тое, што зрабіў Юрыс, нават не ўкладваецца ў галаву! Спадар Цыбульс сабраў больш за 10 тысяч выданняў, выдрукаваных на больш чым 1000 моў! У НББ прадстаўлена каля 1400 буквароў на 58 мовах самых розных народаў усіх частак свету — Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі.

Бачыш гэтыя літары, чытаеш гэтыя словы, напісаныя на кірыліцы, лацініцы, арабскай вяззю, іерогліфамі, — і адчуваеш сябе дзіцем Сусвету, дзіцем сусветнай культуры. А калі слухаеш яшчэ і экскурсію з першых вуснаў ад Юрыса Цыбульса ў старадаўнім латвійскім зборы, канчаткова губляешся ў вечнасці і славеснасці. Ён гаварыў, напрыклад, пра тое, што напісаць буквар значна складаней, чым раман “Вайна і мір”.

А таксама пра тое, што ніхто не ведае, колькі існуе ў свеце моў; адны думаюць, што 6 тысяч, а іншыя — што 10 тысяч; распалася Югаславія — і адразу ў свеце паболела на 4 мовы.

А яшчэ пра тое, што галоўнымі кнігамі тых народаў, якія маюць сваю пісьменнасць, лічацца толькі дзве кнігі — Буквар і Біблія ў перакладзе на нацыянальную мову. Мы, як і латышы, адносімся да такіх народаў.

А яшчэ пра асаблівасці розных моў свету: нашы школьнікі не любяць, што ў англійскай мове катэгорыя часу мае чатыры формы (go, going, went, gone), а ў аднаго амерыканскага племені катэгорыя часу мае 12 тысяч розных форм.

А яшчэ пра тое, што другой па сваёй складанасці мовай з’яўляецца, як ні дзіўна, англійская — з-за мнагазначнасці слоў. Мы ўсе са школьнай парты ведаем, што pen — гэта ручка, але не ведаем, што pen — гэта і месца выгулу сабак, дамба, барак, турма, месца для падводных лодак і г.д.

А яшчэ пра тое, што ёсць у нашым свеце такія мовы, як ротакас у Папуа-Новай Гвінеі, у якіх налічваецца толькі 11 літар, і кітайская — кожны кітайскі навучэнец павінен ведаць мінімум тры з паловай тысячы іерогліфаў, а ўвогуле — дзясяткі, паўмільёна.

А яшчэ пра тое, што, напрыклад, носьбіты гавайскай мовы пераробліваюць у гутарцы гукі на свой манер, але адно слова для іх недатыкальнае — “Хрыстос”. І дадаюць гук “р” толькі дзеля аднаго гэтага слова.

А яшчэ пра тое, што ў адным бразільскім племені ёсць 10 фанем для мужчын і 9 для жанчын: апошнія не могуць вымавіць [с], ён у іх ператвараецца ў [х]; з каханымі мужчынамі яны дамаўляюцца, а для некаханых яны застаюцца незразумелымі.

А яшчэ пра тое, што ў некаторых мовах свету ёсць не толькі мужчынскія і жаночыя роды, але і… цешчын род, як у асобных плямён Аўстраліі: раз ты жаніўся, дык будзь ласкавы, гавары на мове сваёй цешчы.

А яшчэ пра тое, што ва ўсіх мовах свету ёсць фанема “а”. Яна можа вымаўляцца па-рознаму, але гэты гук ведае кожны зямлянін. Ёсць мова (у народнасці, якая жыве ў Турцыі), у якой ёсць толькі адна галосная фанема — “а” — і 85 зычных.

А яшчэ пра тое, што ў алеуцкай мове проста няма будучага часу. Алеуты кажуць: “Мы ведаем, што мы жылі на гэтых астравах. Мы ведаем, што мы жывём тут сёння. Але ніхто з нас не ведае нашага заўтра”.

…Але, дзякуй богу, мы, беларусы, ведаем, што будзем жыць заўтра. У тым ліку і дзякуючы таму, што ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы адбываюцца такія выставы, як “Буквары народаў свету”. І дзякуючы таму, што ў цэнтры гэтай экспазіцыі — беларускія кнігі для навучання пісьменнасці ХVI—XXI стагоддзяў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Мы навучыліся гаварыць і пісаць.

Раз і назаўсёды.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.