Сяргей ЕГАРЭЙЧАНКА: “Для мяне зброя і даспехі з калекцыі Радзівілаў — гэта ў першую чаргу творы мастацтва і летапіс мінулых эпох…”

Працягваем знаёміць нашых чытачоў з сёлетнімі лаўрэатамі прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “За духоўнае адраджэнне” і спецпрэмій кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва. І гэтым разам наш госць — намеснік дырэктара па выставачных праектах і гісторыка-культурнай спадчыне Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Егарэйчанка, які атрымаў спецпрэмію ў сувязі з выданнем кнігі-альбома “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў”.

Гэтае шыкоўнае выданне, выкананае на самым высокім паліграфічным узроўні, прысвечана радзівілаўскаму зброеваму збору, які захоўваўся ў Нясвіжскім палацы з XVI да пачатку ХХ стагоддзя. Кніга-альбом поўна апісвае калекцыю, што была адной з найбольш значных ва Усходняй Еўропе. У альбоме ўпершыню змешчаны фотаздымкі ўнікальных артэфактаў з радзівілаўскай калекцыі, якія цяпер знаходзяцца ў музеях ЗША і Еўропы. Тэксты падаюцца на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.

Толькі пагартаўшы, пачытаўшы, пасмакаваўшы гэтую кнігу-альбом, пачынаеш разумець, што зброя і даспехі з радзівілаўскага збору — гэта не проста зброя і даспехі, а цэлая культура ў агульнай культуры Радзівілаў, цэлы абсяг са сваімі ўнікальнымі нацыянальнымі, сацыяльнымі, ментальнымі і эстэтычнымі каранямі.

І міжволі адчуваеш неймаверны гонар за тое, што ў нас былі і ёсць Радзівілы. Адчуваеш… сваю абароненасць пад іх прыгожымі даспехамі ад усяго няроднага, непрыгожага і варожага табе.

Пра кнігу-альбом “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў”, нават не столькі пра само гэтае выданне, а пра тое, што за ім стаяла і непарушна стаіць, гутарым з Сяргеем ЕГАРЭЙЧАНКАМ.

— Сяргей Аляксандравіч, напачатку прадстаўцеся, калі ласка, нашым чытачам. Дзе вы нарадзіліся? Калі з’явілася ў вас цікавасць да гісторыі? Якую ўстанову вышэйшай адукацыі вы заканчвалі? І што канкрэтна вас звязвае з Нясвіжам?

— Я нарадзіўся і вырас у Мінску. Падлеткам цікавіўся гісторыяй, паступіў у профільны клас мінскага ліцэя № 2. Навучанне ў нашым класе мела грамадска-гуманітарны кірунак, класным кіраўніком быў адзін з лепшых выкладчыкаў гісторыі ў Мінску Фёдар Васільевіч Радзівонаў. Уласна кажучы, менавіта дзякуючы яму я потым паступіў на гістарычны факультэт БДУ, дзе спецыялізаваўся на кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў. На пятым курсе, калі паўстала пытанне пра размеркаванне, ад аднаго з маіх самых паважаных выкладчыкаў — гісторыка-медыявіста доктара гістарычных навук Юрыя Мікалаевіча Бохана — я атрымаў прапанову працаваць у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”, дзе фарміравалася новая экспазіцыя. Мяне адразу захапіла магчымасць удзелу ў розных значных музейных праектах. З таго часу тут і працую.

— Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва вы атрымалі канкрэтна — цытую афіцыйную фармуліроўку — “За значны ўклад у захаванне гістарычнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і выданне кнігі-альбома “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў”. Як узнікла ідэя стварэння такой кнігі?

— Першапачаткова ідэі стварэння менавіта кнігі не было. Мы разлічвалі зрабіць выставачны праект — прадставіць прадметы з радзівілаўскай калекцыі зброі і даспехаў, якія захоўваюцца ў розных музеях свету. Аднак, калі мы пачалі пошук інфармацыі па гэтай тэме, высветлілася, што яе не так і шмат. І зразумелі: перш чым падступацца непасрэдна да выставы, неабходна ажыццявіць спачатку сур’ёзны навукова-даследчы праект, вынікі якога далі б адказы на многія важныя пытанні: “Што сабой уяўляла гэтая калекцыя хоць бы ў пачатку ХХ стагоддзя?”, “Якім чынам яна пакідала сваё першапачатковае месца знаходжання?”, “Дзе гэтыя прадметы знаходзяцца сёння?” і г.д. Таму і ўзяліся менавіта за пошукавую работу: шукалі дакументы ў архівах, замежнай літаратуры, звязваліся з музеямі ў розных краінах свету (ЗША, Вялікабрытаніі і інш). Значную дапамогу ў гэтых пошуках нам аказалі супрацоўнікі архіваў аўкцыённага дома Christie’s, які арганізоўваў асноўныя распродажы радзівілаўскай спадчыны ў 1926 і 1927 гадах. Мы зрабілі туды пісьмовы запыт і атрымалі скан каталога распродажу 1926 года — якраз калі была распрададзена асноўная частка калекцыі. Гэты скан, уласна кажучы, і стаў кропкай адліку нашых далейшых пошукаў: мы пачалі раскручваць гэты ланцужок далей і далей, звязвацца з цяперашнімі ўладальнікамі прадметаў з радзівілаўскай калекцыі і, натуральна, атрымліваць дадатковую інфармацыю пра самі прадметы. Паступова складвалася агульная карціна.

Хаця, калі азірнуцца яшчэ далей назад, першапачаткова цікавасць да гэтай тэмы ў мяне ўзнікла пры фарміраванні экспазіцыі арсенала Нясвіжскага замка, што даручылі рабіць у свой час менавіта мне. У гэтай справе, дарэчы, я супрацоўнічаў якраз-такі са згаданым вышэй Юрыем Мікалаевічам Боханам. Пасля таго як гэтая экспазіцыя адкрылася для наведвальнікаў, мы натуральным чынам сталі развіваць гэтую тэму…


— Вось вы казалі пра тое, што выходзілі нават на такую сур’ёзную ўстанову, як аўкцыённы дом Christie’s. А яны, калі шчыра, ахвотна пайшлі на кантакт?

— Самае цікавае, што выйсці на кантакт з гэтай установай было, напэўна, прасцей за ўсё. Мы напісалі ім запыт, умоўна кажучы, у першай палове дня ў пятніцу, а ўжо ў другой палове гэтага ж дня атрымалі ад іх адказ — і ў панядзелак нам выслалі копію дакумента. Усё вырашылася літаральна за некалькі дзён, у іх да нас было абсалютна добразычлівае стаўленне. Прычым мы не заплацілі ніякіх грошай за гэтую інфармацыю. Мы сапраўды вельмі ўдзячны дому Christie’s.

— Што найбольш уражвае вас у сувязі з гісторыяй радзівілаўскай калекцыі зброі і даспехаў?

— Тут было дастаткова шмат адкрыццяў і знаходак. Напрыклад, мы выявілі карціну Рэмбранта “Партрэт невядомай жанчыны”, якая захоўвалася ў Нясвіжы да пачатку ХІХ стагоддзя, а потым, магчыма, у 1813 годзе была вывезена адсюль у прыватную калекцыю ў Расіі, адкуль перавандравала ў Парыж, а ўжо ў 1909 годзе была перапрададзена на парыжскім аўкцыёне музею “Метраполітэн”, дзе цяпер і знаходзіцца. Мы і раней здагадваліся, што, магчыма, работы такіх майстроў, як Рэмбрант, захоўваліся ў Нясвіжы, але ў нас не было фактычнага пацвярджэння, не ведалі, што гэта былі за работы. І вось такое пацвярджэнне нечакана атрымалі дзякуючы вывучэнню калекцыі музея “Метраполітэн”.

Яшчэ было вельмі цікава вывучаць гісторыю пра тое, як прадметы з калекцыі Радзівілаў пакідалі Нясвіжскі палац. У прыватнасці, мы сутыкнуліся з фактычна дэтэктыўнай гісторыяй пра тое, як Альбрэхт Радзівіл, перадапошні нясвіжскі ардынат, вывозіў у 20-х гадах мінулага стагоддзя калекцыйныя прадметы з Нясвіжа, скажам так, не зусім законным шляхам. Спачатку ён запрасіў эмісара музея “Метраполітэн” Сцівена Грансцау для таго, каб той правёў ацэнку яго калекцыі. Той за сваю работу атрымаў некалькі элементаў калекцыйных даспехаў, якія і вывез з сабой, прычым зрабіў гэта таксама незаконна, скарыстаўшыся фальшывымі мытнымі дэкларацыямі. Законным шляхам гэта зрабіць было б немагчыма, таму што ў Польшчы на той час ужо дзейнічала сур’ёзнае заканадаўства аб ахове спадчыны. Акрамя таго, Альбрэхт не меў права адчужаць уласнасць роду без узгаднення з членамі сям’і, чаго ён якраз і не зрабіў. Потым Альбрэхт, выпрабаваўшы гэтую схему на Грансцау, выкарыстаў яе яшчэ, ужо калі вывозіў усю калекцыю для распродажу ў 1925 і 1926 гадах. Што цікава, каталогі аўкцыённых распродажаў Christie’s 1926 і 1927 гадоў называліся “Цудоўныя даспехі, якія захоўваліся ў замку рускага князя з ХVI стагоддзя да нашых дзён”. Не было ніякіх згадак ні пра Альбрэхта, ні пра род Радзівілаў, ні нават пра сам Нясвіж. Так было па той прычыне, што ў Лондане на той час ужо была даволі моцная польская сябрына, якая падвергла б Альбрэхта астракізму, калі б даведалася пра тое, што ён учыніў. У выніку распродажы прайшлі дастаткова лёгка, ніхто нічога не западозрыў. Толькі праз шмат гадоў стала зразумела, што гэтая калекцыя менавіта Радзівілаў, якая стагоддзямі захоўвалася ў Нясвіжы.

— Наогул, пра каталогі Christie’s 1926 і 1927 гадоў раней ужо было вядома нашым навукоўцам?

— Каталог 1927 года ўжо друкаваўся ў беларускай навуковай літаратуры Юрыем Мікалаевічам Боханам. А вось каталог 1926 года быў нікому не вядомы, з даследчыкаў Усходняй Еўропы яго ў руках не трымаў ніхто да нас або мы проста не ведалі, што ён ёсць, магчыма, у нейкіх прыватных руках. Таму лагічна мы звярнуліся непасрэдна ў Christie’s.

— Сяргей Аляксандравіч, вам, напэўна, даводзілася кантактаваць з нашчадкамі Радзівілаў… Што гэта за людзі? У сённяшніх Радзівілаў генетычна захаваўся гэтакі княжацка-рыцарскі гонар ці, можа быць, нават пэўная магнацкая фанабэрыя, пыха?

— Ну, пра пыху я нічога не магу сказаць… Але што заўважаецца па тых нашчадках, з якімі нам сёння даводзіцца найчасцей кантактаваць, напрыклад, з тым жа князем Мацеем і яго братам Мікалаем, то, безумоўна, яны падкрэсліваюць сваю прыналежнасць да знакамітага роду, яны імкнуцца прывіць гонар за свой славуты род і родным дзецям. І, што нам вельмі прыемна, яны стараюцца не страчваць сувязі з Нясвіжскім палацам, рэгулярна нас наведваюць, перыядычна робяць для нашай экспазіцыі падарункі ў выглядзе копій каштоўных калекцыйных прадметаў. Гэта людзі, якія годна нясуць гэтую, так бы мовіць, ношу — быць нашчадкамі знакамітага магнацкага роду.

— Вяртаючыся да тэмы даспехаў, хацелася б запытацца яшчэ вось аб чым, хаця, магчыма, гэтае пытанне і крыху наіўнае. Што ўсё ж бачылі Радзівілы ва ўсіх гэтых даспехах, суровай рыцарскай зброі — прылады для забойства і абароны ці, скажам так, прадметы раскошы, сведчанне ўлады і багацця? Не сакрэт, што багацце, асабліва ў ранейшыя стагоддзі, аўтаматычна лічылася сінонімам улады і статусу ў магнацкім асяроддзі, гэтым нават вельмі любілі выхваляцца магнаты і князі, нават вывешвалі на фасадах сваіх шыкоўных дамоў таблічкі з надпісам кшталту Pro invidia (“Каб зайздросцілі”). А яшчэ, наколькі вядома, для іх было вельмі важна тое, што італьянцы называюць fare bella figura — зрабіць добрае ўражанне, асабліва на такога ж багатага магната, які жыве па суседстве… Што ў гэтым сэнсе можна сказаць пра Радзівілаў?

— Ад рэчаў, звязаных з Pro invidia ці fare bella figura, у старадаўнія часы, напэўна, не быў застрахаваны ніхто з багатых магутных родаў, але гэта ўжо крышку іншая гісторыя… А калі гаварыць канкрэтна менавіта пра калекцыю зброі і даспехаў Радзівілаў, то тут трэба разумець, што яна пачала фарміравацца ў другой палове ХVI стагоддзя князем Мікалаем Радзівілам Хрыстафорам Сіроткам, а ў гэты час у Заходняй Еўропе ўжо адбываўся заняпад эпохі рыцарства, турнірных баёў і г.д. Хаця менавіта ХVI стагоддзе лічыцца часам, калі традыцыі вырабу даспехаў дасягнулі свайго найбольшага росквіту, калі вырабляліся самыя прыгожыя і самыя дарагія сёння на аўкцыёнах рыцарскія даспехі. Тым не менш у час, калі Сіротка быў першым нясвіжскім ардынатам, гэтыя традыцыі таксама паступова ўжо чэзнулі разам з самімі турнірамі. Таму тая калекцыя, якая фарміравалася ў Нясвіжы, была хутчэй гэткім рэпазіторыем культурных каштоўнасцей і памяццю пра былыя часы. Яны захоўваліся ў першую чаргу як рэліквія роду. Дарэчы, першыя даспехі, якія мы можам прасачыць, — даспехі самога Сіроткі, даспехі яго бацькі Мікалая Радзівіла Чорнага, даспехі Мікалая Радзівіла Рудога — Сіротка падарыў герцагу Фердынанду для стварэння адмысловага пантэона рыцарскай славы на тэрыторыі цяперашняй Аўстрыі. Усе гэтыя даспехі захаваліся да нашых дзён, яны захоўваюцца ў мастацка-гістарычным музеі Вены. Такім чынам, можна зразумець, што ўжо тады да зброі і даспехаў было стаўленне хутчэй як да баявой славы роду, а не як да ўтылітарных прадметаў, прызначаных для абароны свайго гаспадара ў баі.

— Вы маглі б сказаць, які самы каштоўны прадмет з радзівілаўскай калекцыі зброі і даспехаў?

— Такімі, напэўна, і з’яўляюцца гэтыя даспехі, пра якія я толькі што казаў. Калі ўжо выбіраць з гэтых трох, то, можа быць, гэта даспехі Мікалая Радзівіла Чорнага з чырвонай эмаллю аўтарства знакамітага нямецкага збройніка Кунца Лохнера, які працаваў для манаршых двароў, найбуйнейшых землеўладальнікаў, арыстакратаў і г.д. Гэтыя даспехі Чорнага лічацца ва ўсім свеце адным з галоўных шэдэўраў збройнай справы XVI стагоддзя.


— А што асабіста для вас зброя і даспехі? Зброя і даспехі па сваім прызначэнні? Артэфакты той ці іншай эпохі ці што іншае?

— Для мяне ў першую чаргу гэта творы мастацтва. Такія ж, як мастацкія палотны, скульптуры і г.д. А яшчэ даспехі для мяне — гэта менавіта сведчанні пэўнай эпохі. Нават у, так бы мовіць, шараговых даспехах, якія абсалютна не былі дэкарыраваныя, можна знайсці почырк майстра, а можа, нават сляды, пакінутыя іх уладальнікам, напрыклад, пашкоджанні, атрыманыя ў баі, меткі пасля рамонту і г.д. Сёння, калі глядзім на гэтыя даспехі, бачым найперш летапіс тых эпох, да якіх яны адносяцца. І гэта не можа не захапляць.


— І яшчэ адно асабістае пытанне. Магчыма, вы самі захапляецеся сёння вельмі папулярным рэканструктарскім рухам, рыцарскімі турнірамі, надзявалі на сябе даспехі? Гэта вельмі цяжка — насіць на сабе 40—50 кг жалеза? Дый яшчэ пры гэтым маніпуляваць з мячом, ухіляцца ад праціўніка ці, наадварот, ісці на яго ў наступ…

— Шчыра кажучы, я ніколі не захапляўся менавіта рэканструкцыяй, хаця, безумоўна, у якасці гледача неаднойчы прысутнічаў на рыцарскіх турнірах. Але калі мы гаворым пра вагу даспехаў, то гэта проста дастаткова распаўсюджаная памылковая думка, маўляў, яны былі такімі ўжо звышцяжкімі, як нам здаецца гэта сёння. Так, яны іншым разам важылі і 20, і больш кілаграмаў, калі мы гаворым пра поўныя даспехі. Але не 40—50 кілаграмаў. Яны былі значна лягчэйшыя. І, па-другое, вага даспехаў прадумана была размеркавана па ўсім целе рыцара. Сёння ў сучаснага пехацінца на маршы выкладка важыць не менш, чым рыцарскія даспехі. Але ж мы не гаворым пра тое, што гэта для яго нейкая непасільная ноша. Гэта яго нармальнае штодзённае жыццё. Тое ж і з даспехамі.

— Вялікі дзякуй вам за гутарку.

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і прадастаўленыя
Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж”.