Наш сённяшні суботні госць — вядомая спявачка і аўтар песень, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга Наталля Тамела. Артыстку мы добра ведаем па нязбітых мелодыях яе песень, яркім голасе, іміджы і, адпаведна, бліскучых выступленнях на вялікіх канцэртных пляцоўках краіны (Палац Рэспублікі, амфітэатры ў Віцебску і Маладзечне і інш.), па ўдзеле ў самых розных творчых праектах і трывалай адданасці роднаму калектыву (у аркестры Фінберга Наталля працуе ўжо больш за 25 гадоў)… Магчыма, крыху менш ведаем пра яе як пра педагога, хоць у гэтым сэнсе ёй таксама ёсць чым і кім пахваліцца, напрыклад, вопытам стварэння ўласнай балетнай школы, такімі сваімі вучнямі-салістамі, як канкурсантка ад Беларусі на дзіцячым “Еўрабачанні” Надзея Місякова і ўдзельніца трэцяга сезона тэлепраекта “Голас. Дзеці” Аляксандра Няхай. А неўзабаве гэты педагагічны штрых набудзе яшчэ і, так бы мовіць, афіцыйную прапіску ў яе творчай візітоўцы — з гэтага месяца Наталля Тамела пачынае весці свой аўтарскі курс па вакале ў студыі мастацтваў Malinovka by Spamash Прадзюсарскага цэнтра “СПАМАШ”.
— Наталля, давайце ўявім такую сітуацыю, якую, напэўна, вельмі складана ўявіць, але… Уявім, што вам трэба было б прадставіцца перад чалавекам, які абсалютна нічога пра вас не ведае, напрыклад, перад якім-небудзь замежнікам. З чаго б вы пачалі сваё самапрадстаўленне? З таго, што вы спявачка, кампазітар, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, ці, магчыма, ужо з іншага боку — жанчына, якая любіць тое і тое, любімая і любячая жонка, беларуска і г.д.?
— Калі ўжо вы згадалі пра замежнікаў, то самае першае, што я сказала б, гэта, канечне, тое, што я з Беларусі. А другое — што я спявачка. Проста — спявачка з Беларусі. Я памятаю выпадак, калі аднойчы гасцявала ў сваёй стрыечнай сястры па мамінай лініі, якая жыве пад Мюнхенам, і да нас неяк завітала кампанія маладых людзей, прычым вельмі інтэрнацыянальная: немец, англічанін, італьянец… Я іх бачу першы раз у жыцці, яны мяне таксама першы раз бачаць. І Віка ім кажа: “Гэта мая сястра. Яна з Беларусі, як мая мама. І яна спявае”. Яны тады адразу ўсміхнуліся: “Дык праспявайце!” Я праспявала, яны спачатку разявілі раты, а потым запляскалі ў ладкі — і ўсё, мы пазнаёміліся. А што для мяне ўвогуле важна па жыцці, дык гэта ў першую чаргу мая сям’я, здароўе, прафесія. Калі я не буду працаваць па прафесіі, для мяне гэта будзе гора, калі нешта здарыцца з сям’ёй, таксама гора не меншае. Усё гэта для мяне ў адным клубочку сабрана. Усё маё шчасце.
— Але ж нават у самай дружнай сям’і рознае бывае. І з гэтым розным таксама трэба ісці на сцэну…
— А вы ведаеце, як ні дзіўна, сцэна лечыць. Абмен энергетыкай ці што… Але на сцэне, нават калі ў цябе тэмпература ці наогул адвальваецца нешта, ты тут жа пераключаешся, забываешся на ўсё іншае на свеце — і спяваеш. Гэта такая ўласцівасць галоўнай справы ў жыцці — забывацца на ўсё іншае ў момант, калі аддаешся ёй. Урэшце, каму з гледачоў будзе цікавы артыст, які выйдзе на сцэну і калі не літаральна, дык сваім бляклым выступленнем скажа: “Ой, вы ведаеце, у мяне сёння тэмпература 38 і голас прапаў”? Дык чаго ты тады прыйшоў? Ідзі дамоў і хварэй там сабе! Паправішся — прыходзь! Сцэна — гэта сур’ёзная прафесія. Прафесія на разрыў. Калі ты ў ёй, ты ў ёй. Калі не — табе там няма чаго рабіць.
— Вы сказалі, што, прадстаўляючы сябе, у першую чаргу падкрэслілі б, што вы з Беларусі. Гэта вельмі прыемна, тым больш што вы нарадзіліся і выраслі ў Расіі, у Калінінградзе, там заканчвалі агульнаадукацыйную і музычную школу. Дарэчы, ва ўнісон сённяшняй рыторыкі адносна Года малой радзімы атрымліваецца, што ваша малая радзіма — вялікі расійскі горад…
— Атрымліваецца, што ў нейкім сэнсе так. Хаця мае карані тут, мае бацькі адсюль, наша радавая сядзіба, як называе зараз нашу дачу мой тата, знаходзіцца на тым месцы, дзе калісьці пабудаваў дом яшчэ яго бацька, мой дзед. Гэта ў раёне Дудутак. Вёска Распуцце. А побач ёсць вёска, якая называецца Культура, дзе, дарэчы, жыве вельмі многа Тамел. Мой тата ўзнавіў наш радавод да ХVІІ стагоддзя, і высветлілася, што ў нашым родзе было шмат буйных землеўладальнікаў, а наша сённяшняе прозвішча Тамела вытворнае ад розных варыянтаў: Тамеля, Тумеля… Нехта з продкаў выходзіў замуж за цыгана, нехта жаніўся з яўрэйкай, але наш род спрадвеку беларускі. Я гэта да таго кажу, што ўсё-такі мая малая радзіма тут, на беларускай зямлі, каля Дудутак. А што тычыцца Калінінграда, дзе я пражыла першыя 16 з паловай гадоў, то гэтае месцажыхарства — наступства татавай вайсковай службы. Яго ж з сям’ёй кідалі і ў Маскву, і ва Уладзівасток, і вось — у Калінінград. Але і тут, дарэчы, не абышлося без пэўнай сімвалічнай невыпадковасці, нейкіх касмічных сувязей. Бо татаў бацька загінуў у 1945 годзе менавіта ў Кёнігсбергу, як тады называўся Калінінград. І гэта ж трэба было так сысціся зоркам, каб праз якія тры дзесяцігоддзі ў гэтым жа самым горадзе нарадзілася яго ўнучка, то бок я.
— Чым вам найбольш запомнілася калінінградскае дзяцінства і юнацтва?
— Шмат чым. Малую мяне ў якія толькі студыі не запісвалі: і ў балетную школу, дзе я вельмі хутка дасягнула вялікага прагрэсу, але аднойчы атрымала траўму і больш не магла займацца, і на мастацкую гімнастыку… А яшчэ тым, што з мяне вельмі хацелі зрабіць піяністку! (Смяецца.) У маленстве я гадамі праводзіла па 5—6 гадзін у дзень за фартэпіяна… І аднойчы, у час маіх чарговых штудый, суседзі злева і справа, знізу і зверху мне грозна заявілі: “Калі ты не паступіш, мы табе прыпомнім, як мы пакутавалі ўсе гэтыя гады з-за твайго фартэпіяна!” І я… не паступіла! Успамінаю гэта сёння і кажу: “Дзякуй богу!” Затое, калі я ўжо прыехала ў Беларусь, я на сваё вялікае шчасце паступіла на харавое дырыжыраванне ў Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі, пра што ні кропелькі не шкадую.
— У вас не было моўнага бар’ера, калі вы апынуліся ў Мінску?
— Не. Абсалютна. Я адразу пачала весці праграму на беларускай мове на Беларускім тэлебачанні! Адзіная праблема была з беларускім фрыкатыўным гукам “г”, але і з гэтым я хутка справілася. Проста як музыкант я лаўлю вушамі: мне сказалі, мне прачыталі — і я імгненна паўтараю як трэба. А вось, напрыклад, маёй старэйшай сястры да гэтага часу складана гаварыць па-беларуску. Беларуская мова для яе як англійская. І “дзяўчынка” ў яе вымаўленні атрымліваецца “деўчинка”, “сябры” як “себры”, “песняры” як “песнеры”. “Сняжана, ну, якая “деўчинка”, якія “себры”, якія “песнеры”? Запомні: дзяўчынка! Сябры! Песняры!”— я люблю яе павучыць…
— Наталля, вам даводзілася выступаць на самых розных канцэртных пляцоўках… Якая з іх для вас самая любімая? Самая адказная? Які, можа быць, самы дарагі для вас быў канцэрт?
— Цяжка сказаць. Сцэна “Славянскага базару”, на якой я выступаю штогод, вельмі адказная. Яна настолькі мабілізуе, што ты выходзіш на яе, як салдат, гатовы нават не на сто, а на ўсю тысячу працэнтаў. Там многа сваіх прынцыповых нюансаў, якія вымагаюць такой звышмабілізацыі: вялікая аўдыторыя, толькі жывы гук, складаная праграма, многа ўкладзеных сіл, сродкаў, эмоцый, здароўя… Я, напрыклад, ніколі не змагу забыць канцэрт да 25-годдзя аркестра. Гэта была такая шыкоўная праграма, з такой цудоўнай пастаноўкай балета з Масквы! У мяне была тады песня на французскай мове, і мы, нават папярэдне не дамаўляючыся, адразу на рэпетыцыях пачалі сінхронна рухацца разам з гэтымі танцорамі. І нават апрануліся, не дамаўляючыся, у адным стылі! Настолькі адчувалі адно аднаго! Гэта было вельмі прыемна.
Ці ўзяць Маладзечна… Гэта таксама цуд! Зноў жа, і аўдыторыя, і гук, і праграма, асабліва вось гэтае спалучэнне цудоўнай музыкі нашых кампазітараў і цудоўных тэкстаў нашых класікаў і сучасных паэтаў, за што, я лічу, трэба пры жыцці паставіць помнік і аркестру, і самому Міхаілу Якаўлевічу. Я памятаю, калі ў 1993 годзе я ўпершыню ўдзельнічала ў фестывалі ў Маладзечне як артыстка аркестра, я проста разявіла рот і глядзела на ўсё вялікімі ад здзіўлення вачыма, ад захаплення такой неверагоднай колькасці прыгожых беларускіх песень… Мне было настолькі цікава, я так адразу пачала ганарыцца, што я тут жыву! І гэта пры тым, што я вырасла на ўсім рускім!
Таму вылучыць нейкую адну пляцоўку, нейкі адзін канцэрт проста не магу. Кожны на вагу золата. І трэба берагчы гэта ўсё — нашы запісы з канцэртаў, нашы праграмы…
— Наколькі разумею, Міхаіл Якаўлевіч для вас гэта, скажам так, ваш чалавек па жыцці, чалавек, які шмат у чым і зрабіў вас як артыстку?
— Безумоўна. Гэта вельмі прафесіянальны і неверагодна працавіты чалавек. Для мяне шчасце — кожны раз прыходзіць у аркестр на рэпетыцыі, апынацца ў гэтай незвычайнай кухні, адчуваць, што побач з табой такі прафесіянал, як Міхаіл Якаўлевіч, і такая магутная машына, як увесь аркестр. Так, можна сказаць, што Міхаіл Якаўлевіч мяне вырасціў, а аркестр — гэта як вялікая родная сям’я, у якой бываюць і радасці, і слёзы, але мы ідзём разам… Ужо больш за чвэрць стагоддзя.
— Самы час запытаць у вас пра вашы пэўныя педагагічныя моманты ў сувязі з пачаткам працы ў прадзюсарскім цэнтры “СПАМАШ”. Магчыма, вы неяк будзеце праецыраваць схему “Фінберг — настаўнік і вы як яго вучаніца” на “Вы — настаўнік і вашы будучыя выхаванцы ў цэнтры”? З чым наогул вы прыйдзеце ў “СПАМАШ”?
— Па-першае, мне вельмі прыемна, што мяне паклікалі працаваць у прадзюсарскі цэнтр “СПАМАШ”, тым больш, што мяне запрасіла туды непасрэдна сама дырэктар цэнтра Анжаліна Мікульская, якую я ведаю ўжо вельмі даўно, шыкоўны чалавек, высокі прафесіянал, якому можна давяраць на ўсе сто працэнтаў. І я ведаю, што гэты цэнтр на чале з ёй дасягне яшчэ большых поспехаў.
Што тычыцца нейкіх схем, то я наогул іх не люблю. Аркестр — гэта найперш цудоўная школа гукавымання. Так, я вучылася гэтаму ў аркестры, самастойна слухала шмат музыкі, таму што без самаадукацыі не абысціся ў любым выпадку. У мяне, напрыклад, у свой час былі праблемы з верхнім рэгістрам, я не ведала, як яго ўзяць менавіта ў эстраднай манеры, у мяне была закрытая акадэмічная манера, і для мяне сапраўды верхні рэгістр быў вялікай праблемай… Памятаю, на адной рэпетыцыі ў аркестры наш барабаншчык Саша Старажук (ён потым у “Ляпісы” сышоў) усё слухаў-слухаў, як я мучаюся, а потым — як шпурне ў мяне свае барабанныя палачкі! Дзякуй богу, Міхаіл Якаўлевіч тады ўсё згладзіў… Але для мяне гэта быў такі наганяй, што я сама сабе сказала: “Я навучуся, я зраблю гэта!” І, паслухаўшы шмат музыкі, асабліва вельмі блізкіх мне джазавых, рокавых, джаз-рокавых музыкантаў, я сама прыйшла да многіх адкрыццяў, сама распрацавала сваю методыку. І, безумоўна, тую практыку, усе тыя ўменні і прыёмы, якія адкрыліся мне і адклаліся ўва мне, я перадам тым, каму гэта трэба, каму гэта цікава. Галоўнае, што я ведаю, як і што трэба рабіць. Я і раней давала прыватныя ўрокі, у мяне былі розныя дзеці і дарослыя — таленавітыя і не вельмі. Але я займалася з усімі аднолькава. Калі я бяруся за каго-небудзь, то для мяне важны вынік. Іншая справа, калі я бачыла, што чалавеку хацелася проста навучыцца спяваць у караоке, я ў пэўны момант яму казала, маўляў, паслухай, ты ўжо навучыўся, хопіць… Але ў “СПАМАШ”, я ўпэўнена, у мяне проста не будзе такіх выпадкаў, таму што я ведаю, што там займаюцца дзеці, якія хочуць звязаць сваё жыццё са сцэнай. Для мяне гэта вельмі важна. Калі бачу, што раптам на сцэне ў дзіцяці праяўляецца нешта, што яно ўзяло ад цябе, я адчуваю ад гэтага нават нейкі кайф. І таму, калі вазьмуся за дзяцей у цэнтры “СПА МАШ”, то ўжо вазьмуся сур’ёзна і якасна. Я ўсё патлумачу і пакажу. Мы будзем з дзецьмі нават падымаць піяніна, перастаўляць шафы — каб яны адчулі свой прэс, каб навучыліся правільна — не ротам! — дыхаць, без чаго немагчыма навучыцца спяваць. Урэшце, я думаю, мы прыйдзем да таго, што яны будуць спяваць лёгка, нязмушана і нату-ральна.
І вось таму для мяне гэта будзе вялікае і вельмі цікавае падарожжа… Я іду ў прадзюсарскі цэнтр “СПА МАШ” з задавальненнем.
— Наталля, як бы вы самі адзначылі сённяшні перыяд у вашым жыцці і творчай кар’еры? Перыяд актыўнасці, зацішша, перамен, магчыма, нейкай рэфлексіі з нагоды нечага значнага, што адбылося, ці, наадварот, якогасьці салодкага прадчування чагосьці новага і прыемнага?
— О, усе гэтыя станы могуць вельмі хутка мяняцца, пераплятацца і ўзаемадзейнічаць у нейкі адзін момант. Але наогул я зараз адчуваю, скажам так, упэўненасць. Упэўненасць артыста. Можа быць, гэта сказана крыху саманадзейна, але сёння я сапраўды адчуваю сябе артыстам, які можа ўсё. Я магу спяваць. Я магу працаваць з публікай як з самымі роднымі для мяне людзьмі.
— А ваша прафесія, тое, што вы спяваеце, запісваеце песні і кліпы, выступаеце на канцэртах, удзельнічаеце ў розных творчых і адукацыйных праектах… Што вам урэшце ўсё гэта дае? Я не маю на ўвазе матэрыяльныя даброты.
— Ну, як што? Жыццё! Усё гэта дазваляе мне паўнацэнна жыць. Бо мая прафесія — гэта і ёсць жыццё. Я павінна быць у ёй кожны дзень. Калі я нават паўдня пасяджу дома, нічога не робячы, то… я іду да інструмента і пачынаю сачыняць што-небудзь. У маім жыцці заўсёды была музыка. З самых першых гадоў, калі я яшчэ гаварыць як след не навучылася. Мама падсаджвала мяне за фартэпіяна, сыходзіла займацца нейкімі сваімі справамі. А я ціхенька сабе тарабаніла па клавішах…
— Але ўсё-такі, калі ўявіць, што ў вашым жыцці не было б музыкі, вы былі б іншым чалавекам?
— Я не магу такое ўявіць.
Затое магу ўявіць, што… усё будзе добра. Вы пыталіся ў мяне, ці прадчуваю я што-небудзь сёння. Так! Ёсць адчуванне чагосьці новага і прыемнага. А ў мяне, я гэта дакладна пра сябе ведаю, ёсць нейкае ўнутранае чуццё. Я адчуваю, калі будзе нешта дрэнна і калі будзе нешта добра. Калі добра, я прачынаюся з адчуваннем нейкага трапяткога гудзення. Так гудзе шчасце.
— Вялікі дзякуй за гутарку.
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.