Ці цяжка гэта — сачыць дзесяцігоддзямі за літаратурным працэсам цэлай краіны? Гэта значыць адгукацца найперш на кнігі рэцэнзіямі на старонках друку, паўтаруся — дзесяцігоддзямі, без упынку і без дазволу сабе на доўгія адпачынкі. На кнігі, што немалаважна, і вядомых пісьменнікаў, і пачаткоўцаў, і сталічных творцаў, і літаратараў з рэгіёнаў. А яшчэ актыўна выступаць у друку з уласнымі творамі, пісаць кнігі, прысвечаныя нашым выбітным творцам, якія жылі ў мінулыя дзесяцігоддзі, нашым выдатным гістарычным постацям…
У нашага сённяшняга суботняга госця шмат афіцыйных рэгалій: лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Проза”, літаратурных прэмій імя Максіма Багдановіча і Уладзіміра Калесніка, двойчы лаўрэат прэміі “Залаты Купідон”, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, лаўрэат прэміі БСЖ “Залатое пяро”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
Але коратка я вызначыў бы тры галоўныя іпастасі гэтай яркай творчай асобы: пісьменнік, крытык, гісторык. Гэта ён — Алесь Марціновіч.
— Алесь Андрэевіч, вы не адно дзесяцігоддзе пільна сочыце за літаратурным працэсам у Беларусі… А гэта цяжка насамрэч?
— За сучасным літаратурным працэсам я пільна сачыў раней. Цяпер пра новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў пішу ўсё ж куды менш. Адносна таго, чаму так адбылося, існуе нават не адна прычына, а некалькі. Так званая бягучая крытыка — гэта, як вядома, рэцэнзіі, крытычныя водгукі. Раней іх ахвотна друкавалі не толькі штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, а і рэспубліканскія, абласныя газеты. Не стаяў у баку ад такой важнай справы і “Вячэрні Мінск”. Падкрэсліваю: “Вячэрні Мінск”, а не толькі “Вечерний Минск”. Гэтая газета, што і сапраўды выходзіла пад вечар, пяць разоў на тыдзень, тады выдавалася на дзвюх мовах. Дарэчы, беларускамоўны выпуск меў тыраж усяго 2 тысячы асобнікаў, а рускамоўны — недзе больш як 100 тысяч. І ніхто не шкадаваў грошай, каб трымаць лішніх супрацоўнікаў для перакладу матэрыялаў з адной мовы на іншую. Зразумела, той “Вячэрні Мінск” быў чорна-белым. Ён не ідзе ні ў якое параўнанне з сённяшнім каляровым прыгажуном. Аднак прыгожы ён быў іншым: любоўю да беларускай літаратуры. Рэцэнзіі з’яўляліся кожны тыдзень, а то і па некалькі разоў на тыдзень. Была і літаратурная старонка. Таму і супрацоўнічаў я з гэтай гарадской газетай з вялікім задавальненнем. Як і са “Звяздой”, “Чырвонай зменай”, “Знаменем юности”, “Віцебскім рабочым”, “Гомельскай праўдай”… Калі зазірнуць у біябібліяграфічны даведнік “Беларускія пісьменнікі”, то ў артыкуле персаналіі, прысвечаным мне, згадваецца не адна сотня маіх рэцэнзій. Колькі ўсяго іх, разам з артыкуламі і нарысамі, я ў адрозненне ад кандыдатаў і дактароў навук ніколі падлікам не займаўся. Не дарос яшчэ да гэтага. Друкаваўся і ў маскоўскіх выданнях “Детская литература”, “Дружба народов”, “Советский воин”, “Полярная звезда”. Цяпер жа, калі перыядычны друк, акрамя “ЛіМа” і яшчэ некалькіх газет, кнігі не рэцэнзуе, які сэнс шмат іх пісаць?
Другая прычына маёй меншай творчай актыўнасці ў гэтым кірунку — тое, што я доўгі час, акрамя рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў, нічога не пісаў. Калі ж пазней узяўся за краязнаўчыя артыкулы, нарысы, на іх патрабаваўся час. Яго ўжо не заўсёды хапала на рэцэнзіі. Дый, будзем праўдзе глядзець у вочы: ганарары ж цяпер — кот наплакаў. Кнігу для рэцэнзіі трэба набыць (каштуе яна часам намнога больш, чым той жа ганарар), прачытаць… Сёй-той запытае: “На артыкулах сапраўды шмат не заробіш?” Безумоўна, не. Аднак іх потым можна ўключыць у кнігу. Хай сабе і безганарарную. Затое маральнае задавальненне атрымліваеш. Таму бягучай крытыкай займаюся толькі тады, калі нешта асабліва зацікавіла.
Сачыць жа за літаратурным працэсам было не так і цяжка. Усё ж літаратуру я люблю. Раней набываў ці не ўсе кнігі беларускіх аўтараў. Нават калі служыў у войску паблізу горада Улан-Удэ, бандэролямі адпраўляў на адрас сваіх бацькоў кнігі бурацкіх пісьменнікаў. Зразумела, у перакладзе на рускую мову. Якуцкіх жа слаў з Якуціі, дзе некалькі месяцаў знаходзіўся ў камандзіроўцы. Калі кнігі любіш, хочацца больш чытаць, а потым дзяліцца аб іх сваімі ўражаннямі. Дарэчы, калі ўжо звольніўся ў запас, некалькі гадоў друкаваўся ў газеце “Молодежь Бурятии”. Кнігі бурацкіх пісьменнікаў ужо набываў у Мінску.
Менш пішу рэцэнзій і па іншай прычыне. Далёка не ўсё з таго, што адбываецца сёння ў сучаснай беларускай літаратуры, асабліва ў маладой, мяне задавальняе. Усё ж яна празмерна арыентуецца на тыя тэндэнцыі, якія запаланілі літаратуру і мастацтва за мяжой. Ніхто не супраць эксперыментатарства. Толькі ва ўсім трэба ведаць меру. Няўжо асобныя аўтары не разумеюць, што яны па сутнасці пішуць для саміх сябе? Апошнім часам цікавасць да літаратуры і так зменшылася, а тут яшчэ да ўсяго гэтая “рэбусавасць”. Пра што пішуць, што хочуць сказаць, ніяк не зразумець.
— Дык а які літаратурны кірунак, якая літаратурная традыцыя найбольш даспадобы менавіта вам? І якія імёны маглі б назваць, якія вас асабліва ўражвалі ў розныя часавыя перыяды? Чым яны ўражвалі?
— Наўрад ці трэба забываць, што беларускай літаратуры блізкая класічная традыцыя. Яна мне і даспадобы. Гэта, аднак, не сведчыць пра тое, што і жанры прымаю толькі традыцыйныя. Найлепшы прыклад таго — творчасць выдатнага паэта сусветнага ўзроўню Максіма Танка. На жаль, яго за межамі Беларусі не так добра ведаюць, як бы хацелася. Усё ж адметнасць паэзіі на іншых мовах перадаць куды цяжэй, чым прозы. Дый перакладчыкаў у іншых краінах, якія б звярнулі ўвагу на таго ж Максіма Танка, не хапае. А ў яго ж шмат верлібраў. Цудоўныя ў яго і белыя вершы. Мне блізкі і Танк-традыцыяналіст, і Танк-эксперыментатар. Аднолькава таленавітыя. Гэта найлепшае сведчанне таго, што сапраўдны талент — ён ва ўсім талент. Тое ж самае можна сказаць і пра Рыгора Барадуліна.
Гэта і ёсць імёны, якія мяне ўражвалі і працягваюць уражваць. Мог бы назваць і іншых таленавітых пісьменнікаў, ды не хочацца займацца пералікам. Спіс атрымаецца вельмі доўгі. Але абавязкова ў ім будуць тыя, хто мае ганаровае званне “народны”.
З маладых літаратараў (падкрэсліваю: маладых літаратараў, а не проста маладых, як гэта спрэч назіраецца ў друку; маладыя па-беларуску — гэта ўсё ж нявеста і жаніх) не магу не назваць Юлію Алейчанку, Маргарыту Латышкевіч, Вольгу Нікольскую. Тым больш прыемна, што ўсе трое адзначаны Нацыянальнымі літаратурнымі прэміямі: дзве першыя — у намінацыі “Дэбют”, а Нікольская — у намінацыі “Літаратура для дзяцей і юнацтва”.
— Вы, як мне падаецца, класічны працаголік… Знаёмыя літаратары мне казалі, што, калі вы працавалі ў “ЛіМе”, маглі прыйсці ў рэдакцыю і а сёмай раніцы ды пачаць працаваць. Што гэта ўсё ж было ў вашым выпадку — такая вось псіхалагічная асаблівасць, жаданне зацвердзіцца, больш паспець зрабіць, нарэшце, адмысловая душэўная патрэба?
— Калі ўжо быць дакладным, у маладыя гады на работу ў “ЛіМ” я прыходзіў не а сёмай раніцы, а куды раней, недзе пасля шостай. Асабліва калі халасцякаваў і жыў у Серабранцы. Спяшаўся на першы аўтобус, што ішоў тады да плошчы Якуба Коласа. Пасажыраў ці не ўсіх у твар ведаў, бо ехала іх не так і шмат. Тады рэдакцыя не заўсёды ставілася на сігналізацыю, у мяне быў свой ключ. Калі ж паставілі сігналізацыю, прыбіральшчыца нярэдка аддавала мне свой. Адчыняў дзверы і спяшаўся па тэлефоне назваць пароль. Ніякіх праблем. Працуючы ў часопісе “Беларуская думка”, увогуле з’яўляўся на работу недзе мінут дзесяць пасля шасці. У гэты час якраз каля Дома друку спыняўся першы ранішні аўтобус, на якім я прыязджаў. Ахова ж у Доме друку дзяжурыць кругласутачна.
Цяпер на работу прыходжу а палове сёмай. Калі дзверы знімаюць з сігналізацыі, але ўжо электроннай. Праўда, часам з’яўляюся і пазней. Усё ж ужо ўзрост. Такі ранні прыход сапраўды стаў як бы нейкай душэўнай патрэбай. Ды яшчэ па натуры я жаўрук. Раней у мяне дома была друкавальная машынка, цяпер ёсць камп’ютар. Аднак чамусьці цягне на рабочае месца. Прыходзіш, калі нікога няма яшчэ, і працуеш з задавальненнем. Атмасфера звыклая, ніхто не перашкаджае.
— Вы не толькі літаратуразнаўца, крытык, але і майстар гістарычна-біяграфічнай прозы. Як выбіраеце для свайго чарговага рамана героя — па значнасці, па арыгінальнасці, па хайпе?
— Вельмі шкадую, што так позна звярнуўся да жанру гістарычна-біяграфічнай прозы. Так бы хацелася, каб час можна было павярнуць хоць на гадоў дзесяць — пятнаццаць назад. Не таму, што быў маладзейшым. З’явілася б магчымасць яшчэ напісаць нешта такое, што прыадкрыла б чытачу якую-небудзь яркую старонку нашай нацыянальнай гісторыі. З такім разлікам і выбіраю герояў для сваіх твораў. Пішу пра тых, пра каго самому б хацелася прачытаць. У прыватнасці, менавіта так нарадзілася і задума майго гістарычна-прыгодніцкага рамана “Жаркое лето Эфиопии”. Герой яго — Аляксандр Булатовіч — чалавек унікальны. Родам з дваран Гродзенскай губерні. Адзін з першаадкрывальнікаў Эфіопіі. Першы з еўрапейцаў перасек з канца ў канец Кафу — гэта адтуль родам кава. Цяпер Кафа — адна з правінцый Эфіопіі. Дарэчы, там сустрэўся яшчэ з адным нашым земляком — ураджэнцам Навагрудчыны Мікалаем Лявонцьевым. Некаторыя чытачы пытаюцца, чаму гэты раман я напісаў па-руску. Па сваёй наіўнасці. Патлумачу, у чым яна выявілася. Ці не ўсе чулі пра серыю кніг “ЖЗЛ”, якую выпускае маскоўскае выдавецтва “Молодая гвардия”. Вось мне і падумалася, што кніга пра Булатовіча якраз падыходзіць для гэтай серыі. Ды яшчэ ўспомніў, што некалькі гадоў назад да стварэння кніг, якія выходзілі ў ёй, запрашаліся да супрацоўніцтва новыя аўтары. Рукапіс пасылаць я ўсё ж тады пабаяўся. Як высветлілася, зрабіў правільна. Паслаў электронны запыт. Так і так, маўляў, ёсць рукапіс пра Булатовіча. У адказ — маўчанне. Праз некалькі тыдняў запыт паўтарыў. Вынік той самы. Тады звярнуўся пісьмова. Адказу таксама не атрымаў. Масква не толькі слязам не верыць. Чужыя аўтары ёй таксама не патрэбны. Раман жа “Жаркое лето Эфиопии”, на шчасце, выйшаў. У дзвюх кнігах. Яго яшчэ можна набыць. Упэўнены: для “ЖЗЛ” ён падыходзіць. Але гэтая серыя, паўтаруся, прызнае толькі сваіх аўтараў.
— А зараз над кім і над чым працуеце?
— Працягваю працаваць над сваёй шматтомнай серыяй кніг “Гісторыя праз лёсы”. Назва яе гаворыць сама за сябе. Мэта гэтага выдання — пазнаёміць дзяцей з выдатнымі людзьмі, якія ў розны час жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Дзяржаўныя дзеячы і ваенныя, вучоныя і падарожнікі, мастакі і акцёры, кампазітары і друкары, вынаходнікі і спевакі — яны тыя, кім нельга не ганарыцца. Дый прадстаўнікі іншых прафесій таксама заслугоўваюць нашай удзячнай памяці і пашаны. Кожны том складаецца з трох кніг. Нядаўна пабачыў свет пяты. У першай кнізе яго — “Як шмат у гэтым слове — тэатр” — расказваецца пра Францішку Уршулю Радзівіл, Ігната Буйніцкага, Фёдара Стравінскага, Карпа Саленіка, Платона Цясевіча, Васіля Качалава — дзеячаў тэатра беларускага паходжання. Другая кніга — “Споведзь натхнёнай душы” — знаёміць з тымі, без каго немагчыма ўявіць гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва: Ананіем, Ксаверы Дамінікам Гескі, Казімірам Альхімовічам, Напалеонам Ордам… Знакавыя творцы і героі трэцяй кнігі “Гармонія прыгажосці і дасканаласці”: Валенцій Ваньковіч, Фердынанд Рушчыц, Кандрат Карсалін… Серыя гэтая адрасавана дзецям сярэдняга школьнага ўзросту. Яе могуць выкарыстаць у сваёй рабоце выхавальнікі дзіцячых садоў, настаўнікі на ўроках і ў пазашкольнай рабоце.
У адным з выдавецтваў знаходзіцца рукапіс маёй аповесці-казкі “Альма: прыгоды на зямлі і ў космасе”. У ёй суседнічаюць рэальнае і сапраўднае. Сабачка Альма трапляе ў самыя неверагодныя сітуацыі. Задуманы працяг гэтага твора, звязаны з новым касмічным падарожжам галоўнай гераіні. Толькі гэтым разам да далёкіх сузор’яў Альма паляціць не адна, а са сваёй сяброўкай — кошкай Лізай. Яны таксама трапляюць у самыя неверагодныя сітуацыі.
Пастаянны мой клопат і напісанне літаратурна-крытычных артыкулаў пра знакамітых беларускіх творцаў, у асноўным — пісьменнікаў. Як тых, хто ўжо адышоў у вечнасць, так і нашых сучаснікаў. У асноўным яны публікуюцца на старонках нашага друку: часопісаў “Нёман”, “Полымя”, штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”.
— Калі б вас папрасілі скласці беларускі пантэон, як бы вы яго выбудавалі?
— Неяк гартаў старыя падшыўкі “ЛіМа”. Запамятаваў, на жаль, за які год, але напаткаў і развагі пра Беларускі пантэон. Здаецца, пасля смерці Сталіна. Значыць, ужо і тады над гэтым задумваліся. Што канкрэтна пісалі тыя, хто прымаў удзел у гэтых развагах, таксама не помню. Хоць сутнасць зводзілася да аднаго і таго ж: неабходна, каб было месца, дзе жыла б памяць пра самых-самых і самае-самае. Па-мойму, калі рабіць гэта, дык толькі не на могілках, хай сабе і элітных. Гэта магло б быць штосьці накшталт палаца. А ў ім расказвалася пра знакамітых людзей краіны розных часоў. Пра найважнейшыя падзеі.
— Алесь Андрэевіч, у чым сэнс жыцця? І як дашукацца чалавечага шчасця?
— Скажу шчыра: як адказаць на гэтае пытанне, нават і не ведаю. Бадай, правільным будзе сказаць, што кожнаму з нас на зямлі загадзя наканаваны пэўны лёс. Канечне, гэта не значыць, што не можа быць нейкіх пэўных змен у ім. Усё ж на працягу жыцця на яго ўплываюць розныя фактары. Часам дастаткова нейкага маленькага выпадку, каб у далейшым усё перайначылася. А ў астатнім… Нездарма кажуць: калі чалавеку трэба ўтапіцца, то ён і ў лужыне патоне. А сэнс жыцця, бадай, у тым, каб жыць на радасць самому сабе і блізкім табе людзям. Будзе радасць — будзе і шчасце. Яно ж шматаблічнае. Кожны, прыгадваючы пражытае, можа пэўна сказаць, што ў яго бывалі моманты, калі адчуваў сябе на дзіва шчаслівым. Яны звязаны з рознымі момантамі ў жыцці: заканчэнне школы, паступленне на вучобу ў інстытут ці ўніверсітэт, уладкаванне на работу, якая табе падабаецца, нараджэнне сына ці дачкі… А як дашукацца чалавечага шчасця? А можа, яго і не трэба шукаць. Яно і само прыйдзе. Рэальнасць такая, што сёння ў тваім жыцці чорная паласа, а заўтра — светлая. Паслязаўтра — у палоску. Ад гэтага нікуды не дзенешся. Трэба жыць. Толькі не так, як набяжыць, а сумленна, годна. Каб тады, калі прыйдзе час падрахункавання пражытага, не надта шкадаваць, што многае рабіў не так, як трэба рабіць.
— Вялікі дзякуй за гутарку.
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
Фота Кастуся ДРОБАВА.