Без эквівалентаў

Айчынныя пісьменнікі, навукоўцы, выдаўцы не стамляюцца шукаць усё новыя і новыя спосабы зацікавіць нашых дзяцей роднай мовай, давесці ім думку пра тое, што яна не менш прыгожая, чым іншыя мовы, такая ж самакаштоўная і ўнікальная. У шэрагу гэтых намаганняў і заснаванне новай навукова-папулярнай серыі для вучняў пачатковай школы “Таямніцы беларускай мовы” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Насамрэч гэта вельмі арыгінальная задума і няпростая задача — тлумачыць дастаткова складаныя лінгвістычныя з’явы маленькім школьнікам, не абрушваючы на іх грувасткія навуковыя тэрміны, дэфініцыі і канатацыі, а размаўляючы з дзецьмі менавіта як з дзецьмі. Аўтар серыі — мнагадзетны бацька (гэты асабісты момант у дадзеным выпадку мае значэнне!), дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, галоўны рэдактар інфармацыйна-метадычнага сайта для настаўнікаў пачатковай школы 1—4.by Сяргей Зелянко. Ён пачаў з кнігі “Адным словам не сказаць: безэквівалентная лексіка”.

Гэта мы, дарослыя філолагі і не толькі філолагі, выдатна разумеем, што маюць на ўвазе, калі гавораць пра безэквівалентную лексіку, а, скажам, сямі- або дзевяцігадоваму дзіцяці трэба яшчэ спачатку растлумачыць, што наогул гэта такое — эквівалент. І як так можа быць: ты гаворыш адно слова, а замежнік можа перакласці яго толькі некалькімі. Сяргей Зелянко з першых жа старонак сваёй кнігі даступна даводзіць дзецям, што сапраўды так бывае: пры перакладзе нават такога просценькага слова, як “суткі”, спатыкнуцца і англічанін, і немец, бо ў іх мовах няма згаданага слова. Яны будуць выкарыстоўваць выразы кшталту “24 гадзіны” (twenty-four hours, vierundzwanzig Stunden) ці “дзень і ноч” (day and night, Tag und Nacht). Зрэшты, як падказвае аўтар, ёсць безэквіваленты, безумоўна, і ў іншых мовах. Напрыклад, кароценькае французскае слова pampre мы зможам перакласці толькі пры дапамозе ажно 8 (!) слоў: “галінка вінаграднай лазы з гронкамі ягад і лісцем”.

Тут жа аўтар прыводзіць шматлікія прыклады безэквівалентнасці ў межах стасункаў блізкароднасных моў, у нашым выпадку — беларускай і рускай: “шыба” (оконное стекло), “алей” (растительное масло), “аліва” (машинное масло), “бляшанка” (банка или коробка из тонкого железа), “бульбянік” (картофельная ботва), “бярозавік” (берёзовый сок), “гумор” (хорошее душевное состояние), “імшара” (моховое болото), “хрушч” (майский жук) і інш.

Цяпер, калі маленькі чытач зразумеў, што такое безэквівалентная лексіка, аўтар спыняецца на канкрэтных яе відах. Гэта ўласныя імёны і прозвішчы людзей, распаўсюджаныя мянушкі жывёл, некаторыя геаграфічныя найменні, назвы ўстаноў і арганізацый; геаграфічныя назвы; замежныя назвы вядомых устаноў культуры і адукацыі, СМІ, вытворчых фірм і г.д.; назвы традыцыйных страў і напіткаў; назвы экзатычных раслін; назвы з’яў, якія існавалі толькі ў пэўных народаў і не сустракаліся ў іншых культурах. Дзе-нідзе, каб лепш патлумачыць тую ці іншую заканамернасць, аўтар спрабуе і жартаваць, напрыклад, паказвае дзецям, як выглядала б мянушка мультыплікацыйнага героя Мікі Мауса, калі б мы захацелі перакласці яе літаральна. Мікола Мыш або Міхась Мышка!

Усе “параграфы” суправаджаюцца адметнымі заданнямі, адказы на якія змешчаны ў канцы кнігі.

У гутарцы з аўтарам гэтых радкоў Сяргей Зелянко прызнаўся, што над кніжкай “Адным словам не сказаць: безэквівалентная лексіка” ён працаваў тры месяцы, збіраў матэрыялы, некалькі разоў перапрацоўваў тэкст, каб зрабіць навуковы матэрыял цікавым і зразумелым для дзетак. Арыентаваўся падчас працы найперш на сваю старэйшую дачку Соню, навучэнку малодшых класаў гімназіі № 38 Мінска. Даваў ёй чытаць тэкст, выпрабоўваў на ёй заданні. Пасля, калі кніжка выйшла, дачушка прынесла з гімназіі добрую вестку: настаўніца правяла ўрок беларускай мовы з выкарыстаннем гэтага выдання.

“Мне для дзяцей пісаць падабаецца, — сказаў Сяргей Зелянко. — Цікава далучаць іх да навукі, расказваць пра сакрэты роднай мовы, паколькі я бачу, што і ім гэта патрэбна. Адной маленькай чытачцы дык дакладна — маёй старэйшай дачушцы. Спадзяюся, што калі мае Маруся з Андрэйкам падрастуць, то і яны таямніцамі беларускай мовы зацікавяцца. Калі пішаш не для абстрактнага чытача, а для свайго дзіцяці, то не схалтурыш, не падманеш. Гэтым і кіруюся, калі над чарговым выданнем працую”.

Сёлета ў серыі “Таямніцы беларускай мовы” Сяргей Зелянко выдаў яшчэ дзве кнігі — “Словы родныя няродныя: запазычаная лексіка” і “Словы-дзедкі і словы-дзеткі: гістарызмы і неалагізмы”. Рукапіс кнігі пра сакрэты націску нядаўна здадзены рэдактару выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Зараз Сяргей Зелянко працуе над чарговай кнігай серыі — пра гісторыю літар.

Мікола ЧЭМЕР.