Памяць як абярэг

Такія дыхтоўныя, такія духоўна насычаныя і багата аздобленыя кнігі выходзяць далёка не кожны дзень, таму невыпадкова, што з нагоды выхаду кнігі вядомага пісьменніка, перакладчыка, уладальніка медаля Францыска Скарыны Міколы Маляўкі “Спадчына, або Каб не стаць манкуртам” (Мінск, “Народная асвета”, 2018) у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі быў нават арганізаваны круглы стол з удзелам айчынных літаратараў, навукоўцаў, прадстаўнікоў сістэм школьнай і ўніверсітэцкай адукацыі. Аўтэнтычнымі народнымі спевамі парадаваў прысутных фальклорны ансамбль “Явар” сталічнай сярэдняй школы № 159. Было адразу зразумела, што гэта падзея як у кніжна-выдавецкай галіне, так і ў культуры ў цэлым, асабліва ў Год малой радзімы.

Удзельнікам круглага стала накіраваў сваё прывітанне міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, які, у прыватнасці, адзначыў: “2018 год у Беларусі абвешчаны Годам малой радзімы. Для кожнага з нас яна свая і мае сваё асабістае сакральнае значэнне, але ў той жа час з’яўляецца часткай нашай краіны. Гэты год дае нам добрую магчымасць не толькі ўспомніць пра родныя мясціны, але і зрабіць для іх нешта важнае і карыснае, нягледзячы на ўзрост, прафесію або пасаду, якую мы займаем. Вельмі сімвалічна, што першай кнігай, прысвечанай Году малой радзімы, стала менавіта “Спадчына”, якая звяртаецца да вытокаў і традыцый нашага народа, без ведання чаго немагчыма будучыня нацыі”.

Кожны з васьмі раздзелаў кнігі — гэта старанна, са шчымлівай любоўю і глыбокай пашанай адлюстраваны асобны пласт традыцыйнай народнай культуры: “Сядзіба”, “Майстры на ўсе рукі”, “Такія розныя, а ў хаце — родныя”, “Есці не просяць, а прыбытак прыносяць”, “Смаку не абабрацца”, “Самі ткалі, самі вышывалі”, “І дома гожа, і ў гасцях прыгожа”, “Ад калыханкі да малітвы”. Дзеці, а, канечне ж менавіта яны з’яўляюцца асноўнай мэтавай чытацкай аўдыторыяй кнігі Міколы Маляўкі, не проста даведаюцца з яе пра тое, дзе і як жылі нашы продкі, чым займаліся, якімі прыладамі працы карысталіся, што гэта за прылады, як яны выглядалі і для чаго служылі (напрыклад, кадаўб і вярэнька, склюд і рэзгіны, гэблік і пранік і многія іншыя), а даведаюцца пра ўсё гэта ад чалавека, які непасрэдна сам жыў усімі гэтымі рэчамі дый працягвае жыць, часта бываючы на сваёй радзіме ў знакамітай вёсцы Мікалаеўшчыне. Прапушчаныя праз сэрца, але этнаграфічна дакладныя апісанні і назіранні ўвесь час “падмацоўваюцца” паэтычнымі радкамі, народнымі прыказкамі, прымаўкамі і загадкамі, сур’ёзнымі і вясёлымі “прыватнымі” гісторыямі, народнымі прыметамі і парадамі, цудоўнымі ілюстрацыямі Я.Ларчанкі, Н.Кузьмянковай і Т.Кудзінай, характарнымі фотаздымкамі А.Сталярова, А.Дрыбаса, А.Галкоўскага. Усё гэта дазваляе назваць кнігу М.Маляўкі “Спадчына, або Каб не стаць манкуртам” адмысловай энцыклапедыяй з вялізным бонусам. Калі ўлічыць, што ў кожным раздзеле аўтар падрыхтаваў для свайго чытача ўніверсальныя заданні, разлічаныя не проста на веданне тых ці іншых рэчаў, а менавіта на роздум, то гэта яшчэ і сучасны падручнік, вучыцца па якім было б не сумна ні першакласніку, ні адзінаццацікласніку.

Чытаеш і не можаш не захапляцца: “Памахваючы кутасамі, спяшаецца да вас вясёлая загадка: “Ты брат, ідзі туды, а я пайду туды, ды на пуповай гары сустрэнемся”. Хто гэта разыходзіцца? Падкажам, “пуповая гара” ёсць у кожнага з нас, на жываце, дзе сыходзяцца канцы пояса”.

Або вось гэта: “Дзеці любілі гуляць “У каваля”. Хлопчыку малявалі вугольчыкам вусы, давалі малаток, садзілі каля калодкі-кавадла, а потым па чарзе падыходзілі да яго, каваля. Хто прасіў замок адрамантаваць, хто серп назубіць. Каваль браў “заказы”, а заадно і аплату — яблык, жменьку арэхаў, цукеркі. І тут заходзіў хлопчык з катом у руках, прасіў падкаваць яго “каня”. Каваль злаваў, бег за тым хлопчыкам. Калі даганяў, жартаўнік замест яго станавіўся за каваля. Калі не даганяў, у каваля забіралі ўвесь яго заробак”.

Ці вось такое: “І рвалася нітка ў руцэ, хавалася ў клубок іголка. Хлопцы разбіралі дзяўчат і пачыналі танцаваць пад гармонік. Стаміўшыся, частаваліся, употай ці адкрыта абменьваліся падарункамі. Дзяўчына дарыла свайму хлопцу хустачку-насоўку, хлопец ёй у аддзяку — новае вераценца або, на зайздрасць сяброўкам, святочныя лапцікі. А калі якраз па назе былі, то і абнаўляла: пускалася ў скокі з кавалерам. Яшчэ і падпявала часам, цешачы сябе і ўсіх астатніх:

Танцавала рыба з ракам,

А пятрушка з пастарнакам,

А цыбуля з часнаком,

Красна дзеўка — з дзецюком.

За акном ліў дождж, пазней, зімою, гула завея, а ў хаце палілася печка-грубка — цёпла было, утульна і весела. Не спалі на печы дзеці, пільна сачылі за тым, што адбывалася ў хаце. І назаўтра ўся вёска ведала, хто каму што падарыў, хто з кім абдымаўся і цалаваўся”.

Гутарыўшы з журналістамі, Мікола Маляўка прызнаўся: “Мне здаецца, што, акрамя ўсяго іншага — энцыклапедычнага і даведачнага, гэтая кніжка каштоўная тым, што тут ёсць мая душа, душа маіх бацькоў, душа маіх продкаў. Яны паўстаюць тут як жывыя. Усё, пра што я напісаў, — гэта наш духоўны скарб. Ніколі не трэба пра яго забываць, бо як мы шануем мінулае, так і нас будуць шанаваць. Памяць — гэта, можа быць, самы дарагі абярэг, які трымае нас як людзей, які трымае нашу душу, які трымае наша жыццё…”

Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*