Гісторыя як зоркі на небе

У рамках рэспубліканскага праекта “Су­стрэчы на ўсе 100!” у Вердаміцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Свіслацкага раёна адбылася сустрэча вучняў і педагогаў з пісьменнікам-краязнаўцам Юрыем Татарынавым.Фота да матэрыялу: Гісторыя як зоркі на небе.

Юрый Татарынаў — заснавальнік чатырох кніжных серый: “Беларусь гістарычная”, “Аб каханні”, “Гарады Беларусі”, “Кніга для займальнага чытання на кожны дзень”.

Гэта ўжо не першая сустрэча з таленавітым літаратарам. У лістападзе 2010 года ён упершыню наведаў нашу школу. Затым прыязджаў у 2013 годзе.

Прысутныя  з вялікай цікавасцю паслухалі аповед аўтара пра яго работу над такімі творамі, як “Ракавая страсць караля Міндоўга”, “Юрава гара”, “Матуліна гара”.

Выдатны апавядальнік і пісьменнік-края­знаўца ў адной асобе Юрый Аркадзьевіч пазнаёміў не толькі з героямі сваіх твораў, але і прэзентаваў вучням, бацькам і педагогам школы новыя кнігі “Старасвецкая Беларусь” і “Аб маёй маме”, якія выйшлі ў свет у 2018 годзе.

Юрый Татарынаў расказаў пра тое, як ён збірае матэрыял для сваіх твораў і чаму яго натхняюць гістарычныя вобразы. На нашай малой радзіме, у аграгарадку Вердамічы, у былой сядзібе знакамітага пана Талочкі ў 1999 годзе ён правёў каля двух тыдняў, працуючы над трылогіяй “Княгіня Мянжынская”.

Дзеці з аматарскага аб’яднання “Сучаснік” Вердаміцкага інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра пыталіся ў Юрыя Татарынава пра такі кірунак у яго творчасці, як творы-карцінкі з жыцця беларускай глыбінкі, пра мініяцюры і апавяданні на гістарычныя тэмы, літаратурныя нарысы, звязаныя з малой радзімай. Спыталі чытачы і пра гістарычныя мясціны, звязаныя з жыццём вялікіх людзей, пра якіх пісаў Юрый Аркадзьевіч.

— Мы верым у ваш розум, талент, мэтанакіраванасць, — звярнуўся да вучняў напрыканцы сустрэчы Юрый Татарынаў. — У вашых руках не толькі ваш уласны лёс, але і лёс усёй роднай нам Беларусі. Не бойцеся марыць і развіваць свае творчыя здольнасці.

На памяць пра сустрэчу пісьменнік пакінуў у падарунак школьнай бібліятэцы некалькі экзэмпляраў сваіх кніг з аўтографамі і добрымі пажаданнямі.

Нам неверагодна пашчасціла, што менавіта з нашай малой радзімай звязана творчасць пісьменніка, які пры ўсёй сваёй вялікай занятасці знаходзіць час для сустрэч з намі. Усім было цікава пазнаёміцца з ім, стваральнікам папулярных кніг, і даведацца пра цікавыя факты з гісторыі нашай Беларусі.

Па словах Ю.Татарынава, гісторыя як зоркі на небе: да яе звярталіся, звяртаюцца і будуць звяртацца, каб карэкціраваць свой рух па жыцці.

Ала СКІБІЦКАЯ,
бібліятэкар інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра
Вердаміцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Свіслацкага раёна.