“Хачу я ўбачыць свой паверх высокім…”

Рассыпанае рэха паэта Леаніда Якубовіча

Леанід Якубовіч… Гэтае светлае імя сапраўднага паэта нельга забываць. Яго трэба ўзгадваць, калі расказваеш пра Беларусь, яе таленавітых, самабытных людзей. Як зорачка, ён узышоў над роднай зямлёй, і, як зорачка, рана-рана згас.

Сёлета яму споўнілася б 70. Але трагічная смерць 8 чэрвеня 1970 года (загінуў у шахце Другога Салігорскага камбіната) абарвала яго суровае і разам з тым глыбока лірычнае жыццё. Недарэчная смерць ускалыхнула тады ўсю Беларусь. Асаблівая жалоба агарнула тады беларускіх пісьменнікаў — усяго 22 гады было паэту! Падкрэслю яшчэ раз, выдатны, сапраўдны паэт!

Ніл Гілевіч, тагачасны першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтычна паведаміў усёй краіне: “Ён загінуў трагічна. // З ім разам загінулі мары і думы, // Якія ніколі не зробяцца песнямі, — // Нерасцвілыя кветкі, // Якія ніколі старой адзінокай матулі // Не будуць паднесены; // Неадкрытыя зоркі, // Якімі ніколі пад полагам неба // Каханая не залюбуецца; // Каласы неналітыя, // Што ніколі не стануць галоднаму хлебам… // Нішто ўжо не збудзецца! // Недарэчная, страшная смерць. // Не змірыцца і не зразумець…”

Усхвалявана гаварылі пра Леаніда Якубовіча таксама Алег Лойка, Рыгор Барадулін, Аляксей Пысін. А Яўгенія Янішчыц прысвяціла яго памяці цудоўны верш “Салаўі”, які сёння гучыць як рэквіем: “Не ведала, не ведала, калі… // А думала // Зялёным тым прадвеснем, // Калі мае замоўкнуць салаўі, // То за тваімі — // Столькі многа песень! // Але што можа стацца на Зямлі // Такою вось // Высокаю парою: // Спяваюць, // Не змаўкаюць салаўі // Над памяццю, // Над песняю тваёю”.

Чытаем скупыя біяграфічныя звесткі са зборніка “Рунь”, які выйшаў ужо, на жаль, пасля гібелі паэта: “Нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Радкава Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Закончыў 11 класаў сярэдняй школы, працаваў у рэдакцыі салігорскай раённай газеты “Шахцёр”, рабочым Другога Салігорскага камбіната. Завочна вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ імя У.І.Леніна”. Але такія кароткія звесткі біяграфіі гаворац­ь самі за сябе! Таленавітыя хлопчыкі вёскі, скончыўшы школу, вымушаны былі шукаць сабе долі ў гарадах, часта беручыся за цяжкую фізічную працу, каб неяк выжыць, зарабіць сабе на кавалак хлеба. Сялянскія дзеці. Іх часта не было каму падтрымаць, уладкаваць на лягчэйшую працу… Сэрца сціскаецца. Ад жалю і невыноснага болю.

Але, дзякуй богу, застаюцца пасля такіх самаахвярных жыццяў песні, вершы. Творы Леаніда Якубовіча кранаюць сваёй свежасцю, роснай чысцінёй, пяшчотай, любоўю да роднай зямлі, да дарагіх яму людзей:

Пад сто дажджоў грыбных папасці

І нейкай раніцай туманнай

Прыйсці к табе і піць прычасце —

Ваду крыніц тваіх крыштальных.

А потым з промнем самым першым

Ісці і слухаць кожнай клеткай,

Як прарастаюць з сэрца вершы —

Майго зямнога шчасця сведкі…

А як гаворыць Леанід пра птушак! Як пра людзей — са спагадай, з разуменнем іх нялёгкага, няпростага жыцця, іхніх лётаў-пералётаў: “А ім ляцець праз жорсткасць і трывогі // (Узмахі крыл — адвечная туга). // Павіс, як сум, іх вырай над дарогай, // Якую ўкрые снежная смуга. // Ды ўсё ж ніхто не стоіцца ў сумненні, // Страчаючы, пра­водзячы ізноў, // Бо ёсць гняздоўяў родных прыцягненне, // Ёсць ціхі шум пакінутых лясоў”.

Міжволі тут думаеш пра самога паэта, пра яго радкі, якія, як птушкі, вырываліся з сэрца і ляцелі над роднай зямлёю. І яны прыходзяць сёння да нас, да нашых сэр­цаў, каб жыць вечна. Каб красаваць коласам, лашчыць шаўковымі травамі, трывожыц­ь выраямі ў нябёсах. І мне хочацца думаць, што гэта і я прабегла перад яго вачыма некалі (хоць мяне яшчэ ў зямным жыцці і не было): “Уранні, па буйных росах, // Вясёлай, смяшлівай Золушкай // Прабегла дзяўчына босая, // З косамі, ярчэй за золата. // Зірнула вачыма дзіўнымі — // Блакітам лясных пралесак, // Прабегла пад сонцам здзіўленым // Па росным і звонкім лесе. // Прабегла сонечнай казкай, // Спакой назаўжды панесла… // Прабегла між майскіх красак // Юнацтва шчаслівай песняй”.

З самотай узіраюся ў неба, трывожна гукаю: “Лёня, ці чуеш мяне ты?”.

Леанід! Такое мяккае, прыгожае імя! Хочацца сёння мне дайсці да яго вёскі, абняц­ь яго магілку, а побач з ёй, думаю, і матулечкі яго.

Мой кожны дзень — у роздуме глыбокім,

І кожны дзень мне дорыць адкрыццё.

Хачу я ўбачыць свой паверх высокім

У звонкім доме з назваю: жыццё!

А ці не сябе гэта супакойваў некалі Леа­нід у цяжкія хвіліны жыцця? Ці не сябе гэта ён рана-рана аднёс у шэрагі мужчын?

Хоць бывае і цяжка мужчынам —

Горкіх слёз не убачыш ніколі.

Хіба толькі пралягуць маршчыны,

Як барозны ад плуга на полі.

Толькі поле шуміць ураджаем,

А маршчыны глыбеюць з гадамі,

І на твары — як след адчаю

І як боль — маршчыны вугламі.

Ён, безумоўна, думаў пра сваю небяспечную працу. Але — палез, палез у глыбіні зямлі! Але што гэта? Якая двухсэнсоўнасць верша!

Прайду праз мноства паўтарэнняў,

Спазнаю сутнасць многіх страт,

Каб потым выспеліць рашэнне

І — не вярнуцца ўжо назад.

 

Нечакана лаўлю сябе на думцы, што хачу растыражаваць наноў вершы Леаніда, бо прагне душа працягнуць яго малады пошук, падоўжыць яго светлае жаданне жыць, ісці, марыць: “Пайду у сонечнае лета, // Нап’юся хмельнага настою, — // Прапах ён мятай, цёплым ветрам // З травой духмянай, лугавою… // Пайду паслухаю далёкі // Званок срабрысты жаўруковы // І шэпт сухі ў зеніце спёкі, // І спеў лагодны раўчуковы!”.

Чуйная душа тонка адгукаецца на прыгажосць роднай зямлі. І яна не проста ведае, куды пойдзе, але яшчэ і тое, што знойдзе ад гэтага паходу: “Убачу вочы ў бліскавіцах, // У залатых іскрынках смеху. // Між верб, расплеценых і ніцых, // Знайду рассыпанае рэха”.

Цудоўны вобраз… Ён асядае ў душы, хвалюе: а што там, у тым рэху, а хто там?

Маладосць… Няўрымслівая, у празе ўсяго новага — свежых вятроў, далёкіх зялёных дарог, палётаў у нязведаныя прасторы. І я таксама там была, і я таксама там яшчэ, дзякуй богу, знаходжуся! І таксама шукаю роднае, цёплае. І — вось знайшла Леаніда. Зусім нечакана напаткала ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі яго кнігу “Я з вамі, вёсны” (захоўваецца там усяго ў адзінкавым экзэмпляры), якая выйшла да яго 30-годдзя пад рэдакцыяй Васіля Жуковіча ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

Мяне вельмі кранула ёмкая і глыбокая прадмова Ніны Мацяш, з якой паэт сябраваў, ліставаўся. Прадмова, з якой я дазналася, што да сваіх 22 гадоў паэт паспеў зрабіць многае: амаль пабудаваў новы дом, пасадзіў сад, каб мамачка радавалася цяплу і святлу свайго сыночка… Чытаю і міжволі паміж радкоў бачу гэты сад, чарнавікі паэта і чысты няспісаны сшытак, у якім маглі б з’явіцца новыя вершы, але…

Паэт спяшаўся жыць, ён жыў як быццам прагна глытаючы паветра, радаваўся, што жыве, што кожны дзень бачыць узыход сонейка (прысвяціў яму нават верш), адгукаўся сэрцам на ўсе трывожныя па­дзеі ў свеце. У прыватнасці, тады ішла вайна ў В’етнаме, і Леанід гарачымі радкамі пратэставаў супрац­ь яе. Але, адчуваючы далёкі боль, ён, безумоўна, яшчэ вастрэй, больш пільна ўглядаўся ў родную зямлю і — захапляўся ёю, яе прыгажосцю, прыгажосцю людзей і наогул прыгажосцю, сакральным пакліканнем Чалавека. Адрасаваў сваё глыбока-філасофскае, мудрае слова ўсім нам. Як у вершы “Чалавеку”: “Калі песня не грэе // У мароз і завею, — // Дык нашто твая Песня! // Калі рукі ніколі // Не зналі мазоляў, — // Для чаго твае рукі! // Калі сэрца не плача, // Як бязногага ўбачыш, — // То не сэрца, а камень! // Калі вечна на ў­змежку, // Без агню і ўсмешкі, — // Дык нашто і жыццё!”

Нават не верыцца, што гэтыя радкі належаць такому маладому чалавеку. Як, зрэшты, і наступныя:

Жыццё — нібы цягнік…

                               Гады мае — вагоны…

Ўсё болей іх, цягнік усё расце.

Ды сэрца — паравозік неўгамонны,

Разгон бярэ, пастуквае часцей.

І радасна, і крыху страшнавата

Імчаць і захлынацца ад вятроў,

Але імчу… На ўздым бяру заўзята, —

Упартасці пазычыць нат гатоў.

Жыццём маім нагружаны вагоны,

Адказна, бо жыццём жа, як-ніяк…

Так хочацца, прымчаўшыся да скону,

Убачыць, што цягнік — не паражняк.

 

Гэтаму цягніку, які з самага пачатку шляху быў перапоўнены напружаным цікавым жыццём, не было суджана спакойна даехаць да свайго далёкага канцавога прыпынку. Здарылася трагічная аварыя на 23-й вярсце, абарвалася песня на самым узлёце. Але засталіся вершы і незабыўны вобраз паэта… Хай ведае: Радзіма яго помніць, любіць і шануе.

Дар’я ЛЁСАВА.