“…И назовет меня всяк сущий в ней язык…”

Імя Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна дарагое сэрцу кожнага магіляўчаніна, знаёмае нам з дзяцінства. Малы яшчэ не ўмее чытаць, але паўтарае ўжо за дарослымі “Ветер по морю гуляет и кораблик подгоняет…”. Памяць пра вялікага рускага паэта зберагаюць у Магілёве: у горадзе ёсць Пушкінскі праспект з помнікам паэту, імя славутага творцы носяць Цэнтральная гарадская дзіцячая бібліятэка, бібліятэчны каледж, каля якога ў 2015 годзе адкрылі бюст Аляксандра Сяргеевіча.

І, натуральна, мы помнім пра 10 лютага, калі ва ўсім свеце адзначаюць Дзень памяці А.С.Пушкіна. Напярэдадні гэтай даты ў магілёўскай сярэдняй школе № 19 па ініцыятыве навучэнцаў 5 “В” класа і іх класнага кіраўніка была праведзена літаратурная вечарына “Слух обо мне пройдет по всей Руси великой, И назовет меня всяк сущий в ней язык…”. Мэты — даследаваць факты біяграфіі паэта, звязаныя з Магілёўшчынай і наогул з беларускай зямлёй, абудзіць любоў да мастацтва, да творчасці А.С.Пушкіна.

Мерапрыемству папярэднічала падрыхтоўчая работа. Сумесна з бацькамі навучэнцы з задавальненнем рыхтавалі касцюмы ў стылі ХІХ стагоддзя, развучвалі вершы паэта, рэпеціравалі тэатральныя міні-пастаноўкі.

У пачатку імпрэзы дзеці прагледзелі відэа, якое нагадала ім пра жыццёвы і творчы шлях паэта. А потым вядучыя расказалі пра сувязі А.С.Пушкіна з Магілёўшчынай. Дзеці пачулі легенду пра тое, што ў Магілёве Пушкін сустракаўся з сябрамі-дзекабрыстамі. Расповед пра сустрэчу паэта з афіцэрам гусарскага палка А.П.Распопавым суправаджаўся інсцэніроўкай.

Навучэнцы таксама з цікавасцю паглядзелі відэа “Нашчадкі А.С.Пушкіна” і даведаліся, напрыклад, пра тое, што ў вёсцы Цялушы Бабруйскага раёна знаходзіцца магіла ўнучкі паэта Наталлі Аляксандраўны і што 6 чэрвеня, у дзень нараджэння паэта, ужо дзясяткі гадоў запар туды з’язджаюцца прыхільнікі таленту Аляксандра Сяргеевіча на свята паэзіі.

Навучэнцы засталіся надзвычай задаволеныя праведзенай сустрэчай. Атрыманыя веды і эмоцыі дапамогуць ім лепш зразумець вялікага рускага паэта.

Людміла ШАМАТРАНАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 5 “В” класса 
сярэдняй школы № 19 Магілёва.