Кніга. Яна жаночага роду…

Нават ніколі і не думаў пра гэта. А вось неяк задумаўся: у нашай мове ёсць граматычная катэгорыя роду (далёка не ў кожнай нацыянальнай мове яна ёсць!) і ёсць словы, па-філалагічнаму кажучы — лексемы, так бы мовіць прыроджаныя належаць толькі гэтаму, а не іншаму роду.


Прыклады? Ды калі ласка!

Радзіма, завіруха, чужаніца, сенажаць, адрына, восень, зіма, вясна, вясёлка… Гэта ўсё — “яна мая”. Жаночага роду.

А вось яны, словы мужчынскага роду: шлях, хлеб, дом, попел, дождж, снег, кавалак, акраец, пясок, камень…

Са словамі жаночага роду засынаеш і прачынаешся шчаслівым.

Словы мужчынскага роду запіхваеш сабе ў рукзак і ідзеш разам з імі на працу.

Але яны разам з намі — словы жаночага і мужчынскага роду. Так уладкавана наша з вамі мова. Так зладжана наша з вамі жыццё. Так арганізаваны нашы з вамі ўзаемаадносіны паміж жаночым і мужчынскім поламі, паміж бацькамі і дзецьмі, паміж пакаленнямі…

… ХXV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая сёння працуе ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14, скіроўвае нас на любоў да чытання. Вучыць нас любіць кнігі. І вяртае нас да такога падзабытага занятку, як чытанне.

А яшчэ, прынамсі мне, ХXV ММКВК нагадала, што слова “кніга” — жаночага роду. Не паспеў прыйсці на выставу, як мяне суст­рэла іскрыстая, быццам сама царыца-кніга, супрацоўніца выдавецтва “Мастацкая літаратура” Аксана Спрынчан: “Мікола, ды ты паглядзі, які цуд мы толькі што выдалі!”

Я глянуў. Гэта навюткі, выдання 2018 года, зборнік паэзіі Алеся Разанава “Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж”.

Калі хто не ведае: Алесь Разанаў культавы беларускі паэт. Стваральнік адмысловай беларускай паэтыкі і цэлай сістэмы беларускага паэтычна-філасофскага космасу. Неаднаразова перакладаўся на Захадзе. Гэта паэт, на якім вырасла пакаленне “тутэйшых” на чале з Анатолем Сысам і Адамам Глобусам.

Тым жа вечарам уткнуўся ў кнігу А.Разанава і не мог адарвацца. Не мог адарвацца ад паэзіі. Не мог адарвацца ад стыхіі. Не мог адарвацца ад кнігі. Кнігі, якая жаночага роду. Як радзіма, як мова, як будучыня…

Дзе ёсць паэзія? Дзе ёсць матчына мова? Дзе ёсць яно, наша крэўнае, матчына, роднае? Пачытайце А.Разанава — і не заблукаеце.

Не заблукаеце ні ў радзіме, ні ў мове, ні ў будучыні.

* * *

Саромеецца?!.

Мароз

цалуе дзяўчыну

ў шчокі.

* * *

На свята запрошаныя —

уступаю

сцежку трыпутніку

і дзьмухаўцу.

* * *

Прыходжу і адыходжу:

Хвошча

Нанова той самы

Дождж.

* * *

Пуста:

Ідзе

Да пудзіла бусел.

* * *

Слупам зрабіўся?!.

Жаба

лупаціцца на рыбака.

* * *

На камень каля стаўка

прымасціўся крумкач:

слухае жабіны пераспевы.

* * *

Над горадам,

дзе жыву,

падае светлы,

світальны

вясковы

і заўтра ўжо тут не патрэбны снег:

заблудзіўся?!.

Вершы Алеся Разанава вымагаюць таго, каб іх чыталі, перачытвалі наноў па некалькі разоў і ўрэшце пранікаліся сэнсам. Глыбінным сэнсам звычайных беларускіх слоў.

Набыўшы яго кнігу “Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж”, я пайшоў далей блукаць па ХXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. І ўсюды бачыў яе — кнігу. Кнігу, якая заўсёды жаночага роду.

А жанчыну трэба чытаць.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S. Пра некаторыя адметныя — і вельмі жаночыя — кніжныя навінкі, як, напрыклад, “Энцыклапедыя страў з бульбы” Аляксандра Баханькова, раман польскага пісьменніка Баляслава Пруса “Лялька” ў перакладзе на беларускую мову і інш., чытайце ў чарговых выпусках нашай “Кнігарні”.