Кожны Коласа пачуў

У шосты школьны дзень у сярэдняй школе № 3 Ашмян прайшло літаратурна-музычнае мерапрыемства “Каб кожны Коласа пачуў…”, прымеркаванае да 135-годдзя з дня нараджэння беларускага класіка.

Мэтай правядзення гэтага літаратурнага свята была папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры, пашырэнне ведаў вучняў і іх бацькоў аб жыцці і творчасці Якуба Коласа, прывіццё пачуцця гонару за знакамітых людзей Беларусі.

Даніну памяці і пашаны да Якуба Коласа аддалі вучні школы, якія віртуальна прайшлі жыццёвымі сцяжынкамі песняра. Госці мерапрыемства даведаліся пра малавядомыя факты з жыцця паэта, сустрэліся з маленькім Косцікам Міцкевічам і яго дзядзькам Антосем у пастаноўцы-мініяцюры з паэмы “Новая зямля”. Прыгадаўшы цудоўныя радкі з паэтычных твораў Якуба Коласа, усе прысутныя змаглі зазірнуць у таямніцы шчырай беларускай душы паэта, адданай свайму народу і сваёй зямлі.

Імя Якуба Коласа шырока вядома за межамі Беларусі. Нашага песняра славілі паэты розных моў свету. Таму ў час мерапрыемства гучалі вершы-прысвячэнні Якубу Коласу замежных паэтаў.

Моцнае ўражанне на нераўнадушных гасцей літаратурнай сустрэчы аказаў вучань 10 класа Аляксандр Янушкевіч, які прадэкламаваў свой верш “Нясуцца зыкі песень здольных…”, напісаны ў рамках конкурсу “Жыве паэт між намі тут!”.

Каштоўнымі на мерапрыемстве былі музычныя кампазіцыі. Спецыяльна для літаратурнага свята ўзорны хор “Тоніка” разам са сваім кіраўніком Л.М.Эмір развучылі песню на словы Якуба Коласа “Мой родны кут!..” і прапанавалі свой варыянт яе выканання. Песня гучала шчыра, душэўна і зачароўвала сваім шматгалоссем.

У час мерапрыемства ўдзельнікі і госці прынялі ўдзел у віктарыне “Я Коласа пачуў”. Пры правільным адказе на пытанне віктарыны прысутныя атрымлівалі папяровы жытнёвы каласок, які пасля прымацоўваўся да снапа як сімвала памяці і ўдзячнасці вялікаму беларускаму песняру.

Шмат радасці людзям прынеслі колас жытнёвы і Колас-паэт.

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 3 Ашмян Гродзенскай вобласці.